КРУ́КАВЫ,

расійскія рэвалюцыянеры-дзекабрысты, браты. Сыны ніжагародскага губернатара А.С.Крукава (п. 1844).

Аляксандр Аляксандравіч (студз. 1793 — жн. 1866) — паручнік (1817), калежскі рэгістратар (1858). З 1812 на вайск. службе. Удзельнік замежных паходаў рас. арміі 1813 і 1814. Чл. «Саюза дабрабыту» (1820) і «Паўднёвага таварыства» (з 1821). Арыштаваны ў г. Тульчын у снеж. 1825. Адбываў катаргу і пасяленне ў Сібіры, у 1856 амнісціраваны. З 1865 у Бруселі, дзе і памёр. Мікалай Аляксандравіч (1800—11.6.1854) — паручнік (1822). З 1819 у арміі. Чл. «Саюза дабрабыту» (1820) і «Паўд. т-ва» (з 1821), прыхільнік ідэй і памочнік П.І.Песцеля. Арыштаваны ў г. Тульчын у снеж. 1825. Памёр у ссылцы ў г. Мінусінск.

Літ.:

Декабристы: Биогр. справ. М., 1988.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛЕ́НСКІ (Яўген Пятровіч) (6.10.1796, г. Наваміргарад, Украіна — 26.2.1865),

дзекабрыст. Князь, сын тульскага губернатара. Паручнік лейб-гвардыі Фінляндскага палка. Чл. «Саюза працвітання». Адзін з заснавальнікаў Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, з 1823 чл. яго думы. Рэспубліканец. Нач. штаба паўстання на Сенацкай плошчы 14.12.1825. Прыгавораны да пажыццёвай катаргі. Пасля амністыі 1856 жыў у Калузе. Удзельнічаў у падрыхтоўцы сял. рэформы 1861. Аўтар «Успамінаў».

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУХО́ВІЧЫ,

шляхецкі род герба «Ключ раздвоены» («Абуховіч») у ВКЛ. Найб. вядомыя:

Піліп Казімір, гл. Абуховіч П.К. Тэадор Міхал (?—1658), брат Піліпа Казіміра. Падкаморы мазырскі (1646), паручнік гусарскай харугвы, пасол соймавы. Валодаў землямі ў Мазырскім пав. Захарыяш (?—1658), брат Піліпа Казіміра, суддзя, дэкан смаленскі. Мікалай (?—?), скарбнік і суддзя гродскі мазырскі (1648). Міхал Лявон, гл. Абуховіч М.Л. Тэадор Геранім, гл. Абуховіч Т.Г.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАНДО́Р (франц. commandeur),

1) адно з вышэйшых званняў у сярэдневяковых духоўна-рыцарскіх ордэнах.

2) Воінскае званне афіцэраў у ваен. флотах некаторых дзяржаў. Часта ўжываецца ў спалучэнні з інш. званнем, напр., капітан-К.; у ВМФ Польшчы існуюць званні К.-падпаручнік, К.-паручнік і К.

3) У Расіі (пач. 18 — пач. 19 ст.) флоцкі чын паміж капітанам 1-га рангу і контр-адміралам.

4) Кіраўнік спарт. прабегу (аўтамаб., матацыклетнага і інш.).

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦА́ТЫ (Аркадзь Мікалаевіч) (н. 14.9.1905, С.-Пецярбург),

расійскі і бел. кінааператар. Засл. арг. Беларусі (1935). У 1927—35 на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Удзельнічаў у здымках фільмаў «Джэнтэльмен і певень», «Хвоі гамоняць» (1929). Аператар бел. фільмаў «Рубікон» (1931), «Ураган» (1932), «Гонар свету» (1933), «Першы ўзвод» (1933, з Б.Рабавым), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Шлях карабля» (1935, з Е.Менгдэнам і М.Тэйтэльбаўмам). Сярод фільмаў на інш. кінастудыях: «Дзеці капітана Гранта» (1936), «Карнавальная ноч» (1956) і інш. З 1963 выступае як рэжысёр. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951, 1952.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНТ (Пётр Уладзіслаў Казіміравіч) (15.2.1836, в. Рудакі Свянцянскага пав. Віленскай губ. — 1912),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі, у Літве і Польшчы. Вучыўся ў Маладзечне. Напярэдадні паўстання служыў у Беластоку, паручнік. У крас. 1863 з групай афіцэраў Лібаўскага пях. палка ўдзельнічаў у фарміраванні гал. паўстанцкага атрада Гродзенскай губ. Змагаўся супраць царскіх войск на Беласточчыне, потым на чале асобнага атрада ў Аўгустоўскім пав., вызначыўся ў баях на сумежжы Літвы і Польшчы. У 2-й пал. 1863 кіраваў атрадамі паўстанцаў з сялян у Курпёўскай пушчы Ломжынскага пав. З канца 1863 у эміграцыі (Парыж, Галіцыя). Аўтар успамінаў пра паўстанне.

Г.В.Кісялёў.

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬКАНЕ́Ц (Мар’ян Фёдаравіч) (каля 1799—?),

дзекабрыст. З дваран Віленскай губ. У 1814—19 выхоўваўся ў Дваранскім палку пры 2-м кадэцкім корпусе; выпушчаны прапаршчыкам у Нясвіжскі карабінерны полк. З 1824 паручнік. У 1825 прыняты ў тайнае т-ва «Ваенныя сябры». Удзельнічаў у падрыхтоўцы выступлення Літ. піянернага батальёна (1825). 22.3.1826 арыштаваны, знаходзіўся пад следствам у Беластоку. Прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены чыноў, дваранства, разжалаваны ў радавыя. На 6 месяцаў зняволены ў Бабруйскую крэпасць, потым служыў у Грузіі, Каўказскім асобным корпусе, у 1830 — у 10-м лінейным батальёне. Далейшы лёс невядомы.

В.В.Швед.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́МАЎ (Дзімітр) (25.6.1909, г. Ловеч, Балгарыя — 1.4.1966),

балгарскі пісьменнік і вучоны. Засл. дз. культ. Балгарыі (1963), праф. анатоміі (1953). Дэбютаваў раманам «Паручнік Бенц» (1938). Майстэрствам псіхал. аналізу адметны раман «Асуджаныя душы» (1945), падзеі якога адбываюцца ў Іспаніі напярэдадні і пасля ваенна-фаш. мяцяжу 1936. Сусв. вядомасць прынёс раман «Тытунь» (1951; Дзімітраўская прэмія 1952), прысвечаны жыццю балг. народа ў 1930—40-я г. Аўтар камедыі «Жанчыны з мінулым» (1959), драм «Вінаваты» (1961), «Перадышка ў Арка Ірыс» (1936), а таксама прац па анатоміі.

Літ.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1977—78.

І.С.Александровіч.

т. 6, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХО́ЎСКІ (Пётр Рыгоравіч) (1799, Смаленская губ. — 25.7.1826),

расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. Паручнік у адстаўцы (1821). У 1816—19 на дзеючай вайск. службе. Са снеж. 1824 у Пецярбургу. З пач. 1825 чл. Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, выступаў за ліквідацыю самаўладства, знішчэнне царскай сям’і і ўстанаўленне рэсп. ладу ў Расіі, удзельнічаў у падрыхтоўцы планаў паўстання. 14.12.1825 на Сенацкай плошчы заклікаў салдат не прысягаць Мікалаю I, забіў пецярбургскага ген.-губернатара М.А.Міларадавіча, параніў 2 афіцэраў. 15.12.1825 арыштаваны, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У пісьмах, напісаных у зняволенні, абгрунтаваў свае паліт. погляды і даў крытычны аналіз тагачаснага дзярж. ладу Расіі. Павешаны паводле прыгавору Вярх. суда.

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯГЕ́ЛІН Аляксандр Іванавіч [1800—1859 (1860?)], удзельнік руху дзекабрыстаў. Выхоўваўся ў 1-м кадэцкім корпусе. З 1822 паручнік. З 1823 у Літ. піянерным батальёне (Беластоцкая вобл.). Уваходзіў у навагрудскую масонскую ложу «Вузел адзінства». Адзін з арганізатараў тайнага т-ва «Ваенныя сябры». Удзельнік Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825, агітаваў салдат не прысягаць Мікалаю І, сарваў прысягу салдат сваёй роты, спрабаваў узняць паўстанне ў інш. часцях. 26.12.1825 арыштаваны, пазбаўлены дваранства і прыгавораны да смяротнага пакарання. Паводле царскай канфірмацыі (1827) сасланы на 10 гадоў на катаргу з наступным пасяленнем у Сібіры. У 1837 па ўласнай просьбе накіраваны на службу радавым у Каўказскі асобны корпус, у 1843 звольнены ў адстаўку.

В.В.Швед.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)