Пегас (міфал.) 8/364

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Пегас (сузор’е) 4/556—557 (карта), 597; 8/364

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕГА́С (лац. Pegasus),

экватарыяльнае сузор’е неба; адно з самых вялікіх сузор’яў. Найб. яркія зоркі 2,4; 2,4; 2,5; 2,8; 3,0 візуальнай зорнай велічыні; 100 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. 3 яркія зоркі П. разам з зоркай α Андрамеды ўтвараюць фігуру, падобную на квадрат. Паблізу зоркі λ знаходзіцца радыянт метэорнага патоку Пегасід (назіраецца штогод 19—31 ліп.). На тэр. Беларусі відаць у жн.—кастрычніку. Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕГА́С,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі чароўны (часта крылаты) конь, які нарадзіўся з крыві або з тулава забітай Персеем гаргоны Медузы як плод яе сувязі з Пасейдонам. П. узнёсся на Алімп, дзе прыносіў Зеўсу грамы і маланкі. Паводле другога міфа, багі падаравалі П. герою Белерафонту, а той узляцеў на ім і забіў крылатую пачвару Хімеру, якая спусташала краіну. Ударам капыта П. выбіў на гары Гелікон крыніцу Гіпакрэну (грэч. «конская крыніца»), вада якой надае натхненне паэтам. Адсюль выраз «асядлаць П.» — стаць паэтам.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕС ((Milles) Карл) (23.6.1875, Лага, каля г. Упсала, Швецыя — 19.9.1955),

шведскі скульптар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і вячэрніх класах тэхнікума разьбы па дрэве (1892—97), Парыжы ў акадэміі Каларосі (1897—1904), Мюнхене (1905—06). У 1920—31 праф. Каралеўскай АМ у Стакгольме. У 1931—51 працаваў у ЗША. Зазнаў уплывы А.Радэна, сярэдневяковай пластыкі, грэч. архаікі. З канца 1910-х г. звярнуўся да манумент.-дэкар. скульптуры, якую імкнуўся звязаць з арх. і прыродным асяроддзем. Фантанныя кампазіцыі вылучаюцца складанасцю пабудовы, пышнасцю форм, маляўнічасцю, у стварэнні якой вял. ролю адыгрываюць вадзяныя струмені: «Водбліск сонца» (1918), «Арфей» (1936), «Чалавек і Пегас» (1949; усе ў Стакгольме), «Пасейдон» (1930, г. Гётэборг), «Сустрэча вод» (1940, г. Сент-Луіс, ЗША). Аўтар манумента «Рука бога» (1954, Стакгольм).

К.Мілес. Чалавек і Пегас. 1949.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРГО́НЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчыны-пачвары. Вызначаліся жахлівым выглядам: крылатыя, укрытыя луской, са змеямі замест валасоў, з ікламі, з поглядам, які ператварае ўсё жывое ў камень. Іх тры, старэйшыя бессмяротныя, малодшая, Медуза, смяротная. Персей адсек ёй галаву, з крыві забітай нарадзіўся крылаты конь Пегас.

Да арт. Гаргоны. Галава Медузы. Мастак Караваджа. Каля 1600.

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДУ́ЗА,

у старажытна-грэчаскай міфалогіі малодшая і самая страшная з трох гаргон, сярод якіх толькі яна была смяротная. Як і інш. гаргоны, М. ператварала ў камень усё жывое, да чаго датыкаўся яе позірк. Персей адсек ёй галаву і аддаў яе Афіне. З крыві або з тулава М. нарадзіўся Пегас — плод яе сувязі з Пасейдонам. Іл. гл. пры арт. Гаргоны.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т СУЧА́СНЫХ ВЕ́ДАЎ.

Недзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова. Засн. ў 1990 у Мінску пры БДУ. З 1993 самаст. ін-т. У 1997/98 навуч. г. ф-ты: эканам., фін., камерцыйнай дзейнасці, камерцыйнае права, інфарматыкі, гуманіт., прадзюсерскі, педагогікі і псіхалогіі, мастацтва, падрыхтоўкі замежных грамадзян. На ўсіх ф-тах вядзецца паглыбленае вывучэнне замежнай мовы, псіхалогіі і персанальных ЭВМ. Навучанне дзённае і завочнае, платнае. Аспірантура з 1996. Мае інфарм.-выліч. цэнтр і навуч. цэнтр падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў, н.-д. і рэдакцыйна-выдавецкі аддзелы. Выдае падручнікі, метадычныя распрацоўкі, з 1997 час. «Пегас». У ін-це працуе чл.кар. Нац. АН Беларусі А.М.Шырокаў (рэктар з 1990). Філіялы ў Брэсце, Віцебску, Гродне.

т. 7, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛЯДО́ВІЧ (Макар Трафімавіч) (21.8.1906, в. Караваева Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 30.12.1984),

бел. пісьменнік. З 1925 працаваў у газ. «Беларуская вёска», з 1935 у час. «Полымя рэвалюцыі», з 1945 у газ. «Звязда». Друкаваўся з 1925. Зб-кі апавяд. «Зруйнаваныя межы», «Людзі вясны» (абодва 1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), аповесці «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933) пра сац. змены на вёсцы. Раман «Паўстанне» (1940) пра партыз. барацьбу ў часы герм. і польскай акупацыі Беларусі. Раман «Святло над Ліпскам» (кн. 1—2, 1949—52) пра аднаўленне пасляваен. вёскі. Аўтар аповесцей «Магістральны канал», «Цёплае дыханне» (абедзве 1947), «З табою побач» (1956—59, пра К.​П.​Арлоўскага), «Па воўчых сцежках» (1957), зб-каў гумарыст. апавяд. «Двайное дно» (1964), літ. пародый і памфлетаў «Наравісты Пегас» (1968), нарысаў «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963), кніжак апавяд. для дзяцей «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964), п’ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938), «Шалёная рысь» (1939). На бел. мову пераклаў апавяданні А.​Пушкіна, А.​Чэхава, аповесці М.​Гогаля «Тарас Бульба» (з А.​Бачылам), П.​Бажова «Зялёны конік», раманы Ж.​Верна «Таямнічы востраў», М.​Астроўскага «Народжаныя бурай», «Як гартавалася сталь» і інш.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—2. Мн., 1961;

Аповесці. Апавяданні. Мн., 1970;

Чырвоныя стрэлы: Апавяданні. Мн., 1988.

М.Т.Паслядовіч.

т. 12, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТА-НО́СЬБІТ, касмічная ракета,

шматступеньчатая (2—4 ступені) ракета для вывядзення ў космас касмічных апаратаў. Надае карыснаму грузу скорасць, большую ці роўную 1-й або 2-й касмічнай скорасці. Працягласць палёту Р.-н. на актыўным участку траекторыі каля 17 мін; стартавая маса 10—3000 т (да 90% масы складае паліва). Асн. тып ракетнага рухавіка — вадкасны ракетны рухавік, выкарыстоўваецца таксама цвердапаліўны.

Паводле стартавай масы, энергет. характарыстык і масы карыснага грузу, які выводзіцца на нізкія каляземныя арбіты (200—300 км), адрозніваюць Р.-н.: лёгкія (карысны груз да 5 т; «Косма», «Зеніт», «Днепр», «Скаўт», «Пегас», «Аджэна», «Дэльта»), сярэднія (5—20 т; «Саюз», «Маланка», «Тытан»), цяжкія (20—100 т; «Пратон», «Тытан-4», «Арыян-5»), звышцяжкія (больш за 100 т, «Сатурн», касм. сістэмы «Спейс шатл», «Энергія»). Макс. маса выведзенага на арбіту грузу 147,5 т («Сатурн-5»; 1972). Колькасць ступеней Р.-н. абумоўлена гал. чынам яе прызначэннем. На старце працуе самы магутны рухавік 1-й ступені, які надае сістэме пэўную скорасць. Пасля таго, як запас паліва 1-й ступені зрасходаваны, яна аддзяляецца, і пачынае працаваць рухавік 2-й ступені; сістэма атрымлівае дадатковую скорасць. Асаблівасць апошніх ступеней некаторых Р.-н. — магчымасць шматразовага ўключэння іх рухавікоў, што дазваляе рабіць манеўры для змены вышыні, нахілення арбіты і інш. Старты Р.-н. здзяйсняюцца з касмадромаў. У выпадку далёкіх палётаў Р.-н. звычайна выводзіцца на арбіту ШСЗ з наступным стартам з гэтай арбіты.

Літ.:

Казневский В.П. Космические ракеты. М., 1961;

Морозов К.В. Ракеты-носители космических аппаратов. М., 1975.

У.​С.​Ларыёнаў.

Трохступеньчатая ракета-носьбіт: 1, 5, 8 — вадкасныя ракетныя рухавікі 1, 2 і 3-й ступеней; 2 — стабілізатар; 3, 6, 9 — бакі паліва 1, 2, 3-й ступеней; 4, 7, 10 — бакі акісляльніку 1, 2 і 3-й ступеней; 11 — прыборны адсек з апаратурай сістэмы кіравання; 12 — карысны груз; 13 — галаўны абцякальнік; 14 — механізм аддзялення касмічнага аб’екта, 15 стык паміж 2 і 3-й ступенямі; 16 — стык паміж 1 і 2-й ступенямі.

т. 13, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)