ЭШЭРЫХІЁЗ, колібактэрыёз,
група інфекцыйных захворванняў чалавека і жывёл, якія выклікаюцца ўмоўна-патагеннымі або патагеннымі кішэчнымі палачкамі. У чалавека пашкоджваюць пераважна кішэчнік, таксама мочавывадныя і дыхальныя шляхі і інш. Часцей хварэюць дзеці (нават нованароджаныя). Крыніца інфекцыі — хворы на Э. або носьбіт патагеннай эшэрыхіі. Заражэнне фекальна-аральным шляхам пры ўжыванні заражанай ежы або вады; у бальніцах кантактным шляхам. Прыкметы: панос, ірвота, агульная інтаксікацыя. абязводжванне арганізма. Найб. цяжка Э. працякае пры заражэнні энтэрагемарагічнымі эшэрыхіямі (пры гэтай форме хваробы прыбягаюць да гемадыялізу). Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл хварэюць пераважна цяляты. парасяты. ягняты. Асн. крыніца інфекцыі — хворы і перахварэлы маладняк, а таксама дарослыя жывёлы-носьбіты ўзбуджальнікаў.
А.А.Астапаў.
т. 18, кн. 1, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)