БРАНТ Пётр Уладзіслаў Казіміравіч

(15.2.1836, в. Рудакі Свянцянскага пав. Віленскай губ. — 1912),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі, у Літве і Польшчы. Вучыўся ў Маладзечне. Напярэдадні паўстання служыў у Беластоку, паручнік. У крас. 1863 з групай афіцэраў Лібаўскага пях. палка ўдзельнічаў у фарміраванні гал. паўстанцкага атрада Гродзенскай губ. Змагаўся супраць царскіх войск на Беласточчыне, потым на чале асобнага атрада ў Аўгустоўскім пав., вызначыўся ў баях на сумежжы Літвы і Польшчы. У 2-й пал. 1863 кіраваў атрадамі паўстанцаў з сялян у Курпёўскай пушчы Ломжынскага пав. З канца 1863 у эміграцыі (Парыж, Галіцыя). Аўтар успамінаў пра паўстанне.

Г.В.Кісялёў.

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)