праверка аўдытарскай службай бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці і інш. дакументаў фінансава-гасп. дзейнасці кампаній, прадпрыемстваў, устаноў, каб пацвердзіць іх дакладнасць. Праводзіцца спец. аўдытарскімі карпарацыямі ці аўдытарамі-прадпрымальнікамі. Задача аўдыту — абарона інтарэсаў уласніка, дапамога суб’ектам гаспадарання ў разліку падаткаў, павышэнні эфектыўнасці вытв.-гасп. дзейнасці. Аўдыт бывае знешні (незалежны), унутраны (ведамасны) для ацэнкі работы па маркетынгу, эфектыўнасці структуры кампаніі, праверкі дзейнасці фірмы па выкананні законаў і рашэнняў вышэйстаячых органаў і інш., а таксама абавязковы (вызначаны заканадаўствам) і ініцыятыўны (паводле рашэння суб’екта гаспадарання ці ўласніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ЧНЫ АТАМІ́ЗМ,
вучэнне аб рэчаіснасці, паводле якога свет уяўляе сабой сукупнасць толькі знешне звязаных паміж сабой атамарных (якія не маюць састаўных частак) фактаў. Распрацавана Б.Раселам і Л.Вітгенштэйнам у пач. 20 ст.Тэарэт. вытокі Л.а. — неэўклідава геаметрыя, матэматыка, розныя сістэмы фармальнай логікі. Праграма Л.а. прадугледжвала пабудову «лагічна дасканалай мовы» на ўзор лагічнай мовы. Сутнасць пераўтварэнняў у адносінах да мовы зводзілася да распрацоўкі элементарных, простых, далей не раскладальных у сэнсавых адносінах сказаў — своеасаблівых «атамаў» мовы, сапраўднасць якіх можна было б лёгка пацвердзіць эмпірычным шляхам. Распрацоўкі Л.а. былі выкарыстаны Венскім гуртком, адыгралі пазітыўную ролю ў развіцці логікі.
Літ.:
Козлова М.С. Философия и язык. М., 1972;
Современная буржуазная философия. [Ч. 2]. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКО́ЛІЧНАЯ ШЛЯ́ХТА,
адна з ніжэйшых груп дробнамаянтковай шляхты Беларусі ў 16—19 ст. Называлася таксама шляхтай засцянковай, заградовай, загоннай, шарачковай і інш. Юрыдычна адносілася да пануючага саслоўя феадалаў, маёмасна ж набліжалася да прац. сялянства. Паходзіла са свабодных людзей (баяр, зямян і інш.), якія маглі дакументальна пацвердзіць асабістую вольнасць ад цяглава-чыншавых абавязкаў. Сялілася ў адасобленых паселішчах (аколіцы, засценкі). Зямлёй валодала паводле родава-спадчыннага права, апрацоўвала яе самастойна, але ў дапамогу нярэдка наймала агароднікаў, халупнікаў і інш. сялян. У 1796 у 8 паветах б.ВКЛ складала 61% усёй шляхты, у 1839 у зах. губернях Рас. імперыі — 56%. Указам Мікалая I ад 19.10.1831 ваколічная шляхта выключана з дваранскага саслоўя і пераведзена ў катэгорыю аселых аднадворцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ЕРДАЛ (Heyerdahl) Тур (6.10.1914, г. Ларвік, Нарвегія — 18.4.2002),
нарвежскі вучоны, падарожнік, пісьменнік. Чл.Нарв.АН (з 1958). Ганаровы д-р ун-та Осла (1961). Вучыўся ва ун-це Осла (1933—38). Вывучаў пераемнасць культуры і магчымасць трансакіянскіх міграцый народаў паміж Старым і Новым Светам. Каб пацвердзіць сваю тэорыю пра засяленне а-воў Палінезіі з Амерыкі, у 1947 праплыў з экіпажам на плыце «Кон-Цікі» ад Перу да архіпелага Туамоту, у 1969 і 1970 — на папірусных лодках «Ра» і «Ра-2» ад Афрыкі да а-воў Цэнтр. Амерыкі, у 1977—78 — на трысняговай лодцы «Тыгрыс» па маршруце Эль-Курна (Ірак) — вусце р. Інд—Джыбуці. Уражанні ад падарожжаў у кнігах «Падарожжа на «Кон-Цікі» (1949), «Аку-Аку» (1957), «Ра» (1970), «Фату-Хіва» (1975), «Тыгрыс» (1979) і інш. Займаўся археал. пошукамі ў Перу, Балівіі, Эквадоры, на Галапагоскіх а-вах і в-ве Рапануі (Вялікадня). Аўтар прац па антрапалогіі, стараж. гісторыі Акіяніі і Амерыкі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў С.Міхальчук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНЫЯ РЭФО́РМЫ,
пераўтварэнні сістэм землеўладання і землекарыстання. Абумоўлены патрэбамі эканам. і сац. развіцця грамадства, сял. рухам за зямлю. Пераважна маюць антыфеад. характар, паколькі ў асноўным накіраваны на ліквідацыю феад. перажыткаў у агр. сектары.
Аграрныя рэформы, праведзеныя ў шэрагу краін Зах. Еўропы ў перыяд бурж. рэвалюцый 17—19 ст., нанеслі сур’ёзны ўдар па феад. адносінах і расчысцілі шлях капіталіст. развіццю ў сельскай гаспадарцы (Вялікабрытанія, Францыя). Шырокі размах аграрныя рэформы набылі пасля 2-й сусв. вайны ў краінах Азіі і Лац. Амерыкі; іх мэта — ліквідацыя феад., патрыярхальна-радавых адносін і каланіяльнай зямельнай уласнасці. У краінах сацыяліст. арыентацыі аграрныя рэформы ажыццяўляліся рознымі метадамі, але прадугледжвалі ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і пэўныя абмежаванні прыватнага землекарыстання. У развітых капіталіст. краінах аграрныя рэформы былі накіраваны на стварэнне буйной с.-г. вытв-сці на базе дасягненняў навукова-тэхн. прагрэсу.
На Беларусі адна з першых аграрных рэформаў — валочная памера, праведзеная ў сярэдзіне 16 — 1-й пал. 17 ст. ў ВКЛ у сувязі з развіццём фальварковай гаспадаркі, вызначыла прынцыпы землекарыстання ўсяго бел. сялянства. Паводле Тызенгаўза рэформы 1765дзярж. сяляне каралеўскіх эканомій пераведзены з аброчнай павіннасці на паншчынную пры адначасовым рэгуляванні іх зямельных надзелаў. У 1830 — 50-я г. царскі ўрад ажыццявіў дзяржаўнай вёскі рэформу, у выніку якой у дзярж. маёнтках зах. губерняў ліквідаваны фальваркі, зямля раздадзена сялянам, а паншчына заменена аброкам. Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў вызначыла памер сял. зямельнага фонду ў прыватнаўласніцкіх маёнтках. Паводле сялянскай рэформы 1861 сяляне вызвалены ад прыгону і надзелены зямлёй. Гэта буйнейшая аграрная рэформа азначала пераход Расіі, у т. л. Беларусі, ад феадалізму да капіталізму, хоць і пасля гэтага феад. перажыткі яшчэ доўга захоўваліся. На дзярж. землях Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны праведзена дзяржаўных сялян рэформа 1867, паводле якой сяляне пераводзіліся на выкуп і далучаліся да разраду сялян-уласнікаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі і ў Літве царскі ўрад праводзіў землеўпарадкаванне вольных людзей, якія павінны былі выкупіць арандаваныя землі або адмовіцца ад карыстання імі. Аналагічны характар мела чыншавая рэформа 1886, паводле якой арандатарам-чыншавікам Беларусі, Правабярэжнай Украіны і Літвы неабходна было пацвердзіць свае правы на карыстанне зямлёй і выкупіць яе, інакш з гэтай зямлі іх зганялі. З мэтай стымулявання агр. капіталізму ў ліст. 1906 — чэрв. 1917 ажыццяўлялася сталыпінская аграрная рэформа. У Зах. Беларусі зямельная рэформа 1925 прадугледжвала выкуп за поўны кошт часткі дзярж. і памешчыцкіх зямель, садзейнічала паскарэнню хутарызацыі, насаджэнню на «крэсах усходніх» польскіх вайск. і цывільных каланістаў — асаднікаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 зямля ў Расіі, у т. л. на Беларусі, была нацыяналізавана і перададзена бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам. Але ў час калектывізацыі яе ў сялян адабралі і перадалі ў калектыўнае карыстанне калгасам і саўгасам. Пасля распаду СССР у постсацыяліст. краінах з пач. 1990-х г. ажыццяўляюцца новыя аграрныя рэформы. Сутнасць іх у краінах Балтыі і Усх. Еўропы — ва ўмацаванні прыватнага землеўладання, у Расіі, Беларусі і інш.б.сав. рэспубліках — у стварэнні шматукладнай эканомікі ў агр. сектары (арэнда зямлі, рэарганізацыя калгасаў і саўгасаў у акц. т-вы, аграфірмы, кааператывы, стварэнне фермерскіх гаспадарак і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНІЦТВА,
1) спецыфічная фаза гісторыі сац.-рэв. руху ў Расіі паміж «хаджэннем у народ» (1872—74) і тэрарызмам (1878—81).
2) Сац. дактрына 2-й пал. 19 ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталіст. стадыю развіцця і праз арцель і абшчыну адразу перайсці да сацыялізму (некат. даследчыкі лічаць пачынальнікамі гэтай дактрыны А.І.Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага і адносяць нараджэнне т. зв. «аграрнага сацыялізму» да 1840—60-х г.).
2) Шырокі спектр ідэй і падыходаў, звязаных з цікавасцю інтэлігенцыі да «народа», пераважна сялян і рабочых, іх мыслення, звычаяў, нораваў і г.д. Характэрная рыса Н. як ідэалогіі — перапляценне ідэй рэв. дэмакратыі з сял.утапічным сацыялізмам. Н. падзялялася на рэв. і ліберальную плыні. Рэв. Н. звязвала дасягненне сацыялізму з усерас.сял. паўстаннем; ліберальнае разлічвала на мірны, рэфармісцкі шлях. Філас.-метадалагічную аснову поглядаў Н. складалі пазітывізм (М.К.Міхайлоўскі, П.Л.Лаўроў) і матэрыялізм (П.М.Ткачоў); іх аб’ядноўвала мэта тэарэтычна абгрунтаваць права асобы на сац. актыўнасць, зацвердзіць вядучую ролю сац. ідэала ў пабудове вучэння аб грамадскім развіцці («тэорыя прагрэсу», суб’ектыўны метад у сацыялогіі). Адлюстраваннем прынцыпаў суб’ектыўнай сацыялогіі ў эканам. навуцы з’явіўся «эканамічны рамантызм» (В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон), прадстаўнікі якога імкнуліся пацвердзіць ідэю некапіталіст. развіцця ў Расіі.
У 1860-я — сярэдзіне 1880-х г. у рас. Н. пануючай была рэв. плынь, прадстаўленая шматлікімі тайнымі арг-цыямі і гурткамі, большасць якіх з 1870-х г. знаходзілася пад уплывам «бунтарскіх» ідэй М.А.Бакуніна. Спробай рэалізаваць ва ўсерас. маштабе рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна і Чарнышэўскага стала першая арг-цыя«Зямля і воля» (1861—64). Члены т-ва «ішуцінцаў» (1863—66, лідэры М.А.Ішуцін і І.А.Худзякоў) для прапаганды рэв. ідэй меркавалі стварыць вытв. арцелі і камуны. Адзін з іх, Дз.У.Каракозаў, у крас. 1866 ажыццявіў няўдалы замах на імператара Аляксандра II. Уцалелыя пасля арыштаў «ішуцінцы» ўвайшлі ў тайную змоўшчыцкую арг-цыю «Народная расправа» (1869), лідэр якой С.Г.Нячаеў лічыў магчымым для перамогі «мужыцкай рэвалюцыі» выкарыстоўваць любыя сродкі, у т. л. падман, шантаж, забойствы. «Вялікае таварыства прапаганды», або чайкоўцы (1869—74), лічыла неабходным пашырэнне прапаганды ідэй Н. сярод інтэлігенцыі, а потым у народзе з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. У 1872—73 у Пецярбургу і Маскве дзейнічаў гурток далгушынцаў (заснавальнік А.В.Далгушын), члены якога падзялялі бунтарскія ідэі Бакуніна. Вясной 1873 пачалося і дасягнула найб. размаху ў 1874 падрыхтаванае далгушынцамі, чайкоўцамі і інш.рэв. гурткамі масавае «хаджэнне ў народ» рэв. інтэлігенцыі з мэтай узняць сялян на сацыяліст. рэвалюцыю. Гал. формай работы. сярод сялян была «лятучая прапаганда». Аднак «хаджэнне ў народ» не прывяло і не магло прывесці да сял. рэвалюцыі, амаль усе яго ўдзельнікі (каля 4 тыс.) былі арыштаваны, найб. актыўныя асуджаны па «працэсе 193-х» (1877—78). У 1874 узнікла «Усерасійская сацыяльна-рэвалюцыйная арганізацыя», або группа «масквічоў» (1874—75); яе члены лічылі, што для дзейснай прапаганды на сяле трэба рыхтаваць пасрэднікаў паміж сялянамі і інтэлігенцыяй з ліку рабочых. Другая «Зямля і воля» (1876—79), зыходзячы з вопыту папярэднікаў, імкнулася стварыць цэнтралізаваную рэв. арг-цыю, з мэтай пастаяннай прапаганды рэв. ідэй стварала паселішчы народнікаў у сельскай мясцовасці, але і гэтая дзейнасць не мела поспеху. У 1879 «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» (1879—86) і «Чорны перадзел» (1879—81). Пад уплывам ідэй Ткачова (рэв. змоўніцтва) «Народная воля» перайшла да паліт. барацьбы з мэтай захопу ўлады. Аднак гэтая барацьба звялася да індывід. тэрору з мэтай дэзарганізацыі ўлады і абуджэння народу. Забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 (ажыццявіў І.Я.Грынявіцкі) паказала безвыніковасць і згубнасць такой тактыкі. Да канца 1884 «Народная воля» разгромлена ўрадам. «Чорны перадзел», які адмаўляў непасрэдную паліт. барацьбу і рабіў упор на прапаганду сярод рабочых, да канца 1881 распаўся на асобныя гурткі. Яго б. лідэры Г.В.Пляханаў, Л.Р.Дэйч, В.І.Засуліч і інш. ў эміграцыі перайшлі на паз шыі марксізму і заснавалі ў 1883 у Жэневе с.-д. арг-цыю «Вызваленне працы».
На Беларусі ідэі Н. падзялялі К.С.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.І.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863—64. У канцы 1862 у склад «Зямлі і волі» 1860-х г. увайшоў ваенна-рэв.Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы, 40% членаў якога былі ўраджэнцамі бел.-літ. губерняў. У 1874—84 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у ВНУ Пецярбурга і інш. гарадоў краіны. У стварэнні адной з першых бел. груп «Народнай волі» ў Пецярбургу ўдзельнічаў Грынявіцкі. Пазней са студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага ун-та створана бел.рэв. група «Гоман», якая наладзіла сувязі з Віцебскам, Мінскам і інш.бел. гарадамі, імкнулася стаць цэнтрам арг-цыі «Народнай волі» на Беларусі, у 1884 выдала 2 нумары час.«Гомон». У студз. 1882 створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’яднала гурткі Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай губ. У 1881—83 у Вільні, Мінску, Пінску, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Оршы, Магілёве ўзніклі нарадавольцаў-афіцэраў гурткі, што падпарадкоўваліся непасрэдна ваенна-рэв. цэнтру «Народнай волі». Існавалі на Беларусі і народніцкія гурткі вучнёўскай моладзі. Групы бел.рэв. народнікаў нелегальна выдавалі адозвы, у т. л. «Да беларускай інтэлігенцыі» (1883), «Пасланне да землякоў-беларусаў Шчырага беларуса» (1.1.1884), ліберальныя народнікі — «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае Данілы Баравіка» (16.12.1882). У выданнях бел. народнікаў былі абгрунтаваны ідэі нац.-дзярж. адраджэння Беларусі. Некаторыя ідэі ліберальнага Н. прапагандавала газ. «Минский листок». З дзейнасцю рэв. народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, узнікненне першых рабочых гурткоў.
На фоне ідэйнага краху рэв. Н. з сярэдзіны 1880-х г. пануючай плынню ў народніцкім руху стала ліберальнае Н. (ідэолаг Міхайлоўскі), якое выступала за павелічэнне сял. надзелаў, аднаўленне сялян у грамадз. правах і інш. рэформы пры захаванні асноў дзярж. і грамадскага ладу. Пераемнікамі Н. сталі сацыялісты-рэвалюцыянеры, што аформіліся ў партыю ў 1902 у выніку аб’яднання народніцкіх груп і гурткоў.
Літ.:
Ткаченко П.С. О спорных проблемах истории народничества // История СССР. 1963. №6;
Троицкий Н.А. Большое общество пропаганды 1871—1874 гг. (т.н. «чайковцы»), Саратов, 1963;
Антонов В.Ф. Революционное народничество. М., 1965;
Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;
Пантин И.К. Социалистическая мысль в России: переход от утопии к науке. М., 1973;
Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА
У канцы 19 ст. — 1980-я г.бел. дыяспара складала ад 1/6 да амаль 1/3 часткі бел. нацыі. У пач. 1990 па-за межамі Беларусі пражывала 3—3,5 млн. беларусаў.
У розныя часы і ў розных гіст. умовах перасяленне насельніцтва з бел. этнічных зямель у інш. рэгіёны было выклікана паліт., рэліг., эканам., ваен. і інш. прычынамі. Насельніцтва пачало пакідаць бел. землі ўжо ў часы існавання тут найстараж. дзярж. утварэнняў — Полацкага і Тураўскага княстваў. У 11—12 ст. родныя мясціны пакідалі прадстаўнікі кіруючай эліты ў сувязі з паліт. абставінамі (найчасцей ва ўмовах паражэння ў барацьбе за ўладу). Падобны характар эміграцыя мела ў ранні перыяд існавання Вял. княства Літоўскага (ВКЛ) і ў часы яго росквіту (13—1-я пал. 15 ст.). Прававой асновай натуральнай эміграцыі з бел. зямель былі заканадаўчыя акты і зводы законаў, створаныя ў ВКЛ, — прывілей 1447, віцебскі (1503) і полацкі (1547) прывілеі, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 і інш. На працягу 15—17 ст. ураджэнцы ВКЛ выязджалі ў «Свяшчэнную Рымскую імперыю», італьян. дзяржавы (Геную, Венецыю, Падую, Фларэнцыю і інш.), Польшчу, Чэхію, Францыю, Іспанію, Галандыю, дзе паступалі на вайск. службу ці павышалі свой адукац. ўзровень, садзейнічалі распаўсюджанню навукі, друкарства і інш. (Ф.Скарына, П.Мсціславец, Сімяон Полацкі, К.Семяновіч, І.Капіевіч і інш.). У канцы 16—17 ст. значны рост перасяленцаў на У быў выкліканы больш раннім узмацненнем прыгоннай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. ўціску ў Рэчы Паспалітай. Абвясціўшы сябе спадкаемніцай Кіеўскай Русі і на землі ВКЛ, Маскоўская дзяржава заахвочвала эміграцыю беларусаў як «исконно русских» з мэтай каланізацыі далучаных ёю на У рэгіёнаў, давала прытулак збеглым, прымала іх на службу, аказвала матэрыяльную падтрымку. У 17—18 ст. у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і інш. дзяржавамі бел. землі часта станавіліся арэнай жорсткіх бітваў, а іх жыхароў масава выводзілі ў глыб імперыі. Двойчы толькі на працягу стагоддзя (у час паўстання Б.Хмяльніцкага, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21) насельніцтва Беларусі скарачалася напалову: кожны 2-і жыхар загінуў або трапіў у палон ці быў выселены ў Расію. На ўкр. землях збеглыя з ВКЛ уліваліся ў шэрагі казацкай вольніцы. На Украіну і ў Расію ўцякала насельніцтва ў галодныя неўрадлівыя гады (1588, 1601—02, 1655, 1690 і інш.), а таксама шукаючы паратунку ад эпідэмій (у 16—48 ст. іх было больш за 80). Выхадцы з Беларусі і прымусова пераселеныя сяляне, рамеснікі, гандляры, шляхта садзейнічалі гасп. асваенню Паволжа і Сібіры, некаторыя з іх займалі высокія ваен. і дзярж. пасады, сталі заснавальнікамі купецкіх родаў, узбагачалі культ. жыццё ў месцах свайго пражывання. Перасяленцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі сярод пачынальнікаў геагр. і этнагр. вывучэння новых каланізаваных Расіяй тэрыторый, карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.Каменскі, Л.Сеніцкі і інш.).
У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац, Новадзявочы, Данскі і Нова-Іерусалімскі (на Істры) манастыры. Далучэнне бел. зямель да Рас. імперыі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795), развіццё ў сувязі з гэтым у канцы 18—19 ст.нац.-вызв. руху на Беларусі і паўстанняў сталі прычынамі паліт. эміграцыі. Боязь рэпрэсій з боку царскага ўрада выштурхнула з Бацькаўшчыны тысячы ўдзельнікаў паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64, а таксама прыхільнікаў аднаўлення ВКЛ у час паходу ў 1812 Напалеона на Расію. Яны рассеяліся па свеце, некаторыя ўключаліся ў рэв. і вызв. рух у Еўропе і Амерыцы (Т.Касцюшка, В.Урублеўскі, М.Судзілоўскі, З.Мінейка і інш.), садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, узбагачалі тым самым і бел. спадчыну (І.Дамейка, Г.Дмахоўскі, Н.Орда, А.Рыпінскі, К.Ельскі і інш.). Ураджэнцы Беларусі былі ў ліку заснавальнікаў с.-г. калоній у ЗША. Каталіцкія святары бел. паходжання, якія ў пач. 19 ст. эмігрыравалі ў ЗША, садзейнічалі пашырэнню каталіцкай адукацыі (Б.Крукоўскі, Н.Корсак і інш.). Далучэнне бел. зямель да Рас. імперыі абумовіла асаблівасці ўсх. дыяспары: фактычна бел. насельніцтва, якое перасялілася ў цэнтр. і паўд. раёны еўрап. Расіі, Сібір, Казахстан, на Д. Усход, пакідала сваю спрадвечную тэрыторыю і апыналася ў іншаэтнічным асяроддзі, але фармальна перамяшчэнні адбываліся ў межах адной дзяржавы. Паводле рас. перапісу 1897, за межамі губерняў з пераважна бел. насельніцтвам пражывала каля 500 тыс. беларусаў. Усх. дыяспара папаўнялася таксама шляхам гвалтоўнага высялення найперш па паліт. матывах. У сувязі з нелаяльнымі адносінамі шляхты да Рас. імперыі ў яе паўд. губерні пасля паўстання 1830—31 пераселена значная частка дваран, якая не змагла пацвердзіць сваю прыналежнасць да гэтага саслоўя і была пераведзена ў разрад дзярж. сялян-аднадворцаў. Тысячы ўдзельнікаў тайных т-ваў моладзі ў Літве і на Беларусі (філаматы, філарэты, прамяністыя і інш.), нац.-вызв. паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64 былі сасланы на катаржныя работы і пасяленне. Сасланыя ў розныя куткі Расіі зарэкамендавалі сябе таленавітымі даследчыкамі прыроды, побыту традыцый, мовы народаў Сібіры, Крайняй Поўначы, Д. Усходу, Казахстана (І.Чэрскі, Э.Пякарскі, А.Янушкевіч).
Першая хваля масавай працоўнай міграцыі бел. насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Рас. імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на мяжы 19—20 ст. Яна ўзмацніла працэс фарміравання бел. дыяспары за межамі Бацькаўшчыны. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі перасялілася (пераважна сяляне) больш за 700 тыс., за межы Расіі — 500—800 тыс.чал. (пераважна ў ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Зах. Еўропы). Асн. прычыны масавага рассейвання беларусаў па-за сваімі этнічнымі межамі — актыўнае фарміраванне новага гасп. ўкладу і рыначных адносін, расслаенне і абеззямельванне сялянства, адсутнасць развітой прам-сці, якая б паглынула лішак рабочых рук, станаўленне сусв. рынку рабочай сілы і попыт на танных работнікаў у Еўропе і Амерыцы, магчымасць там больш высокага заробку. Палітыка царызму ў адносінах да эміграцыі з этнічных бел. зямель вынікала з афіц. непрызнання беларусаў як асобнага народа і ў сувязі з гэтым мела дваісты характар. З аднаго боку, яна характарызавалася заахвочваннем перасяленняў на УРас. імперыі; у ходзе сталыпінскай аграрнай рэформы (1906—17) праводзілася палітыка дзярж. падтрымкі перасялення ў Сібір і на ўскраіны імперыі. З другога боку, выезд за мяжу разглядаўся ўладамі як фактар паслаблення «карэннага рускага насельніцтва», павелічэння кошту мясц. рабочай сілы. Таму на дзярж. узроўні эміграцыя на Захад стрымлівалася, адсутнічала адпаведнае заканадаўства, эмігранты не мелі прававой, маральнай і матэрыяльнай падтрымкі сваёй радзімы. За мяжой бел. перасяленцы (найчасцей непісьменныя ці малаадукаваныя) папаўнялі рады некваліфікаваных работнікаў на цяжкіх і небяспечных вытворчасцях, мелі цяжкія сац.-быт. ўмовы і параўнаўча нізкую зарплату, якая, аднак, была значна вышэйшая, чым у Расіі. У сувязі з адмоўным стаўленнем дзяржавы да выезду сялян, складанасцю працэдуры і дарагоўляй атрымання пасведчанняў на выезд мела месца значная нелегальная эміграцыя. Нац. ўціск бел. народа ў Рас. імперыі, незавершанасць станаўлення бел. нацыі вызначылі паскораную асіміляцыю ўнутр. і знешняй міграцыі. Аднак у сем’ях, кампактных асяродках зах. дыяспары захоўвалася пэўная нац. адметнасць. У параўнанні з ёй усх. дыяспара была больш устойлівая ў зберажэнні мовы, звычаяў, традыцый, этнічных прыкмет; у іншаэтнічных асяроддзях Рас. імперыі было больш інтэлігенцыі, якая да таго ж не адарвалася ад сваіх каранёў, здолела стварыць нац. арг-цыі. Па-за этнічнымі межамі ўзніклі першая асв.арг-цыя «Крывіцкі вязок» (1868), першая самастойная паліт.арг-цыябел. інтэлігенцыі «Гоман» (1884, абедзве ў Пецярбургу), дзейнічалі Бел. студэнцкае зямляцтва ў Варшаве (1908—14), Бел. навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та (1912—14).
Паскарэнне працэсаў нац. адраджэння ў пач. 20 ст. істотна не паўплывала на самаўсведамленне бел. эмігрантаў. Яны не стварылі за мяжой сваіх суполак, арганізацый, а ўваходзілі ў рус. і польскія, часам укр. і літ. асяродкі. Гэта садзейнічала іх русіфікацыі ці паланізацыі, а таксама страце сваіх гіст. каранёў нашчадкамі бел. імігрантаў. 1-я сусв. вайна 1914—18, Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917, герм. і польская акупацыі Беларусі выклікалі значны адток бел. насельніцтва ва ўсх. раёны Расіі (гл.Бежанцы), абумовілі новую хвалю вымушаных выездаў у замежныя краіны. Са жн. 1914 да вясны 1915 каля 318 тыс. жыхароў бел. губерняў трапілі ў палон або пра іх не было звестак. З акупіраванай тэр. Беларусі на работу ў Германію вывозілі рабочых і сялян, а таксама ваеннапалонных. У 1915 пры адступленні рус. арміі праводзілася прымусовая эвакуацыя насельніцтва. Паводле акад. У.М.Ігнатоўскага, каля 2 млн. беларусаў добраахвотна ці прымусова перасяліліся ў цэнтр. і ўсх. рэгіёны Расіі. У 1916—20 тут былі створаны арг-цыі падтрымкі бежанцаў, грамадска-культурныя і нац.культ.-асв. арг-цыі. Вялася таксама паліт. дзейнасць. Бел.нац. сілы гуртаваліся таксама вакол Бел.нац. камісарыята (Белнацком) у Петраградзе і Маскве. Паводле даследаванняў бел. дэмографаў, 246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных не вярнуліся ў родныя мясціны, яшчэ 122 тыс.чал. выехалі за мяжу. Яны шукалі паратунку ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Чэхаславакіі, Фінляндыі, Турцыі, Германіі. У міжваен. перыяд, асабліва ў перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 і ў пач. 1920-х г., асаблівасці ўнутр. і знешняй бел. міграцыі, яе характар і памеры, стан нац. свядомасці ў многім вызначалі супярэчнасці сац.-эканам. і паліт. жыцця сав. грамадства. Яны абумовілі першую арганізаваную паліт. эміграцыю, ядро якой склалі ўрад і вайск. фарміраванні Бел.Нар. Рэспублікі (БНР), кіраўніцтва партыі бел. эсэраў і інш. Гэта выклікала новую з’яву ў сац. складзе эміграцыі — пэўную прысутнасць інтэлігенцыі.
Адвольнае вызначэнне і змяненне тэр.БССР без уліку этнічных межаў і жыццёвых інтарэсаў бел. народа (далучэнне да РСФСР у 1919 Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губ., аднаўленне БССР пасля польскай акупацыі на тэр. толькі 6 паветаў Мінскай губ. з насельніцтвам 1,6 млн.чал., уключэнне Заходняй Беларусі ў склад Польшчы) абумовілі знаходжанне пераважнай часткі нацыі на сваіх спрадвечных землях у складзе суседніх дзяржаў, што аслабіла эканам. базу і духоўныя сувязі бел. этнасу. Другая плынь міжваен. эміграцыі — працоўная, сялянская — звязана з выездам у Амерыку і Еўропу часткі насельніцтва Зах. Беларусі з-за цяжкага сац.-эканам. становішча, нац. і рэліг. ўціску ў складзе Польшчы, яе палітыкі садзеяння эміграцыі. У 1921—39 з Зах. Беларусі выехалі пераважна ў Канаду, ЗША, Францыю, Літву, Латвію, Аргенціну, Бразілію 180—250 тыс.чал. Міграцыя з Сав. Беларусі ў міжваенны перыяд была нязначная. На эміграцыі найб.паліт. актыўнасць і нац.-культ. дзейнасць у міжваенны перыяд была ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Аргенціне. Тут існавалі бел. арг-цыі, аб’яднанні, т-вы, выдаваліся газеты і часопісы. Цэнтрам збірання нац. сіл сталі эміграцыйны ўрад БНР, дыпламат. прадстаўніцтвы і місіі ў прыбалтыйскіх краінах, Фінляндыі, Турцыі, Балгарыі, Германіі, Чэхаславакіі. У 1920—30-я г.бел.нац. сілы ў Літве групаваліся вакол Бел. грамады і Бел. сабрання ў Коўне. Тут дзейнічалі Бел. цэнтр у Літве, Бел.культ.-асв.т-ва і Аб’яднанне студэнтаў-беларусаў Літоўскага ун-та імя Вітаўта Вялікага ў Коўне. У Латвіі былі створаны культ.-асв. т-вы «Бацькаўшчына» ў Дзвінску, «Рунь», «Беларуская хата», Бел.навук.т-ва ў Рызе, Т-вабел. вучыцялёў у Латвіі, Бел.навук.-краязнаўчае і выдавецкае т-вы. Значны палітычна актыўны асяродак склаўся ў Чэхаславакіі; у Празе працавалі ўрад БНР, група бел. эсэраў, «Сялянскі саюз» («Крывічы»), студэнцкая група «Грамада», дзейнічалі Бел. (крывіцкае) культ.т-ва імя Ф.Скарыны, Аб’яднанне бел. студэнцкіх арг-цый (БАСА), т-ва «Беларускі сокал». З 1930 актыўную нац. дзейнасць у Францыі праводзіў «Хаўрус беларускай працоўнай эміграцыі» і Бел. жаночая грамада (з 1938). У міжваенны перыяд пачалося стварэнне нац. арг-цый у Амерыцы: у Чыкага ў 1923 заснаваны Бел.-амерыканскі саюз (дзейнічаў да пач. 1940-х г.) у 1928 — першае ў ЗША бел.паліт. аб’яднанне — Бел.-амерыканскі грамадскі клуб, у 1935 — Бел.-амерыканскае задзіночанне. Згуртаванню суродзічаў у Аргенціне садзейнічалі культ.-асв. т-вы «Грамада», «Культура», «Белавежа», б-ка імя І.Луцкевіча. У 1939 разам са згуртаваннямі «Якуб Колас», «Мінск» і інш. яны аб’ядналіся ў Федэрацыю бел. т-ваў. Менавіта выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г.рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічаў Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне, у канцы 1930-х г. — Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі. Культурнае жыццё гэтых і інш. аб’яднанняў мела пэўную бел.нац. адметнасць.
Складаныя міжнар. абставіны напярэдадні 2-й сусв. вайны, пачатак яе і захоп Германіяй Польшчы, уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР актывізавалі паліт. жыццё бел. эміграцыі ў зах.-еўрап. краінах. Акрамя таго, яна папоўнілася дзеячамі, якія выехалі з Зах. Беларусі пасля заняцця яе Чырв. Арміяй. У выніку ваен. дзеянняў Германіі ў палон трапіла 70 тыс. беларусаў, што ваявалі ў складзе польскага войска. Гэтыя акалічнасці садзейнічалі росту зацікаўленасці ням. улад да бел. пытання. У ліст. 1939 створана Бел. прадстаўніцтва пры Мін-ве ўнутраных спраў Германіі. З лета 1940 пачаў дзейнічаць Бел.к-т самапомачы.
2-я сусв. вайна паглыбіла паліт. размежаванне эміграцыі, у яе асяроддзі павялічылася колькасць людзей, што былі патрыятычна настроены і спачувалі СССР, які нёс на сабе асн. цяжар змагання з фашызмам. На хвалі антыфаш. ўздыму ў розных краінах пачалі стварацца к-ты ў падтрымку Сав. Саюза. 2-я сусв. вайна, у час якой тэр. Беларусі стала арэнай жорсткіх баёў і працяглай акупацыі, абумовілі 3-ю масавую хвалю ўнутр. і знешняй міграцыі, папаўненне дыяспары. Каля 1,5 млн.чал. былі эвакуіраваны на УСССР, і толькі кожны 3-і потым вярнуўся на Беларусь. У ліку сав. ваеннапалонных за мяжой апынуліся сотні тысяч беларусаў. Паводле афіц. даных, амаль 400 тыс. жыхароў рэспублікі (па інш. звестках каля 700 тыс.) былі вывезены акупантамі на працу ў Германію. Пасля рашэння СНКСССР (кастр. 1944) аб рэпатрыяцыі сав. грамадзян у краіну вярнуліся 520 тыс. беларусаў. Пасля 2-й сусв. вайны на Захадзе склалася самая вял. ў гісторыі бел. эміграцыі паліт. плынь. Туды выехалі створаныя на акупіраванай тэрыторыі бел. калабарацыянісцкія арг-цыі, установы і вайсковыя фарміраванні [Бел.цэнтр. рада (БЦР), Гал. штаб Саюза бел. моладзі, атрады Бел. краёвай абароны і дапаможнай паліцыі], Сабор епіскапаў Бел. аўтакефальнай правасл. царквы, частка інтэлігенцыі, якая працавала ў гады вайны ў цывільнай акупац. адміністрацыі, адукац. сістэме, культ.-асв. арг-цыях. Гэта хваля склала аснову сучаснай нац.зах. дыяспары. Пасля вайны ў ЗША і Канадзе пасяліліся прыкладна па 50 тыс. імігрантаў бел. паходжання. Дзесяткі іх аселі ў Францыі, Бельгіі, Германіі, Вялікабрытаніі, а таксама ў Аўстраліі. Ад 250 да 400 тыс. беларусаў Беласточчыны апынуліся ў складзе Польшчы. У жн. 1945 да Польшчы адышлі 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абл. У ходзе ўзаемнай пасляваен. рэпатрыяцыі невял. частка беларусаў (36 тыс.) пераехала ў БССР, але сярод 274 тыс.чал., якія ў 1945—47 перасяліліся ў Польшчу, было шмат беларусаў-католікаў, што па розных прычынах аднеслі сябе да палякаў. У пасляваен. час назіралася невял. па памерах рээміграцыя. Пад уплывам перамогі СССР і саюзнікаў у 2-й сусв. вайне тысячы эмігрантаў прынялі грамадзянства СССР. Пазней 40—50% тых, хто прыбыў, пакінулі Радзіму з-за нязвыклага ладу жыцця, нізкага жыццёвага ўзроўню. У сац. складзе пасляваен. бел. замежжа пераважалі сельскія працаўнікі. У параўнанні з папярэднімі хвалямі павялічылася колькасць рабочых і асабліва інтэлігенцыі. Паступова сац. статус многіх беларусаў памяняўся: вырасла колькасць інтэлігенцыі, прадстаўнікоў сярэдняга класа. Значная частка пасляваен. эміграцыйнай хвалі інтэгравалася ў рус. і польскія асяродкі, асімілявалася. Але менавіта яе прадстаўнікі далі прыклады грамадска-культ., рэліг. жыцця на нац. аснове, сцвярджэння беларусаў як самастойнай этнічнай супольнасці ў замежжы. Зберажэнню нац. традыцый садзейнічаюць Бел. аўтакефальная правасл. царква, Бел.правасл. царква пад канстанцінопальскай юрысдыкцыяй, Бел. каталіцкая місія. Захавалі жыццяздольнасць створаныя ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. згуртаванні беларусаў у Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Францыі, Бельгіі. З’явіліся новыя нац. арг-цыі, навукова-культ. цэнтры, пашырыўся замежны бел. перыядычны друк. Ва ўзгодненасці дзеянняў суайчыннікаў, іх гуртаванні вял. ролю адыгрываюць сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі і Аўстраліі. Нацыянальна свядомая бел. эміграцыя на Захадзе неаднародная. У ёй назіраецца супрацьстаянне розных груп і плыней, існуюць 2 паліт. цэнтры — Рада БНР і Бел.цэнтр. рада, якія, аднак, у галоўным ніколі не мелі разыходжанняў: аднолькава не прымалі сацыялістычны лад, сав. ўладу.
У сувязі з распадам СССР (1991) і набыццём суверэнітэту былымі сав. рэспублікамі ўнутрыдзярж. міграцыя ператварылася ў міжнар. класічную эміграцыю. У новых незалежных дзяржавах апынуліся 2130 тыс. беларусаў. У 1990-я г. намецілася тэндэнцыя вяртання суайчыннікаў на Бацькаўшчыну. На працягу 1992—2000 Беларусь прыняла на жыхарства з былых рэспублік Сав.
Саюза 432 тыс.чал., у т. л. 200,6 тыс. беларусаў. Эмігрыравалі з Беларусі за гэты перыяд у постсав. дзяржавы 217 тыс.ж., з іх у Расію — 161 тыс.чал., Украіну — 38,6 тыс., краіны Балтыі — 5,3 тыс., Казахстан — 4,4 тыс., Сярэднюю Азію — 3,6 тыс., Закаўказзе — 2,1 тыс., Малдову — 2 тыс. У наш час беларусы ў свеце найб. сканцэнтраваны на пагранічных з Рэспублікай Беларусь тэрыторыях суседніх дзяржаў — спрадвечных, гіст. землях. Кампактна беларусы пражываюць у Польшчы, пераважна на сваіх этнічных землях Беласточчыны. У Рас. Федэрацыі іх асела 1 млн. 200 тыс. (0,8% яе насельніцтва); у Маскве і вобласці — 129 тыс., Санкт-Пецярбургу і вобласці — 127 тыс., Калінінградскай вобл. — 74 тыс., Карэліі — 55 тыс., Цюменскай вобл. — 49 тыс. і ў інш. рэгіёнах. На Украіне жывуць 440 тыс. беларусаў (1,9% яе насельніцтва), у Казахстане — 183 тыс. (1,2%), Латвіі — 120 тыс. (4,5%), Літве — 63 тыс. (1,7%), Эстоніі — 29 тыс. (1,8%), Узбекістане — 29 тыс. (0,2%), Малдове — 20 тыс. (0,5%). Адметнасць бел. эміграцыі 1990-х г. — скарачэнне колькасці яе прадстаўнікоў у новых незалежных дзяржавах і павелічэнне яе зах. часткі, якая ў сав. гады папаўнялася нязначна з-за адсутнасці права на эміграцыю. Прычынамі выезду сталі сац.-эканам. і экалаг. стан на Беларусі, зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва і інш. На працягу 1992—2000 з Беларусі выехалі па-за тэрыторыю постсав. краін 71,4 тыс.чал., а прыбылі адтуль 31,8 тыс. Эмігранты з Беларусі накіроўваліся гал.ч. у Ізраіль, ЗША, Германію, Аўстралію, Канаду, Польшчу, Чэхію. Паводле звестак пасольства Беларусі ў Ізраілі, цяпер там пражывае 120—140 тыс. выхадцаў з Беларусі. Устойлівыя бел. асяродкі існуюць на Амерыканскім і Аўстралійскім кантынентах, у шэрагу еўрап. краін. Найбольшая па колькасці бел. дыяспара склалася ў ЗША. Паводле падлікаў амер. даследчыка-беларуса В.Кіпеля, тут у выніку трох хваль эміграцыі пасялілася больш за 600 тыс. суродзічаў і іх нашчадкаў. У 1990-я г. сфарміравалася часовая працоўная эміграцыя, у т. л. нелегальная. У 1994—2000 за межамі рэспублікі працавала больш за 20 тыс. яе жыхароў — у Расіі, Украіне, ЗША, Польшчы, Чэхіі, Ізраілі, Германіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландах і інш. краінах. З улікам значнай прысутнасці ў замежжы беларусаў і выхадцаў з Беларусі абарона іх законных правоў закладзена ў міжнар. дагаворах аб узаемаадносінах Беларусі з шэрагам краін, міжурадавых пагадненнях аб абароне сваіх грамадзян на тэрыторыі адна адной з Польшчай, Расіяй, Украінай, Літвой, Казахстанам, Славакіяй, Кубай; пагадненнях аб магчымасці ўзаемнага працаўладкавання і сац. абароны сваіх грамадзян з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой, Малдовай, Казахстанам, Арменіяй; пагадненнях аб узаемным забеспячэнні правоў нац. меншасцей з Малдовай, Украінай, Расіяй, Літвой.
Характэрнай з’явай 1990-х г. стала існаванне на ўсёй прасторы пражывання бел. дыяспары (зах. і ўсх.) нацыянальна арганізаванай дзейнасці. Сучасная эміграцыя назапасіла багаты вопыт уладкавання нац. жыцця, які садзейнічае захаванню значнай часткай эмігрантаў і іх нашчадкаў звычаяў, роднай мовы, культуры, сваёй самабытнасці. Важная роля ў гэтым належыць згуртаванням і суполкам, што дзейнічаюць у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Францыі, Вялікабрытаніі і інш. Паглыбіўся працэс гуртавання беларусаў і ў новых незалежных дзяржавах на постсав. абшары, актывізавалася іх нац.-культ. жыццё. Шматлікія грамадска-культ. аб’яднанні і т-вы працуюць у Расіі, Украіне, Малдове, Літве, Латвіі, Эстоніі, Казахстане, Кыргызстане, Арменіі, Узбекістане. Узніклі структуры, якія ўзгадняюць нац. грамадска-культ. дзейнасць: Згуртаванне бел. грамадскіх арг-цый у Літве, Федэральная нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Расіі», Усеўкр. савет беларусаў, Згуртаванне беларусаў Казахстана, Асацыяцыя беларусаў Эстоніі, Каардынацыйны савет бел. абшчын Малдовы. Гуртаванню суродзічаў садзейнічалі 1-ы сход беларусаў блізкага замежжа (1992), з’езды беларусаў краін Балтыі (1994, 1998, 2002), сустрэчы беларусаў Расіі (1994) і іх з’езды (1999, 2002). Значнымі падзеямі грамадска-культ. жыцця бел. дыяспары сталі чарговыя (22—25-я) сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі (1996—2002), Аўстраліі. Кансалідуючымі агульнанац. мерапрыемствамі сталі з’езды беларусаў свету (1993, 1997, 2001). Адметнай з’явай нац. адраджэння стала стварэнне міжнар. грамадскай арг-цыі «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (1990), якая ў 2002 падтрымлівала сувязі больш чым з 200 суполкамі бел. дыяспары. Згуртаванне было ініцыятарам і арганізатарам з’ездаў беларусаў свету, 4 міжнар. навукова-практычных канферэнцый «Культура і адукацыя беларускага замежжа» (1994—2000); пры ім з 2002 працуе інфарм. цэнтр «Беларусь аб’яднаная». Працягвае дзейнасць Бел.т-ва па культ. сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (т-ва «Радзіма»). Замежным суайчыннікам высылаецца газ. «Голас Радзімы». Беларусы на постсав. прасторы шмат робяць у справе ўзнаўлення памяці пра найб. вядомых дзеячаў адраджэнскага руху з Беларусі. Сіламі Бел. грамадска-культ.т-ва (Пецярбург) у г.п. Левашова пастаўлены крыж (1992). Пры дапамозе дзярж. і грамадскіх арг-цый Беларусі, беларусаў ЗША устаноўлены помнік М.Багдановічу ў Яраслаўлі (1994). Тут на базе музея паэта створаны Цэнтр бел. культуры (1995). У г. Шальчынінкай (Літва) устаноўлены помнік К.Каліноўскаму. Бел.культ.т-ва ў Калінінградзе стала ініцыятарам узвядзення ў бліжэйшы час у горадзе помніка Ф.Скарыне, беларусы Масквы і Беларусі — помніка Я.Купалу ў сталіцы Расіі. Ушанаваннем памяці дзеячаў бел.нац. руху сталі мемар. дошкі Ф.Скарыне, К.Каліноўскаму, Я.Купалу, В.Ластоўскаму, Б.Тарашкевічу, Р.Шырме, П.Сергіевічу ў Вільнюсе.
Замежныя суродзічы шмат зрабілі па прыцягненні ўвагі сусв. грамадскасці да лёсу ахвяр Чарнобыльскай катастрофы 1986, стымулявалі стварэнне чарнобыльскіх фондаў у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і інш. Захаванню і пашырэнню бел. прысутнасці ў свеце садзейнічаюць нац. грамадска-культ. цэнтры ў Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Кліўлендзе, Таронта, Лондане і інш. Характэрнай рысай нац.-культ. жыцця бел. дыяспары ў 1990-я г. стала актыўная праца ў галіне беларусістыкі значнай колькасці даследчыкаў. З 1990-х г. актывізавалася праца цэнтраў творчых, інтэлектуальных сіл бел. дыяспары — Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (выдае «Запісы») і Таронта, Англа-бел. т-ва ў Лондане (выдае на англ. мове «Беларускую хроніку» і «Беларускі бюлетэнь навін»), бел. б-кі і музея Ф.Скарыны. З 1996 у Парыжы дзейнічае створаная з удзелам нашчадкаў бел. эміграцыі асацыяцыя «Беларускія перспектывы» (выдае аднайменны бюлетэнь на франц. мове). У 2000 заснаваны Бел.ін-т культуры ў Варшаве, які аб’ядноўвае вучоных, прадстаўнікоў бел. інтэлігенцыі; зарэгістравана Бел.гіст. згуртаванне ў Аўстраліі (г. Адэлаіда). Навук. асяродкі склаліся ў Маскве, С.-Пецярбургу, Новасібірску, Вільнюсе. Вучоныя бел. паходжання працуюць у Цэнтры беларуса- і ўкраіназнаўчых даследаванняў (створаны ў 1994 у сістэме Рас.АН), удзельнічаюць у мерапрыемствах суполкі Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (Масква). Намаганнямі бел. даследчыкаў з Масквы і Беларусі выдадзены 4 выпускі літ.-навук. гадавіка «Скарыніч» (1991—99). З удзелам бел. даследчыкаў у С.-Пецярбургу рэгулярна праводзяцца беларусазнаўчыя канферэнцыі, частка іх матэрыялаў змешчана ў «Беларускім зборніку». У 2001 у Вільнюсе зарэгістравана грамадская культ.-навук.арг-цыя «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча» для адраджэння гэтай установы. Выходзяць газ. «Беларускі дайджэст», «Беларускі агляд» (на англ. мове), «Беларускае слова» (з 2002, Таронта, Канада), час. «Полацак» (ЗША), «Прамень» (Манрэаль, Канада), бюлетэнь Федэральнай рады бел. арг-цый Аўстраліі. Захаванню беларусамі нац. свядомасці спрыяюць газ. «Прамень» (Рыга), «Рунь» (Вільнюс), «Крыніца» і «Наша новая газета» (С.-Пецярбург), «Галіцкая Рунь» (Львоў), бюлетэні «Шляхам Скарыны» (Масква), «Маланка» (Іркуцк) і інш. Дзейнічаюць бел. праграмы на літ., латв. і эстонскім радыё. Першымі крокамі па стварэнні на постсав. прасторы бел.нац. адукацыі сталі нядзельныя школы для дзяцей і дарослых у Маскве, Рызе, Ташкенце, Даўгаўпілсе, Новасібірску, Таліне, Кішынёве, Паўладары, Ерэване, Львове, Цюмені і інш. З 1993 працуе адзіная ў замежжы поўная сярэдняя школа з бел. мовай выкладання ў Вільнюсе, а ў літ.г. Вісагінас з 1994 — класы з навучаннем на бел. мове. У 1994 адкрылася бел. школа ў Рызе, якая ў 1998 атрымала статус асноўнай.
У бел. культуру пачала арганічна ўключацца творчасць замежных бел. вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, скульптараў, кампазітараў, музыкантаў, спевакоў, артыстаў. У 1991 заснавана аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», якое склалі маст. суполкі Латвіі, Літвы, Эстоніі і С.-Пецярбурга. Сучасныя перасяленцы з Беларусі слаба далучаюцца да нац. жыцця пасляваен. эміграцыі, хаця прыток нацыянальна арыентаваных эмігрантаў прывёў да ажыўлення бел. асяродкаў у Нью-Йорку, Таронта, Празе, Берліне. У Празе дзейнічаюць Бел.-чэшскае т-ва «Скарына», Звяз беларусаў замежжа ў Чэхіі, Бел.-іберыйскае згуртаванне (Іспанія), Бел.інфарм. цэнтр фонду ў г. Зіген (Германія). Прадстаўнікі бел. моладзі, што навучаецца ці працуе ў Зах. Еўропе, заснавалі Згуртаванне бел. моладзі замежжа (Германія, 2003). Створана Усеізраільскае аб’яднанне выхадцаў з Беларусі, сярод якіх ёсць і беларусы. Індыферэнтнасць значнай часткі беларусаў у постсав. дзяржавах, іх падзеленасць па паліт. прычынах, недастатковая падтрымка Бацькаўшчынай замежных суродзічаў абумовілі адсутнасць бел. школ, нац. друку ў шматлікіх і багатых на інтэлектуальныя сілы асяродках у Расіі, Казахстане, Украіне.
Працягам бел.рэліг. і культ. традыцый і звычаяў, імкнення бел. дыяспары да нац. самазахавання стала далейшая арганізацыя рэліг.-царк. жыцця на нац. аснове. Гэта выявілася ў будаўніцтве цэркваў, правядзенні набажэнстваў, выданні рэліг. л-ры, часопісаў на роднай мове. У пач. 1990-х г. адбыліся першыя кантакты паміж бел.правасл. цэрквамі на эміграцыі і царк. грамадскасцю Беларусі. Правасл. беларусы на постсав. прасторы пачалі наладжваць рэліг.-царк. жыццё на нац. аснове. У 1996 створана бел.царк.т-ва пры Рыжскім кафедральным саборы Раства Хрыстова, з 2001 дзейнічае правасл.бел. прыход у Вільнюсе. Новасібірскія беларусы пабудавалі правасл. царкву св. Ефрасінні Полацкай (2001). Нягледзячы на неаднаразовыя спробы, бел. рымска-каталіцкая грамада на эміграцыі не змагла арганізаваць свае нац. парафіі. Пэўнае ажыўленне царк.-рэліг. дзейнасці на нац. глебе пачалося сярод бел. католікаў на постсав. прасторы. У 1991 прадстаўнікамі Маскоўскага т-вабел. культуры арганізавана каталіцкая суполка. У С.-Пецярбургу службы па-беларуску праходзяць у Кафедральным каталіцкім касцёле, вядуцца перадачы па гар. каталіцкім радыё «Марыя». Утворана каталіцкая секта Т-вабел. мовы Віленскага краю, з 1998 у Вільнюсе ў касцёле св. Барталамея набажэнствы праводзяцца на бел. мове. У бел. асяроддзі на Захадзе існуюць грэка-каталіцкія (уніяцкія) місіі ў Лондане і Парыжы, парафія ў Чыкага. З 1991 дзейнічае уніяцкая суполка ў Маскве. Бел. рэдакцыя «Радыё Ватыкана» з 1990 увяла спец. рубрыку для грэка-католікаў. У Бел. каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі праходзяць навучанне будучыя святары. Развіццё бел. дыяспары арганічна звязана з захаваннем і ўмацаваннем дзяржаўнасці Беларусі, працэсамі нац. адраджэння Бацькаўшчыны, усталяваннем добрасуседскіх адносін з памежнымі краінамі, уваходжаннем у еўрап. і міжнар. супольнасць. Самастойная, дэмакр. і прававая Беларусь зможа забяспечыць існаванне бел. народа на Бацькаўшчыне і бел. дыяспары як адзінага арганізма. Гэта адна з умоў самазахавання і развіцця бел. нацыі ў эпоху глабалізацыі.
Літ.:
Околовіч Я. Рады для эмігрантаў, каторые едуць у Амэрыку, а такжэ размовы беларуско-англіцкіе. Вільня, 1912;
Езавітаў К. Беларусы ў Латвіі. Рыга, 1927;
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Ч. 1—3. Лос-Анжэлес, 1968;
Лещенко Г.Ф. Переселения из Белоруссии в Поволжье и Сибирь (конец XVI—XVII в.): Автореф. дис. ... канд. ист. наук. Мн., 1983;
Грыцкевіч В.П. Нашы славутыя землякі, Мн., 1984;
Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;
Сачанка Б.І. Беларуская эміграцыя. 2 выд.Мн., 1991;
Антонава Т. У землякоў за акіянам. Мн., 1992;
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;
Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мн., 1993;
Яе ж. Беларуская дыяспара ў нацыянальнай гістарыяграфіі XX ст. // Запісы Бел. ін-та навукі й мастацтва. 2001. №25;
Пранчак Л.І. Беларуская Амерыка. Мн., 1994;
Белорусы. М., 1998;
Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл.давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000;
Беларускія мастакі ў замежжы. Б.м., 2001;
Очерки истории белорусов в Сибири в XIX—XX вв. Новосибирск, 2001;
Белорусы в Молдове // Материалы Междунар. научно-практ. конф., г. Кишинев, 6—8 окт. 2001 г.Мн., 2001;
Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕТ (араб.Міср), Арабская Рэспубліка Егіпет (Гумхурыя Міср аль-Арабія),
дзяржава на ПнУ Афрыкі і на Сінайскім п-ве ў Азіі. Мяжуе з Лівіяй на З, з Суданам на Пд, з Ізраілем і сектарам Газа на ПнУ. Абмываецца Міжземным м. на Пн, Чырвоным м. на У. Падзяляецца на 26 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 1001,4 тыс.км². Нас. 64,8 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Каір. Афіц. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку.
Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (23 ліп.).
Дзяржаўны лад. Е. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1971 (са зменамі 1980). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў (пры прэзідэнце дзейнічае дарадчая Прэзідэнцкая рада). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны. Нар. сход, які складаецца з 458 дэпутатаў (10 з іх назначае прэзідэнт, астатнія выбіраюцца насельніцтвам, усе тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам (дарадчы орган пры ўрадзе — Кансультатыўная рада з 258 чал.).
Прырода. Амаль уся краіна знаходзіцца ў межах Сахары. У рэльефе пераважае плато з выш. 300—1000 м, якое падзяляецца па фіз.-геагр. асаблівасцях на плато Лівійскай пустыні на 3, плато Нубійскай пустыні на ПдУ і плато Аравійскай пустыні на У. Лівійская пустыня займае 2/3пл. краіны, складзена з пясчанікаў і вапнякоў, якія падвяргаюцца ветравой эрозіі. Месцамі дзюны і барханы выш. да 300 м. На Пн упадзіна Катара, якая ляжыць на 133 м ніжэй узроўню мора. Аравійская і Нубійская пустыні больш камяністыя, павышаюцца ў бок Чырвонага мора, дзе месцамі маюць выгляд гор (да 2187 м). На Пд Сінайскага п-ва горы з найвыш. пунктам Е. (г. Катэрын, 2637 м), на Пн — плато і раўніна. Вельмі важнае значэнне мае даліна р. Ніл (даўж. ў Е. 1200 км. шыр. 1—3 км на Пд, 20—25 км каля Каіра, пл. разам з дэльтай каля 40 тыс.км²). У пустынях ёсць невял. аазісы. Карысныя выкапні: нафта (узбярэжжа і акваторыя Суэцкага зал., ПнЗ), прыродны газ (на ПнЗ), жал. руда (раён Эль-Кусейра і аазіс Бахарыя), фасфарыты (аазіс Харга, Эль-Кусейр). Ёсць каменная соль, каменны і буры вугаль, марганец, золата, волава, вальфрам, малібдэн, тантал і інш. Клімат гарачы і вельмі сухі, на большай ч. трапічны кантынентальны. На ўзбярэжжы Між земнага м. і ў дэльце р. Ніл клімат субтрапічны — сярэдняя т-растудз. 11 °C, ліп. 29 °C, ападкаў 250—300 мм за год. На Пд сярэдняя т-растудз. 16 °C, ліп. 34 °C, ападкаў некалькі мм за год. Адзінай ракой з’яўляецца Ніл. На ім вадасховішча — воз. Насэр (пл. 5120 км²). Ніл мае асаблівае значэнне для арашэння. як крыніца водазабеспячэння і гідраэнергіі, як трансп. шлях. Ад яго адыходзяць арашальныя каналы, якія выкарыстоўваюцца і для суднаходства. Міжнар. значэнне мае Суэцкі канал. На тэр. Е. рэзка выдзяляюцца 2 ландшафты: дэльта і даліна Ніла з урадлівымі алювіяльнымі глебамі і багатай культ. расліннасцю; пясчаныя або камяністыя пустыні з вельмі беднай разрэджанай расліннасцю. Рэзерват Вадзі-Рышраш, некалькі заказнікаў.
Насельніцтва. 98% насельніцтва — арабы (егіпцяне). Жывуць таксама нубійцы (на Пд), берберы (аазіс Сіва), грэкі і армяне (у вял. гарадах) і інш. Пераважная большасць егіпцян мусульмане, каля 3 млн. хрысціян-коптаў (жывуць пераважна ў гарадах). Ёсць невял. групы католікаў, пратэстантаў і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 65 чал. на 1 км² Амаль усё яно засяроджана ў даліне і дэльце Ніла, дзе шчыльнасць дасягае 1000—2000 чал. на 1 км². Шчыльна заселены таксама ўзбярэжжа Суэцкага канала і аазісы. У пустынях каля 70 тыс. качэўнікаў. У гарадах жыве 53% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1992): Каір — 6800, Александрыя — 3380, Гіза — 2144, Шыбін-эль-Ком — 834, Порт-Саід — 460, Эль-Махала-эль-Кубра — 408, Суэц — 388, Танта — 380, Эль-Мансура — 371, Асьют — 321. Каля 3 млн. егіпцян працуюць за мяжой, пераважна ў Лівіі (1 млн.чал.) і краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці на сучаснай тэр. Е. ўзнік адзін з першых цэнтраў цывілізацыі. Тысячагоддзямі тут існавала рабаўладальніцкая дзяржава — Егіпет Старажытны. У 31—395 уваходзіў у склад Рым. імперыі, пасля распаду якой стаў правінцыяй яе ўсх.ч. — Візантыі. У рым. перыяд адбыўся заняпад стараж.-егіп. культуры: познаегіп. мова змянялася копцкай, мясц. рэлігія — хрысціянствам. Візантыйцы ў кіраванні Е. абапіраліся на сілу і рэпрэсіі, што аблегчыла заваяванне яго арабамі-мусульманамі. У 642 захоплена сталіца Е. — Александрыя, краіна стала правінцыяй Араб. халіфата. У выніку араб. заваявання егіп. насельніцтва паступова перайшло на араб. мову, копцкую рэлігію выцесніў іслам, Е. стаў правінцыяй ісламскай імперыі. Напачатку ім правілі Амеяды, з 750 — Абасіды. З аслабленнем Абасідаў халіфата Е. фактычна кіравалі незалежна ад багдадскіх халіфаў Тулуніды і Іхшыдыды (935—969). У 969 Е. заваяваны войскамі Фатымідаў, якія пабудавалі тут горад «Аль-Кахіра» (перамаганосны) — Каір, які з 973 стаў іх сталіцай. З сярэдзіны 11 ст. пачаўся распад Фатымідаў халіфата, што выкарысталі еўрап. крыжаносцы. У 1168 яны ўварваліся ў Е. і аблажылі Каір. Халіф звярнуўся за дапамогай да Сірыі. У барацьбе з крыжаносцамі вызначыўся палкаводзец Салах-ад-дзін (Саладзін). У 1171 ён скінуў фатымідскага правіцеля, стварыў незалежную дзяржаву і стаў яе султанам. Праўленне заснаванай ім дынастыі Айюбідаў адзначана адраджэннем Е., уздымам сельскай гаспадаркі і культуры. Пры іх усталявалася ваенна-ленная сістэма, створана гвардыя мамлюкаў, якая ў 1250 захапіла вярх. ўладу. Найбольшым поспехам мамлюкаў быў разгром мангольскага войска ў Палесціне ў 1260, у час якога вызначыўся военачальнік Бейбарс. У хуткім часе ён стаў султанам Е. і ўзначаліў выгнанне крыжаносцаў 3 прыбярэжных крэпасцей Палесціны, Лівана, Сірыі (завершана ў канцы 13 ст.). Мамлюцкія правіцелі стварылі магутную дзяржаву, якая акрамя Е. ўключала Сірыю, Кілікію, Чырванаморскае ўзбярэжжа Судана і інш. У 13—14 ст. Е. — эканамічна моцная дзяржава, адзін з буйнейшых рэліг. і культ. цэнтраў мусульм. свету, важны цэнтр гандлю паміж Афрыкай. Азіяй і Еўропай. У 1517 мамлюкаў перамаглі туркі-асманы і Е. стаў правінцыяй Асманскай імперыі. Гэта стала прычынай заняпаду культуры і гасп. жыцця Е., змяншэння колькасці яго насельніцтва. У 18 ст. ўплыў мамлюкаў зноў павялічыўся. Яны стварылі напаўнезалежны эмірат (бейлікат). Тур. султан перастаў быць рэальным кіраўніком Е., хоць і заставаўся яго рэліг.-паліт. сюзерэнам. У 1770 мамлюцкі эмір Алі-бей аль-Кабір абвясціў незалежнасць Е. З гэтага часу Е. стаў аб’ектам англа-франц. саперніцтва. У 1798 франц. войскі на чале з ген. Напалеонам Банапартам высадзіліся ў Александрыі. У бітве каля пірамід яны разбілі мамлюцкую армію і занялі Каір (гл.Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У 1801 французы капітулявалі перад англа-тур. войскамі і Е. зноў прызнаны ўладаннем Асманскай імперыі. У 1805 нам. султана ў Е. з тытулам пашы стаў Мухамед Алі. Ён умацаваў сваю ўладу, расправіўся з непакорнымі мамлюкамі і шляхам рэформ распачаў мадэрнізацыю краіны Яго магутная армія пачала захопніцкія войны з мэтай стварэння велізарнай арабскай імперыі. Гэта супярэчыла інтарэсам Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі, якія ўмяшаліся ў канфлікт на баку туркаў. У 1841 Е. капітуляваў і з гэтага часу пачаў ператварацца ў залежную ад еўрапейцаў краіну.
З 1840-х г. у Е. актыўна пранікаў замежны капітал, пераважна англійскі. У 1869 адкрыты Суэцкі канал, але яго выгоды выкарыстоўвалі найперш еўрапейцы, якія валодалі кантрольным пакетам акцый. Пры егіп. правіцелю Ісмаіле-пашы [1863—79], у краіне будавалі чыгункі, каналы, тэлегр. лініі, школы, з’явіліся нац. газеты і часопісы. Усё гэта прывяло да вялікай запазычанасці Е. замежным крэдыторам. У 1876 Е. аб’явіў аб сваім банкруцтве і над краінай устаноўлены англа-франц.фін. кантроль. Закабаленне краіны замежным капіталам абвастрыла сац. супярэчнасці і выклікала паўстанне патрыятычна настроеных афіцэраў на чале з А.Арабі-пашой. Быў створаны егіп.нац. ўрад, прыняты праект канстытуцыі, падрыхтаваны законапраекты. Гэта занепакоіла Вялікабрытанію, якая пад выглядам абароны іншаземцаў увяла ў Е. свае войскі і ў вер. 1882 перамагла армію Арабі-пашы. Е. фактычна стаў калоніяй Вялікабрытаніі, хоць фармальна лічыўся часткай Асманскай імперыі. У канцы 19 ст. ў Е. ўзніклі патрыят. арг-цыі, якія ставілі сваёй мэтай нац. незалежнасць краіны. Ідэйным кіраўніком і арганізатарам егіп.нац.-вызв. руху быў публіцыст і асветнік М.Каміль. 1-я сусв. вайна значна паўплывала на адносіны Е. з Вялікабрытаніяй, якая ў снеж. 1914 ліквідавала ўладу Асманскай імперыі над Е. і абвясціла яго сваім пратэктаратам. У ваен. дзеяннях супраць Турцыі англічане выкарыстоўвалі матэр. і людскія рэсурсы Е., што ўзмацняла антыбрыт. настроі. У 1918 у Е. створана бурж.-памешчыцкая партыя Вафд на чале з С.Заглулам, якая патрабавала незалежнасці ад Вялікабрытаніі. Антыкалан. егіпецкія паўстанні 1919, 1921 прымусілі Вялікабрытанію пайсці на пэўныя ўступкі, і дэкларацыяй 28.2.1922 абвешчаны адмена пратэктарату і незалежнасць Е.; яго султан атрымаў тытул караля. Аднак брыт. войскі заставаліся ў краіне, захавалася і эканам. панаванне англічан. Прынятая ў 1923 канстытуцыя прадугледжвала некаторыя бурж.-дэмакр. правы і гарантавала прывілеі іншаземцам, а егіп. каралю давала шырокія паўнамоцтвы. Магутная хваля нац.-вызв. і забастовачнага руху прымусіла англічан падпісаць англа-егіпецкі дагавор 1936 аб дружбе і саюзе і пацвердзіць незалежнасць Е. У 2-ю сусв. вайну тэр. Е. стала арэнай ваен. дзеянняў. Італія і Германія імкнуліся захапіць Суэцкі канал. У кастр. 1942 брыт. войскі спынілі ням. армію ген.-фельдмаршала Э.Ромеля і ў бітве пад Эль-Аламейнам нанеслі ёй паражэнне. Толькі ў лют. 1945 егіп. ўрад аб’явіў вайну краінам фаш. блока. Е. стаў чл.-заснавальнікам ААН, пры яго актыўным удзеле ў 1954 створана Ліга арабскіх дзяржаў. Пасля 2-й сусв. вайны егіп. ўрад сутыкнуўся з шэрагам сац.-эканам. праблем; нявырашаным заставалася і пытанне вываду брыт. войск. У 1948 Е. і інш.араб. краіны ўступілі ў вайну з Ізраілем і пацярпелі паражэнне (гл.Араба-ізраільская вайна 1948—49). Усеагульная незадаволенасць вынікамі вайны, каралеўскім рэжымам і брыт. прысутнасцю ў Е. вылілася ў падтрымку экстрэмісцкай арг-цыі «Браты-мусульмане», якая выступала за ўвядзенне ў краіне ісламскага праўлення. 15.10.1951 вафдзісцкі ўрад дэнансаваў англа-егіпецкі дагавор 1936, у выніку чаго ваен. прысутнасць англічан у Е. страціла «законную» падставу. У зоне Суэцкага канала пачалася партыз. барацьба супраць брыт. войск. 23.7.1952 тайная патрыят.арг-цыя «Свабодныя афіцэры» на чале з Г.А.Насэрам ажыццявіла дзярж. пераварот. У выніку кароль Фарук адрокся ад прастола і быў высланы з краіны; усе паліт. партыі забаронены, прыняты аграрны закон, які абмяжоўваў буйное землеўладанне. 18.6.1953 Е. абвешчаны рэспублікай, прэзідэнтам краіны стаў ген. М.Нагіб, які захаваў і пост прэм’ер-міністра. Новы ўрад дамогся падпісання англа-егіпецкага пагаднення 1954, паводле якога да 18.7.1956 з зоны Суэцкага канала выводзіліся ўсе брыт. войскі. У кастр. 1954 Нагіб змешчаны з усіх пасад. Прэзідэнтам Е. стаў Насэр, які ўзяў курс на супрацоўніцтва з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. Стрыжнем яго эканам. палітыкі было буд-ва Асуанскай плаціны. Але ЗША і Вялікабрытанія, не задаволеныя курсам Насэра, адмовіліся крэдытаваць будаўніцтва канала. У адказ егіп. прэзідэнт 26.7.1956 аб’явіў аб нацыяналізацыі міжнар. кампаніі Суэцкага канала, што стала моцным ударам па пазіцыях Вялікабрытаніі і Францыі ў гэтым рэгіёне. У кастр. 1956 войскі Ізраіля, падтрыманыя Вялікабрытаніяй і Францыяй, уварваліся на Сінайскі п-аў. Англа-франц. войскі акупіравалі зону Суэцкага канала, захапілі Порт-Саід, бамбардзіравалі Александрыю. Толькі ўмяшанне СССР і ЗША прымусіла агрэсараў вывесці войскі з Е. Гэтыя падзеі павысілі прэстыж краіны і яе прэзідэнта, зрабілі яго лідэрам усяго араб. свету. У лют. 1958 Е. і Сірыя ўтварылі Аб’яднаную Арабскую Рэспубліку (ААР), да якой далучыўся і Йемен (саюз з ім ануляваны ў снеж. 1961). Сірыя пасля дзярж. перавароту ў вер. 1961 выйшла з ААР, але Е. захаваў афіц. назву — ААР. 1960-я г. характарызаваліся значнымі сац.-эканам. пераўтварэннямі: прыняты шэраг дэкрэтаў аб нацыяналізацыі прыватных, страхавых, буд. і інш. буйных кампаній, банкаў, прамысл. прадпрыемстваў, транспарту і інш. 30.6.1962 Нац. кангрэс нар. сіл зацвердзіў Нац. Хартыю — важны паліт. дакумент ААР, які абвясціў мэтай егіп. рэвалюцыі сацыялізм. Да 1965 дзярж. сектар эканомікі даваў больш за 80% усёй прамысл. прадукцыі. У 1968 пры дапамозе СССР Е. завяршыў буд-ва Асуанскай плаціны, што значна палепшыла ірыгацыйную сістэму Е., павысіла прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі. Прымаліся меры па ліквідацыі сац. няроўнасці, працягвалася агр. рэформа, расшыралася адукац. сістэма. Аднак напружанасць у адносінах араб. краін з Ізраілем прывяла да ізраільска-арабскай вайны 1967. Ваен. паражэнне Е., страта Сінайскага п-ва з багатымі радовішчамі нафты абвастрылі ўнутрыпаліт. крызіс. Пасля смерці Насэра (1970) прэзідэнтам стаў А.Садат. У 1971 ён аднавіў афіц. назву краіны — Арабская Рэспубліка Егіпет і, каб забяспечыць эканам. рост краіны і дамагчыся вяртання акупіраваных Ізраілем зямель, пераарыентаваўся на ЗША. Паспяховае наступленне егіп. войск у кастр. 1973 на пазіцыі Ізраіля на Суэцкім канале скончылася заключэннем выгаднага для Е. пагаднення. Гэта стала пачаткам сепаратных перагавораў Е. з Ізраілем пры падтрымцы ЗША (дамоўленасці 1974 пра раз’яднанне ўзбр. сіл на Сінаі, 1975 пра частковы вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэр. і інш.). У 1978 падпісаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні; на аснове іх 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Ізраіль вяртаў Е. акупіраваныя тэрыторыі; у 1980 паміж Е. і Ізраілем устаноўлены дыпламат. адносіны. Ва ўнутр. палітыцы Садат трымаў курс на развіццё рыначных адносін, заахвочванне прыватнай ініцыятывы і замежных інвестыцый. Яго дзеянні не мелі падтрымкі ні ў Е., ні за яго межамі; араб. краіны не прызналі дагавор Е. з Ізраілем, выключылі Е. з Лігі араб. краін. У кастр. 1981 Садат забіты групай экстрэмістаў. Пры новым прэзідэнце М.Х.Мубараку паступова палепшыліся адносіны з інш.араб. краінамі (у 1989 адноўлена членства Е. ў Лізе араб. дзяржаў) і СССР. Унутр. хваляванні, выкліканыя цяжкай эканам. сітуацыяй (перанасяленне, беспрацоўе), а таксама рост актыўнасці мусульм. фундаменталістаў паслужылі падставай для захавання надзвычайнага становішча, уведзенага пасля замаху на Садата. У знешняй палітыцы Е. паслядоўна імкнуўся да арганізацыі мірных шматбаковых араба-ізраільскіх перагавораў і вырашэння праблемы палесцінцаў шляхам надання ім аўтаноміі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая Нац.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя працы, Партыя лібералаў, Нац.-прагрэс. (левая) партыя, Аль-Ума, Новы Вафд і інш. Прафсаюзы аб’яднаны ў Егіпецкую федэрацыю прафсаюзаў.
Гаспадарка. Е. — аграрна-індустр. краіна, буйны пастаўшчык на сусветны рынак высакаякаснай доўгавалакністай бавоўны і вырабаў з яе. Нац. даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША за год. Асн. галіна — земляробства, якое грунтуецца на штучным арашэнні водамі Ніла. У валавым унутр. прадукце сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 18%, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 60%. У сельскай гаспадарцы занята каля 35% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 13%.
Сельская гаспадарка. Вялікая колькасць цяпла і магчымасць арашэння зямель дазваляюць збіраць па 3—4 ураджаі за год. Плошчы зямель, якія апрацоўваюцца, складаюць 2,7 млн.га (1993). Гал. збожжавыя культуры (млн.т, 1993): пшаніца — 4,6, рыс — 4,2, кукуруза — 4,3, сорга — 0,8. Добра развіта агародніцтва, асабліва вырошчванне (тыс.т, 1993) памідораў — 3000, цыбулі — 1700, бульбы — 1700, капусты — 329, бахчавых культур — каля 600, а таксама бабовых (гарах, боб, фасоля), алейных (сезам, арахіс). Развіта пладаводства, вырошчванне (тыс.т, 1993) фінікаў — 615, апельсінаў — 1800, лімонаў — 308, бананаў — 397, манга — 180, вінаграду — 600, аліваў, фіг. З тэхн. культур найб. значэнне мае вырошчванне доўгавалакністай бавоўны, якая займае каля 1/3 пасяўных плошчаў (дэльта і паўн.ч. даліны Ніла), валавы збор бавоўны-сырцу 550 тыс.т (1993). Вырошчваюць таксама (млн.т, 1993) цукр. трыснёг (на Пд) — 11,9, цукр. буракі — 0,8. З-за недахопу пашы жывёлагадоўля не атрымала значнага развіцця. Гадуюць (млн. галоў) буйн. раг. жывёлу — 3,2, буйвалаў — 3,5, авечак — 3,7, коз — 3, у пустынях вярблюдаў — 0,2. Птушкагадоўля, асабліва развядзенне курэй — 38 млн. (1993). Рыбалоўства ў Ніле, азёрах і морах — каля 200—300 тыс.т штогод. Здабыча каралаў, жэмчугу, губак. З галін прамысловасцінайб. значэнне мае горназдабыўная. Аснову складае нафтагазавы сектар, які з’яўляецца гал. экспартнай галіной краіны. Нафта здабываецца з 1911, здабыча складае 45,6 млн.т (1991), больш за 90% яе прыпадае на ўзбярэжжа і акваторыю Суэцкага зал.; здабыча прыроднага газу — каля 5 млрд.м³ (1992), пераважна ў раёне ўпадзіны Катара. Здабываецца таксама (млн.т, 1991) жал. руда — 1,1, фасфаты — 1,9, марганец, каменная соль, каменны вугаль, буд. матэрыялы і інш.Вытв-сць электраэнергіі 40,5 млрд.кВт∙гадз (1991), у т. л. каля 20% дае Асуанская ГЭС. Буйныя ЦЭС у Шубрыэль-Хейме, Каіры, Александрыі, інш.вял. гарадах працуюць на нафце і газе. Сярод галін апрацоўчай прам-сці вядучае месца займае харчовая і харчасмакавая. Выпускаецца шырокі асартымент іх прадукцыі (1991): цукар (1,1 млн.т, гал. цэнтры Ком-Омба, Ідфу, Армант), тытунёвыя вырабы (Каір, Александрыя, Гіза, Эль-Фаюм), плодаагароднінныя кансервы, алей (Даманхур, Танта, Эль-Мансура, Бені-Суэйф), вытв-сць мукі (каля 3,4 млн.т штогод), піва, сіропаў, сокаў, глюкозы. Развіты таксама рысаачышчальная (Эль-Мансура, Дум’ят, Эль-Махала-эль-Кубра) і рыбакансервавая (Дум’ят) прам-сць. Другое месца займае лёгкая прам-сць, асабліва тэкст., якая працуе на мясц. сыравіне. Гал. цэнтры Каір, Александрыя, Эль-Махала-эль-Кубра і інш. Бавоўнаачышчальныя прадпрыемствы ў Танце, Эль-Мансуры, Дум’яце, Бені-Суэйфе, шаўкаткацкія ў Хелуане, воўнапрадзільныя ў Танце, Эль-Міньі, Эль-Фаюме. Шырока развіты гарбарна-абугковая (Александрыя, Каір, Дум’ят, Эль-Фаюм, Асьют), швейная і трыкатажная галіны. Вытв-сць дываноў у Даманхуры і Асьюце, саматужная вытв-сцьнац. адзення ў Танце, маст. рамёствы ў Каіры, Бені-Суэйфе, Эль-Міньі. Трэцяе месца ў структуры прам-сці належыць хім. і нафтахім. прам-сці. Асн. цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі Александрыя, Суэц, Каір, Порт-Саід. Развіта вытв-сцьмінер. угнаенняў (фасфарытных і азотных) у Каіры, Кафр-эз-Заяце, Суэцы, Асьюце, гумавая прам-сць і вытв-сць аўтапакрышак у Александрыі. Атрымліваюць таксама соду, кіслоты, пластмасы і інш.хім. прадукты. Металург. прам-сць прадстаўлена Хелуанскім металург. камбінатам поўнага цыкла, прадпрыемствамі ў Каіры, металург. з-дам па вытв-сці акатышаў у Александрыі, алюмініевым камбінатам у Наг-Хамады. Металаапр. прадпрыемствы ў Каіры і Ісмаіліі. Машынабудаванне развіта параўнальна слаба: ёсць невял. вытв-сцьчыг. вагонаў, аўтобусаў, легкавых і грузавых аўтамабіляў, самалётаў (зборка з прывазных дэталей), электратэхн. абсталявання, тэле- і радыёапаратуры. Асн. цэнтры Хелуан, Каір, Александрыя. Цэнтры суднабудавання і суднарамонту Александрыя, Суэц, Порт-Саід. Развіты ваен.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, асабліва цэменту (каля 18 млн.т штогод, Александрыя, Хелуан, Асьют), па экспарце якога Е. займае адно з вядучых месцаў у свеце. Каля паловы прамысл. прадукцыі краіны выпускаецца ў Каіры і Александрыі. Транспарт. Е. мае добра развітую сетку трансп. шляхоў у асноўным у даліне і дэльце Ніла, па ўзбярэжжы Міжземнага м. і ўздоўж Суэцкага канала. Даўж. чыгунак 8,6 тыс.км, з іх 4,4 тыс. шырокакалейных, аўтадарог 38 тыс.км, з іх 15 тыс.км асфальтаваных. Даўж. суднаходных шляхоў па Ніле, каналах і пратоках дэльты складае 4 тыс.км. Знешнія гандл. сувязі праз порты Александрыя, Порт-Саід, Суэц. Танаж гандл. флоту каля 1 млн.т. Велізарнае трансп.-гандл. значэнне мае Суэцкі канал, праз які штогод праходзіць 16—20 тыс. суднаў з грузам каля 100 млн.т. Даход ад эксплуатацыі канала складае каля 2 млрд.дол. штогод. Е. мае адмоўны гандл. баланс. Штогадовы экспарт 5—6 млрд.дол. ЗША. Экспартуюцца нафта і прадукты яе перапрацоўкі, прадукцыя горназдабыўной прам-сці, цэмент, алюміній, бавоўна, фрукты і гародніна, некат. харч. прадукты і інш. Штогадовы імпарт каля 15 млрд.дол. ЗША. Імпартуюцца пераважна харч. і хім. прадукты, машыны і трансп. сродкі. Асн.гандл. партнёры: па экспарце — Італія (15%), ЗША (11%), Грэцыя (8%), Сінгапур (6%), Германія (5%); па імпарце — ЗША (22%), Германія (10%), Італія (9%), Францыя (8%), Японія (6%). Гандаль з Рэспублікай Беларусь нязначны, у асобныя гады дасягае 2—3 млн. долараў: імпартуюцца грузавыя аўтамабілі, трактары, металарэзныя станкі, экспартуюцца абутак і цытрусавыя. Вялікае значэнне для эканомікі Е. мае замежны турызм і адпачынак. Арганізаваны зімовы адпачынак на ўзбярэжжах мораў. Штогод краіну наведвае каля 3 млн. турыстаў, даход каля 3 млрд. долараў. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу, істотнае значэнне для фінансавага стану маюць грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — егіпецкі фунт.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 436 тыс.чал. (1997) і складаюцца з сухап. войск (310 тыс.чал.), ВПС (110 тыс.чал. у пач. 1995, 551 баявы і вучэбна-баявы самалёт) і ВМС (20 тыс.чал. у пач. 1995, 48 баявых караблёў, у т. л. 8 падводных лодак, і 41 баявы катэр). Стратэг. сілы налічваюць 2,4 тыс. ракет рознага прызначэння. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Тэрмін ваен. службы — 3 гады (ва ўсіх родах войск). Нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з цэнтр. сіл бяспекі (300 тыс.чал.), нац. гвардыі (60 тыс.чал.), пагран. корпуса (12 тыс.чал.), атрадаў «абароны і бяспекі» (60 тыс.чал.), берагавой гвардыі (7 тыс.чал.). Агульная колькасць рэзерву — 254 тыс.чал. (канец 1994).
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне бясплатнае. Нізкі ўзровень жыцця, клімат, дрэнныя сан. ўмовы і нерацыянальнае харчаванне — прычыны развіцця хвароб, што маюць эпідэмічны характар. Дзеці да двухгадовага ўзросту падлягаюць абавязковай вакцынацыі супраць воспы, дыфтэрыі, туберкулёзу, поліяміэліту. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,8, жанчын 63,8 года. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 515 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 1472 чал. Узровень нараджальнасці — 28 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,9%. Дзіцячая смяротнасць 71 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. У 1953—57 у Е. прыняты законы, якія заклалі асновы новай нац. сістэмы адукацыі. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя) для дзяцей ва ўзросце 4—5 гадоў, абавязковыя пач., падрыхтоўчыя і старэйшыя школы, прафес. вучылішчы, сярэднія спец.навуч. ўстановы, ВНУ. Пач. школа 6-гадовая (ёсць прыватныя), у ёй вучацца дзеці ва ўзросце 6—12 гадоў. Падрыхтоўчая школа (тэрмін навучання 3 гады; дзеці 12—15 гадоў) дае няпоўную сярэднюю адукацыю; мае 2 кірункі — агульны і тэхнічны. Старэйшая школа (50% прыватных; тэрмін навучання 3 гады, навучэнцы ад 15 да 17 гадоў) дае поўную сярэднюю адукацыю. У 1-ы год навучання заняткі вядуцца па адзінай праграме; потым вучні размяркоўваюцца па прыродазнаўча-матэм. і гуманітарным аддзяленнях. Прафес. адукацыя (3 гады навучання) на базе падрыхтоўчай школы. У сістэме вышэйшай адукацыі 8 ун-таў, 14 спец.ВНУ, з іх 5 мастацкіх, у т. л. Акадэмія араб. музыкі (з 1932) у Каіры. Буйнейшыя ун-ты: Айн-Шамс (з 1950), мусульм. аль-Азхар (рэарганізаваны ў 1961) у Каіры, Александрыйскі (з 1942), ун-т у г. Танта і інш.Найб. б-кі: Нац. (з 1870) у Каіры, Александрыйская гарадская, б-кі Каірскага і Александрыйскага ун-таў. Найб. музеі: Егіп.нац. (з 1858), музеі ісламскага (з 1881) і сучаснага (з 1920) мастацтва, Геал. (з 1899), егіп. цывілізацыі (з 1939) — усе ў Каіры, грэка-рымскіх старажытнасцей (з 1892) і Марскі (з 1948) у Александрыі. Навук. даследаванні праводзяцца ў галіновых цэнтрах і лабараторыях адпаведных мін-ваў, НДІ, ва ун-тах і навук. ін-тах пры іх, у Нац. даследчым цэнтры (з 1956) пры н.-д. і тэхнал. Акадэміі. Дзейнічаюць Ін-т Егіпта (з 1798) у Каіры і Акадэмія араб. мовы (з 1932) у Гізе.
Друк, радыё, тэлебачанне. Друк Е. (усе перыяд. выданні) падпарадкаваны Найвышэйшай радзе прэсы. Цэнтр выдавецкай дзейнасці краіны — г. Каір. Найб. папулярныя і ўплывовыя выданні: штодзённыя газеты «Аль-Ахрам» («Піраміды, з 1876), «Аль-Ахбар» («Паведамленні», з 1952), «Аль-Гумхурыя» («Рэспубліка», з 1953). Гал. інфармацыйнае агенцтва — Блізкаўсходняе агенцтва навін (з 1955) — рыхтуе рэгулярныя паведамленні на араб., англ. і франц. мовах. Радыё (з 1928) і тэлебачанне (з 1960) падпарадкаваны Егіпецкай карпарацыі радыёвяшчання і тэлебачання. Радыё штодзённа мае 300 гадзін вяшчання на араб., англ., франц., арм., ням., грэч., італьян., яўр. і розных афрыканскіх мовах, тэлебачанне — 22,5 гадз вяшчання па 3 каналах. У Е. дзейнічае Блізкаўсходняе радыёвяшчанне (з 1964), якое трансліруе камерцыйную праграму з Лондана.
Літаратура. Традыцыйна развівалася на арабскай мове ў цеснай сувязі з л-рамі Лівана, Сірыі і інш. арабскіх краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл.Арабская культура). Працэс абнаўлення літ. і культ. жыцця Е. ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. звязаны з дзейнасцю ранніх асветнікаў — заснавальніка Школы перакладу (1836) Р.Р. ат-Тахтаві, заснавальніка Нац. б-кі А.Мубарака, А.Факры і інш. У 1870—1919 вызначальны ўплыў на грамадскую думку і станаўленне новай егіп. л-ры зрабілі ідэолагі мусульм. рэфармацыі М.С.Джэмаль-ад-дзін аль-Афгані, М.Абда, прыхільнік эмансіпацыі жанчын К.Амін, заснавальнік нац. партыі «Ватан» М.Каміль. Побач з публіцыстыкай развівалася звязаная з ёй ідэйна, але традыц. па форме паэзія М.С. аль-Барудзі, Я.Сану, Ісхака Адзіба, В.Йекуна, А.Шаукі і інш. У пошуках сродку прапаганды сваіх поглядаў егіп. асветнікі звярталіся да тэатра. Яго рэпертуар напачатку складаўся з перакладаў і апрацовак (звычайна з перанясеннем дзеяння ў Е.) драм У.Шэкспіра, П.Карнеля, Мальера, В.Гюго. У 1880-я г. арыгінальныя драмы стварылі А.Надзім («Бацькаўшчына» і «Арабы»), Каміль («Заваяванне Андалусіі»). Пачынальнікам жанру гіст. рамана сталі ліванскія эмігранты Дж.Зейдан і Антун Фарах. У пач. 20 ст. з’явіліся асветніцкія аповесці Хафіза Ібрахіма, М. аль-Мувайліхі і інш. Важным этапам на шляху да рэаліст. прозы сталі аповесць «Зейнаб» М.Х.Хайкаля і зб. апавяданняў «Што вочы бачаць» заснавальніка школы егіп. навелістыкі Мухамеда Тэймура. З уздымам нац.-вызв. руху ў 1919—21 пачынаецца навейшы перыяд у гісторыі егіп. л-ры. Узніклі абноўленыя паэт. формы. У паэзіі ўсталяваўся рамантызм, прадстаўнікамі якога былі літ. групы «Паэты Дывана» (А.М. аль-Акад, А.Шукры і інш.), «Паэты Вадаспаду» (А.Хільмі) і «Апалон» (А.З. Абу Шадзі, І.Нагі, А.М.Таха), у прозе — рэалізм (апавяданні Махмуда Тэймура, аповесць «Дні» Хусейна Таха, навелы А.Х.Саіда, М.Т.Лашына і інш.). У драматургіі 1920—30-х г. побач з гістарычнымі паяўляюцца творы сучаснай тэматыкі (п’есы Т. аль-Хакіма, Мухамеда Тэймура, А.Язбека), у прозе развіваецца рамант. кірунак (раманы «Вяртанне духа» аль-Хакіма і «Ібрахім-журналіст» І. аль-Мазіні). У перыяд рэакцыі і спаду нац.-вызв. руху (1930-я г.) у л-ры сталі адчувальнымі песімістычныя настроі, матывы адчаю (сімвалісцкія драмы «Спячыя ў пячоры», «Шэхеразада» аль-Хакіма, аповесць «Кліч няведамага» Махмуда Тэймура, навелы Я.Хакі). Пасля перамогі нац.-вызв. рэвалюцыі 1952 вядучае месца ў л-ры занялі «новыя рэалісты», асн. тэма творчасці якіх жыццё і барацьба простых людзей (зб. апавяданняў А. аль-Хамісі, аповесць «Грэх» Ю.Ідрыса, раманы «Зямля», «Ускраінныя вуліцы» А. аш-Шаркауі). У раманах Н.Махфуза «Новы Каір», «Пачатак і канец», трылогіі «Бейн аль-Касрэйн» паказана шырокая панарама жыцця грамадства ў 1-й пал. 20 ст. Паэзія 1950-х г. прадстаўлена творчасцю аш-Шаркауі, С. Абд-ас-Сабура, А.Хігазі і інш. Расчараванне грамадства, асабліва пасля паражэння Е. ў вайне з Ізраілем у 1967, выклікала настроі адчаю і бязвер’я. Адыход ад сац. праблематыкі, замыканне ў рамках суб’ектыўных перажыванняў, матывы адчужэння характэрныя для навелістыкі М.Х.Рагаба, Д. аш-Шаркауі. Пошукі і эксперыменты ў галіне формы пашырылі маст. магчымасці прозы, узбагацілі яе ў жанравых адносінах. Рэаліст. проза 1970-х г. спалучала псіхалагізм з фалькл. вобразнасцю, дакументальнасць з прыёмамі гратэску (сатыр. раманы «Хроніка вуліцы аз-Заафарані» Г. аль-Гітані, дакумент. аповесць «Гэта адбываецца ў Егіпце ў нашы дні» М.Ю. аль-Куайіда).
Архітэктура. З прыходам арабаў (639) у архітэктуры Е. адбыўся ўздым, звязаны з утварэннем новай сталіцы Фустат (640) і інтэнсіўным культавым і свецкім буд-вам новага тыпу. Першыя араб. гарады мелі характар вайск. лагера; гал. элементамі арх. ансамбля сталі мячэці, палацы, грамадскія лазні і памяшканні для гарнізона. Прамавугольныя кампазіцыі гар. забудовы абносілі мурамі. Сярод найб. ранніх пабудоў — мячэць Амра ў Фустаце (641—642, перабудавана ў 9 ст.). Прыкладам сталай егіп. архітэктуры была мячэць Ібн Тулуна ў Каіры (876—879), якая адаптавала традыцыі копцкага мастацтва і пярэднеазіяцкага буд-ва: уключала 5-нефавую шматкалонную залу для малення, ад крытую ва ўнутр. квадратны ў плане двор, абкружаны арачнымі галерэямі. Ёй характэрны смеласць і прастата прасторавага вырашэння, веліч манум. аб’ёмаў. У перыяд Фатымідаў (10—12 ст.) Каір набыў абарончы выгляд, пабудаваны гар. муры і брамы з квадратнымі і паўкруглымі зубчастымі вежамі. У сакральнай архітэктуры з’явіліся Т-падобны трансепт, дэкар. распрацаванасць і акцэнтаванасць парталаў-уваходаў і мінарэтаў, што фланкіравалі будынкі т.зв. калоннага тыпу (мячэці аль-Азхар, 970—972; аль-Хакім, 990—1013). Раннефатымідскія маўзалеі былі квадратныя ў плане, з аркай у цэнтры кожнага фасада і купалам на 8-гранным барабане (група маўзалеяў Саб’а Банат у Фустаце). Больш познія часам мелі круглую камеру, якая абкружалася з трох бакоў галерэяй, і 3 міхрабы; у канструкцыі тромпаў і ветразяў з’явіліся сталактыты (маўзалей Ум Кульсум у Каіры, 1122). Пры Айюбідах (12—13 ст.) і Мамлюках (13—15 ст.) на змену квадратным у плане мячэцям прыйшлі складаныя арх. комплексы. якія звязвалі ў адзіны ансамбль залу для малення, медрэсэ, маўзалеі і інш. (комплексы султанаў Калауна, 1284—85, і Каіт-бея, 1472, у Каіры). Маўзалейная ч. пабудовы заўсёды мела высокі купал на барабане і фланкіравалася шмат’яруснымі мінарэтамі ў выглядзе шматгранных ці круглых вежаў з абходнымі балконамі і верхняй пляцоўкай-«ліхтаром» пад купалападобным завяршэннем. Строгасць манум. форм спалучалася з багаццем дэкору (мячэць-медрэсэ султана Хасана ў Каіры, 1356—63). У перыяд Асманскай імперыі (16—18 ст.) мячэці ўзводзіліся на ўзор турэцкіх: цэнтрычныя буйнамаштабныя пабудовы з вял. паўсферычнымі купаламі і мінарэтамі з вострымі завяршэннямі (мячэць Сінан-пашы ў Каіры, 1571). Архітэктура Е. сярэдзіны 19—1-й пал. 20 ст. звязана з еўрап. стылямі (мадэрн, канструктывізм і інш.): будынкі Егіп.нац. музея ў Каіры (1902, франц.арх. М.Дурньён), Вікторыя-каледжа (1950-я г., амер.арх. Дж.Полтак) і інш. З 1950-х г. развіваецца арх. забудова новых адм. і жылых раёнаў гарадоў (тэлевізійная вежа і будынак Лігі араб. краін у Каіры). З’явілася нац. школа архітэктуры, якая распрацоўвае сучасныя праекты з улікам кліматычных асаблівасцей і мясц. традыцый горадабудаўніцтва (С.Карым, А.Сідкі, Н.Хебіб, М.Амар і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Самыя раннія з вядомых узораў мастацтва мусульм. Е. адносяцца да фатымідскай эпохі: фрагменты фрэскі з лазні ў Фустаце (10—11 ст.), прыклады разьбы па камені, дрэве і слановай косці з фігуратыўнымі выявамі (фрызы з Фатымідскага палаца ў Каіры, канец 10 — пач. 11 ст.), мініяцюры (малюнак тушшу з фігурамі двух воінаў, 11 ст.; ілюстрацыі да рукапісу «Макамат» аль-Харыры, 1337). У стылістыцы адчуваецца пераасэнсаванне копцкіх і эліністычных традыцый у новым ісламскім вобразе. У дэкар.-прыкладным мастацтве сярэдневяковага Е. асаблівае развіццё атрымалі тканіны з вышытым, тканым ці набіваным узорам; кераміка, размаляваная люстрам і каляровымі палівамі (9—12 ст.), посуд з горнага хрусталю (10—12 ст.), вырабы са шкла з размалёўкай каляровымі эмалямі (свяцільнікі для мячэцей, 13—15 ст.), бронзавыя фігуры («грыфон», 11—12 ст.). 13—15 ст. — росквіт разьбярства з геам. і расл. арнаментам (пераносныя міхрабы, падстаўкі для Карана і інш.). У вырабах 10—12 ст. у дэкоры часта выкарыстоўвалі выявы людзей і жывёл, пазней дамінавалі арабескі. Сучаснае выяўл. мастацтва Е. сфарміравалася ў канцы 19 ст. разам з нац.-вызв. рухам. Яго станаўленне звязана і з засваеннем еўрап.маст. культуры і са спробамі адраджэння стараж.нац. традыцый. Гэта тэндэнцыя характэрна для творчасці буйнейшага тагачаснага егіп. скульптара М.Мухтара. (манумент «Абуджэнне Егіпта» ў Каіры, 1919—28). Жывапіс зазнаў уплывы імпрэсіянізму, фавізму. італьян. і франц. акадэмізму. Заснавальнікі сучаснага егіп. жывапісу А.Сабры, М.Нагі, М.Саід працавалі ў рэаліст. манеры. У 2-й пал. 20 ст. разам са спробамі авангардысцкага пераасэнсавання еўрап. мастацтва ў творчасці Г.Сіры, С.Абдэль Расула, Т.Хусейна, А.Г. аль-Газара, С.Рэды развіваецца тэматыка нар. жыцця. Пашырылася роля станковай і кніжнай графікі (Х.Фаўзі, А. аль-Вафі і інш.). Развіваюцца традыц. віды прыкладнога мастацтва: разьба па дрэве, метале, косці, ткацтва, кераміка і інш.
Музыка Е. вядома з глыбокай старажытнасці (гл. ў арт.Егіпет Старажытны). Да нашага часу захавалася выпрацаваная на працягу многіх стагоддзяў традыц. музыка. Яе асн. жанры — працоўныя, лірычныя, вясельныя, радзінныя, пахавальныя песні, танц. песні з воплескамі і характэрныя для Верхняга Е. эпічныя песні-паданні. Мелодыка песень Ніжняга Е. заснавана на 7-ступенных гукарадах, на астатняй тэр. пераважае пентатоніка. Сярод муз. інструментаў: мізмар (тып лютні), аргуль (падвойны кларнет), флейты, барабаны дарабука або хока, табл баладзі (вял. барабан), рык (бубен), кусат (талеркі); з 7 ст. пашыраны араб. інструменты — уд, рэбаб, канун (стр. шчыпковыя), най (падоўжаная флейта). Сфарміравалася сістэма макамаў — макамат (пэўны прынцып музіцыравання і яго асобныя праявы). У эпоху сярэдневякоўя пашырыліся розныя віды свецкай араб. класічнай музыкі (захаваліся і цяпер): вак. жанры касыда, мувашшах, інстр. таксім і інш. У 18—19 ст. у муз. практыку ўвайшлі інстр. ансамблі тахт. Адным з найважнейшых муз. жанраў стаў дор (разгорнутая вак. кампазіцыя; выконвалася спеваком-мутрыбам, інстр. ансамблем і хар. групай). У 19 ст. ў музыку пачалі пранікаць элементы еўрап.муз. культуры, створаны муз. школы з еўрап. выкладчыкамі. У 1869 у Каіры адкрыўся першы на Афрыканскім кантыненце оперны т-р, дзе выступалі артысты з Еўропы (у 1871 тут пастаўлена опера Дж.Вердзі «Аіда», напісаная па заказу егіп. ўрада). Пачалі наладжвацца канцэрты, узніклі канцэртныя жанры. У 1910—20 склаўся жанр араб. аперэты (буйнейшы майстар С.Дэрвіш). У 1914 у Каіры заснаваны муз. клуб (з 1929 Ін-т арабскай музыкі), у 1927 — Муз.т-ва Е. У 1930-я г. паявіліся муз. кінафільмы, створаныя пры ўдзеле спевака, кампазітара, акцёра і рэжысёра М. Абд аль-Вахаба і спявачкі У.Кульсум. З 1930-х г. фарміруецца сістэма муз. адукацыі, у 1940—50-я г.прафес. кампазітарская школа (у 1955 засн. Саюз прафес. музыкантаў). Сярод кампазітараў А.Б.Хайрат, М.Р.Гарана, Г.А.Рахім і інш.Нац.муз. кадры рыхтуюць Каірская кансерваторыя (з 1959) і яе філіял у Александрыі, Ін-тараб. музыкі, Каірскі ін-тмуз. выхавання і інш. Працуюць Каірскі оперны т-р, сімф. аркестр Каірскага радыё, аркестр араб. класічнай музыкі, Егіпецкая нац. трупа нар. мастацтва і інш.
Тэатр. Вытокі тэатра ў пахавальным рытуале з дыялогамі багоў, ролі якіх выконвалі жрацы, а таксама ў нар. святах у гонар багоў у суправаджэнні прадстаўленняў на міфалагічныя сюжэты. Падобныя прадстаўленні разыгрываліся ў эпоху Стараж. царства. У сярэднія вякі ў Е. існаваў ценявы т-р, вядомым дзеячам якога быў Ібн Даніял, пазней узнік лялечны т-р. У 19 ст. ў краіне гастраліравалі франц. і італьян. трупы. У 1869 Якуб Сану (псеўд. Абу Назара) стварыў першую нац. трупу і паставіў у Каіры сваю аперэту на араб. мове. У 1869 у Каіры пабудаваны т-р оперы. У 19 ст. з ліку інтэлігенцыі і вучнёўскай моладзі складаліся шматлікія аматарскія тэатр. калектывы. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі прафес. трупы пад кіраўніцтвам Сану, С.Накаша, С. аль-Кардахі, Ісхака Адзіба і інш. (кожны з іх быў адначасова драматургам, рэжысёрам, акцёрам і, як правіла, уладальнікам трупы). Вял. значэнне для развіцця т-ра мелі пераклады твораў Мальера, У.Шэкспіра, П.Карнеля і інш.Т-р актыўна развіваўся ў 1910—20-я г.; ствараліся муз. і драм. трупы, ставіліся гіст. драмы. Папулярнасць набыла п’еса «Незвычайны госць» Т. аль-Хакіма (1918). У 1919 ён стварыў трупу, якая паспяхова працавала шмат гадоў. У 1930-я г. арганізаваны Вышэйшы к-т па развіцці араб.тэатр. мастацтва, у 1935 — першая дзярж.Нац. трупа. У 1944 засн. Арабскі ін-тт-ра. У 1950-я г. станаўленне нац. драматургіі садзейнічала арганізацыі дзярж. і прыватных труп. У 1958 у Каіры адкрыты т-р лялек, у 1960-я г. ўзведзены тэатр. будынкі «Аль-Гумхурыя», «Аль-Эзбекія» і інш.Найб. вядомыя калектывы; Нац.т-р, Сусветны, «Масрах аль-Гейб», Таўфіка аль-Хакіма, камедыі. Сярод дзеячаў т-ра: А.Алям, Х.Рыяд, А.Фарыс, А.Гаміль і інш. У рэпертуары нац. і перакладная класічная драматургія. Другі тэатр. цэнтр Е. — г. Александрыя. Тэатры дзейнічаюць у гарадах Даманхур, Танта, Порт-Саід і інш. У Каіры функцыянуе Ін-ттэатр. мастацтва, створаны ў 1952 на аснове Араб. ін-та т-ра.
Кіно. З 1897 замежныя рэжысёры і аператары здымалі кароткаметражныя хранікальныя, з 1917 і ігравыя фільмы. У 1925 у Каіры пабудавана першая кінастудыя «Міср». З 1927 кінавытворчасць стала сістэматычнай. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — муз. фільмы. У 1940-я г. экранізаваліся літ. творы і нац. легенды, з’явіліся фільмы на тагачасныя і гіст. сюжэты (рэжысёры А.Бадрхан, С. Абу Сейф, Х.Сідкі і інш.). У 1950-я г. ставіліся фільмы, прысвечаныя сац. і культ. пераўтварэнням, зменам у свядомасці людзей: «Джаміля», «Зямля», «Вярні мне жыццё» (у пракаце «Зноў жывы»), «Людзі на Ніле» (разам з СССР), «Мумія» і інш. Выпускаліся таксама меладрамы, камедыі, муз. фільмы. Кінематаграфія Е. набыла міжнар. вядомасць. У 1959 у Каіры адкрыты кінаінстытут. У пач. 1960-х г. кінавытворчасць Е. нацыяналізавана. Нягледзячы на крызісную сітуацыю ў кінематографе 1970—80-х г., прагрэс. дзеячы кіно працягвалі ствараць высокамаст. стужкі: «Народная лазня» (1972), «Ваданос мёртвы» (1977), «Бандыты» (1980), «Трубадур» (1981) і інш. Сярод акцёраў — Ф.Шаукі, Э.Хамзі, Н. аш-Шарыф, М.Малігі, актрыс — Шадзія, Ф.Хамама, Магда, С.Хусні, Н.Ібрахім, рэжысёраў — С.Іса, А.Фахмі. Працуюць кінастудыі «Міср», «Аль-Ахрам», «Ан-Ніл», «Галаль», «Насібіян».
Літ.:
Беляев И.П., Примаков Е.М. Египет: время президента Насера. М., 1974;
Князев А.Г. Египет после Насера, 1970—1981. М., 1986;
Васильев А.М. Египет и египтяне. М., 1986;
Голдобин А.М. Национально-освободительная борьба народа Египта. 1918—1936 гг.М., 1989;
Герб і сцяг Егіпта.Да арт.Егіпет. Руіны г. Порт-Саід пасля налёту англійскай ваеннай авіяцыі. 1956.Да арт.Егіпет. М.Саід. Горад.Да арт.Егіпет. Танец «Сіва» ў выкананні ансамбля народнага танца «Рэда».Да арт.Егіпет. М.Мухтар. Дзяўчына з Шалаля.Да арт.Егіпет. А.Г. аль-Газар. Жанчына-дэрвіш.Да арт.Егіпет. Х.Фаўзі. Праца.Да арт.Егіпет. Г.Сіры. Ніл каля вострава Замалек.Да арт.Егіпет. Будынак Лігі арабскіх краін.Да арт.Егіпет. Каірская тэлевізійная вежа. 1950-я г.Да арт.Егіпет. М.Мухтар. Сялянка са збанам.Да арт.Егіпет. С.Рэда. Лялька.Да арт.Егіпет. Тэатр лялек у Каіры (сцэна са спектакля).