ПРАПО́ЙСКАЯ ПАРУСІ́НАВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў мяст. Прапойск Быхаўскага пав. (цяпер г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.) у 1806—47. Размяшчалася ў 3 драўляных будынках. У розныя гады мела ад 3 да 40 (1814) ткацкіх станкоў. У 1809 працавалі 84 рабочыя з прыгонных сялян.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРУШСКАЯ ПАЛАТНЯ́НА-ПА́РУСНАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1775—1831 у мяст. Добруш Гомельскага пав. (цяпер горад у Гомельскай вобл.). З 1804 — парусінавая мануфактура, з 1806 — палатняна-ткацкая. У 1828 быў 31 ткацкі станок. Вырабляла парусіну, кашульнае палатно, тонкія палотны (галандскія), ільняныя хусткі, ручнікі, абрусы і інш. Працавалі прыгонныя сяляне (у 1823—78 чал.).

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКАЯ СУДНАВЕ́РФ Дзейнічала з 1785 у мяст. Крычаў Чэрыкаўскага пав. (цяпер г. Крычаў Магілёўскай вобл.). Уладальнік — граф Р.​А.​Пацёмкін. Вырабляла байдаркі, лодкі, яхты, невял. ваен. судны з мясц. лесу. Працавала некалькі соцень чалавек. У склад суднаверфі ўваходзілі палатняна-парусінавая і канатная мануфактуры. Забяспечвала Херсонскае адміралцейства і Чарнаморскі ваенны флот рачнымі і марскімі суднамі, аснасткай, мачтавым і буд. лесам, парусінавымі палотнамі, канатамі і інш. З 1790 да пач. 19 ст. будаваліся толькі малыя судны для гандл. патрэб.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІЯ МАНУФАКТУ́РЫ,

тры мануфактуры, якія дзейнічалі ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў мяст. Крычаў (цяпер г. Крычаў Магілёўскай вобл.). 1-я парусінавая мануфактура існавала ў 1783—1845. Уладальнік граф Р.А.Пацёмкін. За тыдзень вырабляла каля 100 кавалкаў (5 тыс. аршынаў) парусіны. У 1783 выраблена 820 кавалкаў паруснага палатна масай 1120 пудоў. У 1786 расходавана каля 1200 пудоў пражы. У 1797 было 112 станкоў, працавалі 224 прыгонныя, выраблена 900 кавалкаў парусіны. Яе прадукцыя ішла на Крычаўскую суднаверф, а таксама ў Херсон і Крамянчуг. 2-я парусінавая мануфактура існавала ў 1786—1831. Уладальнік памешчык Галынскі. Вырабляла белае і шэрае палатно (50 тыс. аршынаў у 1796), брызентавую тканіну (33 тыс. аршынаў у 1797), суравое палатно (77 тыс. аршынаў у 1823). У 1786 было 170 ткацкіх станкоў. У 1797—1814 мелася 120 рабочых, акрамя сялянак-прадзільшчыц, якія працавалі ў вёсках у залік паншчыны. Прадукцыя ішла ў Херсон, Крамянчуг, Рыгу, Пецярбург і інш. Канатная мануфактура існавала ў 1785—98. Размяшчалася ў 2 будынках, мела 24 колы, печ для варкі смалы з попелам. Працавала каля 300 прыгонных. У 1787 вырабляла па 1000 пудоў канатаў за тыдзень. У 1785 для Херсонскага адміралцейства выпушчана канатаў на 117,2 тыс. руб.

М.​Ф.​Болбас.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)