Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЙЗА́ЖНЫ ПАРК, англійскі парк,
тып парку, якому ўласцівы свабодная планіроўка, маляўнічае размяшчэнне кампазіцыйных элементаў, што імітуе прыродны ландшафт. Пры стварэнні такіх паркаў творча перапрацоўваліся матывы натуральнай прыроды; партэры замяняліся лужкамі, геам. па форме басейны і каналы — азёрамі і рэчкамі, строгі рытм пасадак — асобнымі або свабодна згрупаванымі дрэвамі (курцінамі), прамыя алеі — сцяжынкамі. Для больш эфектнага выгляду ў кампазіцыю П.п. ўводзіліся невял. збудаванні ў выглядзе гатычнага сабора, замка, грота, бутафорскія пабудовы ў псеўдакіт. стылі і інш. малыя формы архітэктуры, каскады. У стварэнні паркавых перспектыў выкарыстоўваліся кулісы (сценкі са стрыжаных дрэў і кустоў). У многіх парках пейзажныя прынцыпы кампазіцыі спалучалі з рэгулярнымі.
П.п. ўзніклі ў сярэдзіне 18 ст. ў Еўропе. У іх развіцці важную ролю адыгралі філас. ідэі Асветніцтва, а таксама мастацтва Кітая. Першыя П.п. ў Еўропе створаны ў Вялікабрытаніі (арх. Ч.Брыджмен і інш.) і Францыі (арх. Р.Л.Жырардэн). З канца 18 ст. пашыраны ў Расіі (паркі ў Паўлаўску, Кузьмінках Маскоўскай вобл.), на Украіне (Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка»), На Беларусі П.п. з’явіліся на мяжы 18—19 ст. ў сядзібных, палацавых комплексах (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Краскаўская сядзіба, Столінская сядзіба «Манькавічы», Вердаміцкі парк, Лагойскі палацава-паркавы ансамбль і інш.).
Участак пейзажнага парку з «Храмам дружбы» ў г. Паўлаўск Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬШЭ́ВА,
вёска ў Беларусі, у Свірскім пасялковым савеце Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 58 км на ПнЗ ад Мядзела, 198 км ад Мінска, 15 км ад чыг. ст. Лынтупы. 55 ж., 29 двароў (1995). На левым беразе р. Страча — рэшткі сядзібы 1887—93 і пейзажны парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎСК,
горад у Ленінградскай вобл., за 30 км на Пд ад С.-Пецярбурга. Размешчаны на схіле Балт.-Ладажскага ўступа, на беразе р. Славянка. Засн. ў 1777, у 1918—44 наз. Слуцк. Нас. 25,4 тыс.чал. (1999). Да 1917 загарадная рэзідэнцыя рас. імператараў. Гіст. ядро П. — арх.-паркавы ансамбль у стылі класіцызму (арх. Ч.Камерон, В.Брэна, А.Вараніхін, П.Ганзага і інш.). На высокім узгорку — палац (1783—1807), які складаецца з асн. будынка і бакавых флігеляў, злучаных з ім галерэямі. Да палаца прылягае пейзажны парк пл. каля 600 га з павільёнамі («Храм дружбы», «Каланада Апалона», «Тры грацыі», усе 1780-я г.) і інш. збудаваннямі (мост «Чыгунны», 1823). Ансамблю ўласцівы гарманічнасць кампазіцыі, зліццё архітэктуры з прыродай, багацце відавых перспектыў і ландшафтных куткоў. З 1918 музей. Разбураны ў Вял.Айч. вайну, адноўлены. З 1983 палацава-паркавы музей-запаведнік. Іл.гл. таксама да арт.Пейзажны парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСУ́ЕЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва канца 19 ст. ў в. Псуя Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Закладзены на беразе воз. Псуя. Парк эканам. тыпу. Вял. пладовы сад у выглядзе алей з дэкар. групамі ўнутры з трох бакоў абмежаваны ахоўнымі прысадамі. З чацвёртага боку прымыкае пейзажны ўчастак парку, тут стаяў сядзібны дом (не захаваўся). Растуць рэдкія пароды дрэў: піхты сібірская і бальзамічная, елкі канадская і калючая (форма блакітная), хвоя чорная, лістоўніцы еўрап. і сібірская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік архітэктуры ракако. Створана ў 1751 па фундацыі Мікалая Радзівіла ў г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл. на беразе р. Дзятлаўка. Комплекс уключае палац, пейзажны парк з вадаёмам і творамі архітэктуры малых формаў (масткі, павільёны), які з У паўкальцом агінае палац. Гасп. пабудовы размяшчаліся пры ўездзе з Пд у сядзібу.
Палац — мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём з высокім вальмавым дахам і 2 вуглавымі вежападобнымі алькежамі на цокальным паверсе, накрытымі ўвагнутымі шатрамі з заломамі (алькежы не зберагліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЯРЦІ́Н,
былая сядзіба, потым фабрычны пасёлак у Слонімскім р-не, з 19.1.1965 у межах г. Слонім. Узнік у 1-й пал. 19 ст. як сядзіба маршалка слонімскага В.Пуслоўскага, куды ўваходзілі палац з гасп. будынкамі і пейзажны парк (гл.Слонімская сядзіба «Альбярцін»). Калі ў 19 ст. побач з сядзібай узніклі прамысл. прадпрыемствы (Альбярцінская дывановая мануфактура, Альбярцінская лесапільна-сталярная фабрыка, Альбярцінская суконная фабрыка, Альбярцінская шоўкакруцільная фабрыка, Альбярцінскі чыгуналіцейны завод, Альбярцінскі электралямпавы завод і інш.), ператварыўся ў фабрычны пасёлак. У 1897 — 518 ж. У 1927 тут заснавана кардонная ф-ка «Альбярцін», з 1990 — нар. прадпрыемства «Альбярцін».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРНІ́ЗГАЛАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 19 ст. Размешчана на паўн.-зах. ускраіне в. Двор Нізгалава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., на беразе р. Ула. Комплекс у стылі позняга класіцызму ўключае 1-павярховы мураваны сядзібны дом (пашкоджаны ў 1944, адноўлены ў 1970), флігель, кухню, вяндлярню, 2 гасп. корпусы.
Тэрыторыя сядзібнай забудовы злучаецца з паркам невял. курцінамі з елак, хвой і клёнаў. Кампазіцыя парку (пл. 4 га) — прыклад перабудовы рэгулярнага парку ў пейзажны. Сярод насаджэнняў рэдкія ў рэспубліцы экзэмпляры бярозы далекарлійскай (выш. 17 м, дыяметр ствала 58 см) і кедра еўрап. калонападобнага (выш. 12 м, дыяметр ствала 48 см).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Створаны ў 1930-я г. каля Навагрудскіх замкаў. Парк рэгулярна-пейзажны, пл. 10,2 га. У аснове планіроўкі сістэма радыяльных алей, якія разыходзяцца ад уваходнай пляцоўкі і перасякаюцца некалькімі кальцавымі дарожкамі. Кампазіцыя дапаўняецца маляўнічымі групамі і асобнымі пасадкамі дрэў. Перад уваходам у парк — курган, насыпаны ў гонар А.Міцкевіча. Паводле дэндралагічнага складу парк быў адным з самых багатых на Беларусі (значна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну). У ім расло каля 70 экзотаў і дэкар. форм, у т. л. дугласія цісалістая, лістоўніца еўрап., піхты, дуб чырвоны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МАВІЦКІ ПАРК «БЯЛЬМО́НТЫ»,
помнік садова-паркавага мастацтва Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Ахрэмаўцы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.), на паўн.-ўсх. беразе воз. Дрывяты. Быў часткай палацава-паркавага ансамбля маёнтка графа Патоцкага (мураваны палац знішчаны ў 1914). Пл. 65 га, вакол парку 300-метровая паласа лесу. Размешчаны на 2 раўнінных участках са значным перападам рэльефу паміж імі, які аформлены 3 вузкімі тэрасамі з сістэмай усходаў (не зберагліся).
Кампазіцыя верхняй тэрасы мае рысы рэгулярнага стылю. Па восі палаца размешчаны шырокі партэр з газонамі і 2 штучныя вадаёмы авальнай формы. Ніжняя ч. парку з маляўнічымі сажалкамі, пратокамі і астравамі мае рамантычны пейзажны характар.