АКСАМІ́ТКІ, тагетэс (Tagetes),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. астравых. Каля 35 відаў, пашыраных у субтропіках Амерыкі. На Беларусі інтрадукаваны аксаміткі прамастойныя (Т. erectus), аксаміткі адхіленыя (Т. patula) і аксаміткі танкалістыя, або пасечаныя (Т. tenuifolia); выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве.

Выш. да 1,5 м. Сцябло прамастойнае, галінастае. Лісце перыста-рассечанае. Кветкі жоўтыя, жоўта-аранжавыя або карычнева-чорныя, у кошыках, з моцным пахам. Плод — сямянка. Размнажаюцца насеннем. Святла- і цеплалюбныя. Дэкар. і лек. расліны (мачагонны, патагонны і проціглісны сродак).

Аксаміткі прамастойныя.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЛІ́ЦА

(Berteroa),

род кветкавых раслін сям. капуставых. 8 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Міжземнамор’і. На Беларусі паўсюдна трапляецца гарліца шэрая (В. incana). Расце на палях, сухіх лугах, пустках, узгорках, каля дарог, на сметніках і пясчаных мясцінах.

Адна-, двух- і шматгадовыя шаравата-зялёныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце суцэльнае, чаргаванае, падоўжана-ланцэтнае. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя, у галоўчатых гронках. Плод — авальны стручок; насенне пляскатае, акаймаванае. Лек. (мачагонны, патагонны, вяжучы, заспакаяльны і ранагаючы сродак) і меданосныя расліны; пустазелле.

т. 5, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУРО́ЧНІК, бурачнік (Borago),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бурачнікавых. 3 віды, пашыраныя пераважна ў Міжземнамор’і. Лёгка дзічэе, як пустазелле трапляецца ў Еўропе і Зах. Азіі. На Беларусі — агурочнік лекавы, або агурочная трава (D. officinalis), — адналетнік.

Выш. 30—100 см, сцябло прамастойнае. Лісце суцэльнае з агурочным пахам і смакам (адсюль назва). Цвіце ў чэрв. — ліпені. Кветкі блакітныя, ружовыя, белыя, у суквеццях-завітках. Плод — чатырохарэшак Лекавая (мачагонны, патагонны, змякчальны сродак), меданосная і дэкар. расліна, вырошчваюць як агародніну (маладое лісце прыдатнае на салату).

Агурочнік лекавы.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАС

(Calluna),

род кветкавых раслін сям. верасовых. 1 від — верас звычайны (Calluna vulgaris). Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы і на Атл. узбярэжжы Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце на пясчаных мясцінах у хваёвых барах, на высечках, выгарынах, пустэчах, тарфяніках, утварае вял. зараснікі — верасоўнікі.

Шматгадовая вечназялёная галінастая кустовая ці кусцікавая расліна выш. да 1 м. Лісце дробнае, лускападобнае, сядзячае, ланцэтнае, размешчана накшталт чарапіцы ў 4 рады. Кветкі дробныя, двухполыя, званочкавыя, бэзава-ружовыя, зрэдку белыя, у аднабокіх гронках. Плод — пушыстая чатырохгранная каробачка. Дэкар., лек (мачагонны, патагонны, процізапаленчы, вяжучы, злёгку снатворны і заспакаяльны сродак), тэхн. (мае дубільнікі, гліказіды, смалу, крухмал), кармавая і меданосная (дае т.зв. «верасовы мёд») расліна. Часам верасам таксама наз. віды роду эрыка (Erica).

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧКІ́

(Bidens),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 230 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў Амерыцы. На Беларусі па берагах вадаёмаў, на тарфяніках, у сырых лясах і хмызняках звычайна трапляюцца мясцовыя ваўчкі паніклыя (Bidens cernua) і трохраздзельныя (Bidens tripartita), рэдка — прамяністыя (Bidens radiata), а таксама занесеныя з Паўн. Амерыкі ваўчкі аблісцелыя (Bidens frondosa).

Аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае (верхняе рэдка чаргаванае), простае, цэласнае, 3—5-раздзельнае або рассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, двухполыя, сабраныя ў гама- або гетэрагамныя кошыкі. Кошыкі адзіночныя або сабраныя ў гронка- ці шчытападобныя агульныя суквецці. Плод — сямянка з 2—4 учэпістымі шчацінкамі. Лек. (мачагонны, патагонны, вітамінны і інш. сродак) і тэхн. (фарбавальныя) расліны; некаторыя віды — пустазелле.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЧНЫ ЦВЕТ

(Anagallis),

род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, як занесеныя ў Паўн. Амерыцы; 1 від — у тропіках абодвух паўшар’яў. На Беларусі пераважна ў паўд. і паўд.-зах. раёнах трапляюцца зрэдку як пустазелле на палях, агародах, пустках, каля дарог вочны цвет палявы (Anagallis arvensis) і вельмі рэдка як пустазелле, а таксама на сухіх схілах і ў хмызняках вочны цвет блакітны (Anagallis foemina).

Адна-, двухгадовыя травяністыя расліны з галінастым распасцёртым ці ўзнятым сцяблом. Лісце дробнае, суцэльнае, супраціўнае, найчасцей сядзячае. Кветкі звычайна адзіночныя на доўгіх кветаножках у пазухах лістоў, з кола- або лейкападобным чырв. блакітным ці белым вяночкам. Плод — шарападобная каробачка. Лек. (мачагонны, патагонны, жаўцягонны, слабільны сродак) і ядавітыя расліны. Садовыя формы некаторых відаў (напр., гібрыдная буйнакветная Anagallis grandiflora) вырошчваюць як дэкаратыўныя.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)