Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАГО́РЫЯ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы карысталася больш за 30 родаў, у т. л. Багорыі, Валовічы, Кужанецкія, Макраноўскія, Скатніцкія. На чырв. полі выява 2 сярэбраных наканечнікаў стралы: адзін вастрыём уверх, другі — уніз; клейнод — над прылбіцай паўлін з распушчаным хвастом, у яго дзюбе, павернутай убок, зламаная страла вастрыём уверх. Існуюць варыянты герба з зялёным полем і злучанымі наканечнікамі стрэл, клейнод — 3 страусавыя пёры і інш. На Беларусі меў пашырэнне з 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ ПТУ́ШКІ,
птушкі, якіх трымаюць у няволі з эстэт. і пазнавальнымі мэтамі. Яны пераважна маюць яркую афарбоўку, прыгожа спяваюць або лётаюць; у няволі не трацяць здольнасці да размнажэння. Радзіма большасці Д.п. — тропікі і субтропікі. На Беларусі найб. пашыраны канарэйкі, папугаі, ткачы і дэкар. галубы (паўліны, дутышы, якабіны, турманы, чайкі). Як дэкар. трымаюць таксама некат. птушак мясц. фауны: аўсянак, берасцянак, валасянак, заранак, крыжадзюбаў, чыжоў, шчыглоў, драздоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́РЭНС, Лоўрэнс (Lawrence) Дэвід Герберт (11.9.1885, г. Іствуд, Вялікабрытанія — 2.3.1930), англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Нотынгемскім ун-це. Друкаваўся з 1908. У раманах «Белы паўлін» (1911), «Сыны і палюбоўнікі» (1913; экранізацыя 1960), «Вясёлка» (1915) выступіў з пратэстам супраць «механічнай цывілізацыі» 20 ст., у абарону саюзу чалавека з прыродай. У раманах «Закаханыя жанчыны» (1920), «Флейта Аарона» (1922), «Птушыны змей» (1926) зварот да натуралізму, псіхал. аналізу ў духу фрэйдызму. Найб. вядомы раман — «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» (1928; экранізацыя 1955). Творы Л. з рысамі мадэрнізму насычаны сімволікай, патэтыкай, адметныя складанасцю і вытанчанасцю стылю. Аўтар зб-каў паэзіі («Вершы пра каханне», 1913), апавяданняў («Прускі афіцэр», 1914), літ.-крытычных эсэ, дарожных нататкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗААПА́РК.
Засн. як заасад у 1984 у Мінску ў пойме р. Свіслач аматарамі прыроды Мінскага аўтамабільнага з-да (ініцыятар Ф.І.Рэўзін). З 1995 сучасная назва. З 1997 дзярж. прадпрыемства. Пл. 17,5 га. Працуюць секцыі: млекакормячых, птушак, паўзуноў, кармлення, вет.; гурток юннатаў. Трымае больш за 600 экз. жывёл каля 110 відаў (1999). Сярод іх: тупайя, мартышка, макака-рэзус, лама, высакародны алень, дзік, дзікабраз, шыншыла, буры мядзведзь, воўк, ліса, пясец, рысь, насуха, тхор, чаротавы кот, султанка, паўлін, асаед, беркут, пустальга, філін, удаў, браз. вуж, жаба-ваданос, квакша, экзатычныя беспазваночныя і інш.; жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу МСАП: еўрап. муфлон, аліўкавы агуці, даўгахвосты сурок, караткавухі слановы скакунчык, каралеўскі і залаты фазаны, мандарынка, арлан-белахвост, цёмны тыгравы пітон і інш. Многія жывёлы размнажаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́ЛЬСКІ (Сцяпан Уладзіміравіч) (15.1.1899, Мінск — 29.12.1972),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у тэатрах Харкава і інш. гарадоў (1917—19), на Бел. радыё (1932—35, маст. кіраўнік), у Белдзяржэстрадзе (1948—52), Бел. т-ры імя Я.Коласа (1926—32, 1937—48, 1952—65). Характарны акцёр. Сярод роляў у т-ры імя Я.Коласа: Мартын Рыль, Шышла («У пушчах Палесся», «Вайна вайне» Я.Коласа), Дубавец («Проба агнём» К.Крапівы), пан Бараноўскі («Несцерка» В.Вольскага), Абабурка («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Мікола Барановіч («Каля тэрасы» М.Грамыкі), Пётр, поп Паўлін («Мяшчане», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Косця («Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава), Астап («Астап» А.Глобы), Павел Паўлавіч («Рэйкі гудуць» У.Кіршона), фон Штубэ («Разлом» Б.Лаўранёва), Сысоеў («Першая конная» У.Вішнеўскага).
ірландскі пісьменнік. З 1926 жыў у Англіі. Пісаў на англ. мове. Першыя п’есы «Цень стралка» (паст. 1923), «Юнона і паўлін» (паст. 1924), «Плуг і зоркі» (1926) прасякнуты ідэямі нац.-вызв. барацьбы ірл. народа. Аўтар гіст. драмы «Зорка становіцца чырвонай» і «мудрагелістай камедыі» «Пурпуровы прах» (абедзве 1940), паэтычна прыўзнятай трагедыі «Чырвоныя ружы для мяне» (1942), фантаст. камедыі «Певень-дэндзі» (1949), лірычнай п’есы «Касцёр епіскапа» (1955), «вясёлай камедыі» «Барабаны бацькі Неда» (1958) і інш. Яго драматургіі ўласціва спалучэнне рэалізму з сімволікай, прынцыпаў высокай трагедыі з камедыйнасцю, буфанадай і фарсам. У аўтабіягр. эпапеі з 6 раманаў «Люстра ў маім доме» (1939—54) паказаў шырокую карціну грамадскага жыцця Ірландыі і Англіі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Э.Садоўнічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІ́НЫ (Pavo),
род птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 2 віды. П. звычайны, або індыйскі, або чубаты (P. cristatus), пашыраны на п-ве Індастан і в-ве Шры-Ланка. Драбнейшы П. сінякрылы, або яванскі (P. muticus), пашыраны ў Індакітаі і Інданезіі; занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Жывуць у зарасніках, на лясных высечках, па берагах рэк. У Еўропу (Стараж. Грэцыя) завезены ў 4 ст. да н.э. На Беларусі трымаюць як дэкар. птушку.
У самцоў даўж цела да 125 см, хваста да 45 см, падоўжаных, упрыгожаных «вочкамі» пёраў надхвосця да 150 см; маса да 4,3 кг Афарбоўка яркая, пераважна сіне-зял., з метал. адлівам. На галаве чубок. Самкі драбнейшыя, бурага колеру, без доўгага надхвосця. Кормяцца насеннем, зернем, травой, насякомымі. Палігамы. Пры такаванні самец разводзіць пёры надхвосця веерам і падымае іх амаль вертыкальна. Нясуць да 6 яец.
П. называюць таксама пароду галубоў свойскіх (паўлінавыя галубы, трасуны) з веерападобным або трубападобным хвастом (адсюль часам наз. трубачы). Паходзяць з Індыі, у Еўропе — з 17 ст. На Беларусі адна з найб. пашыраных парод. Гл. таксама Дэкаратыўныя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДА-МАЛА́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Усходняя біягеаграфічная вобласць. Размешчана ў трапічным поясе. Уключае Паўд. Азію, У Аравійскага п-ва, Вялікія Зондскія а-вы (без Сулавесі), большую ч. трапічных астравоў Ціхага акіяна. Падзяляецца на 2 падвобласці: Індыйска-Індакітайскую і Малайскую.
Расліннае покрыва — трапічны дажджавы лес і часткова саванны. Эндэмічных сям. няшмат, таму што існуюць старадаўнія і цесныя кантакты гэтай вобласці з Палеарктыкай і Эфіопскай біягеаграфічнай вобласцю. У флоры 2 эндэмічныя і 2 субэндэмічныя сямействы. Найб. высокі родавы і відавы эндэмізм, асабліва на астравах (напр., на Гаваях 150 эндэмічных родаў, а відавы эндэмізм складае 90%). Фауна адносна старажытная, у ёй захаваліся некат. рысы міяцэнавай фауны (напр., алянькі, насарогі, сланы, тапіры і інш.). Млекакормячых 46 сямействаў. Эндэмічныя атр. шарстакрылыя, сям. гібонавыя, ларызіды, тупайі, роды чалавекападобных малпаў арангутанаў і індыйскіх сланоў. З птушак эндэмічныя сям. лістоўкавыя, чубатыя стрыжы, большая ч. відаў сям. рагадзюбаў. Цэнтр узнікнення і разнастайнасці форм белавочкавых, пітавых, рагадзюбых, фазанавых. У фауне паўзуноў эндэмічныя бязвухія вараны, гавіялавыя кракадзілы, шчытахвостыя і прамянёвыя змеі. Шмат эндэмічных родаў земнаводных, напр., вузкаротыя і лятаючыя жабы і інш., 4 эндэмічныя сям. рыб. Вобласць з’яўляецца цэнтрам разнастайнасці карпападобных і сомападобных рыб. Шэраг сям. і атр. родняць яе фауну з фаунай Эфіопскай вобл.: агамы, вараны, насарогі, нектарніцы, паўліны, паўмалпы, птушкі-насарогі, сланы, ткачыкавыя, хамелеоны, чалавекападобныя малпы, яшчары.