бел.нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. У кампазіцыйнай аснове танца 2 рады выканаўцаў мяшанага складу адзін супраць аднаго сыходзяцца да сярэдзіны танц. пляцоўкі, потым вяртаюцца на месца, выконваючы двайны прытуп з падскокамі на абедзвюх нагах папераменна, у заключэнні фігуры — двайны прытуп без падскокаў. Выконваецца пад гармонік ці інш.муз. інструмент і калект. выкананне прыпевак удзельнікамі абодвух радоў папераменна. Часам выконваецца варыянт асн. фігуры: адзін рад танцуе на месцы, 2-і на яго наступае, потым вяртаецца на месца, і наадварот. Пашыраны на Брэстчыне, Гомельшчыне. Існуе сцэнічны варыянт танца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЧНЕВЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб, што ўтвараюцца ў горных раёнах пад покрывам сухіх вечназялёных лясоў і хмызнякоў ва ўмовах папераменна-вільготнага субтрапічнага клімату. Маюць карычневую афарбоўку, якая ўнізе паступова святлее. Асн. падтыпы: вышчалачаныя, тыповыя і карычневыя карбанатныя. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Закаўказзі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы.
Характарызуюцца непрамыўным тыпам воднага рэжыму, значным агліненнем (на 30—60 см), насычанасцю кальцыем, нейтральнай рэакцыяй. Магутнасць гумусавага гарызонта 30—40 см. Выкарыстоўваюцца пад пасевы збожжавых, сады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ДОМОСТИ» пятроўскія,
першая руская друкаваная газета. Засн. паводле ўказа Пятра I. Выдавалася з 16.12.1702 (па інш. звестках з 2.1.1703) да 1917 спачатку ў Маскве (да 1711), потым папераменна ў Пецярбургу і Маскве. Мяняла назвы: «Ведомости», «Ведомости московские», «Ведомости о военных и иных делах...» і інш. Выходзіла неперыядычна. Друкавала звесткі пра поспехі прам-сці, асветы і гандлю, паведамленні пра перамогі арміі і флоту, замежную інфармацыю. З 1728 выходзіла пад назвай «Санкт-Петербургские ведомости».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛАНЕ́ЛА, віланель (італьян. villanella ад лац. villanus сялянскі, вясковы),
лірычны верш цвёрдай страфічнай будовы. Бярэ вытокі ў сярэдневяковай італьян. і франц. песеннай паэзіі. Складаецца з шасці 3-радковых строф, сярэднія радкі якіх рыфмуюцца паміж сабою. Пачатковы і заключны радкі 1-й страфы, звязаныя кальцавой рыфмай, папераменна паўтараюцца ва ўсіх астатніх тэрцэтах. Завяршае віланелу радок 1-й страфы. У бел. паэзіі гэту страфічную форму выкарыстаў С.Панізнік у вершы «Дзень развітання».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ТЭА́ТР ДЭ́ШНЕР,
першы пастаянны тэатр у Гродне. Існаваў у 1802—09. Арганізатар і антрэпрэнёр польская актрыса С.Дэшнер. Напачатку кіравала т-рам на парытэтных асновах з артыстам і антрэпрэнёрам Я.Шыманскім, іх трупы ігралі папераменна, у 1803 аб’ядналіся. У 1806 (пасля смерці Дэшнер) т-р узначаліў Шыманскі. У рэпертуары былі франц. камічныя оперы і італьян. опера-буфа, муз.-сцэнічныя пастаноўкі польскіх кампазітараў, драм. творы.
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990. С. 252—255;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983. С. 229—230, 237.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСО́РБЕР,
асноўны апарат тэхн. установак для адсорбцыі. Адрозніваюць адсорбер перыядычнага і бесперапыннага дзеяння (т.зв. гіперсорберы).
У адсорберы перыядычнага дзеяння адсорбцыя і дэсорбцыя адбываюцца папераменна: спачатку адсарбент насычаюць пэўным рэчывам, потым яго адганяюць, кандэнсуюць, сушаць гарачым газам і пасля ахаладжэння паўтараюць цыкл. У гіперсорберах зярністы адсарбент перамяшчаецца па вертыкальнай калонцы, у верхняй частцы якой адбываецца адсорбцыя, у ніжняй пад дзеяннем нагрэву — дэсорбцыя. Выкарыстоўваецца таксама адсорбер бесперапыннага дзеяння з кіпячым (псеўдазвадкаваным) слоем адсарбенту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАТЫ́НСКІЯ,
княжацкі род герба «Астоя». Заснавальнік роду князь Аляксандр Андрэевіч (15 ст.), старэйшы сын удзельнага князя Андрэя Усеваладавіча Шуціхі Мезецкага з роду чарнігаўскіх князёў. Прозвішча паходзіць ад с. Баратынь паблізу Мезецка (Калужская вобл.). Аляксандр Андрэевіч і яго сыны служылі папераменна то вял. князям маскоўскім, то вял. князям ВКЛ. У час руска-літ. войнаў пач. 16 ст. ўнук Аляксандра Андрэевіча, Іван Львовіч, не пажадаў заставацца ў сваёй вотчыне, якая трапіла пад уладу Масквы, і з’ехаў у ВКЛ. Ён стаў заснавальнікам лукомскай галіны роду Баратынскіх, асн. уладаннем якой была частка Лукомскага княства. Ад Мікалая, сына Івана Львовіча, пайшла аршанская лінія роду Баратынскіх, якія з 17 ст. ўсё радзей карысталіся княжацкім тытулам. У Польшчы жылі Баратынскія герба «Корчак» і «Сякера».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРАВЫ́ СПОРТ,
від спорту, спаборніцтвы ў падыманні цяжару (гір). Конкурсы асілкаў маюць глыбокую гісторыю, асабліва ў краінах СНД, дзе найб. папулярны гіравы спорт. Аднак адзіныя правілы спаборніцтваў распрацаваны Міжнар. федэрацыяй гіравога спорту толькі ў 1994. Паводле іх спаборніцтвы праводзяцца ў 7 вагавых катэгорыях — ад 60 да больш як 90 кг. Пераможца вызначаецца па выніках двухбор’я (штуршок і рывок). Першае практыкаванне выконваецца абедзвюма рукамі адначасова, другое папераменна левай і правай з перахопам снарада. На кожнае практыкаванне адводзіцца 20 мін. Маса гіры 32 кг.
Усе вышэйшыя дасягненні ў гіравым спорце на канец 1996 належаць спартсменам Расіі. Бел. федэрацыя гіравога спорту дзейнічае з 1988. Найб. поспехаў з бел. гіравікоў дасягнулі В.Лянглер (чэмпіён Еўропы 1994), В.Калмук — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (4 разы) і Еўропы (1994), а таксама В.Харанека, які неаднаразова ставіў рэкорды з гірамі для Кнігі рэкордаў Гінеса. У 1996 у Мінску праходзіў 4-ы чэмпіянат свету па гіравому спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ША,
1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл.Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКАВЯ́К (польск. krakowiak),
польскі нар. танец. Узнік у Кракаўскім ваяв. (адсюль назва). Адметны дакладным рытмам, засн. на хуткім руху восьмых з частымі сінкопамі (звычайна ў цотных тактах); памер 2/4, тэмп хуткі. Як і паланэз, наз. «вялікім танцам», меў урачысты характар вайск. шэсця. У канцы 18 — пач. 19 ст. спрыяў працэсу ўсталявання самабытнасці польск. прафес.муз. культуры. З пач. 19 ст. папулярны ў Еўропе як бальны танец. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з найб. пашыраных на Беларусі нар. танцаў. Выконваўся парамі, часам і тройкамі (хлопец і 2 дзяўчыны) у суправаджэнні прыпевак. У яго аснове хуткі бег па крузе з моцнымі прытупамі папераменна правай і левай нагой на сінкопах (8 тактаў) і вярчэнне на месцы (8 тактаў). Вядомы лакальныя варыянты ў Лунінецкім, Пінскім і інш. р-нах. На вёсцы нярэдка аб’ядноўваецца з полькай. Бытуе і цяпер. Рытмы К. выкарыстоўвалі кампазітары Ф.Шапэн, К.Шыманоўскі, К.Пендарэцкі (Польшча), М.Глінка, Б.Асаф’еў (Расія), Г.Вагнер (Беларусь).