Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЯШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Chelidae),
сямейства паўзуноў падатр.бакашыйных чарапах. 10 родаў, больш за 30 відаў. Пашыраны ў рэках і азёрах Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Новай Гвінеі. Найб. вядомыя З.ч.: аўстралійская (Chelodina longicollis), гідрамедузы (Hydromedusa), махрыстая, або матамата (Chelus fimbiriatus). Несапраўдная эмідура, якая жыве ў Паўд.-Зах. Аўстраліі, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. панцыра да 40 см. Характэрна доўгая шыя, якая разам з галавой закладваецца збоку пад панцыр, а не ўцягваецца ўнутр.Панцыр звычайна значна пляскаты. Адкладваюць 15—20 яец. Драпежныя. Некат. — аб’екты палявання (мяса, яйцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЧАРАПА́ХІ (Cheloniidae),
сямейства чарапах. 4 роды, 6 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах; мігрыруюць на тысячы кіламетраў. Жывуць у вадзе, на сушу выходзяць для адкладкі яец. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП. Найбуйнейшая М.ч. — зялёная, або супавая (Chelonia mydas).
Даўж. яе панцыра да 1,4 м, маса да 400 кг. Панцыр М.ч. невысокі, абцякальнай формы, укрыты рагавымі шчыткамі. Галава і кароткая шыя не поўнасцю хаваюцца пад панцыр. Канечнасці — ласты; пярэднія — веслападобныя з кіпцюркамі, даўжэйшыя за заднія. Хутка плаваюць, глыбока ныраюць. Кормяцца малюскамі, рыбай, водарасцямі. Адкладваюць да 200 яец. Гл. таксама Біса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Pleurodira),
падатрад паўзуноў. 2 сям.: пеламедузавыя і змеяшыйныя чарапахі, 13 родаў, 45 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі, а-воў Мадагаскара і Новай Гвінеі.
Даўж. панцыра 30—77 см. Шыя доўгая; могуць выгінаць яе ўбок і закладваць пад панцыр. Ногі пераважна пляскатыя, на пальцах плавальныя перапонкі. Кормяцца дробнымі рыбамі. Мяса і яйцы некаторых выкарыстоўваюць у ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХАЗА́ЎРЫ (Archosauria),
самы вялікі падклас выкапнёвых паўзуноў. 5 атр.: тэкадонты (зыходная група архазаўраў), кракадзілы, дыназаўры яшчара- і птушкатазавыя, птэразаўры (лятучыя яшчары). Знойдзены ў адкладах верхняй пярмі на ўсіх кантынентах. Насялялі сушу, прэсныя і марскія воды, паветра.
Даўж. да 35 м, маса да 50 т. Пярэднія канечнасці карацейшыя і слабейшыя за заднія. Чэрап з дзвюма скроневымі ўпадзінамі. У многіх скурны панцыр. Драпежнікі і раслінаедныя. У сучаснай фауне прадстаўлены толькі кракадзіламі. Ад архазаўраў паходзяць птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКІЛАЗА́ЎРЫ,
(Ankylosauria), панцырныя дыназаўры, падатрад выкапнёвых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў. Рэшткі вядомы з адкладаў сярэдняй і верхняй юры Зах. Еўропы і мелу Паўн. Амерыкі, Зах. Еўропы і Аўстраліі. 2 сям., каля 25 родаў, 40 відаў.
Даўж. да 9 м. Мелі шырокае, сплюшчанае цела, зверху ўкрытае касцянымі шыпамі і панцырнымі пласцінкамі, злітымі ў суцэльны панцыр (адсюль другая назва). На канцы хваста, які служыў актыўным сродкам абароны ад драпежных дыназаўраў, былі вострыя шыпы. Карміліся расліннасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬ (Boulle, Boule) Андрэ Шарль (11.11.1642, Парыж — 28.2.1732), французскі майстар маст. мэблі. З 1672 прыдворны майстар Людовіка XIV. Распрацаваў свой варыянт тэхнікі інтарсіі, т.зв.маркетры (мазаічны ўзор), шырока выкарыстаўшы эбенавае дрэва, слановую косць, перламутр, чарапахавы панцыр, медзь, бронзу і волава. Мэбля з майстэрні Б. (з ім працавалі яго 4 сыны) эвалюцыяніравала ад класіцызму 17 ст. да ракако; зберагаецца ў Луўры, Версалі, Фантэнбло, Музеі Клюні (Парыж) і інш. Імітацыя работ Буля (пераважна ў 19 ст., т.зв. стыль Буля) сустракаецца ва ўсёй Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ВО́ЖЫКІ (Echinoidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 500 млн. гадоў назад). 2 падкласы, каля 2 тыс. вымерлых і 800 сучасных відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7 км. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі знойдзены ў верхнемелавых адкладах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Памеры ад 2 мм да 30 см. Цела ўкрыта радамі шкілетных пласцінак, што ўтвараюць панцыр і нясуць рухомыя іголкі і педыцылярыі (шкілетныя ўтварэнні ў форме шчыпчыкаў, якія выконваюць пераважна абарончую функцыю). Рухаюцца з дапамогай іголак і амбулакральных ножак. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам. Раздзельнаполыя. Развіццё з плаваючай лічынкай; некат, жывародныя. Аб’ект промыслу (ікра).