гарадзішча жалезнага веку на беразе р. Свіслач каля былой в. Банцараўшчына Мінскага р-на. Пляцоўка авальная (55 × 35 м), з Пн і ПнЗ умацавана 2 валамі выш. каля 2 м і равамі. Культурны пласт 0,2—1,8 м; мае 2 гарызонты: ніжні (3 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) адносіцца да штрыхаванай керамікі культуры, верхні — 6—8 ст. (ад яго атрымала назву банцараўская культура). Выяўлены рэшткі драўляных наземных пабудоў з разваламі печаў-каменак, вырабы з жалеза (сярпы, наканечнікі коп’яў, нажы, брытвы), бронзы (пярсцёнкі, фібула, лунніца, бранзалет і інш.), гліны (посуд, тыглі, льячка, прасліцы), шкляная пацерка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МЛЬ, Лукамля,
вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Лукомка, на аўтадарозе Чашнікі—Навалукомль. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на Пд ад горада і 17 км ад чыг. ст. Чашнікі, 115 км ад Віцебска. 545 ж., 215 двароў (1999).
Узнік у 9 ст. як крэпасць крывічоў. Упершыню ўпамінаецца ў 1078 у «Павучанні» Уладзіміра Манамаха пры апісанні паходу на Усяслава Брачыславіча. З 12 ст., магчыма, цэнтр удзельнага Лукомскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 14—16 ст. належаў князям роду Лукомскіх, у гэты перыяд існаваў Лукомскі замак. У 1386 пасля доўгай асады ўзяты Андрэем Альгердавічам. У 1397 выхадцы з Вільні заснавалі тут Мікалаеўскі манастыр. У Лівонскую вайну 1558—83 замак у Л. разбураны Іванам IV Грозным (1563). У 17—18 ст. мястэчка ў Аршанскім, з 1793 — у Сенненскім пав. Магілёўскай губ. У 1886—536 ж., 87 двароў, царква, касцёл, яўр. малітоўны дом, школа, 7 крам, кірмаш. З 20.8.1924 у Чарэйскім р-не Барысаўскай акругі, з 9.6.1927 у Аршанскай акрузе, з 8.7.1931 у Чашніцкім р-не, з 20.2.1938 у Віцебскай вобл.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. У Л. комплекс археал. помнікаў — гарадзішча, селішчы, курганны могільнік.
Знаходкі з гарадзішча Лукомль: 1 — касцяны шахматны ферзь, 2 — залатая ажурная пацерка.