Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́Ш (польскае pałasz ад венг. pallos),
ручная халодная зброя, прызначаная для нанясення колючага або сякучага ўдару. Меў даўжыню простага адналязовага клінка 85 см, на канцы завостранага з двух бакоў, і дзяржанне з ахоўнай гардай. З’явіўся ў Еўропе ў 16 ст. і разам з шабляй і шашкай прызначаўся для замены мяча. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 17—18 ст. (быў на ўзбраенні гусараў, драгунаў і інш.). У войску ВКЛ ім таксама ўзбройваліся паштовыя (радавыя кавалерыі нешляхецкага паходжання); афіцэры коннай гвардыі былі ўзброены гвардз. П. з гардай, багата аздобленай пазалотай. У Расіі быў на ўзбраенні з канца 17 да канца 19 ст.; на флоце П., як від абардажнай зброі, меў больш кароткі клінок. Да 1917 П. — частка форменнай амуніцыі гардэмарынаў. У 1940—58 П. насілі курсанты сав. вышэйшых ваен.-марскіх вучылішчаў. У ВМФ Расіі і некаторых інш. дзяржаў П. уваходзіць у склад форменнага рыштунку для асістэнтаў пры Баявым Сцягу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА-ПАСРЭ́ДНІЦА,
1) мова міжнацыянальных (міжэтнічных) і міждзяржаўных зносін (гл.Міжнародныя мовы).
2) У больш вузкім значэнні — мова, праз якую адбылося запазычанне (гл.Запазычанні ў мове) асобных слоў або канструкцый іншамоўнага паходжання. У сучаснай бел. мове вылучаецца значная колькасць лексічных адзінак, у розны час запазычаных з інш. моў. Запазычанне большасці слоў адбывалася праз пасрэдніцтва ў першую чаргу польск. і рус. моў. Напр., праз рус. мову з замежных моў (асабліва з грэч. і лац.) у лексіку бел. мовы прыйшлі словы «аўдыторыя», «варыянт», «ідэя», «кампанент», «мелодыя», «орган», «параграф», «піраміда», «сейф», «трамвай», «утопія» і інш., праз польск. — лац. «колер», ням. «дах», венг. «палаш», італьян. «палац», франц. «пісталет» і інш. У сваю чаргу бел. мова была пасрэдніцай пры запазычанні ў рус. мову слоў з польск. і ням. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ,
від ударнай, сякучай або сякуча-колючай зброі блізкага бою ў старажытнасці і сярэднявеччы ў пяхоце і кавалерыі. Складаецца з клінка (звычайна прамога і двухбаковавострага) і дзяржання (з навершам), адасобленага ад клінка крыжавінай.
Папярэднікі М. — клінкі на касцяной аснове, у якую ўстаўляліся крамянёвыя ўкладышы (вядомы па знаходках эпохі неаліту ў раёне воз. Байкал). Бронзавы М. з’явіўся ў сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. ў краінах Б.Усходу, пазней пашыраны ў Егіпце, Закаўказзі і Зах. Еўропе; жалезны — у пач. 1-га тыс. да н.э. У Еўропе М. спачатку выкарыстоўвалі ў Стараж. Грэцыі ў 16—12 ст. да н.э. (кароткія колючыя і выгнутыя, цяжкія сякучыя). Стараж рымляне ўзбройвалі кароткімі М. (гладыусамі) пяхоту, доўгімі (спатамі) — конніцу. Найб. тыповымі ўзорамі еўрап. М. былі: гальштацкі, латэнскі, саўрамата-сармацкі, франка-аламанскі, каралінгскі, раманскі. З 13 ст. побач з адназахопнымі ўжываліся паўтарачныя, пазней двухзахопныя дзяржанні. Найб. ранняя прыкмета выкарыстання М. на тэр. Беларусі — касцяная імітацыя крыжавіны гэтай зброі з гарадзішча Пруднікі (9 ст.). У Полацку, Гродне, Навагрудку, Друцку і інш. знойдзены цэлыя або фрагменты М. каралінгскага ўзору, у Друцку, Мінску, Ваўкавыску — раманскага ўзору, каля Старых Дарог і ў Мінску — гатычнага ўзору (знаходкі датуюцца 10—14 ст.). Клеймы на клінках М. 10 ст. сведчаць, што яны маюць зах.-еўрап. паходжанне (полацкі) і, верагодна, паўночнага (гродзенскі). Але даныя даследаванняў па гісторыі металургіі і металаапрацоўкі паказваюць, што на Беларусі ўжо ў той час існавалі сыравіна і тэхнал. магчымасці для вытв-сці ўласных клінкоў. Пісьмовыя крыніцы згадваюць палоннага беларуса Ілью, якога прымусілі працаваць у канцы 14 — пач. 15 ст. ў зброевых майстэрнях тэўтонскіх рыцараў. Мечнікі сустракаюцца ў пераліку цэхавых спецыяльнасцей Беларусі ў 16 ст. і больш познія часы. У 16 ст. ў сувязі з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі М. выйшаў з ужытку ў пяхоце, а ў кавалерыі заменены на палаш, шаблю або шпагу. Як асн. від клінковай зброі М. выкарыстоўваўся ў Польшчы і ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. і быў заменены шабляй. Пазней М. захаваўся як цырыманіяльная зброя.
Літ.:
Бехайм В. Энциклопедия оружия: Пер. с нем. СПб., 1995;
Макушнікаў А Зброя нашчадкаў радзімічаў // Спадчына. 1991. № 2;
Ласкавый Г.В. К истории оружия Белорусского Подвинья в VI—XIII вв. // Полоцкий летописец. 1993. № 1(2);
Краўцэвіч А. Комплекс зброі і рыштунку XIII ст. з-пад Гродна // 3 глыбі вякоў Наш край. Мн., 1992;
Левко О.Н. Средневековая Орша и ее округа. Орша, 1993.
Г.В.Ласкавы.
Да арт.Меч: 1 — драўляная паліца з зубамі акулы і 2 — крамянёвы нож (папярэднікі мяча); 3 — бронзавы меч сярэдзіны 2 ст. да н.э.; 4 — скіфскі меч акінак; 5 — рымскі меч гладыус; 6 — доўгі рымскі меч спата; 7 — двухлязовы жалезны меч са Скандынавіі; 8 — найстаражытнейшы тып еўрапейскіх жалезных мячоў (гальштацкая культура); 9 — меч латэнскай культуры (5—1 ст. да н.э.); 10 — рускі меч 12—13 ст.; 11 — двухлязовы меч з Эфіопіі; 12 — паўднёванямецкі паўтараручны меч 16 ст.; 13 — шатландскі двухручны меч сярэдзіны 16 ст.; 14 — полацкі меч 10 ст. (Полацкі краязнаўчы музей).