археалагічныя помнікі каля в. Сосенка Вілейскага р-на Мінскай вобл.: 3 паселішчы і курганны могільнік. Паселішчы адносяцца да эпохі мезаліту і ранняга неаліту (першае, 7—5-е тыс. да н.э.), неаліту (другое і трэцяе, 4-е — канец 3-га тыс. да н.э.). Знойдзены крамянёвыя мікралітычныя ўкладышы, наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, праколкі, нажы, сякеры, абломкі глінянага ляпнога посуду. Курганны могільнік налічваў 23 насыпы (17 круглых і 6 прадаўгаватых), датуецца 8 — пач. 10 ст. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка (1—3 спаленні ў кожным кургане). Знойдзены бронзавыя ўпрыгожанні, жал. нажы, рыбалоўныя кручкі, матыка, крэсіва, гліняныя прасліцы, шкляныя пацеркі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТКО́ВІЧ Аляксандр Залманавіч (20.12.1920, в. Вярхоўе Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1989),
рэжысёр тэлебачання. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1949). Працаваў у бел. т-рах імя Я.Коласа і юнага гледача. З 1959 на Рэсп. студыі тэлебачання. У тэлевізійных пастаноўках, большасць якіх зроблена па творах бел. пісьменнікаў, імкнуўся дэталёва распрацаваць характары персанажаў набліжана да літ. першакрыніцы. З лепшых работ: тэлевізійныя спектаклі «Трэцяе пакаленне» паводле К.Чорнага (1964), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1965, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), «Трывожнае шчасце» паводле І.Шамякіна (1968); тэлефільмы «Уся каралеўская раць» (1971, з Н.Ардашнікавым), а таксама паводле твораў П.Броўкі, А.Куляшова, В.Адамчыка, І.Пташнікава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНАЯ РАСПАРА́ДЧАЯ КАМІ́СІЯпа ахове дзяржаўнага парадку і грамадскага спакою,
часовы надзвычайны орган дзярж. улады ў Рас. імперыі ў лют.—жн. 1880. Засн. ва ўмовах рэальнай пагрозы жыццю імператара Аляксандра II з боку рэвалюцыянераў (замах, учынены 5.2.1880 С.М.Халтурыным). Гал. задача — аб’яднанне ўсіх карных органаў для барацьбы з рэв. рухам. Вяла расследаванне па справах аб паліт. злачынствах у Пецярбургу і навакольнай мясцовасці, ажыццяўляла нагляд за такімі справамі ў Расіі. Усяго праведзены 5 пасяджэнняў. Камісіі часова падпарадкоўваліся Трэцяе аддзяленне і Корпус жандараў. Членамі Вярхоўнай распарадчай камісіі былі М.Т.Лорыс-Мелікаў (гал. начальнік), К.П.Пабеданосцаў, нач. штаба Пецярбургскай ваен. акругі ген. А.К.Імерэцінскі, сенатары М.Е.Кавалеўскі, І.І.Шамшын і П.А.Маркаў, ген.-маёр світы М.І.Бацьянаў і інш. (усяго 11 чал.). Скасавана па ініцыятыве Лорыс-Мелікава.
Літ.:
Зайончковский П.А. Кризис самодержавия на рубеже 1870—1880-х гг.М., 1964. С. 148—229.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЕ́С, Сіеес,
Сьеес (Sieyès) Эмануэль Жазеф (3.5.1748, г. Фрэжус, Францыя — 20.6.1836), дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Да рэвалюцыі абат. Аўтар брашуры «Што такое трэцяе саслоўе?» (1789). Ад трэцяга саслоўя Парыжа выбраны дэпутатам у Ген. штаты 1789. Па прапанове С. сход прадстаўнікоў трэцяга саслоўя абвясціў сябе Нац. сходам. С. удзельнічаў у выпрацоўцы Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з заснавальнікаў Якабінскага клуба. У наступныя гады ўхіляўся ад вызначэння сваёй пазіцыі. Будучы чл.Канвента, галасаваў за смяротнае пакаранне Людовіка XIV. Пасля контррэв. тэрмідарыянскага перавароту (1794) разгарнуў актыўную паліт. дзейнасць. Адзін са складальнікаў канстытуцыі 1795, якая ўстанавіла рэжым Дырэкторыі. Актыўна рыхтаваў дзярж. пераварот 18 брумера 1799; стаў адным з трох часовых консулаў, з 1800 чл. Сената. З 1803 чл.Франц. акадэміі. У 1816—30 у выгнанні як «царазабойца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКЦЫ́ДЫІ (Coccidia),
атрад прасцейшых кл. спаравікоў; унутрыклетачныя вузкаспецыфічныя паразіты эпітэліяльнай тканкі пераважна органаў стрававання жывёл і чалавека. Каля 400 відаў. Распаўсюджваюцца пераважна аліментарным шляхам і пры кровасмактанні.
Цела пераважна авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл характарызуецца чаргаваннем бясполага размнажэння (шызаганія), палавога працэсу (гаметаганія) і спораганіі, якая адбываецца ў вонкавым асяроддзі. Большасць К. мае аднаго гаспадара, некат. двух. Многія К. выклікаюць захворванні жывёл — какцыдыёзы, у чалавека — таксаплазмоз.
Да арт.Какцыдыі. Цыкл развіцця какцыдыі эймерыі: I — першае пакаленне шызонтаў; II — другое пакаленне шызонтаў; III — трэцяе пакаленне шызонтаў; IV — гаметаганія; V — спараганія; 1 — спаразоіты; 2 — малады шызонт; 3 — шызонт з многімі ядрамі, які расце; 4 — шызонт, што распаўся на меразоіты; 5 — меразоіты; 6 — развіццё макрагаметы; 7 — развіццё мікрагамет; 8 — мікрагамета; 9 — аацыста; 10 — аацыста, якая выйшла з кішэчніка труса; 11 — аацыста 3 чатырма спарабластамі і астаткавым целам; 12 — развіццё спор; 13 — аацыста з чатырма спелымі спорамі (у кожнай споры па 2 спаразоіты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАГІ́ЗМ (ад грэч. syllogismos разлічваю, заключаю),
від дэдуктыўнага розумазаключэння, у якім з 2 суджэнняў (пасылак), звязаных паміж сабою адным агульным сярэднім тэрмінам, атрымліваюць трэцяе суджэнне. У залежнасці ад пасылак адрозніваюць катэгарычны, раздзяляльна-катэгарычны і ўмоўна-катэгарычны С. У катэгарычным С. вывад атрымліваецца з 2 пасылак, якія з’яўляюцца катэгарычнымі суджэннямі: A ёсць B, B ёсць C, значыць A ёсць C. У раздзяляльна-катэгарычным С. ў большай пасылцы пералічваецца некалькі магчымых рашэнняў, у меншай адмаўляюцца ўсе, акрамя аднаго: A ёсць або B, або C, або D, але A не ёсць ні B, ні D, значыць A ёсць С. Ва ўмоўна-катэгарычным С. хаця б адна з 2 пасылак з’яўляецца ўмоўным суджэннем: Калі A ёсць B, то C ёсць D; A ёсць B, значыць C ёсць D. У залежнасці ад становішча сярэдняга тэрміна адрозніваюць 4 фігуры С. Кожная з іх мае па некалькі модусаў (С., якія адрозніваюцца адзін ад аднаго колькасцю і якасцю суджэнняў). Усяго існуе 256 модусаў; правільнымі, якія даюць ісціннае заключэнне, лічацца толькі 24 (гл.Сілагістыка). Вывад аднаго С. можа быць пасылкай наступнага. Такім чынам ствараецца складаны С., або полісілагізм. Гл. таксама Сілагізма аксіёма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́Д,
1) усё насельніцтва пэўнай краіны (напр., Н. Беларусі, Францыі і г.д.).
2) Розныя формы гіст., этн. супольнасцей (племя, народнасць, нацыя).
3) У марксізме — толькі прац. класы і сац. слаі грамадства (у процілегласць пануючай або кіруючай эліце). Узнікненне і паглыбленне сац. дыферэнцыяцыі людзей прывяло да з’яўлення ў грамадстве адносна ўстойлівых супольнасцей з уласнымі эканам., паліт. і інш. інтарэсамі, аб’ектыўнай зацікаўленасцю фармуляваць і актыўна вырашаць задачы сац. прагрэсу ў інтарэсах абсалютнай большасці людзей. Напр., ініцыятывай рэв. змен у Англіі ў 17 ст. авалодалі розныя слаі буржуазіі і новае дваранства, якія выступалі ад імя Н.; у Франц. рэвалюцыі 1789—99 Н. прадстаўляла «трэцяе саслоўе» (бурж. элементы горада і вёскі), што ўзначальвала барацьбу супраць феад. адносін; у 19 і 20 ст. у якасці носьбітаў «народных інтарэсаў» і «асноўных прадстаўнікоў Н.» заяўлялі аб сабе даволі вузкія колы ліберальнай і радыкальнай, тэхн. і навук. інтэлігенцыі, што часта адбывалася пад уплывам уздыму масавых нар. рухаў, дзе гал. месца займалі рабочыя, сяляне, дробная буржуазія. Н. валодае здольнасцю да самаарганізацыі, з’яўляецца не толькі неаднароднай, але і супярэчлівай супольнасцю. Пры гэтым супярэчнасці існуюць паміж асобнымі элементамі сац. структуры і адначасова пранізваюць яе па вертыкалі зверху ўніз, што накладвае яскравы адбітак на гіст. падзеі, у прыватнасці, калі прадстаўнікі аднолькавых па сваім сац. змесце частак Н. займаюць непрымірымыя грамадзянскія і паліт. пазіцыі (напр., у грамадз. войнах). Тэарэт. інтэрпрэтацыя катэгорыі Н. характарызуецца мноствам падыходаў, якія абумоўлены істотнымі асаблівасцямі канкрэтных кірункаў філас., сац.-паліт. і прававой думкі. Марксісцка-ленінская філасофія пры распрацоўцы катэгорыі Н. канцэнтруе ўвагу на выконваемай ім ролі асн. суб’екта, «героя» гіст. працэсу. У тэорыях масавага грамадства, масавай культуры і масавай камунікацыі Н. лічыцца пасіўным аб’ектам разнастайных грамадскіх змяненняў: індустрыялізацыі і урбанізацыі, развіцця масавай вытв-сці і спажывання, бюракратызацыі грамадскага жыцця, шырокага распаўсюджвання нізкіх па маральна-эстэт. узроўні прадуктаў масавай культуры і інш., аб’ектам маніпуляцый з боку ўладных структур. Прынцыпова новым кірункам міжнар.-прававых і філас. даследаванняў з’яўляецца сістэмнае вывучэнне Н. як суб’екта калект.міжнар. правоў: права на самавызначэнне, на зберажэнне сваёй індывідуальнасці, на сац.-эканам. развіццё, роўнасць з інш. Н. і суверэнітэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́Й I (6.7.1796, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 2.3.1855),
расійскі імператар [1825—55]. З дынастыі Раманавых. Трэці сын Паўла I. Ганаровы чл.Пецярб.АН (1826). З 1817 ген.-інспектар паінж. часці. Заняў трон пасля раптоўнай смерці свайго брата Аляксандра I. Задушыў паўстанне дзекабрыстаў. У 1826 стварыў «Трэцяе аддзяленне» асабістай яго імператарскай вялікасці канцылярыі, узмацніў цэнзуру. Правёў рэформы кіравання дзярж. сялянамі і фінансавую, выдаў указ аб абавязаных сялянах, увёў інвентарныя правілы ў зах. губернях (гл.Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў). Пры ім заснаваны многія навуч. ўстановы, у т. л.Горы-Горацкая земляробчая школа (1840, з 1848 земляробчы ін-т), Ваен. (1832, пазней Генштаба), Артыл. і Інж. акадэміі (1855). Разам з тым у час яго праўлення зведалі ганенне многія дзеячы культуры, у т. л. беларускай, абмяжоўвалася дзейнасць навуч. устаноў, зачыняліся «ненадзейныя», у т. л. ў 1832 Віленскі універсітэт. Афіцыйную ідэалогію тагачаснай Расіі вызначыла т. зв. тэорыя афіцыйнай народнасці — «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць». Пры М. I выдадзены «Збор законаў Расійскай імперыі», у 1837 адкрыты рух на першай у Расіі Царскасельскай чыгунцы. Урадам М. I разгромлены рэв. арганізацыі петрашэўцаў, кірыла-мяфодзіеўскага таварыства, задушаны нац.-вызв. рух на Каўказе (рух Шаміля), паўстанне 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве; праводзілася русіфікацыя нярускіх народаў, зроблены захады па ўмацаванні сац. базы імперыі на землях Беларусі. На Полацкім царкоўным саборы 1839 ліквідавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква, а яе вернікі далучаны да рус. праваслаўнай царквы. У 1840 канчаткова адменена дзеянне законаў ВКЛ (Статут ВКЛ 1588) і ўведзена агульнарас. заканадаўства. У знешняй палітыцы М. I імкнуўся да пашырэння ўплыву Расіі ў басейне Чорнага мора і на Балканах (гл.Руска-іранскія войны 19 ст., Руска-турэцкія войны 17—19 ст.); змагаўся супраць рэвалюцый у Еўропе, жорстка задушыў рэвалюцыю 1848—49 у Венгрыі. Крымская вайна 1853—56 і паражэнне ў ёй Расіі прывяло да краху яго ўнутр. і знешняй палітыкі.
Літ.:
Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993;
Платонов С.Ф. Лекции по русской истории. Ч. 1—2. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЧАНКА Барыс Іванавіч (15.5.1936, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. —5.7.1995),
бел. пісьменнік. Брат І.І.Сачанкі. У 1943 з бацькамі вывезены ў Германію. Скончыў БДУ (1960). Працаваў у час. «Полымя», сакратаром Саюза бел. пісьменнікаў, у выд-ве «Мастацкая літаратура». У 1993—95 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкаваўся з 1956. Першы зб. прозы «Дарога ішла праз лес» (1960). Чалавек на вайне, жыццё вёскі, маральна-этычныя дачыненні людзей — тэмы ранняй творчасці. Гіст. мінулае палескага краю раскрыта ў аповесцях «Варэйка Золата» (1964), «Англіцкая сталь» (1966), «Дыярыуш Мацея Белановіча» (1976). Пра Вял.Айч. вайну аповесці «Палон» (1962), «Пакуль не развіднела» (1965), «Апошнія і першыя» (1966), «Аксана» (1968), раман «Чужое неба» (1975). У трылогіі «Вялікі лес» (1979—83) асэнсаванне прац. і ратнага подзвігу народа ва ўмовах акупацыі. Тэма Чарнобыля ў «Запісках аб радыяцыі» (нап. 1986—90), аповесцях «Родны кут» і «Еўка» (1987). У творах «Не на той вуліцы» (1974) і «Запіскі Занядбайлы» (1977), «Без пяці мінут «прахвесар» (1983) выкрываў мяшчанства, прыстасавальніцтва, графаманства, розныя аспекты побыту гараджан. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1982 за кн. прозы «Ваўчыца з Чортавай Ямы» (1978), Літ. прэмія імя І.П.Мележа 1991 за кн. крытыкі і публіцыстыкі «Сняцца сны аб Беларусі...» (1990). Апублікаваў са сваімі каментарыямі малавядомыя або невядомыя творы Я.Купалы, Я.Коласа, В.Ластоўскага, К.Сваяка, Л.Геніюш, У.Жылкі, А.Салаўя і інш. Склаў зб. паэзіі бел. эміграцыі «Туга па Радзіме» (1992), кн. ўспамінаў «На суд гісторыі» (1994) і інш. На бел. мову пераклаў аповесць Я.Гуцалы «Школьны хлеб», П.Андрэева (П.Абрасімава) «Аповесць пра майго сябра», кн. апавяданняў і аповесцей І.Андрыча «Трывожны год», п’есы А.Салынскага, А.Галіна і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1981;
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1993—95;
Беларуская эміграцыя. 2 выд.Мн., 1991;
Трэцяе вока. Мн., 1992.
Літ.:
Савік Л.С. Пад мірным небам бацькаўшчыны. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РНЫ Кузьма (сапр.Раманоўскі Мікалай Карлавіч; 24.6.1900, в. Жабчава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 22.11.1944),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1916—19), БДУ (1923—25). У 1920—22 сакратар валаснога рэўкома, настаўнік у в. Цімкавічы (Капыльскі р-н), справавод Слуцкага пав. ваенкамата. У 1924—28 у газ. «Беларуская вёска». Чл.літ. аб’яднання «Маладняк» (1923—26), старшыня літ. аб’яднання «Узвышша» (1926—31), гал. рэдактар час. «Узвышша» (1927—31). У 1934—38 заг. кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі. 14.10.1938 беспадстаўна арыштаваны, 8.6.1939 вызвалены з астрогу. З 1941 у эвакуацыі ў Маскве, удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Летам 1944 вярнуўся ў Мінск, працаваў у час. «Беларусь». Друкаваўся з 1920 як паэт (пад уласным прозвішчам і крыптанімам М.Р.). З 1921 выступаў як празаік. Першыя зб-кі апавяданняў «Апавяданні», «Срэбра жыцця» (абодва 1925). У «маладнякоўскі» перыяд творчасці пераважалі паэт. замалёўкі, эцюды, імпрэсіі, у якіх апяваецца хараство бел. прыроды, услаўляецца абуджэнне мужыка-беларуса. У апавяданнях «узвышаўскага» перыяду (зб-кі «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць», усе 1926; «Вераснёвыя ночы», 1929) — паглыблены псіхал. аналіз, сцвярджэнне гуманіст. думкі пра вял. сіпу чалавека на зямлі, стварэнне каларытных вобразаў «палявых людзей», якія ўвасабляюць лепшае ў бел. характары, вобразаў прадстаўнікоў маладога пакалення, схільных да філас. разваг і актыўных грамадскіх учынкаў. У апавяданнях 1930-х г. (зб. «Брыгадзіравы апавяданні», 1932) спроба авалодаць вытв. тэмай, паказаць працэс нараджэння калектывіста, ударніка сацыяліст. працы, выявіць у ім прыкметы класавай прыналежнасці, што вяло да схематызму і збедненасці вобразаў. У апавяданнях 1940-х г. (зб. «Вялікае сэрца», 1945) узнаўленне драм. эпізодаў перыяду Вял.Айч. вайны, малюнкаў спусташэння бел. зямлі, воля беларусаў да супраціўлення. У рамане «Сястра» (1927—28) вострае драм. сутыкненне супрацьлеглых поглядаў на ролю асобы ў працэсе рэв. абнаўлення свету, адмаўленне непаважлівага стаўлення да чалавека, сцвярджэнне хрысц. каштоўнасцей. У рамане-паэме «Зямля» (1928) пераважае паказ «плыні свядомасці» герояў з простанароддзя, хараства простых людзей, бел.нар. звычаяў і прыроды. У аповесці «Лявон Бушмар» (1929) класічны тып чалавека-ўласніка, вобразам якога сцвярджаецца роля псіхал. і біял. спадчыннасці ў станаўленні асобы. У незавершаных раманах «Вецер і пыл» (1927—29), «Ідзі, ідзі» (1930) праз шэраг яркіх вобразаў і псіхал. тыпаў зроблена спроба ўзнавіць драм. атмасферу ідэалаг. спрэчак пра шляхі абнаўлення свету перыяду рэвалюцыі, грамадз. вайны, калектывізацыі і індустрыялізацыі краіны. У пач. 1930-х г. Ч. прыйшоў да задумы папісаць «у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён»: раманы «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (няскончаны, 1934), «Трэцяе пакаленне» (1935), аповесць «Люба Лук’янская» (1936). Рукапісы раманаў «Простыя людзі», «Вялікае выгнанне», «Судны дзень» згарэлі ў першыя дні Вял.Айч. вайны. У рамане «Бацькаўшчына» — праблема Радзімы, якая на працягу стагоддзяў хвалявала беларусаў. У «Трэцім пакаленні» Ч. цікавіць паняцце ўласнасці, яго ўплыў на характар і лёс чалавека. У аповесці «Люба Лук’янская» — паэтызацыя духоўнага хараства бел. жанчыны, драматызм яе жыцця ў «эпоху войнаў і рэвалюцый». Задуманы Ч. празаічны цыкл развіты ў раманах «Пошукі будучыні» (нап. 1943, апубл. 1950), «Вялікі дзень» (нап. 1941—44, няскончаны, апубл. 1947), «Млечны Шлях» (нап. 1944, апубл. 1954), незавершаных эпічных творах «Скіп’еўскі лес» (1944, апубл. 1946), «Сумліцкая хроніка» (нап. 1941—44, апубл. 1975), «Смага» (нап. 1944, апубл. 1975) і інш., у якіх паказаны лёс беларусаў у час вял. выпрабаванняў, адносіны герояў да зямлі, уласнасці, бацькаўшчыны, маралі, будучыні і інш. Аўтар п’ес «Бацькаўшчына» (на аснове аднайм. рамана, паст. 1932, БДТ-1; 1966, Бел.т-р імя Я.Коласа), «Ірынка» (паст. 1941, БДТ-1 і БДТ-2), аповесці для дзяцей «Насцечка» (1940) і інш. Пераклаў на бел. мову аповесці «Станцыйны даглядчык», «Трунар», «Дуброўскі», «Капітанская дачка» А.Пушкіна, п’есы «Рэвізор» М.Гогаля, «Гарачае сэрца» і «Позняе каханне» А.Астроўскага, «Апошнія» і «Варвары» М.Горкага і інш. Асобныя творы Ч. інсцэнізаваны і экранізаваны: інсцэніроўка «Уласнасць» А.Гутковіча і Ф.Казлоўскай паводле рамана «Трэцяе. пакаленне» (1959), спектакль «Вялікае сэрца» (паст. 1960, Бел. тэлебачанне; паводле аднайм. рамана), фільм «Ноч пры дарозе» (1992, паводле аднайм. апавядання).
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1972—75;
Выбр. творы. Мн., 2000.
Літ.:
Кузьма Чорны: Зб. матэрыялаў аб жыцці і творчай дзейнасці пісьменніка. Мн., 1959;
Адамовіч А. Маштабнасць прозы: Урокі творчасці Кузьмы Чорнага. Мн., 1972;
Пяткевіч А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага. Мн., 1981;
Тычына М.А. Кузьма Чорны // Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.Мн., 1999. Т. 2.