Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́МНІ ПАЛА́Цу Санкт-Пецярбургу,
помнік рас. архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1754—62 арх. В.В.Растрэлі ў стылі барока. У плане мае форму магутнага карэ з унутраным дваром; фасады выходзяць на Няву, Адміралцейства і Дварцовую плошчу. Будынак грандыёзных памераў (больш за 1000 пакояў) з фасадамі рознага вырашэння, з выступамі-рызалітамі, акцэнтаваннем ступеньчатых вуглоў, зменлівым рытмам калон стварае ўражанне пластычнай моцы і ўрачыстасці. Пышнае аздабленне фасадаў падкрэслівае параднае прызначэнне будынка. Інтэр’еры З.п. неаднаразова перабудоўваліся. Пасля пажару 1837 фасады і парадныя залы аднавіў арх. В.П.Стасаў, унутр. памяшканні — арх. А.П.Брулоў. Быў рэзідэнцыяй расійскіх імператараў. У 1922 перададзены Эрмітажу.
Зімні палац у Санкт-Пецярбургу. Бакавы фасад. Арх. В.Растрэлі. 1754—62.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРА́СА (франц. cuirasse ад cuir скура),
від засцерагальнага ўзбраення, прызначанага для засцярогі грудзей і спіны воіна ад халоднай і агнястрэльнай зброі. Складалася з 2 пласцін, выгнутых па форме спіны і грудзей (часам толькі з адной грудной пласціны) і злучаных спражкамі на плячах і баках. У старажытнасці і ў раннім сярэдневякоўі выраблялася з лямцу і скуры, з 13 ст. з жалеза (маса жал. К. да 10 кг, таўшчыня да 3,5 мм). У канцы 16 — пач. 18 ст. складала ч. ўзбраення коннікаў асобных часцей цяжкай кавалерыі ВКЛ. У канцы 16 — пач. 20 ст. К. выкарыстоўвалася ў зах.-еўрап. і рас. (з пач. 18 ст.) арміях кірасірамі (з 1860-х г. толькі як параднае ўзбраенне).
Нагруднік кірасы са збраёўні князёў Радзівілаў у Нясвіжы. 17—18 ст.