Палатно 8/377

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАТНО́,

1) П. тэкстыльнае — гладкая льняная, паўільняная, баваўняная ці шаўковая тканіна, якую вырабляюць палатняным перапляценнем. Звычайна ніткі асновы ва ўтку маюць аднолькавую таўшчыню і шчыльнасць (гл. Ільняная тканіна). У шырокім сэнсе тэкст. П. — тканіны, трыкатаж, гардзінна-цюлевыя і інш. вырабы.

2) П. нажовачнае — рэжучы інструмент у выглядзе стальной стужкі (пласціны) з зубамі з аднаго боку.

т. 11, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЯНО́Е ПАЛАТНО́,

грунтавая аснова аўтамабільных дарог і чыг. пуцей у выглядзе насыпу, выемкі, паўнасыпу-паўвыемкі або спрафіляванай на мясцовасці паласы ў нулявых адзнаках. На аўтамаб. З.п. ўкладваецца дарожнае адзенне, на чыг. — верхняя будова пуці. Да З.п. адносяцца кюветы, канавы, рэзервы, дрэнажныя і інш. непасрэдна звязаныя з палатном водаадводныя збудаванні. Выкарыстоўваецца для ўстаноўкі пуцявых і дарожных знакаў, агароджы, водапрапускных труб, падтрымных або ахоўных прыстасаванняў і канструкцый і інш. З.п. ўмацоўваюць дзёрнам, бетоннымі плітамі, поліэтыленавымі плёнкамі, вяжучымі матэрыяламі, пасевам траў.

І.І.Леановіч.

Земляное палатно чыгункі: 1 — кавальер; 2 — кювет; З — паласа адводу; 4 — выемка; 5 — нагорная канава; 6 — забанкетная канава; 7 — банкет; 8 — насып; 9 — рэзерв.

т. 7, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГЛАВЯЗА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына, якая вырабляе трыкатажнае палатно (вязаннем) для бялізны і верхняга адзення. Бываюць 1- і 2-фантурныя (з 1 або 2 ігольніцамі), з жакардавымі (узораўтваральнымі) механізмамі і без іх. На аднафантурных атрымліваюць кулірнае, плаціраванае і начоснае палатно, на двухфантурных — палатно з гладкімі, жакардавымі і няпоўнымі перапляценнямі. Асн. часткі К.м.: вязальны і таварапрыёмны механізмы, шпулярнік, прылада для выдалення пуху, лубрыкатар (для падачы змазкі на паверхні, што труцца).

т. 8, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЖО́УКА,

1) ручная машына з рабочым органам у выглядзе нажовачнага палатна. Мае эл. або пнеўматычны прывод. Выкарыстоўваецца для разразання метал. загатовак.

2) Ручная піла, рабочы орган у якой — нажовачнае палатно. У Н. для слясарных работ зменнае палатно ўстанаўліваюць у спец. рамцы, у Н. для сталярных работ — замацоўваюць з аднаго боку ў ручцы.

Нажоўкі: а — ручная слясарная (1 — нажовачнае палатно, 2 — рамка); б — прывадная (1 — заціскныя ціскі, 2 — рама з нажовачным палатном, 3 — трубка з ахаладжальнай вадкасцю, 4 — электрарухавік).

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРЭ́Б’Е,

грубая кудзеля, атрыманая пры першаснай апрацоўцы (трапанні) лёну, пянькі, а таксама палатно з такой кудзелі і адзенне з такога палатна (напр., зрэбная кашуля, мешкавіна).

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЦІ́Н,

палатно (таўшчынёй 3—12 мм) з аднабаковым ці двухбаковым начосам. Вырабляюць баваўняны, шарсцяны, паўшарсцяны. Выкарыстоўваюць для ўцяплення вопраткі (заменнік ваты). У Беларусі вацін выпускае Віцебскі дывановы камбінат.

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНКРУ́СТ (ад лац. linum лён, палатно + crusta кара, абліцоўка),

рулонны аддзелачны матэрыял з гладкай або ўзорыстай рэльефнай паверхняй. Гэта папера або тканіна, пакрытая тонкім (0,5—1 мм) слоем пластмасы, атрыманай на аснове алкідных смол. Выкарыстоўваецца для ўнутр. аддзелкі грамадскіх будынкаў і трансп. сродкаў.

т. 9, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ-ГО́РАЦКАЯ ПАРУСІ́НАВА-ПАЛАТНЯ́НАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1811—44 у мястэчку Горы (цяпер вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл.). Вырабляла палатно, брэзендук (самая тоўстая парусіна), белую і суравую паўпарусіну. У 1828 прадпрыемства было адным з буйнейшых у Магілёўскай губ. Працавала 205 (1817) і 138 (1828) рабочых.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРУШСКАЯ ПАЛАТНЯ́НА-ПА́РУСНАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1775—1831 у мяст. Добруш Гомельскага пав. (цяпер горад у Гомельскай вобл.). З 1804 — парусінавая мануфактура, з 1806 — палатняна-ткацкая. У 1828 быў 31 ткацкі станок. Вырабляла парусіну, кашульнае палатно, тонкія палотны (галандскія), ільняныя хусткі, ручнікі, абрусы і інш. Працавалі прыгонныя сяляне (у 1823—78 чал.).

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)