ПЕРО́ ((Perrault) Клод) (каля 1613, Парыж — 8.10.1688),

французскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры. Брат Ш.Перо. Па адукацыі ўрач, займаўся матэматыкай, фізікай, тэхнікай, археалогіяй, выконваў кардоны для габеленаў. Найб. вядомыя арх. работы П. ў Луўры (фасады парадны ўсходні з каланадай, 1667—74, і паўднёвы), якія з’яўляюцца вяршыняй ранняга франц. класіцызму. Адзін з заснавальнікаў Каралеўскай акадэміі архітэктуры ў Парыжы (1671). У 1673 пераклаў арх. трактат Вітрувія.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРДАНЁР (франц. cour d’honneur літар. ганаровы двор),

парадны паўраскрыты двор перад будынкам, утвораны асн. будынкам і яго 2 бакавымі крыламі (радзей каланадай). Пашыраны ў еўрап. палацавай архітэктуры 17—1-й пал. 19 ст. На Беларусі найб. вядомы ў палацавых і сядзібных комплексах 18—19 ст. (Ружанскі палацавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс і інш.). Прыём параднай прасторавай кампазіцыі сучаснай архітэктуры.

т. 9, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ЖЫНСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1806 (арх. А.​Касакоўскі) у г. Валожын Мінскай вобл., на беразе р. Валожынка. Фундатар і ўладальнік граф Ю.​Тышкевіч. Аднапавярховы мураваны палац і бакавыя флігелі ўтвараюць прамавугольны парадны двор. Палац мае сіметрычную кампазіцыю, накрыты 2-схільным вальмавым дахам са сферычным купалам у цэнтры. Франтальныя фасады ў цэнтры вылучаны рызалітамі з трохвугольнымі франтонамі. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя сандрыкі, пілястры. Флігелі — прамавугольныя ў плане 1-павярховыя будынкі, іх цэнтр. часткі з мансардамі вылучаны 4-калоннымі дарычнымі порцікамі.

Валожынскі палац.

т. 3, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры гістарызму. Арх. стылістыка будынка арыентавана на рус. класіцызм. Закладзены ў 1897 на ўшанаванне памяці рас. імператара Аляксандра III, пабудаваны ў 1898 (арх. С.​Шабунеўскі). Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Буйныя чляненні гал. фасада і бакавых рызалітаў (больш высокія памяшканні на 2-м паверсе) надаюць будынку манументальнасць. Парадны ўваход гал. фасада вылучаны порцікам з элементамі карынфскага і дарычнага ордэраў і завершаны трохвугольным франтонам. У гады Вял. Айч. вайны часткова разбураны. Пры рэканструкцыі ў бакавых крылах надбудаваны 3-і паверх.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельскай мужчынскай гімназіі будынак.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎШЧЫНСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. Закладзены ў в. Казлоўшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Пл. 15 га. Займае раўнінны прамавугольны ўчастак. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом (разбураны ў 1914). Перад гал. фасадам быў парадны двор з манументам у цэнтры (захаваўся пастамент) і гасп. пабудовамі па баках.

Садова-паркавая тэрыторыя падзелена на 2 амаль роўныя часткі, злучаныя алеяй па восі сіметрыі кампазіцыі. Паўн. ч. абмежавана з трох бакоў алеямі граба звычайнага і падзелена рэгулярнай сеткай дарожак на 8 прамавугольных участкаў з пасадкамі пладовых дрэў. Паўд. ч. пад пладовым садам і ахоўнымі пасадкамі. У парку пераважна мясц. пароды дрэў.

В.​Р.​Анціпаў.

Казлоўшчынскі парк. Схема планіроўкі.

т. 7, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ УНІВЕРМА́Г.

Пабудаваны ў 1951 у Мінску (арх. Л.​Мілегі, Р.​Гегарт). У аснове кантактнага Г-падобнага ў плане 4-павярховага будынка жалезабетонны каркас. На сіметрычна вырашаным фасадзе, арыентаваным на праспект Скарыны, на 1-м паверсе вылучаны 3 арачныя праёмы, якія ўтвараюць парадны ўваход. Для арх.-маст. аблічча характэрна наяўнасць вял. зашклёных праёмаў розных памераў, а таксама складанага дэкору — шматлікіх франтончыкаў, ліштваў, уставак, геральдычных паяскоў, прафіляваных цяг, маёлікавых дэталей, парапета. Дэкар. элементы класічнай спадчыны (ляпныя дэталі, вітражы і інш.) шырока выкарыстаны і ў інтэр’ерах. На 1—3-м паверхах размешчаны гандл, залы, злучаныя паміж сабой цэнтр. трохмаршавай параднай і 2 бакавымі лесвіцамі, на 4-м і ў падвалах — складскія і інш. службовыя памяшканні.

А.​А.​Воінаў.

Мінскі гарадскі універмаг.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ СПЕЦЫЯЛІ́СТАЎ.

Існаваў у 1934—41 у Мінску (арх. Н.​Макляцова). Сіметрычны са складанай канфігурацыяй плана секцыйны будынак заснаваны на спалучэнні розных па вышыні аб’ёмаў: цэнтр. 6-павярховага, адсунутага ў глыбіню за чырвоную лінію забудовы, і 4-павярховых бакавых крылаў, якія ўтваралі курданёр. Па восі будынка на выш. 1—2-га паверхаў знаходзіўся скразны парадны праём у двор. Выразнасць фасадаў дасягалася верт. зашкленнем лесвічных клетак на вышыню будынка, рытмічнай групоўкай квадратных аконных праёмаў, балконаў. Дом складаўся з вуглавых і радавых секцый, створаных паводле індывід. праекта: на лесвічную пляцоўку выходзілі 2 кватэры, у якіх пакоі звязаны паміж сабой шырокім калідорам і мелі ўбудаванае абсталяванне. На 1-м паверсе размяшчаліся магазін, дзіцячы садок.

А.​А.​Воінаў.

Мінскі жылы дом спецыялістаў. Галоўны фасад. Чарцёж.

т. 10, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ ЗА́МАК Існаваў у 15—18 ст. на гарадзішчы стараж. Мазыра. Пабудаваны на месцы ўмацаванага драўлянага замка 14 ст. Займаў мыс паміж шырокімі ярамі, якія праразалі высокі карэнны бераг Прыпяці. У 1520—30-я г. зруйнаваны татарамі. Адноўлены ў 1543. Складаўся з 3 вежаў з гароднямі і некалькімі дамамі паміж імі, якія таксама выконвалі абарончую ролю. Пасля перабудовы ў 1576 меў 5 вежаў. У 1609 цалкам згарэў, у 1613 адноўлены. У ходзе ваен. дзеянняў 17 ст. замак неаднойчы быў разбураны і паступова прыйшоў у заняпад. У 18 ст. М.з. — парадны замкава-палацавы комплекс, які складаўся з драўлянага палаца ў цэнтры і гасп. зоны. Пры даследаванні на замчышчы выяўлены рэшткі жылой пабудовы 16 ст. з кафлянай печчу, складзенай з гаршковай і каробчатай кафлі, упрыгожанай геам. арнаментам.

т. 9, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́НСКІ АКРО́ПАЛЬ,

архітэктурны ансамбль Стараж. Грэцыі; гіст. ядро і культавы цэнтр Афін Старажытных. Створаны пераважна ў эпоху Перыкла (444/443—429 да нашай эры) пад агульным кіраўніцтвам Фідыя. Акропаль — адно з найб. велічных дасягненняў ант. дойлідства, гарманічны па маштабе збудаванняў, прасторавай арганізацыі, арганічна звязаны з натуральным асяроддзем. Ансамбль акропаля складаюць: парадны ўваход Прапілеі (437—432 да нашай эры, арх. Мнесікл), храм Ніке Аптэрас на выступе крапасной сцяны (449—420 да нашай эры, арх. Калікрат), гал. храм — Парфенон (447—438 да нашай эры), храм Афіны і Пасейдона-Эрэхтэя — Эрэхтэён (421—406 да нашай эры). Т.зв. доўгія сцены (каля 455—445) злучалі Афінскі акропаль з портам Пірэй і Фалерскай гаванню. З Пд да акропаля прымыкаюць тэатр Дыяніса (6 ст. — 326 да нашай эры), адэон Перыкла (5 ст. да нашай эры) і інш. Афінскі акропаль уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны.

Афінскі акропаль.
Афінскі акропаль. Рэканструкцыя.

т. 2, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПІЛЕ́І, прапілон (ад грэч. popylaion перад дзвярыма, уваход),

парадны праход, праезд, утвораны сім. каланадамі ці порцікамі, размешчанымі па восі руху. Характэрны для архітэктуры Стараж. Грэцыі (П. Акропаля ў Афінах, 437—432 да н.э., арх. Мнесікл) і Рыма (П. свяцілішча ў Баальбеку, 1—3 ст., Ліван), дзе іх будавалі пры гал. уваходзе на акропаль ці ў свяцілішча. Пашыраны ў перыяд класіцызму (П. ў Мюнхене, Германія, 1846—60, арх. Л.​Кленцэ). У 2-й пал. 19—20 ст. ўзводзіліся як ч. асабліва ўрачыстых арх. комплексаў ці збудаванняў, якія мелі мемар. значэнне (П. Смольнага ін-та ў С.-Пецярбургу, 1923—25, арх. У.​Шчуко, У.​Гельфрэйх; набярэжнай р. Волга ў Валгаградзе, 1952, арх. В.​Сімбірцаў, І.​Фіялка; комплексу на Піскароўскіх могілках у С.-Пецярбургу, 1960, арх. А.​Васільеў, Я.​Левінсон).

С.​А.​Сергачоў.

Прапілеі Акропаля ў Афінах. Арх. Мнесікл. 437—432 да н.э.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)