СТАЯ́НКА,

неўмацаванае пасяленне чалавека каменнага і бронзавага вякоў, на якім пры даследаванні знаходзяць рэшткі жытлаў, агнішчаў, прылады працы і вырабы. Тэрмін «С.» ўзнік у 19 ст. для абазначэння месцаў часовага пасялення першабытных людзей, пазней — аселых плямён. Самыя стараж. С. на Беларусі адносяцца да позняга палеаліту — Бердыж, Юравічы. Рэшткі мезалітычных С. трапляюцца па ўсёй тэр. Беларусі (напр., Белая Сарока, Журавель). Неалітычныя С. размяшчаліся пераважна на рачных і азёрных тэрасах і поймавых дзюнах (напр., Добры Бор, Камень. Раманавічы, Русакова, Скема). На большасці неалітычных С. жыццё прадаўжалася і ў бронз. веку.

У.​П.​Ксяндзоў.

т. 15, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)