Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́НАЯ ЭЛЕКТРАЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць электраэнергет. сістэм пэўнага рэгіёна, аб’яднаных лініямі электраперадачы (напружанне пераважна 220—750 кВ) для паралельнай работы з аператыўным кіраваннем з адзінага дыспетчарскага цэнтра. Аб’яднанне энергасістэм дазваляе кампенсаваць нераўнамернасць энергет. нагрузкі ў іх з-за несупадзення ў часе сутачных яе максімумаў, змяншае залежнасць энергаспажывання ад гідралагічных і кліматычных умоў, зніжае неабходную рэзервовую магутнасць. Беларуская энергетычная сістэма аб’ядноўвае Цэнтр., Паўд. і Паўн.-Зах.мясц. энергасістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ММЕТР (ад ам + ...метр),
прылада для вымярэння актыўнага электрычнага супраціўлення. Мае пераважна магн.-эл. вымяральную сістэму (гл.Магнітаэлектрычная прылада) са шкалой, праградуіраванай у адзінках супраціўлення (гл.Ом).
Складаецца з вымяральніка і крыніцы пастаяннага току (убудаванай ці знешняй). Бывае лічбавы і аналагавы (са стрэлачным ці светлавым паказальнікам), з паралельнай і паслядоўнай схемай вымярэння. Для дакладных вымярэнняў выкарыстоўваецца схема з лагометрам, на якую мала ўплываюць змены напружання крыніцы сілкавання, або маставая схема (гл.Мост вымяральны). Канструкцыйна О. часта аб’ядноўваюць з вальтметрамі і амперметрамі ў адну універсальную прыладу — ампервальтомметр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАО́ПТЫКА,
раздзел фізікі, які вывучае змены аптычных уласцівасцей рэчыва пад уздзеяннем магн. поля. Метады М. выкарыстоўваюцца ў даследаваннях квантавых станаў рэчыва, адказных за аптычныя пераходы, спектраў электроннага парамагн. рэзанансу, фіз.-хім. структуры рэчыва, фазавых пераходаў і інш.
Пад уздзеяннем магн. поля ў рэчыве адбываецца расшчапленне энергетычных узроўняў атамаў (зняцце выраджэння) і адпаведнае расшчапленне спектральных ліній (гл.Зеемана з’ява), узнікае падвойнае праменепераламленне ў аптычна ізатропным рэчыве (гл.Катона—Мутона эфект), пры распаўсюджванні святла ўздоўж магн. поля адбываецца вярчэнне яго плоскасці палярызацыі (гл.Фарадэя эфект), па-рознаму паглынаюцца хвалі з паралельнай і перпендыкулярнай полю лінейнымі палярызацыямі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМІ́ДА [ад грэч. pyramis (pyramidos)],
мнагаграннік, аснова якога — многавугольнік, а бакавыя стораны — трохвугольнікі з агульнай вяршыняй.
Па колькасці вуглоў асновы адрозніваюць П. трох-, чатырохвугольныя і г.д. Аб’ём П.
, дзе S — плошча асновы, h — вышыня (перпендыкуляр, апушчаны з вяршыні на плоскасць асновы). П. наз. правільнай, калі ў аснове правільны многавугольнік, а вышыня праходзіць праз цэнтр асновы. Калі П. перарэзаць плоскасцю, паралельнай аснове, атрымаюцца 2 часткі: П., падобная на дадзеную, і ўсечаная П, аб’ём якой
, дзе S1 і S2 — плошчы асноў.
Піраміда: а — адвольная; б — правільная; в — усечаная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТАВЫ́ РУХцвёрдага цела,
механічны рух, які складаецца з прамалінейнага паступальнага руху з пастаяннай скорасцю і вярчальнага руху з пастаяннай вуглавой скорасцю вакол восі, паралельнай напрамку паступальнай скорасці. Адрозніваюць прававінтавы (вектары вуглавой скорасці вярчэння і паступальнай скорасці накіраваны ў адзін бок) і левавінтавы рух (гэтыя вектары накіраваны ў розныя бакі). Любы складаны рух цвёрдага цела можна выявіць як серыю элементарных (імгненных) вінтавых рухаў, пры гэтым вось вінтавога руха наз.імгненнай вінтавой воссю, якая бесперапынна змяняе свой напрамак у прасторы і ў рухомым целе.
Да арт.Вінтавы рух: v — скорасць паступальнага руху; ω — вуглавая скорасць; VM — скорасць пункта M, які знаходзіцца на адлегласці r ад восі вярчэння AA1
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІМЕТАЛІ́ЗМ,
грашовая сістэма, пры якой за двума металамі — золатам і серабром — заканадаўча замацавана роля ўсеагульнага грашовага эквіваленту. Манеты з гэтых металаў выконвалі ўсе функцыі грошай і нараўне ўдзельнічалі ў абарачэнні. Існавалі 2 разнавіднасці біметалізму: сістэма паралельнай валюты (вартасныя суадносіны паміж золатам і серабром устанаўліваліся стыхійна ў адпаведнасці з іх рыначнай вартасцю) і сістэма адной валюты (вызначаўся парытэт паміж серабром і золатам).
Біметалізм узнік у сярэднявеччы і быў найб. пашыраны ў Зах. Еўропе ў 16—19 ст., калі з развіццём капіталізму павялічваўся попыт на золата і серабро. Сістэма двайной валюты існавала ў ЗША з канца 18 ст. да 1873, у Францыі — з пач. 19 ст. Ва ўмовах біметалізму папяровыя грошы свабодна абменьваліся на золата і серабро, таму валютны запас краін складаўся з 2 гэтых металаў. Аднак біметалізм не адпавядаў патрэбам развітой таварнай гаспадаркі і супярэчыў самой прыродзе грошай як адзінага тавару, прызначанага выконваць ролю ўсеагульнага эквіваленту. Таму быў ажыццёўлены пераход ад залатога монаметалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕ́КЦЫЯ (ад лац. projectio літар. кіданне наперад),
відарыс прасторавай фігуры на плоскасці ці інш. паверхні.
Адрозніваюць цэнтральную, паралельную, прамавугольную П. Цэнтральная (канічная) П.: выбіраюць адвольны пункт S прасторы (цэнтр праектавання) і плоскасць α′ (плоскасць П.), якая не праходзіць праз пункт S; праз дадзены пункт A (правобраз) прасторы і цэнтр П. S праводзяць прамую SA да яе перасячэння ў пункце A′ з плоскасцю α′. Пункт A′ (вобраз) наз. цэнтральнай П. пункта A. П. фігуры наз. сукупнасць П. усіх яе пунктаў. Паралельнай (цыліндрычнай) П. пункта A на плоскасць α′ наз. пункт A′ перасячэння гэтай плоскасці і прамой p, якая праходзіць праз A паралельна зададзенай прамой a. У выпадку перпендыкулярнасці прамой n і плоскасці α′ П. наз.прамавугольнай (артаганальнай). Цэнтр. П. — аснова перспектывы. Цэнтр. і паралельная (у прыватнасці, артаганальная) П. знаходзяць дастасаванні ў нарысоўнай геаметрыі. Спец. віды праектавання на плоскасць, сферу, эліпсоід і інш. паверхні выкарыстоўваюцца ў астраноміі, геаграфіі, крышталяграфіі, тапаграфіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫСО́ЎНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, у якім вывучаюцца прасторавыя фігуры пры дапамозе пабудовы іх відарысаў на плоскасцях праекцый, а таксама метады пабудовы і ўласцівасці гэтых відарысаў. Метадамі Н.г. выконваюцца вытв. чарцяжы, рашаюцца задачы многіх раздзелаў тэхнікі, ажыццяўляецца разлік і канструяванне механізмаў, машын, інж. збудаванняў.
Асн. спосаб адвображання ў Н.г. — праецыраванне, атрыманы пры гэтым відарыс наз.праекцыяй. Найб. пашыраны паралельныя праекцыі: артаганальныя (прамавугольныя праекцыі на 2 і болей узаемна перпендыкулярныя плоскасці праекцый; гл.Артаганальнасць), аксанаметрычная (прамавугольная ізаметрыя, прамавугольная і косавугольная франтальная дыметрыі; гл.Аксанаметрыя) і праекцыі з лікавымі адзнакамі (прамавугольныя праекцыі пунктаў на гарыз. плоскасць, якія суправаджаюцца лікамі, што паказваюць адлегласці пунктаў-арыгіналаў ад гэтай плоскасці; выкарыстоўваюцца ў геадэзіі, тапаграфіі, горнай справе, геалогіі і інш.). Існуюць таксама цэнтральныя праекцыі, якія з’яўляюцца геам. асновай перспектывы. Першыя спробы праекцыйных відарысаў трапляюцца ў стараж. народаў у 4—3 ст. да н.э. Некаторыя ідэі Н.г. распрацаваны ў 15—17 ст. У самаст. навуку Н.г. аформілася ў 18 ст. ў сувязі з ростам патрабаванняў інж. практыкі Яе навук. асновы распрацаваны Ж.Дэзаргам і Г.Монжам (стваральнік метаду артаганальнага праектавання). Сучасная Н.г. пашырыла свае магчымасці за кошт выкарыстання ідэй і метадаў праектыўнай геаметрыі, геам. мадэліравання і інш.
Літ.:
Глаголев Н.А. Начертательная геометрия. 3 изд. М., 1953;
Нарысоўная геаметрыя: 1 — прынцып паралельнай праекцыі (ABC — прасторавая фігура, A°B °C° — яе праекцыя на плоскасць π0); 2 — прынцып прамавугольнага праектавання (A — пункт у прасторы; A′, A′′, A′′′ — праекцыі пункта A на прамавугольныя і сумешчаныя плоскасці праекцыі π1 π2, π3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖО́РА-МІНО́Р, мажора-мінорная сістэма,
аб’яднанне мелодыка-гарманічных сродкаў, якія належаць ладам процілеглага нахілення, у межах адной сістэмы; адзін з прыёмаў расшырэння класічнай гарманічнай танальнасці. Асн. разнавіднасці: аднайменныя М.-м. (мажорны лад, узбагачаны мелодыка-гарманічнымі абаротамі аднайм. мінору) і мінора-мажор (мінор, узбагачаны элементамі аднайм. мажору); паралельныя М.-м. і мінора-мажор, пабудаваныя на ўзаемаабмене характэрных акордаў гарманічных форм паралельных ладатанальнасцей. Фарміраванне М.-м. — вынік працяглага ўзаемадзеяння мажору і мінору ад іх гарманічных і меладычных форм да ўтварэння поўнай мажорамінорнай сістэмы, якая спалучае сродкі аднайменнай і паралельнай. Выкарыстанне спецыфічных акордаў М.-м. (нізкіх і высокіх III і VI ступеняў у аднайменным, III мажорнай і VI мінорнай у паралельным), гарманічных абаротаў і танальных планаў на іх аснове абумовілі ўзбагачэнне маляўнічых магчымасцей гармоніі. Росквіт гарманічнага М.-м. звязваюць з класіка-рамантычным мастацтвам 18—19 ст. Больш познія па часе фарміравання (канец 19 — пач. 20 ст.) аднатэрцавыя М.-м. і мінора-мажор — сістэмы аб’яднання ладоў супрацьлеглага нахілення, якія будуюцца на ўзаемапранікненні сродкаў мажору і мінору, што знаходзяцца ва ўскладненых, храматызаваных суадносінах і маюць агульную тэрцыю (до мажор — до-дыез мінор, ля мінор — ля-бемоль мажор). Пры гэтым ладавую пераафарбоўку зазнае агульны для ўзаемадзейных тонік тэрцавы тон. Сродкі аб’яднаных мажора-мінорных сістэм накіраваны на выяўленне іх маляўніча-выразных і дынамічных магчымасцей: больш дыятанічныя аднайм. і паралельныя сістэмы атрымліваюць пераважна маляўнічую трактоўку, у сродках аднатэрцавай сістэмы падкрэсліваецца павышаная напружанасць, экспрэсіўнасць.
Літ.:
Способин И.В. Лекции по курсу гармонии. М., 1969;
Григорьев С.С. Теоретический курс гармонии. М., 1981;
Тифтикиди Н.Ф. Теория однотерцовой и тональной хроматической систем // Вопросы теории музыки: Сб. ст. М., 1970. Вып. 2.