Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Кварцавыя парфіры 10/185
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТАНА́ЙСКІ ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ РАЁН,
у Казахстане. Адкрыты ў 1930-я г. Уключае радовішчы магнетытавых, лептахларытавых і гідрагётытавых жал. руд. Прымеркаваны да ніжнекарбонавых вулканагенна-асадкавых парод (туфы, андэзітавыя парфіры, вапнякі і інш.). Разведаныя і папярэдне ацэненыя запасы жал. руд 14,7 млрд.т, у т.л. лёгкаабагачальных магнетытавых руд з колькасцю жалеза 45—47% — 5 млрд. т. Здабыча адкрытым (97%) і падземным спосабамі. Цэнтры здабычы — гарады Кустанай, Рудны, Лісакоўск, г.п. Качар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ, вулканіты,
горныя пароды, якія ўтварыліся ў выніку вывяржэння вулканаў. Падзяляюць на вылітыя, або эфузіўныя горныя пароды (базальты, андэзіты, трахіты, ліпарыты, дыябазы і інш.) і вулканагенна-абломкавыя, або піракластычныя пароды (туфы, туфабрэкчыі, вулканічныя бомбы, попел, пясок і інш.), якія розняцца хім. саставам, структурна-тэкстурнымі асаблівасцямі, ступенню захаванасці рэчыва. Глыбока змененыя, больш старажытныя, эфузіўныя пароды называюць палеатыпнымі, а нязмененыя — кайнатыпнымі. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачны матэрыял, у керамічнай і цэментнай прам-сці. На Беларусі вядомыя ў дакембрыі (звычайна змененыя другаснымі працэсамі), у верхнім пратэразоі (андэзіты, дацыты, базальты, туфы і інш.) і дэвоне (трахіты, базальты, нефелініты, сіеніт-парфіры, туфы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛУНЫ́
(ад слав. валяць),
круглякі, згладжаныя вадой ці лёдам абломкі горных парод памерам больш за 10 см. Большыя за 1 м валуны наз. глыбамі або камлыгамі. Утвараюцца пры выветрыванні, разбуральнай дзейнасці мораў, азёр, рэк, ледавікоў і іх талых вод, пры апаўзанні кавалкаў горных парод па схілах гор. Найб. пашыраны ў паверхневых ледавіковых утварэннях значнай ч.Паўн. Амерыкі і Еўразіі ў вобласці мацерыковых зледзяненняў плейстацэну. Ледавіковыя (эратычныя — вандроўныя) валуны трапляюцца па ўсёй тэр. Беларусі, найб. на канцова-марэнных узвышшах. Прынесены ад 600 тыс. да 20 тыс. гадоў назад з Балт. шчыта, ПнЗ Рускай пліты. Памер валуноў памяншаецца з Пн на Пд: у Бел. Паазер’і іх велічыня дасягае 6—11 м (найб.«Вялікі камень» 11 х 5,6 х 2,8 м), на Бел. градзе 5—8 м, на Бел. Палессі 1—3 м. Каля 65—75% вялікіх валуноў — граніты, 20—25% — гнейсы, ёсць граніта-гнейсы, кварцыты, кварцавыя парфіры, даламіты і інш. Валуны рэдкіх горных парод, якія маюць абмежаванае карэннае месцазнаходжанне, адносяць да кіроўных, па іх вызначаюць напрамкі руху стараж. ледавікоў.
З валунамі звязаны язычніцкі культ каменя, пра што сведчаць іх назвы (Пярун, Вялес, Дажбогаў, Святы камень) і легенды. Валуны служылі ахвярнікамі ў капішчах, выкарыстоўваліся для стварэння с.-г. календароў (гл.«Янова»), ім пакланяліся. З хрысціянскіх часоў захаваліся Даўгінаўскі крыж-стод, Крыж Стафана Баторыя, крыжы-абярогі і інш. Многія валуны — помнікі эпіграфікі часоў Полацкага княства (Барысавы камяні, Рагвалодаў камень і інш.). Валуны выкарыстоўваліся ў буд-ве абарончых збудаванняў, замкаў, храмаў (Сафійскі сабор 11 ст. ў Полацку, Гродзенская Барысаглебская царква 12 ст., вежы Навагрудскага 13 ст. і Крэўскага 14 ст. замкаў), для брукавання дарогі і інш. На палях валуны перашкаджаюць земляробству. У сярэднім на Беларусі 9% ворных зямель у рознай ступені завалунена, найб. у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. (каля 70%). Валуны выкарыстоўваюць на падмурак, як закладачны матэрыял у целе плацін, на атрыманне друзу і бутавага каменю, для ўмацавання адхонаў, стварэння арх. кампазіцый у парках і скверах і інш. Вялікія і адметныя валуны ўзяты пад ахову дзяржавы як помнікі прыроды (больш за 100 у Беларусі). Даследаванні валуноў вядуцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі, дзе створана Эксперыментальная база па вывучэнні ледавіковых валуноў (калекцыя больш за 2000 валуноў з розных рэгіёнаў Беларусі экспануецца на адкрытай пляцоўцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́Й
(ад цюркска-манг. алтан залаты),
горная сістэма ў Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Манголіі і Кітая. Працягласць больш за 2000 км, макс. шырыня больш за 500 км. Распасціраецца з ПнЗ ад Зах.-Сібірскай раўніны на ПдУ да раўнін Гобі. Складаецца з сістэмы расчлянёных хрыбтоў, нагор’яў, пласкагор’яў, міжгорных упадзін, катлавін. Водападзел Обі, Енісея, рэк бяссцёкавага бас.Цэнтр. Азіі. Найб. вяршыня — г. Бялуха (4506 м). Падзяляецца на ўласна Алтай (Расійскі, Казахстанскі), Мангольскі Алтай і Габійскі Алтай. Тэктанічныя структуры Алтая належаць да герцынскай і каледонскай складкавасцяў. Складзены з пратэразойскіх і пераважна палеазойскіх парод: метамарфічных сланцаў, слюдзістых кварцытаў, амфібалітаў, вапнякоў, алеўралітаў, гліністых сланцаў, вулканагенных парод і інш. Асадкавыя, вулканічныя і метамарфічныя пароды пранізаны гранітнымі і гранадыярытавымі інтрузіямі. Сучасны выгляд Алтая набыў у выніку падняццяў у неагенавы і чацвярцічны перыяды. Грабяні высакагорных хрыбтоў характарызуюцца альпійскімі формамі рэльефу. Ёсць буйныя міжгорныя катлавіны, т.зв. стэпы (Чуйскі, Курайскі, Уймонскі, Абайскі, Канскі і інш.). У нізкагор’ях і сярэднягор’ях развіты паверхневыя і падземныя карставыя формы. Карысныя выкапні: поліметалічныя руды, золата, ртуць, сурма, вальфрам, марганец, жалеза, буры вугаль, солі, сульфаты і інш. Багатыя радовішчы мармуру і каштоўных вырабных камянёў (яшмы, парфіры і інш.). Тэрмальныя крыніцы: Абаканская, Белакурыхінскія, Рахманаўскія, Джумалінскія.
Клімат Алтая кантынентальны. Зіма халодная і працяглая. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 °C (у перадгор’ях) да -28...-32 °C у міжгорных катлавінах у выніку тэмпературных інверсій. Лета адносна кароткае і халаднаватае; у перадгор’ях сярэдняя т-ра ліп. 19—22 °C, на высакагор’ях 14—16 °C. На схілах зах. раёнаў ападкаў да 2000 мм, паўн.-ўсх. — да 1000 мм, на ПдУ да 200 мм за год. Характэрны горнадалінныя вятры (фёны). Магутнасць снегавога покрыва у Зах. Алтаі можа дасягаць 2—3 м. Каля 1500 ледавікоў агульнай пл. больш за 900 км². Развіта густая сетка горных рэк, найбольшыя: Катунь, Бухтарма, Бія, Чуя. Жыўленне рэк пераважна алтайскага тыпу — талымі снегавымі водамі і летнімі дажджамі. Больш як 3500 азёраў, пераважна каравых і марэнападпрудных, самыя вял. Маркаколь і Цялецкае маюць катлавіны тэктанічнага паходжання.
На Алтаі добра выражана сістэма вышынных ландшафтных паясоў. У паўн. і зах. перадгор’ях да выш. 400—700 м — лугавыя разнатраўна-злакавыя, да выш. 1200—1500 м — палыноваціпчаковыя стэпы. Горныя лясы займаюць каля ⅔ тэрыторыі. Сярод іх пераважаюць паркавыя лістоўнічныя (да выш. 2000—2200 м). На Пн лясы цемнахвойныя, у т. л. кедравыя. Характэрны высакатраўныя лугі (велікатраўе), а таксама астравы горных стэпаў. На выш. 1400—2000 м у засушлівых катлавінах пашыраны паўпустынныя ландшафты. Высакагорная зона (выш. 1800—2400 м) з субальпійскімі хмызнякамі і лугамі змяняецца нізкатраўнымі альпійскімі лугамі. Ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах пашыраны горныя тундры (хмызняковыя, імхова-лішайнікавыя, камяніста-друзавыя). Вышэй альпійскіх лугоў і тундраў — голыя скалы, камяністыя россыпы, снежныя палі і ледавікі. Жывёльны свет разнастайны, стэпавага (суслікі, хамякі, палёўкі і інш.), таежнага (мядзведзь, рысь, ліс, собаль, вавёрка, марал, глушэц і інш.), высакагорнага (алтайская пішчуха, горны казёл, снежны барс і інш.) комплексаў. На тэр. Алтая — Алтайскі запаведнік.