ВО ((Waugh) Іўлін) (28.10.1903, Лондан — 10.4.1966),

англійскі пісьменнік; адзін з буйнейшых майстроў сатыр. прозы. Вучыўся ў Оксфардзе. Першы літ. твор прысвечаны паэзіі і жывапісу Д.​Г.​Расеці (1928). У раманах «Заняпад і разбурэнне» (1928), «Брыдкая плоць» (1930), «Чорная бяда» (1932), «Прыгаршчы праху» (1934), «Сенсацыя» (1938) крытыка тагачаснай рэчаіснасці. Падзеі 2-й сусв. вайны прыўнеслі ў творы Во настроі элегічнага смутку. Раманы «Перапыненая работа» (1942), «Вяртанне ў Брайдсхед» (1945) ён назваў «некралогамі асуджаным вярхам», «памінальнай месай па каштоўнасцях старога свету». Стыль Во адзначаны праніклівым псіхалагізмам і афарыстычнай мовай (навелы «Марское падарожжа», «Пераможца атрымлівае ўсё» і інш.). У раманах з трылогіі «Пачэсны меч» (1965) драма пісьменніка, які не прыняў ілжывых каштоўнасцей рэчаіснасці, імкнуўся да пераадолення дысгармоніі жыцця праз захаванне традыц. ўкладу сям’і і дабрачыннасці. «Выпрабаванне Гілберта Пінфалда» (1957) — аўтабіягр. раман. Прыхільнасць да прынцыпаў рэалізму ў мастацтве засведчыў у артыкулах «Літаратурны стыль у Англіі і Амерыцы» (нап. 1955), «Гібель Жывапісу» (нап. 1956).

Тв.:

Prose, memoirs, essays. М., 1980. Рус. пер. — Мерзкая плоть;

Возвращение в Брайдсхед: Романы;

Незабвенная: Повесть;

Рассказы. 3 изд. М., 1982;

Офицеры и джентльмены: Роман. Мн., 1988;

Испытание Гилберта Пинфолда. М., 1992.

Літ.:

Анджапаридзе Г. Трилогия И.​Во «Почетный меч» // Проблемы английской литературы XIX и XX вв. М., 1974;

Ивлин Во: Биобиблиогр. указ. М., 1981.

Н.​М.​Саркісава.

т. 4, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ГЕНЕ́ТЫКІ І ЦЫТАЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1965 у Мінску на базе Аддзела генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (з 1963). Лабараторыі (1998): малекулярнай генетыкі, гетэрозісу і генетыкі колькасных прыкмет, генетыкі збожжавых культур, мутагенезу, цытагенетыкі раслін, антымутагенезу, агульнай цытагенетыкі, радыяцыйнай генетыкі. нехрамасомнай спадчыннасці, генетыкі фітаімунітэту; тэматычныя групы, аддзел навук. інфармацыі і інфарматыкі Дзейнічае селекцыйна-генет. комплекс (да 1989 біял. доследная станцыя). Аспірантура (з 1963), дактарантура (з 1989).

Асн. кірункі даследаванняў: генет. асновы селекцыі (гетэрозіс, поліплаідыя, нехрамасомная спадчыннасць, генетыка імунітэту), індуцыраваны і спантанны мутагенез, антымутагенез, радыяцыйная генетыка, генет. і клетачная інжынерыя, матэм. генетыка. Вынікі даследаванняў: сфармуляваны новая канцэпцыя гетэрозісу, гіпотэза ўзаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. Даказана важная роля цытаплазматычных спадчынных структур ва ўстойлівасці раслін да захворванняў, атрыманы значныя вынікі па вывучэнні генет. заканамернасцей арганізацыі і экспрэсіі геномаў раслін. Створаны арыгінальныя генет. калекцыі збожжавых, зернебабовых культур і бульбы. Атрыманы практычныя вынікі: каштоўныя гетэрозісныя гібрыды кукурузы, азімага жыта, цукр. буракоў, ільну, яравой пшаніцы, ячменю і трыцікале. Раянаваны новыя высокапрадукцыйныя сарты цукр. буракоў, соі, цяплічных памідораў. Вынікі даследаванняў пра эколага-генет. наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС перададзены ў Дзяржкамчарнобыль. У Ін-це працавалі акад. АН Беларусі А.Р.Жэбрак, П.Ф.Ракіцкі, акад. АН Беларусі і УАСГНІЛ М.В.Турбін, чл.-кар. А.М.Іпацьеў, У.К.Саўчанка, працуюць акад. Нац. АН Беларусі М.А.Картэль (дырэктар з 1994), Л.У.Хатылёва (пачэсны дырэктар), чл.-кар. У.Я.Борматаў, 13 дактароў навук.

М.​А.​Картэль.

т. 7, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)