італьянская спявачка (каларатурнае сапрана). Муз. адукацыю атрымала пад кіраўніцтвам М.Стракоша. У 1859 дэбютавала на опернай сцэне ў Нью-Йорку. Поспех прынеслі гастролі ў 1861 у т-ры «Ковент-Гардэн» (Лондан). У Італіі выступала з 1866 (т-р «Рэджа», г. Турын). У 1869—77 неаднаразова спявала ў Расіі. Апошняе выступленне ў 1914 у «Альбертхоле» (Лондан). Валодала незвычайным па прыгажосці тэмбру, чыстым, мяккім, звонкім, роўным ва ўсіх рэгістрах голасам, віртуознай тэхнікай. Сярод партый: Дэздэмона, Нінета, Разіна («Атэла», «Сарока-зладзейка», «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Маргарыта, Джульета («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.Гуно) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНЫ́НІ ((Bolognini) Маўра) (н. 28.6.1922),
італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Эксперым. цэнтры ў Рыме. Майстар экранізацый твораў італьян. і франц. л-ры: «Бурная ноч» П.Пазаліні (1959), «Недарэчны дзень» А.Маравія (1960), «Цудоўны лістапад» Э.Паці (1968), «Пармскі манастыр» Стэндаля (1980, тэлевізійны) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРО́ЛЬ (ням. Gastrolle ад Gast госць + Rolle роля),
выступленне артыста (калектыву) па-за месцам яго пастаяннай дзейнасці — у інш. раёне, горадзе, краіне. З 18 ст. і асабліва з 2-й пал. 19 ст. гастрольнай дзейнасцю займаліся буйнейшыя акцёры — С.Бернар, Э.Дузе, Т.Сальвіні, П.Арленеў, В.Камісаржэўская, Э.Каруза, А.Паці, Ф.Шаляпін і інш. На Беларусі пашыраны з канца 18 ст., калі ў гарадах, мястэчках выступалі польскія гастрольныя трупы і асобныя акцёры, у 19—20 ст. — рус. і ўкраінскія. Гастрольную дзейнасць вяла Першая бел. трупа І.Буйніцкага. Гастраліруюць усе прафесійныя трупы. Атрымала развіццё такая форма гастролі, як выязныя спектаклі т-раў. Своеасаблівая форма гастролі — выступленні тэатр. калектываў на дэкадах, аглядах, фестывалях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЕ́ЦКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Die Deutsche Staatsoper),
адзін з буйнейшых музычных тэатраў Германіі. Адкрыты ў 1742 у Берліне як Прыдворны оперны тэатр (арх. Г.В.Кнобельсдорф) пастаноўкай оперы «Цэзар і Клеапатра» К.Г.Граўна (заснавальнік і першы кіраўнік т-ра). Да 1918 наз. Каралеўская опера. Неафіц. назва — «Тэатр на Унтэр-дэн-Ліндэн» (ад назвы вуліцы, на якой размешчаны будынак т-ра). Напачатку ставіліся пераважна італьян. і франц. оперы (спявалі італьян. спевакі), з канца 18 ст. таксама творы ням. і аўстр. кампазітараў, у т. л. В.А.Моцарта, Л.Бетховена, К.М.Вебера, Г.А.Маршнера, Дж.Меербера (у 1842—50 генерал-музік-дырэктар), Р.Вагнера, Р.Штрауса, П.Дэсаў, А.Берга, К.Орфа, Граўна і інш. З 1923 у рэпертуары оперы і балеты П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава, М.Мусаргскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, А.Хачатурана, В.Баснера, А.Пятрова і інш. У т-ры выступалі спевакі П.Віярдо-Гарсія, Л.Леман, П.Лука, Е.Лінд, Г.Мара, П.Г.Мільдэр-Гаўптман, А.Паці. У розныя гады калектыў узначальвалі дырыжоры Граўн (1742—59), Г.Спанціні (1820—42), М.Шылінгс (1919—24 і 1933), Э.Клейбер (1925—35), Ф.Канвічны (1955—62), О.Суітнер (з 1964—71 і з 1974), цяпер К.Тылеман (2000). Сярод балетмайстраў: П.Тальёні (1856—83), Г.Кролер (1919—22), Т.Гзоўская (1945—52), Л.Грубер (1955—70), Э.Бішаф (з 1972).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУА́М (Guam),
уладанне ЗША у зах.ч. Ціхага ак. Уключае в-аў Гуам (найб. з Марыянскіх астравоў) і суседнія невял. астравы. Пл. 549 км². Нас. 143 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — Аганья. Афіц. мова — англійская, пашырана мясц. мова чамора. Нац. свята — Дзень працы (3 вер.).
Прырода. Паўд., больш узвышаная (г. Ламлам, 405 м) частка вострава вулканічнага паходжання, складзена з андэзітаў, паўн., нізінная — з каралавых вапнякоў. Частыя землетрасенні. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры каля 26 °C. Гадавая колькасць ападкаў 2000—3000 мм. Дажджлівы сезон май—лістапад. У гэты сезон бываюць тайфуны. На паўд. і ўсх. схілах вільготна-трапічныя лясы, на Пн ксерафітна-злакавыя саванны. На паўн.-ўсх. канцы — запаведнік Паці-Пойнт (пл. 304 га).
Насельніцтва. 43% складае мікранезійскі народ чамора — карэнныя жыхары вострава, 29% — выхадцы з Філіпін (пераважна ілокі), 28% — амерыканцы (ваеннаслужачыя на ваен. базах і члены іх сем’яў). Больш за 80% вернікаў католікі. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана ў невял. гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы.
Гісторыя. Карэнныя жыхары — абарыгены чамора здаўна называлі востраў Гуам. Першым з еўрапейцаў в-аў адкрыў у 1521 Ф.Магелан. Да канца 17 ст. Гуам каланізавалі іспанцы (пасля задушэння шэрагу паўстанняў мясц. насельніцтва ў 1670—95), на востраве размясцілася рэзідэнцыя ісп. губернатара Марыянскіх а-воў. Асн. заняткам карэннага насельніцтва было земляробства. У 1825 і 1828 у сувязі з заходам на Гуам брыт. і амер. кітабойных суднаў пачата стварэнне партовай службы (у Апры і Уматаку). У выніку ісп.-амер. вайны 1898 востраў стаў уладаннем ЗША, якія ператварылі яго ў апорны пункт на Ціхім ак. У 2-ю сусв. вайну тут 10.12.1941 высадзіўся яп. дэсант, які прымусіў капітуляваць невял. амер. гарнізон і служачых гуамскай марской паліцыі і добраахвотніцкай арміі. 21.7.1944 у межах ваен. аперацыі «Фуражыр» на востраў высадзіліся амерыканцы і ў ходзе жорсткіх 22-дзённых баёў амаль цалкам знішчылі яп. гарнізон. Да 30.5.1946 востравам кіравала амер.ваен. адміністрацыя, ён стаў буйнейшай ваен.-марской базай ЗША на Ціхім ак. У 1949 кіраванне Гуам перададзена грамадз. адміністрацыі. Пасля прыняцця ў 1950 у ЗША «Акта аб Гуаме» ўсе жыхары вострава, якія нарадзіліся пасля 11.4.1899, атрымалі амер. грамадзянства (без права ўдзелу ў нац. выбарах), абраны мясц. аднапалатны заканад. орган — Гуамскі кангрэс (21 дэпутат). У 1952 тут створана першая ВНУ — Тэр. каледж Гуама. У 1970 гуамцам дадзена права выбіраць на 4 гады губернатара вострава (раней яго прызначаў прэзідэнт ЗША). З 1982 Гуам мае ўнутр. аўтаномію. Дзейнічаюць мясц. аддзяленні Рэсп. і Дэмакр. партый ЗША.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — турызм. Штогод Гуам наведваюць 600—800 тыс. турыстаў (85% — японцы). Вял. значэнне маюць даходы ад ваен. аб’ектаў ЗША. На востраве 2 буйныя ваен. базы ЗША: паветраная Андэрсен, марская Апра-Харбар. Жыхары вырошчваюць агародніну, а таксама кукурузу, каву, бананы, цукр. трыснёг, тара і інш. трапічныя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. На невял. прадпрыемствах вырабляюць какосавы алей, мыла, цэмент, чарапіцу, штучны лёд, безалкагольныя напіткі, хлебабулачныя вырабы. З рамёстваў развіты пляценне, выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў з ракавін і бісеру, разьбярства па дрэве. Унутр. транспарт аўтамабільны. Востраў — важны вузел паветр. і марскіх камунікацый. Гал. парты Апра-Харбар і Аганья. Экспарт нязначны, імпарт — прамысл. і харч. тавары. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Літ.:
Малаховский К.В. Остров, открытый Магелланом (Гуам). М., 1975.