БАЛАНТЫДЫЁЗ,

балантыдыяз, інвазійная хвароба свіней, буйной рагатай жывёлы, трусоў і чалавека, якая пашкоджвае сценкі тоўстага кішэчніка. Узбуджальнікі — паразітычныя інфузорыі з роду Balantidium. Рэгіструецца ўсюды, у т. л. на Беларусі. Найчасцей хварэюць парасяты і падсвінкі. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы. Заражэнне адбываецца праз ежу, кармы, ваду, гной, ад брудных рук. Заглынутыя цысты ў кішэчніку ператвараюцца ў інфузорый, якія выклікаюць запаленне кішэчніка з утварэннем язваў, з’яўляецца панос з дамешкамі слізі і крыві, знясіленне. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Дызентэрыя.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНІТО́З

(ад арніта... + ...оз),

псітакоз, вострая інфекцыйная хвароба дзікіх і свойскіх птушак, млекакормячых жывёл і чалавека. Узбуджальнік — хламідыя Chlamidia psittaci. У птушак суправаджаецца пашкоджаннем парэнхіматозных органаў, кішэчніка, паветраносных мяшкоў, ц. н. с. Крыніца інфекцыі — хворыя і перахварэлыя птушкі, асабліва ўспрымальны да яе маладняк. У мэтах прафілактыкі ўводзяць каранцін на птушкафермах, робяць дэзінфекцыю. Жывёлы і чалавек заражаюцца ад птушак і праз інфіцыраваныя яйцы. Характэрныя прыкметы: слабасць, санлівасць, панос, адсутнасць апетыту, дрыжыкі, выдзяленні з носа, цяжкае дыханне, кан’юнктывіт, паралічы, запаленне лёгкіх. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУНАСТАМО́З,

гельмінтозная хвароба жвачных, якая выклікаецца нематодамі Bunostomum trigonocephalum (у авечак і коз) і В. phlebotomum (пераважна ў буйн. раг. жывёлы), што паразітуюць у тонкіх кішках.

Яйцы нематодаў трапляюць з фекаліямі ў навакольнае асяроддзе, дзе з іх вылупляюцца лічынкі, якія дасягаюць інвазійнай стадыі за 3—7 сутак. Жывёлы заражаюцца праз забруджаны лічынкамі корм або ваду, а таксама праз скуру. Паразіты жывуць у кішэчніку гаспадара (буйн. і дробнай раг. жывёлы) каля года. Клінічна выяўляецца толькі ў маладняку (змардаванне, адставанне ў развіцці і росце, скурныя высыпкі, сверб, панос, анемія, ацёкі, у цялят — лізуха). Назіраецца часцей летам, бывае і зімой.

т. 3, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАРЫДО́З,

інвазійная хвароба свіней і чалавека, якая выклікаецца аскарыдамі. Пашкоджваецца тонкі кішэчнік (дарослыя паразіты) і парэнхіматозныя органы (лічынкі). Лічынкі ў кішэчніку выходзяць з яец аскарыдаў, якія заглынаюцца з вонкавага асяроддзя, з крывёй заносяцца ў печань, потым у лёгкія, ротавую поласць і зноў у кішэчнік. Праз 1,5—2 мес яны развіваюцца ў дарослых паразітаў.

У жывёл часцей хварэе маладняк да 6—7 месячнага ўзросту. Павышаецца т-ра цела, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца дыханне, паяўляюцца кашаль, ірвота, панос, часам — сутаргі, на скуры можа быць высыпка. У чалавека адрозніваюць 2 стадыі: раннюю — міграцыйную і познюю — кішачную. Першая часцей праходзіць бессімптомна. Пры другой (кішачнай) адзначаюцца моташнасць, недамаганне, болі ў страўніку, слінацячэнне, пагаршэнне апетыту, галаўны боль, галавакружэнне, павышаная стамляльнасць. Пры множнай інвазіі дзеці ў сне скрыгочуць зубамі; у іх можа ўзнікаць бранхіт, астматычнае ўдушша, малакроўе, нервовасць, рассеянасць. Магчымы ўскладненні: гнойны халецыстыт, абсцэс печані, перытаніт, сепсіс, панкрэатыт, апендыцыт; закупорка клубком аскарыдаў прасвету кішэчніка можа выклікаць непраходнасць кішэчніка. Лячэнне праводзіць урач.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТУЛІ́ЗМ

(ад лац. botulus каўбаса),

вострая атручальна-інфекцыйная хвароба з пераважным пашкоджаннем нерв. сістэмы. У чалавека выклікаецца таксінамі бактэрыі Clostridium batulinum, якія трапляюць у арганізм з няякаснымі харч. прадуктамі (мяса, рыба, кансервы і інш.). Большасць выпадкаў батулізму звязана з дамашнім кансерваваннем. Мікробы батулізму распаўсюджаны ў глебе ў выглядзе спораў, вадзе, кішэчніку рыб, у хворых жывёл і чалавека. У працэсе вегетацыі і размнажэння (пры адсутнасці кіслароду) яны ўтвараюць таксін.

Прыкметы хваробы: агульная слабасць, моцны галаўны боль, параліч мышцаў. У некаторых хворых моташнасць, ірвота, панос, сухасць слізістых рота, смага. Адначасова ці пазней назіраюцца спецыфічныя сімптомы батулізму: парушэнне зроку («туман», «мушкі», «сетка» перад вачамі), дваенне прадметаў, хворы не можа чытаць, расшырэнне зрэнкаў, апушчэнне павекаў, нерухомасць вочных яблыкаў; замінка глытання («камяк» у горле, боль пры глытанні); невыразная мова, слабы, гугнявы голас або поўная яго адсутнасць (афанія). Пры цяжкай форме батулізму — расстройства дыхання (цяжкасць і ціск у грудзях, не хапае паветра, парушэнне рытму дыхання), што можа выклікаць запаленне лёгкіх. Тэмпература цела нармальная або крыху павышаецца, свядомасць захоўваецца. Лячэнне: спецыфічная антытаксічная сываратка і антыбіётыкі, салявыя растворы з аскарбінавай кіслатой, какарбаксілазай, прамыванне страўніка і кішак. Прафілактыка: выкананне асн. санітарна-гігіенічных правілаў апрацоўкі, транспарціроўкі, захавання і прыгатавання харч. прадуктаў. У жывёл атручэнне бывае ад няякаснага корму, у якім ёсць таксін палачкі батулінусу. Крыніца інфекцыі — глеба, а таксама трупы звяркоў (кратоў, мышэй, пацукоў). Асн. сімптомы — параліч мускулатуры, пераважна жавальнага і глытальнага апаратаў. Часцей атручваюцца коні, птушкі, радзей буйн. раг. жывёла і свінні, з пушных звяроў — норкі. Інкубацыйны перыяд 24 гадз — 10—12 дзён. Хвароба цягнецца 1—5, радзей 5—10 дзён. Лек. сродкі: слабіцельныя і полівалентныя сывараткі, прамыванне страўніка растворам марганцавакіслага калію, содай.

П.Л.Новікаў.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)