АХЕТАТО́Н (егіп. «Гарызонт Атона»),
горад у Стараж. Егіпце, рэзідэнцыя фараона Аменхатэпа IV (Эхнатона), цэнтр культу бога Атона. Знаходзіўся каля Тэль-эль-Амарны. Пабудаваны ў 1-й пал. 14 ст. да нашай эры на краі пустыні. Пакінуты яго жыхарамі пры фараоне Тутанхамоне. Пры фараоне Харэмхебу, які канчаткова знішчыў культ Атона, горад разбураны.
т. 2, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАХВО́СЦІКАЎ Аляксандр Яфімавіч (падп. псеўд. Альдэмар; 10.8.1914, в. Ляхавік Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 5.5.1943),
удзельнік Віцебскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1938). Працаваў у Віцебскім аблвыканкоме, пазаштатным сакратаром Кастрычніцкага райкома ЛКСМБ Віцебска. Паводле рашэння гаркома ЛКСМБ пакінуты ў горадзе для падп. работы. У ліп. 1941 — крас. 1943 кіраўнік разведвальна-дыверсійнай групы. У маі схоплены фашыстамі і расстраляны.
т. 3, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1775—1917. Аб’ядноўвала адну або некалькі губерняў, узначальвалася генерал-губернатарам. Уведзена Кацярынай II. Колькасць генерал-губернатарстваў мянялася. У 1782 40 губерняў былі аб’яднаны ў 19 генерал-губернатарстваў. У 19 ст. генерал-губернатарствы пакінуты толькі ў сталіцах і на ўскраінах імперыі (Польшча, Беларусь, Прыбалтыка, Сібір, Далёкі Усход, Сярэдняя Азія). На тэр. Беларусі існавалі Беларускае генерал-губернатарства (1772—1856), Віленскае генерал-губернатарства (1794—1912), Мінскае генерал-губернатарства (1831—34).
т. 5, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1702.
Праводзілася ў жн. — кастр. 1702 казакамі і войскамі ВКЛ у час Паўночнай вайны 1700—21. 29 жн. Стары Быхаў, уладальнік якога К.Сапега арыентаваўся на Станіслава Ляшчынскага і шведаў, быў абложаны казакамі гетмана М.Міклашэўскага і войскам генерала артылерыі ВКЛ К.Сяніцкага (Сініцкага-Бонча). Абаронай кіравалі М.Більдзюкевіч і быхаўскі губернатар Я.Дэро. 10 кастр. гарнізон здаўся на ганаровых умовах і прысягнуў Аўгусту II. Мяшчанам былі пакінуты ўсе вольнасці і прывілеі. Кіраванне Быхавам аддадзена Сяніцкаму.
т. 3, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІ́НАЎ ВАЛ (англ. Antonine Wall),
старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.
т. 1, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́МБА Мар’ян (парт. псеўд. Я н ; каля 1885 — люты 1921),
рэвалюцыянер, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1906 чл. РСДРП. За рэв. дзейнасць зняволены ў турму. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Маскве. У жн. 1919 пакінуты ЦК КП(б)ЛіБ для падп. работы ў Мінску, акупіраваным польск. войскамі. Адзін з кіраўнікоў Мінскага падп. к-та КП(б)ЛіБ, вёў работу па арганізацыі камуніст. ячэек і партыз. атрадаў у Мінскай губ. 3 крас. 1920 на падп. рабоце ў Вільні. У канцы 1920 арыштаваны. Памёр у лагеры для інтэрніраваных.
т. 6, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Цімафей (Цімох) Багданавіч (каля 1632—25.9.1653),
удзельнік вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Сын Б.Хмяльніцкага. Вясною 1648 быў пакінуты заложнікам у крымскага хана, з якім Б.Хмяльніцкі вёў перагаворы пра заключэнне саюза супраць Польшчы. З 1648 чыгірынскі сотнік, удзельнічаў у шматлікіх паходах і бітвах (пад Піляўцамі, Зборавам, Берасцечкам, Батагом); у 1650 — у паходзе ў Малдавію з мэтай разарваць яе саюз з Польшчай. У 1652, вясною і летам 1653 узначальваў паходы ў Малдавію. Загінуў у час аблогі валошскімі, венг. і польскімі войскамі занятага ім г. Сучава (Румынія).
т. 17, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЬ-ЭЛЬ-АМА́РНА, Эль-Амарна, Амарна,
паселішча на ўсх. беразе р. Ніл (287 км на Пд ад Каіра), каля якога знаходзяцца рэшткі адной са сталіц Стараж. Егіпта — Ахетатона, перанесенай з Фіваў фараонам Аменхатэпам IV (Эхнатонам) у канцы 15 ст. да н.э. У 1887 мясц. жыхары знайшлі шматлікія гліняныя таблічкі (архіў егіп. фараонаў XVIII дынастыі). З 1891 у Т.-э.-А. вядуцца раскопкі. Выяўлены рэшткі шматлікіх пабудоў з цэглы-сырцу (палацы фараонаў, царыцы Неферціці, жыллё чыноўнікаў і рамеснікаў), скульптуры Эхнатона і Неферціці. Горад праіснаваў 15 гадоў; ён пакінуты насельніцтвам пасля смерці Эхнатона і адмены рэліг. рэформы Аменхатэпа IV.
т. 16, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
дзяржаўныя ўстановы, дзе адбываюць пакаранне асуджаныя да пазбаўлення волі. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае сістэму П.у., якая ўключае папраўчыя калоніі, турмы (для дарослых), выхаваўчыя калоніі (для непаўналетніх), лячэбныя П.ў. Следчыя ізалятары выконваюць функцыі П.у. у адносінах да асуджаных да пазбаўлення волі, якія пакінуты там для выканання работ па гасп. абслугоўванні. Від П.у., у якіх асуджаны павінен адбываць пакаранне, вызначаецца ў прыгаворы суда з улікам характару цяжкасці злачынства, ступені грамадскай небяспекі і асобы злачынца. Наяўнасць розных П.у., якія адрозніваюцца рэжымам і ўмовамі ўтрымання, дазваляе дыферэнцыравана падыходзіць да выканання прыгавору аб асуджэнні да пазбаўлення волі і перавыхавання кожнай катэгорыі асуджаных.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 12, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬМЕ́КІ (Olmec),
індзейскі народ, які ў 14—3 ст. да н.э. насяляў тэр. сучасных штатаў Веракрус, Табаска і Герэра (Мексіка). Назва ад плямёнаў, што жылі тут у 11—14 ст. Займаліся лядным земляробствам і рыбалоўствам, былі выдатнымі разьбярамі па камені. Узвялі буйныя цырыманіяльныя цэнтры Ла-Вента, Трэс-Сапотэс і інш. Захавалася шмат помнікаў манум. скульптуры. Вядомы каменныя статуэткі істотаў, у якіх зліваюцца рысы чалавека і ягуара, — папярэднікі бога дажджу ў майя і інш. народаў. Іерогліфы альмекаў не прачытаны; верагодна, на іх падставе з’явіліся іерогліфы майя. Росквіт культуры альмекаў прыпадае на пачатак 1-га тыс. да н.э. Паміж 600 і 400 да н.э. асн. цэнтры альмекаў былі разбураны ці пакінуты. Знікненне альмекаў верагодна, звязана з этнічнымі міграцыямі.
т. 1, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)