БЯЗМЕ́Н,

1) даўняя ручная рычажная вага. Металічны або драўляны стрыжань з нанесенай шкалой і рухомым пунктам апоры (пятлёй). На адным канцы меў місачку або кручок, дзе клалі або падвешвалі груз, другі, патоўшчаны канец, служыў гірай. Карысталіся бязменам звычайна для вызначэння масы (вагі) прадуктаў. Часам бязменам называюць спружынную ручную вагу.

2) Даўняя адзінка масы. У 16—17 ст. 1 бязмен = 240 залатнікам = 1,022 кг.

т. 3, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛАСАГАЛО́ВЫ

(Trichocephalus),

род паразітычных гельмінтаў кл. круглых чарвей. 62 віды. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Паразітуюць у тоўстым кішэчніку дзікіх і свойскіх жывёл, таксама чалавека. Найб. вядомыя воласагалоў чалавечы (Trichocephalus trichiuris), у дзікай і свойскай жывёлы Trichocephalus ovis, Trichocephalus globulosa, Trichocephalus suis, Trichocephalus vulpis, Trichocephalus nutria.

Даўж. самцоў 20—80 мм, самак 39—90 мм. Галаўны канец воласападобны, хваставы патоўшчаны. Жывёлы і чалавек заражаюцца пры заглынанні інвазійных яец з ежай і вадой. Паразіты глыбока пранікаюць у слізістую абалонку кішэчніка і выклікаюць хваробу — трыхацэфалёз.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХСТВО́РКАВЫЯ МАЛЮ́СКІ, пласціністашчэлепныя малюскі (Bivalvia, Lamellibranchia),

клас водных беспазваночных малюскаў. 3 надатр., 14 атр., 130 сучасных сям., каля 1 тыс. родаў, 20 тыс. відаў. Пашыраны ў прэсных вадаёмах, саленаватых азёрах, у акіянах і морах Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. Донныя маларухомыя жывёлы. На Беларусі найб. вядомы прадстаўнікі з родаў гарошынкі і шароўкі (каля 30 відаў), бяззубкі і перлаўкі; жамчужніца звычайная занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. 2—3 мм — 1,5 м, маса да 250 кг (трыдакна). Ракавіна з 2 створак (адсюль назва). На спінным баку створкі звязаны эластычнай перамычкай (лігаментам), унутры — 1—2 мышцамі-замыкальнікамі (адуктарамі). У большасці Д.м. патоўшчаны спінны край створак мае выступы (зубы), сукупнасць якіх утварае т.зв. замок. Створкі ракавіны ўнутры высланы 2 скурнымі складкамі — «мантыяй», між імі і целам мантыйная поласць. У некат. Д.м. (жамчужніцы, мідыі, бяззубкі) іншародныя часцінкі, што трапляюць у поласць, абвалакваюцца слаямі перламутру і пераўтвараюцца ў жэмчуг. На брушным баку цела ў большасці Д.м. ёсць мускулісты выраст — нага, у многіх з бісусавай залозай, якая выдзяляе трывалыя ніці (бісус), з іх дапамогай малюск прымацоўваецца да субстрату. Пераважна раздзельнаполыя, апладненне вонкавае. Біяфільтратары. Кормяцца планктонам або дэтрытам. Корм рыб і марскіх жывёл. Аб’екты промыслу і аквакультуры.

Двухстворкавыя малюскі: 1 — марская жамчужніца; 2 — спандылюс прыгожы; 3 — амусіум японскі; 4 — бяззубка вузкая; 5 — шароўка рачная; 6 — шароўка азёрная.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)