МА́СЛАЎ (Аляксандр Спірыдонавіч) (22.11.1907, в. Андрэеўскае Каломенскага р-на Маскоўскай вобл. — 26.6.1941),

удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Рас. Федэрацыі (1996). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў (1931), Барысаглебскую 2-ю ваен. школу лётчыкаў (1936), курсы ўдасканалення камсаставу. Ўдзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну камандзір эскадрыллі капітан М. у час бамбардзіроўкі варожай танк. калоны на дарозе Маладзечна—Радашковічы разам з чл. экіпажа самалёта У.​М.​Балашовым, Р.​В.​Рэутавым і Б.​Бейскбаевым накіраваў свой палаючы самалёт на зенітную батарэю праціўніка.

А.С.Маслаў.

т. 10, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́НЦАЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 2.9.1906, г. Астана, Казахстан),

рускі пісьменнік. Скончыў Томскі тэхнал. ін-т (1930). Аўтар навук.-фантаст. раманаў «Палаючы востраў» (1939—40), «Арктычны мост» (1946), «Мол «Паўночны» (1952, новая рэд. «Падводнае сонца», 1970), «Фаэты» (кн. 1—3, 1971—73), «Купал надзеі» (1980—81), «Вастрэй за шпагу» (1983), «Мост дружбы» (1985), аповесцей «Месячная дарога» (1960), «Планета бур» (1959, экранізацыя 1961), «Дар Каісы» (1975), апавяданняў, нарысаў. Асн. тэмы твораў — асваенне Паўн. Ледавітага ак., заваяванне космасу, кантакты з прадстаўнікамі інш. планет.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1977—78.

С.​Ф.​Кузыміна.

т. 7, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭЙ ((May) Уолтэр) (н. 1912, г. Брайтан, Вялікабрытанія),

англійскі паэт і перакладчык. Працаваў мастаком, настаўнікам, рэдактарам-стылістам газ. «Маскоўскія навіны» (на англ. мове). Друкуецца з 1950-х г. Перакладае з рус. і бел. моў. Першыя пераклады з бел. мовы апублікаваў у 1968. Укладальнік і перакладчык анталогіі сучаснай беларускай паэзіі «Цудоўны край Беларусі» (М., 1976). У яго перакладзе на англ. мову выйшлі творы Я.​Купалы «Вершы» (М., 1982) і «Песня сонцу» (Мн., 1982), Я.​Коласа «На прасторах жыцця» (М., 1982) і «Голас зямлі» (Мн., 1982), М.​Танка «Конь і леў» (Мн., 1975), «Быліна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні» (Мн., 1982) і «Палаючы факел» (Мн., 1986) і інш. Аўтар арт. «Самацветы паэзіі» (1972), дзе разглядае некаторыя асаблівасці творчасці Я.​Купалы і Я.​Коласа. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Р.​Барадулін, А.​Вярцінскі, Н.​Гілевіч, В.​Лукша, С.​Панізнік, Я.​Семяжон, У.​Шахавец і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Позняе жніво. Мн., 1982;

У кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;

У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету. Мн., 1977.

Літ.:

Семяжон Я. Беларуская паэзія ў англійскіх перакладах // Далягляды, 78. Мн., 1978.

т. 11, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ БАІ́ 1812,

баі за Віцебск у ходзе вайны 1812 пры адступленні ў ліпені і наступленні ў лістападзе рус. войск. 23 ліп. ў Віцебск увайшла 1-я рус. армія, якая адступала. Яе камандуючы М.Б.Барклай дэ Толі вырашыў даць тут генеральную бітву, бо разлічваў на хуткі падыход 2-й арміі П.​І.​Баграціёна. Аднак 26—27 ліп. Барклаю стала вядома, што французы захапілі Магілёў, а Баграціён адступае на Смаленск, таму ён адмовіўся ад генеральнай бітвы і таксама вырашыў адступаць на Смаленск. Для прыкрыцця адступлення 1-й арміі быў пакінуты ар’ергард ген.-маёра П.​П.​Палена з 8 пях. батальёнаў і 4 кав. палкоў. 27 ліп. ў ходзе бою пры ўпадзенні р. Лучоса ў Зах. Дзвіну рус. войскі стрымлівалі націск франц. дывізій, нанеслі ім страты каля 3 тыс. чал. і самі страцілі столькі ж. У ноч на 28 ліп. 1-я армія скрытна адступіла, увёўшы ў зман Напалеона, які спадзяваўся даць тут генеральную бітву. 2-і бой адбыўся пры вызваленні Віцебшчыны 1-м корпусам П.Х.Вітгенштэйна. Для авалодання Віцебскам з г. Бешанковічы быў адпраўлены атрад ген.-маёра В.​І.​Гарпе з 4 пях. батальёнаў, 5 кав. эскадронаў і інш. падраздзяленняў, які 6 ліст. прыбыў у в. Старое Сяло (на З ад Віцебска), па левым беразе Зах. Дзвіны рушылі 2 эскадроны драгунаў на чале з падпалк. Д.​А.​Сталыпіным. 7 ліст. атрад Гарпе ўварваўся ў Віцебск, перайшоў праз палаючы мост на левы бераг і пасля вулічных баёў выбіў французаў з горада. Былі захоплены запасы харчу і фуражу, сотні палонных, у т. л. франц. віцебскі губернатар ген. Пужэ.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)