Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Персіярня» (фабрыка паясоў) 6/560
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЯСЫ́,
вырабы Гродзенскай шаўкаткацкай мануфактуры А.Тызенгаўза ў 1770-я — пач. 1780-х г. Запрошаныя сюды франц. майстры ўзялі за аснову арнаментальную структуру, памер і кампазіцыю слуцкіх паясоў, але арнамент сярэдняй ч. і матывы на канцах пояса распрацавалі паводле франц. узораў, якія пазней былі заменены на ўсходнія.
Росквіт персіярні (1774—78) звязаны з творчасцю ліёнскага майстра Ф.Селімана. Яго паясы вызначаліся гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкім малюнкам; вытанчанасцю каларыту. У 1783 выраб паясоў спыніўся. Калекцыя Гродзенскіх паясоў зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮПІНЭ́ (Dupiney) Вінсент, французскі мастак-картаньер 18 ст. Нарадзіўся ў г. Ліёне (Францыя). Працаваў на ткацкіх прадпрыемствах Ліёна і Берліна. Вырабляў «узорнікі» для тканых паясоў. З 1768 ткач Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, дзе на «французскі манер» арганізаваў вытворчасць узорыстых тканін і паясоў (кіраўнік мануфактуры да 1780, у 1770—77 з Ж.Л.Унардам). Пры ім за першыя 2 гады колькасць варштатаў мануфактуры павялічылася з 6 да 60. Яму належыць шэраг паясоў з дэкорам па канцах у выглядзе 2 дрэў, паміж якімі кошык з кветкамі, над імі вянок, знізу ягня; таксама прыпісваюцца тканіны ў палосы з рэдкімі і дробнымі кветкавымі бутаньеркамі.
Літ.:
Pasy kontuszowe z polskich manufaktur i pracowni w zbiorach Museum Narodowego w Warszawe. Warszawa, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСУКІ́,
бел. майстры маст. ткацтва Слуцкай мануфактуры ў 18 — 1-й пал. 19 ст. Іосіф, майстар-ткач слуцкіх паясоў. У 1750-я г. вучыўся майстэрству ствараць залататканыя паясы ў Я.Маджарскага (гл.Маджарскія). Васіль, майстар маст. ткацтва. У 2-й пал. 18 ст.гал. майстар Слуцкай мануфактуры. Фама, кіраўнік Слуцкай мануфактуры (1807—44). У перыяд яго кіраўніцтва акрамя слуцкіх паясоў ствараліся ўзорыстыя і залататканыя тканіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЖА́РСКІЯ, Мажарскія, Мадзьярскія,
майстры-ткачы 18 — пач. 19 ст.; бацька і сын. Арандатары Слуцкай ф-кі кн. Радзівілаў, на якой вырабляліся слуцкія паясы.
Ян (сапр.Маджаранц Аванес; 1-я пал. 18 ст., Стамбул — каля 1800), кіраўнік Нясвіжскай мануфактуры шаўковых паясоў і Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў, мастак-картаньер, ткач. Сын венгра і армянкі. Ткацкаму рамяству вучыўся ў Стамбуле. У Рэч Паспалітую прыехаў да 1757. Спачатку жыў у Станіславе (цяпер г. Івана-Франкоўск, Украіна). У 1758 запрошаны М.К.Радзівілам Рыбанькам у Нясвіж. У 1761 уцёк у Броды, дзе быў адшуканы і вернуты назад. Каля 1767 пераехаў у Слуцк, наладзіў мануфактуру, на якой у тым жа годзе выпусціў больш за 200 паясоў. Распрацаваў асн. тыпы дэкору канцоў паясоў: «карумфілевыя», «сухарыкавыя», «вянкова-медальённыя» і інш. Вырабленыя ў перыяд яго кіраўніцтва паясы пазначаны меткамі: у 1767—76 — Sluck, Me fecit/ Sluciae, Me fecit/ Slutiae, y 1776—80 — Me fecit/ sluciae Joannes Madzarski. Каля 1780 перадаў пасаду сыну Лявону. Апошнія звесткі датуюцца 1796.
Лявон (каля 1740—1811), мастак-тэкстыльшчык і ткач. Ткацкай справе вучыўся ў бацькі. Каля 1780 стаў кіраўніком і арандатарам Слуцкай мануфактуры. Стварыў новую сістэму дэкар. аздаблення сярэдніх частак паясоў са складанай арнаменталізацыяй і яркай шматколернасцю і т.зв. «пазітыўкі» — сярэбрана-зялёныя паясы з аздабленнем канцоў гербамі ВКЛ. У 1780—1807 паясы пазначаў меткамі СЛУЦК, ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ ЛЕО МА/ЖАРСКІЙ ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ. У канцы 1790 набілітаваны, у 1791 атрымаў герб «Дар». З 1792 ротмістр Навагрудскага ваяводства і каралеўскі камергер. У 1807 адмовіўся ад арэнды мануфактуры. Пахаваны ў Слуцкім касцёле бернардзінцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІЯ ПАЯСЫ́,
вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18 ст. У пач. 1740-х г. уладальнік Нясвіжскай ардынацыі М.К.Радзівіл заснаваў у Альбе пад Нясвіжам мануфактуру па вырабе шаўковых паясоў (персіярню). Кіравалі вытв-сцю майстры Хаецкі і Гадоўскі, з 1757 — Я.Маджарскі, запрошаны з г. Станіслава (Івана-Франкоўск, Украіна). Паясы ткалі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, мелі даўжыню 2—4,5 м, шыр. 20—40 см. Некат. паясы цалкам затыкаліся залатымі ніткамі і потым пракатваліся паміж цяжкімі валамі, набываючы выгляд металічных, што дало ім назву «літых». Дэкор складаўся з папярочных гладкіх ці ўзорыстых палос, якія ўключалі пераважна ўсх. матывы. Н.п. не мелі спец. метак, а падабенства да слуцкіх паясоў робіць цяжкім іх вызначэнне, таму звычайна іх адносяць да апошніх. У пач. 1760-х г. нясвіжская персіярня пераведзена ў Слуцк.
Літ.:
Карпачоў Я.М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́ННАЯ ПО́ЯСНАСЦЬ, вертыкальная занальнасць,
заканамерная змена ландшафтаў у гарах. Абумоўлена пераважна зменай клімату з вышынёй: паніжэннем т-ры паветра (у сярэднім на 6 °C на кожныя 1000 м вышыні), яго шчыльнасці, ціску, колькасці ў ім пылу, павелічэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, а таксама (да выш. 2—3 км) воблачнасці і гадавой колькасці ападкаў. Са зменамі клімату цесна звязаны змены геамарфалагічных, гідралагічных, глебаўтваральных працэсаў, характар расліннага і жывёльнага свету. У выніку ўтвараюцца вышынныя паясы. Многія асаблівасці вышыннай пояснасці залежаць ад экспазіцыі схілаў, іх размяшчэння адносна пануючых паветр. мас і аддаленасці ад акіянаў.
Колькасць паясоў звычайна павялічваецца ў высокіх гарах і з набліжэннем да экватара. Вылучаюць у асн. 3 тыпы вышынных паясоў: акіянскі, ці прыморскі (характарызуецца развіццём пояса дрэвавай расліннасці ад падножжа), кантынентальны (дрэвава-хмызняковыя фармацыі на пэўнай вышыні) і ультракантынентальны (пояс дрэвавай расліннасці прадстаўлены фрагментарна). Вышынны пояс пачынаецца з той прыроднай зоны, на якую апіраецца падножжа горнага ланцуга. Заканамернасці вышынных паясоў распрацаваны ням. географам К.Гумбальтам (19 ст.) і рус. даследчыкам В.В.Дакучаевым (канец 19 ст.).