ПА́ПАРАЦІ, папарацепадобныя (Polypodiophyta),

аддзел вышэйшых споравых раслін. 3 кл.: поліпадыяпсіды, маратыяпсіды, вужоўнікавыя, ці офіягласапсіды; 300 родаў, каля 12 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Найб. колькасць відаў, якія адрозніваюцца паводле жыццёвых форм (наземныя, наскальныя, водныя П., эпіфіты, ліяны, дрэвападобныя П.) — у тропіках. На Беларусі 10 сям., 25 відаў. У Чырв. кнігу занесены 7 відаў П.: граздоўнікі віргінскі і рамонкалісты, касцянец пасценны, мнаганожка звычайная, пузырнік судэцкі, сальвінія плывучая, чыставуст каралеўскі.

Пераважна шматгадовыя, травяністыя або дрэвападобныя расліны з прыдаткавымі каранямі, сцёбламі і лісцем выш. ад некалькіх міліметраў да 25—30 м. Лісце (вайі) буйное, расчлененае, радзей суцэльнае, даўж. ад 2—4 мм да 30 м. Часта сумяшчае функцыі фотасінтэзу і споранашэння, у шэрагу П. яно дыферэнцыравана на стэрыльнае (фотасінтэзуючае) і са спарангіямі (фертыльнае), якія сабраны на ніжняй паверхні ліста. Са спор вырастае гаплоіднае палавое пакаленне — гаметафіт. Пасля апладнення, якое адбываецца пры наяўнасці вады, з зіготы ўтвараецца новы дыплоідны спарафіт. Вегетатыўнае размнажэнне — кавалкамі карэнішчаў, прыдаткавымі пупышкамі і інш. Адна з найб. стараж. груп вышэйшых раслін. Важны кампанент у наглебавым покрыве лясоў, вільготных лугоў і балот. Лек., харч., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Флора Европейской части СССР. Т. 1. Л., 1974;

Жизнь растений. Т. 4. М., 1978.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Зарастак папараці 4/500

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАФІ́ТЫ [ад літа... + ...фіт(ы)], петрафіты,

расліны, якія растуць на камянях, скалах ці ў іх расколінах. Першасныя агенты разбурэння скал. Напачатку на камянях пасяляюцца бактэрыі і водарасці, потым лішайнікі і імхі, на якіх вырастаюць вышэйшыя расліны — аўсяніца, званочкі, папараці, з дрэвавых парод — хвоя, ядловец і інш. Каранёвая сістэма Л. паглыбляецца і пашырае расколіны горных парод.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГЕЛЬМІ́НТЫКІ, антыгельмінтныя сродкі, проціглісныя сродкі,

лекавыя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для лячэння гельмінтозаў. Бываюць прыроднага паходжання (цытвора, экстракт мужчынскай папараці) і сінтэтычныя (хлаксіл, дытразін і інш.). Вынішчаюць гельмінтаў, разбураючы покрывы іх цела (фенасал, гептылрэзарцын), або ўздзейнічаюць на нерв.-мышачную сістэму, прыгнечваюць рухальную актыўнасць паразітаў і забяспечваюць выдаленне іх з арганізма (сантанін, дытразін, піперазін, нафтамон і інш.).

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАСПАРЫ́Я (ад апа... + спора),

развіццё гаметафіта ў некаторых вышэйшых раслін з вегетатыўнай клеткі спарафіта без утварэння спораў (гаплоіднай фазы развіцця). Напр., зарастка папараці з тканкі або ножкі спарангія; развіццё зародкавага мяшка ў пакрытанасенных з клетак семязавязі (нуцэлуса і інш.) без рэдукцыйнага дзялення (меёзу). Звычайна спалучаецца з рознымі формамі апаміксісу або з палавым працэсам.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́ЙСКІ ВУЛКАНІ́ЧНЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Hawaii Volcanoes National Park),

на в-ве Гаваі, тэр. ЗША. Засн. ў 1916. Пл. 99 тыс. га. Выш. да 4170 м (вулкан Маўна-Лоа). Вільготныя трапічныя лясы і хмызнякі. Ахоўваецца унікальная флора (дрэвападобныя папараці і інш.) і эндэмічная фауна (гал. чынам птушкі і насякомыя) трапічных дажджавых лясоў. Раён актыўнай вулканічнай дзейнасці (вулканы Маўна-Лоа і Кілаўэа). Біясферны рэзерват.

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЕ́ННЫЯ РАСЛІ́НЫ, сперматафіты (Spermatophyta),

вышэйшыя (сасудзістыя) расліны, што ўтвараюць насенне. Да Н.р. адносяць голанасенныя і пакрытанасенныя, або кветкавыя расліны. Інш. вышэйшыя расліны: дзеразападобныя, мохападобныя, папараці, хвошчападобныя, псілотавыя і рыніяфіты насення не ўтвараюць. У Н.р. гаметафіт рэдукаваны і развіваецца на спарафіце Размнажэнне насеннем — прагрэсіўнае прыстасаванне ў параўнанні з размнажэннем спорамі. Адыгрываюць важную ролю ва ўтварэнні расліннага покрыва Зямлі і ў гасп. дзейнасці чалавека.

т. 11, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕГО́НІЙ (ад грэч. archē пачатак + gonē нараджэнне),

жаночы орган палавога размнажэння ў моха- і папарацепадобных, некаторых голанасенных раслін, водарасцяў і грыбоў. Па наяўнасці архегонія яны вылучаюцца ў асобную групу раслін — археганіятаў. У імхоў мае выгляд колбы: у пашыранай брушной частцы знаходзіцца яйцаклетка, над ёй брушная канальцавая клетка, у вузкай — шэраг дробных шыйных канальцавых клетак, якія расплываюцца ў слізь, раскрываюць шыйку архегонія і садзейнічаюць пранікненню да яйцаклеткі сперматазоідаў.

Архегоній: 1 — імху; 2 — папараці; 3 — два архегоніі хвоі.

т. 1, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПО́РАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

філагенетычна гетэрагенная група раслін, якія размнажаюцца і распаўсюджваюцца пераважна спорамі, што ўтвараюцца бясполым і палавым шляхам. Да іх адносяць водарасці і вышэйшыя С.р. (мохападобныя, дзеразападобныя, хвошчападобныя, папараці, шэраг выкапнёвых раслін), а таксама лішайнікі і грыбы. Бясполае размнажэнне грыбоў, водарасцей і лішайнікаў адбываецца рухомымі зааспорамі, нерухомымі апланаспорамі, спарангіяспорамі; палавое — ааспорамі, зігаспорамі; таксама магчыма вегетатыўнае размнажэнне (аідыі, хламідаспоры, гемы). У вышэйшых С.р. бясполае размнажэнне адбываецца спорамі, што ўтвараюцца ў спарангіях спарафітаў. С.р. проціпастаўляюць насенным раслінам — голанасенным і пакрытанасенным, што размнажаюцца і распаўсюджваюцца насеннем.

т. 15, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРЭ́ВІЧ Уладзіслаў Аляксандравіч (8.8.1882, Масква — 1965),

расійскі мастак, аператар, рэжысёр, заснавальнік рас. анімацыйнага кіно. Адкрыў тэхн. прынцып аб’ёмнай мультыплікацыі, першы з рас. кінематаграфістаў звярнуўся да графічнай мультыплікацыі. З 1919 жыў і працаваў у Францыі. Сярод лепшых фільмаў; «Помста кінематаграфічнага аператара» (1912), «Страказа і мурашка» (1913), «Певень і Пегас» (1914), «Маленькі народ» (1930), «Рэйнеке-Ліс» (1939), «Кветка папараці» (1949, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. З 1913 ставіў ігравыя фільмы, здымаўся як акцёр. Распрацаваў шматлікія прыёмы аператарскага мастацтва, трукавыя і камбінаваныя здымкі.

т. 15, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)