Панамскі канал 1/296; 5/370; 8/76, 79

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНА́МСКІ ЗАЛІ́Ў (Golfo de Panamá),

заліў у Ціхім акіяне, каля ўзбярэжжа Панамы. Уразаецца ў бераг Панамскага перашыйка на 140 км, пл. 37 тыс. км², шыр. каля ўвахода 185 км, глыб. да 3200 м. А-вы Жамчужныя. Прылівы паўсутачныя (да 6,4 м). На паўн. беразе П.з. пачынаецца Панамскі канал, пры ўваходзе ў які размешчаны парты Панама і Бальбоа.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНА́МСКІ ПЕРАШЫ́ЕК (ісп. Istmo de Panama, англ. Isthmus of Panama),

найбольш вузкая ч. Цэнтр. Амерыкі ў Панаме, злучае мацерыкі Паўн. і Паўд. Амерыкі. Абмываецца Карыбскім м. і Панамскім зал. Ціхага акіяна. Найменшая шыр. 48 км. Нізінная ўзгорыстая раўніна выш. да 180 м. Складзена пераважна з вулканічных парод. Вечназялёныя трапічныя лясы і саванны. У найб. нізкай ч. П.п. Панамскі канал.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНА́МСКІ КАНА́Л (ісп. Canal de Panama, англ. Panama Canal),

штучны водны шлях міжнар. значэння на тэр. Панамы ў Цэнтр. Амерыцы, праз Панамскі перашыек у самай вузкай яго частцы. Злучае Атлантычны і Ціхі акіяны. Даўж. 81,6 км, у т. л. 65,2 км па сушы і 16,4 км па дне бухты Лімон Карыбскага м. і Панамскага зал., шыр. 150—305 м, глыб. па фарватэры 12,8—25,9 м; 12 шлюзаў. Штогадовы аб’ём перавозак каля 154 млн. т, доля транзіту больш за 80%. Штогод праз П.к. праходзяць больш за 14 тыс. грузавых суднаў. Каля Атлантычнага ўвахода ў П.к. порты Крыстобаль і Калон, каля ціхаакіянскага — Бальбоа і Панама.

Ідэя будаўніцтва П.к. існавала і абмяркоўвалася з пач. 16 ст. У 1879 рэалізацыю гэтага праекта пачала Францыя, якая выкарыстала супярэчнасці паміж ЗША і Вялікабрытаніяй і ўзяла канцэсію на буд-ва канала ва ўрада Калумбіі. Крах франц. акц. кампаніі (1888, гл. «Панама») і націск з боку амер. і брыт. ўрадаў прымусілі Францыю ў 1902 прадаць свае правы ЗША. У 1903, пры падтрымцы ЗША, Панама аддзялілася ад Калумбіі, і далейшыя пытанні, звязаныя з буд-вам і функцыянаваннем канала, рэгуляваліся Амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновае карыстанне Панамскага канала зону, права будаваць і эксплуатаваць канал. Першае судна прайшло праз П.к. 15.8.1914, афіцыйна канал адкрыты 12.6.1920. Паводле амер.-панамскіх дагавораў 1977 П.к. з 1.1.2000 перайшоў пад кантроль Панамы.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУ́НЬЕС ДЭ БАЛЬБО́А ((Núñez de Balboa) Васка) (каля 1475, г. Херэс-дэлос-Кабальерас, Іспанія — 1517),

іспанскі канкістадор. У 1500 адправіўся ў Амерыку на в-аў Эспаньёла (цяпер Гаіці). У 1510 пераправіўся на Панамскі перашыек, у новую ісп. калонію, адкуль у пошуках зручнага шляху ў Перу у 1513 упершыню перасек Панамскі перашыек і дасягнуў берагоў Ціхага ак., які назваў Паўднёвым м. У пач. 1517 абвінавачаны ісп. губернатарам у змове і пакараны смерцю.

т. 11, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́ЛЫ МІЖНАРО́ДНЫЯміжнар. праве),

штучныя марскія шляхі, якія звязваюць марскія прасторы і выкарыстоўваюцца для міжнар. суднаходства. Знаходзяцца пад суверэнітэтам той дзяржавы, на тэрыторыі якой размешчаны. Рэжым плавання праз К.м. рэгулюецца міжнар. пагадненнямі (напр., Панамскі, Суэцкі каналы) або толькі ўнутр. правам тэр. суверэна (Кільскі канал). Аднак ва ўсіх выпадках прававы рэжым канала, які прызнаны ў якасці міжнароднага, павінен улічваць інтарэсы міжнар. суднаходства.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНА́МА́ (Panamá),

горад, сталіца Рэспублікі Панама. На беразе Панамскага зал. Ціхага ак. Засн. іспанцамі ў 1519. 464,9 тыс. ж. (1997). Порт каля ўвахода ў Панамскі канал з Ціхага ак., чыг. ст., вузел аўтадарог, праходзіць Панамерыканская шаша. Міжнар. аэрапорт. Эканоміка цесна звязана з абслугоўваннем суднаходства па канале, дзейнасцю порта. Прам-сць: харч., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, мэблевая, цэментная. Вытв-сць сувеніраў. Ун-т Панамы, каталіцкі ун-т, Нац. АН, акадэмія мовы, акадэмія гісторыі. Музеі: Нац., рэліг. каланіяльнага мастацтва і інш. Тэатры, кансерваторыя. Арх. помнікі 17 (у старой П., разбуранай піратамі ў 1671) і 18 ст. Цэнтр турызму.

т. 12, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛ, Голь (Goll) Іван

[сапр. Ланг (Lang) Ісаак; 29.3.1891, г. Сен-Дзье, Францыя — 14.3.1950],

нямецкі і французскі пісьменнік. Першы зб. вершаў «Панамскі канал» (1912) стаў буйной з’явай ням. экспрэсіянізму. З 1914 у Швейцарыі, дзе выдаў кнігі супраць вайны («Інтэрнацыянальныя элегіі», 1915, «Пекла», 1919, і інш.). З 1919 жыў у Францыі, стаў прыхільнікам сюррэалізму. Яго «звышдрамы», напісаныя ў гратэскна-футурыстычнай манеры («Мафусаіл, або Вечны буржуа», 1922, і інш.) прадугадалі сучасны тэатр абсурду. Аўтар трылогіі «Песні пра каханне» (1925—27, разам з жонкай К.​Гол), цыкла вершаў на ням. і франц. мовах «Песня пра Іаана Беззямельнага» (1934—44). У 1939—47 жыў у ЗША.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Сумерки человечества. М., 1990.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАНА́МА»,

«панамскі скандал», жульніцкая афера, звязаная са злоўжываннямі і карупцыяй «Усеагульнай кампаніі міжамерыканскага канала», што была створана ў 1879 у Францыі для арганізацыі работ па пракопванні Панамскага канала. Акцыі гэтай кампаніі набылі 800 тыс. чал. Да 1888 кампанія выдаткавала ў 2 разы больш сродкаў, чым меркавалася, але выканала толькі ​1/3 усіх работ, пасля чаго спыніла плацяжы і будаўніцтва. Разарыліся дзесяткі тыс. дробных акцыянераў. Суд. разбор справы ў 1889—93 высветліў, што кампанія, каб утаіць сваё цяжкае фін. становішча, сістэматычна падкупляла ўплывовых службовых асоб і паліт. дзеячаў, рэдактараў газет і г.д. Расследаванне «П.» выкрыла глыбокую карумпіраванасць апарату Трэцяй рэспублікі і мела шырокі грамадска-паліт. рэзананс. Тэрмін «П.» стаў хадзячай назвай буйных махлярстваў і афер.

т. 12, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНА́МСКАГА КАНА́ЛА ЗО́НА (Panama Canal Zone),

частка тэр. Панамы ў выглядзе паласы шырынёй 16,1 км па абодвух берагах Панамскага канала, статус якой у 1903—99 рэгуляваўся Амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. З 1903 у карыстанні ЗША. Кіравалася губернатарам, якога прызначаў прэзідэнт ЗША, з 1939 падпарадкавана ваен. мін-ву ЗША. Амер. ўрад пабудаваў у П.к.з. ваен.-марскія і авіяц. базы, атрымліваў вялізныя прыбыткі ад эксплуатацыі канала, а Панаме выплачваў адносна невял. арэндную плату. Паводле амер.-панамскага дагавора 1977 Панама з 1982 ажыццяўляе ў П.к.з. цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу. Прадугледжвалася ліквідацыя да 2000 ваен. баз ЗША, але ў канцы 1999 на тэр. зоны яшчэ заставалася 14 амер. ваен. фартоў. З 1.1.2000 пад кантроль Панамы перайшоў і сам Панамскі канал.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)