Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЛО́НСКАЕ ПАСЯЛЕ́ННЕ,
неалітычнае пасяленне на палях 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. на р. Мадлона ў Валагодскай вобл. (Расія). Выяўлены рэшткі 4 дамоў на палях і кладкі, якія іх звязвалі. Знойдзены каменныя і касцяныя прылады працы, гліняны і драўляны (з разьбой і скульптурай) посуд, бурштынавыя, шыферныя і касцяныя падвескі. М.п. з’яўляецца іншародным помнікам сярод неалітычных культур паўн.-еўрап. часткі Расіі. Аналагічныя пасяленні былі пашыраны ва ўсх. Латвіі, Пскоўскай вобл. Расіі і на Верхняй Волзе.
т. 9, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙДЭН (Leiden),
горад у Нідэрландах. Стараж.-рым. пасяленне, гар. правы з 1200. 113 тыс. ж. (1992). Порт на паўн. рукаве дэльты Рэйна. Старадаўні цэнтр вытв-сці воўны. Машынабудаванне, паліграф., шарсцяная, швейная прам-сць. Ун-т (з 1575). Музеі старажытнасцей, этнаграфіі, гісторыі прыродазнаўства і інш. Дом-музей Рэмбранта (у якім нарадзіўся мастак). Арх. помнікі 13—18 ст.
т. 9, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА»,
назва рэв. к-та, які дзейнічаў у Мазыры пад кіраўніцтвам Мазырскай арг-цыі РСДРП у час Кастр. Усерас. паліт. стачкі 1905. 30.10.1905 на агульнагарадскім мітынгу выбраны рэўком, які меў баявую дружыну і 9 дзён праводзіў рэв. мерапрыемствы. Была зроблена спроба захапіць склады зброі і казначэйства, вызваліць палітвязняў. У сутычцы з царскімі войскамі 4 чал. забіты, 6 паранена. Усе члены рэўкома сасланы ў Сібір на вечнае пасяленне.
т. 9, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́ЙДЭ (Аскар) (1837, г. Марыямпале, Літва — 20.8.1897),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 і яго гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т са ступенню канд. права (1858). З восені 1862 чл. Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве па падрыхтоўцы паўстання 1863—64. Прымыкаў да правага крыла «чырвоных», змагаўся з «сепаратызмам» К.Каліноўскага. Як камісар варшаўскага ўрада ў Літве і Беларусі ў ліп. 1863 прыехаў у Вільню, дзе 22.8.1863 арыштаваны. Выдаў многіх удзельнікаў паўстання. Аўтар запісак пра паўстанне (1866), у якіх ёсць звесткі пра Каліноўскага і яго акружэнне. У 1866 высланы на пасяленне ў Вяцкую губ., дзе і памёр.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,
пасяленне канца 5—3 ст. да н.э. каля г. Каменка-Дняпроўская і с. Вял. Знаменка Запарожскай вобл. (Украіна). Пл. каля 12 км². З боку стэпу было ўмацавана земляным валам і ровам, а з Пн і З ахавана ярамі над Дняпром, р. Конка і Белазерскім ліманам. У паўд.-зах. частцы знаходзіўся акропаль, дзе жыла скіфская знаць. Жыхары займаліся вырабам бронзавых і жал. прылад, ткацтвам, ганчарствам, земляробствам і жывёлагадоўляй. Рамеснікі жылі ў зямлянках і слупавых наземных пабудовах, знаць — у мураваных дамах. Паселішча з’яўлялася буйным рамесным і гандл. цэнтрам, цесна звязаным з грэчаскімі калоніямі Паўн. Прычарнамор’я і мясц. насельніцтвам Скіфіі.
т. 7, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНА́ЛЬНАЕ ЎЛАЖЭ́ННЕ 1903,
крымінальны кодэкс Расійскай імперыі, які меў на мэце ўзмацненне барацьбы з рэв. рухам і прыстасаваннем феад. крымін. заканадаўства да аховы інтарэсаў буржуазіі. У ім даваліся вызначэнні прававых паняццяў намеру і неасцярожнасці, наяўнасці свядомасці, саўдзельніцтва, падрыхтоўкі і замаху, неабходнай абароны і крайняй неабходнасці. Карная сістэма вызначалася вял. жорсткасцю і прадугледжвала пакаранне смерцю, катаргу, ссылку на пасяленне, заключэнне ў крэпасць і інш. Да каральных дзеянняў былі аднесены паліт. дэманстрацыі і стачкі, узмацнялася барацьба з маёмаснымі злачынствамі. К.ў. поўнасцю не было ўведзена. Пачынаючы з 1904 уводзіліся пераважна главы і артыкулы, якія ўтрымлівалі новыя саставы паліт. злачынстваў і ўзмацнялі пакаранні.
т. 8, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУЦЕ́НІ (Cucuteni),
энеалітычнае пасяленне ў Румыніі. Выяўлена за 12 км ад г. Ясы. Ранняя фаза датуецца 3380, позняя — 3000 да н.э. Выяўлены рэшткі глінабітных дамоў. Для ранняй фазы К. характэрна кераміка з трохколернай спіральнай размалёўкай і з паглыбленым спіральным арнаментам, грубы кухонны посуд, прылады працы з крэменю, косці, рогу і медзі, гліняныя схематызаваныя жаночыя статуэткі. Позняя фаза адметная керамікай з аднаколернай (чорнай) размалёўкай па аранжава-жоўтай паверхні, грубым кухонным посудам і керамікай са шнуравым арнаментам, глінянымі жаночымі статуэткамі з чорнай размалёўкай, фігуркамі жывёл, меднымі кінжаламі, сякерамі, нажамі, шыламі, бранзалетамі. Тэрмінам «К.» наз. культуру размаляванай керамікі, аналагічную трыпольскай культуры.
т. 8, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭН, Пен (Penn) Уільям (14.10.1644, Лондан — 30.7.1718), англійскі паліт. дзеяч, заснавальнік англ. калоніі Пенсільванія. Вучыўся ў Оксфардзе, дзе далучыўся да квакераў. За пропаведзі квакерскага вучэння зняволены ў Таўэры, дзе ў 1669 напісаў праграмны твор «Ні крыжа, ні кароны». У 1676 заснаваў у зах. ч. англ. калоніі Нью-Джэрсі пасяленне для квакераў і інш. эмігрантаў з Англіі, якіх праследавалі за рэліг. вераванні. У 1681 атрымаў ад англ. караля Карла II Сцюарта хартыю на права валодання значнай тэр. на З ад р. Дэлавэр. На гэтых землях, названых Пенсільваніяй, увёў рэліг. цярпімасць і прыязныя адносіны з індзейцамі. У 1682 заснаваў г. Філадэльфія. З 1684 жыў у Англіі.
т. 13, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ХЕН (Aachen),
горад у ФРГ, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. Вядомы з 1-га ст. нашай эры як рымскае пасяленне Акве-Грані (пазней Аквісгранум) каля мінер. лячэбных крыніц. У канцы 8 — пач. 9 ст. — адна з рэзідэнцый Карла Вялікага. 239 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Цэнтр кам.-вуг. басейна. Машынабудаванне (у т. л. цяжкае, электратэхн., радыёэлектроннае), тэкст. (шарсцяная), хім., шкляная, харч. прам-сць. Бальнеалагічны курорт. Гарачыя тэрмальныя крыніцы (да 75 °C) мінер. водаў вядомы яшчэ з дарымскіх часоў. Адраджэнне і росквіт курорта прыпадаюць на 17—19 ст. Мінер. воды эфектыўныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай і перыферычнай нерв. сістэм, суставаў, скуры. Арх.-гіст. помнікі 8—16 ст. Тэхн. ун-т. Музеі. Цэнтр міжнар. турызму.
т. 2, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)