ГЛЕБ РАГВАЛО́ДАВІЧ,
друцкі князь у канцы 12 ст., сын кн. Рагвалода Рагвалодавіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі ў саюзе са смаленскім кн. Давыдам Расціславічам аказаў супраціўленне аб’яднаным сілам палачан, чарнігаўцаў і наўгародцаў у іх паходзе на Друцк, але беспаспяхова, таму вымушаны быў пакінуць Друцк.
М.І.Ермаловіч.
т. 5, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ ЦЗЫЧЭ́Н (1606—45),
кіраўнік паўстання 1628—44 у Кітаі супраць дынастыі Мін. Працаваў паштовым кур’ерам. Далучыўся да паўстанцаў, з 1636 кіраўнік паўстанцкай арміі ў Хэбэй-Шэньсійскім р-не. У 1644 абвешчаны ў г. Сіянь імператарам 25.4.1644 заняў сталіцу Кітая г. Пекін. 27.5.1644 разбіты аб’яднанымі сіламі маньчжураў і здрадніка У Саньгуя. Быў вымушаны пакінуць Пекін, загінуў у прав. Хубэй.
т. 9, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАНУЛА́-ХАН (1.6.1892 — 25.4.1960),
кароль Афганістана ў 1919—29. 28.2.1919 абвясціў незалежнасць Афганістана і ўзначаліў вызв. барацьбу супраць Вялікабрытаніі. У 1921 заключыў з РСФСР дагавор аб дружбе, у 1926 — з СССР дагавор аб нейтралітэце і ўзаемным ненападзенні. Праведзеныя ім рэформы спрыялі цэнтралізацыі краіны, развіццю нац. эканомікі і культуры, умацаванню незалежнасці дзяржавы. У выніку антыўрадавага паўстання 1928—29 быў вымушаны пакінуць краіну. Памёр у Цюрыху.
т. 1, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭНТЫФІКА́ЦЫЯ ў крыміналістыцы,
вучэнне аб агульных прынцыпах і правілах атаясамлівання матэрыяльных аб’ектаў па іх слядах або інш. адбітках з мэтаю атрымання доказаў судовых. Пры І. шуканага аб’ект, уласцівасці якога адбіліся ў следзе, параўноўваецца ў працэсе следства з аб’ектам, што паводле акалічнасцей справы мог пакінуць гэты след. Для вываду пра ідэнтычнасць аб’ектаў неабходна супадзенне непаўторнай сукупнасці прыватных прыкмет, якія рэдка трапляюцца і ўласцівы толькі пэўнаму аб’екту. Калі немагчыма дакладна зрабіць атаясамліванне канкрэтных аб’ектаў, абмяжоўваюцца вызначэннем прыналежнасці аб’екта да пэўнай групы (т.зв. групавая І.).
т. 7, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАМЕ́Д РЭЗА́ ПЕХЛЕВІ́ (26.10.1919, Тэгеран — 27.7.1980),
шах Ірана [1941—79]. Стаў шахам пасля адрачэння ў вер. 1941 свайго бацькі Рэза-шаха Пехлеві. Выступіў супраць палітыкі прэм’ер-міністра М.Масадыка, быў вымушаны ў 1953 на кароткі час пакінуць Іран. Вярнуўся пасля ваен. перавароту 19.8.1953. У 1963 абвясціў шэраг рэформ (аграрную, адукацыйную і інш.), якія спрыялі хуткаму эканам. росту краіны ў 1960—70-я г. У 1975 увёў у Іране аднапарт. сістэму. Пад націскам Іранскай рэвалюцыі 1978—79 16.1.1979 пакінуў краіну. Пазбаўлены ўлады. Памёр у Егіпце.
т. 11, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВЯШЧА́ННЕ,
распараджэнне грамадзяніна адносна сваёй маёмасці на выпадак смерці, зробленае ў вызначаным законам парадку. У Рэспубліцы Беларусь кожны грамадзянін можа пакінуць па З. ўсю сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць ці не ўваходзяць у кола спадчыннікаў па законе, а таксама дзяржаве або пэўным арг-цыям. Завяшчальнік можа пазбавіць права на спадчыну аднаго, некалькіх або ўсіх спадчыннікаў па законе, за выключэннем асоб, якія маюць права на абавязковую долю. Завяшчальнік правамоцны ўскласці на спадчынніка выкананне якога-н. абавязацельства (т. зв. завяшчальны адказ) на карысць адной або некалькіх асоб.
т. 6, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯНЬКІ́»,
бел. нар. гульня. На прамавугольнай пляцоўцы каля кожнай бакавой лініі чэрцяць кругі — «ямы», дыяметрам 1—1,5 м. З гульцоў выбіраюць 2 «рыбакоў», астатнія (іх можа быць 15—40 чал.) — «рыбы». «Рыбакі», узяўшыся за рукі, ловяць «рыб», якія могуць выратоўвацца ў «ямах». Аднак знаходзіцца ў «яме» можа толькі адна «рыба», калі туды забяжыць другая, тады тая, што там знаходзілася, павінна пакінуць «яму». Злоўленыя «рыбы» дапамагаюць «рыбакам». Гульня заканчваецца, калі «рыбакі» пераловяць усіх «рыб». Пераможцамі становяцца 5 «рыб», якія выратаваліся ў «ямах», іх называюць «М.».
Я.Р.Вількін.
т. 11, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЬКІН (Віктар Сямёнавіч) (1.12.1952, в. Ураеўка Акцябрскага р-на Курскай вобл., Расія — 24.7.1992),
расійскі ваен. лётчык. Герой Расійскай Федэрацыі (1992). Скончыў Тамбоўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1974), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.А.Гагарына (1985). 24.7.1992 падпалк. О. выконваў палёт у якасці інструктара экіпажа. Калі самалёт знаходзіўся над адным з раёнаў Гомеля, непадалёку ад якога размяшчалася нафтасховішча, на ім узнік пажар. О. прыняў рашэнне найхутчэй адвесці самалёт ад горада, потым даў каманду экіпажу пакінуць машыну. Экіпаж выратаваўся, О. не хапіла вышыні для катапультавання, і ён загінуў.
Літ.:
Руденко В.А. Гомель подумал... // Крылья Родины. 1993, № 5.
т. 11, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСУНЬСКАЯ БІ́ТВА 1648.
Адбылася 15—16 мая каля г. Корсунь (цяпер г. Корсунь-Шаўчэнкаўскі, Украіна) паміж укр. казакамі пад камандаваннем Б.Хмяльніцкага (15—17 тыс. казакоў і 4 тыс. крымскіх татар) і польск. войскамі пад камандаваннем гетманаў М.Патоцкага і М.Каліноўскага (20 тыс. чал.). Пасля паражэння польск. авангарда каля г. Жоўтыя Воды гал. сілы польск. войск занялі абарону пад Корсунем. 15 мая татары беспаспяхова атакавалі польск. абарончыя пазіцыі паміж Корсунем і Сцяблёвам. Хуткім і ўмелым манеўраваннем Хмяльніцкі прымусіў Патоцкага пакінуць пазіцыі і ісці праз лес, дзе яго чакаў у засадзе 6-тысячны атрад М.Крываноса. Польскія войскі былі акружаны і разгромлены.
т. 8, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́НСКІ БОЙ 1942 у Вялікую Айчынную вайну,
бой Расонскай партыз. брыгады імя Сталіна па разгроме гарнізона ням. фашыстаў (больш за 300 гітлераўцаў) у г.п. Расоны Віцебскай вобл. 19 вер. Летам 1942 партызаны перарэзалі ўсе камунікацыі, што вялі ў Расоны, і пачалі блакаду гарнізона. Да сярэдзіны верасня разграмілі навакольныя апорныя пункты ворага ў вёсках Клясціцы, Сакалішча, Сівошына і інш. У ноч на 19 вер. артабстрэлам умацаванняў гарнізона партызаны вымусілі гітлераўцаў са стратамі ў жывой сіле і ўзбраенні пакінуць Расоны. У гонар гэтага бою ў Расонах пастаўлены помнік.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.
М.Ф.Шумейка.
т. 13, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)