Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́СКВІЛЬ (ням. Pasquill ад італьян. pasquillo),
твор, што змяшчае адкрыта паклёпніцкія нападкі і абвінавачванні, з мэтай скампраметаваць чалавека, групу людзей, грамадскі рух, мастацкі кірунак і г.д. Стылістычна імітуе форму літ. жанру, але не з’яўляецца ім; разглядаецца як маральна-ідэалагічная катэгорыя. Часта форму П. прымае твор, які першапачаткова задумваўся як памфлет.
Назва «П.» паходзіць ад імя рым. башмачніка 15 ст. Пасквіна (Pasquino), аўтара з’едлівых і абразлівых эпіграм на высокапастаўленых асоб. У 1501 непадалёку ад яго дома была ўстаноўлена антычная скульптура, на якую вывешвалі злабадзённыя вершы, падобныя на тыя, якія пісаў Пасквіна (статуя атрымала назву pasguillo — маленькі Пасквіна). Сатыр. радкі, што вывешвалі на статую, пазней выдадзены пад назвай П. З цягам часу значэнне тэрміна «П.» трансфармавалася і набыло сучаснае адценне: злоснае і наўмыснае абвінавачванне.
У зах.-еўрап. л-ры прыкладам П. з’яўляецца кн. В.Менцэля «Нямецкая літаратура» (1827), у якой змешчаны паклёпніцкія выпады супраць Ф.Шылера, І.В.Гётэ, «амаральнай» франц. л-ры таго часу і г.д. У рус. л-ры пасквільны твор — кн. М.А.Корфа «Уступленне на прастол імператара Мікалая I» (1848), скіраваная супраць дзекабрыстаў. У залежнасці ад гіст., паліт. і ідэалаг. умоў вызначэнне П. мянялася (напр., у сав. перыяд пасквільнымі лічыліся некат. творы М.Ляскова, В.Мандэльштама, А.Салжаніцына і інш.).
У бел. л-ры пасквільнымі былі «Цені на сонцы» А.Александровіча, некат. артыкулы С.Будзінскага, М.Клімковіча, А.Кучара, выступленні Л.Бэндэ супраць Я.Купалы і Я.Коласа. У паэт. форме П. звычайна бытуюць ананімна.
А.М.Андрэеў, М.М.Барсток.
т. 12, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ХРО́НІКА,
помнік гарадскога летапісання 17—19 ст., апошні бел. летапісны звод. Складзена ў Магілёве купецкім старостам Трафімам Суртам (звесткі за 1526—1701) і рэгентам гар. канцылярыі Юрыем Трубніцкім (звесткі за 1701—46), прадоўжана сынам апошняга Аляксандрам і ўнукам Міхаілам (да 1856). Напісана па-польску, запісы за 1841—56 па-руску. Крыніцамі хронікі паслужылі летапісныя запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі А.Гваньіні і М.Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў. У хроніцы адлюстравана сац.-паліт., гасп.-эканам. і культ. жыццё Магілёва эпохі позняга феадалізму. Змяшчае матэрыял па гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі 17—18 ст., а таксама шэраг літ. твораў 1-й пал. 18 ст., у т. л. вершаваны пасквіль на польск. кардынала М.Радзяёўскага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземны ў Польшчы». Складаецца з кароткіх пагадовых запісаў і разгорнутых апавяданняў пра значныя гіст. падзеі і асобныя моманты з жыцця герояў. Часткова апублікавана ў 19 ст. ў перакладзе на рус. мову, частка (да 1746) змешчана ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Рукапіс зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
В.А.Чамярыцкі.
т. 9, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)