Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РШЦЯ (Вера Аляксандраўна) (н. 9.3.1927, с. Хулбаака, Малдова),
малдаўскі харавы дырыжор. Нар.арт. Малдовы (1967). Нар.арт.СССР (1987). Скончыла Кішынёўскую кансерваторыю (1957), выкладае ў ёй. З 1963 маст. кіраўнік і гал. дырыжор акад. харавой капэлы «Дойна». Сярод твораў, выкананых капэлай пад яе кіраўніцтвам, — араторыя «Пакаянне Давіда» В.А.Моцарта, «Те Deum» Г.Ф.Гендэля, паэма «Пакаранне Сцяпана Разіна» Дз.Шастаковіча, творы малд. кампазітараў і інш.Дзярж. прэмія Малдовы 1974.
грузінскі кінарэжысёр. Нар.арт. Грузіі (1970), нар.арт.СССР (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1953). Майстар тонкага псіхал. малюнка, валодаў уменнем лаканічна і пераканаўча стварыць вобраз часу. Аўтар ці сааўтар сцэнарыяў большасці сваіх фільмаў, адметных высокай выяўл. культурай: «Лурджа Магданы» (разам з Р.Чхеідзе), «Я, бабуля, Іліко і Іларыён», «Чужыя дзеці», «Каралі для маёй любай», трылогіі «Мальба», «Дрэва жадання», «Пакаянне» (1969—87, Ленінская прэмія 1988).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВА́РЫЯ (ад лац. calva чэрап),
у католікаў Беларусі, Літвы і Польшчы святое месца, куды збіраліся натоўпы набожных, хворых, калек, старцаў на пакаянне. Пачалі засноўвацца як апорныя пункты каталіцызму ў 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. на ўзгорках і ў лесе, часта на месцах б. язычніцкіх капішчаў. Найстарэйшая К. каля Вільні вядома з 1564. У цэнтры К. звычайна ставілі капліцу, будавалі касцёл або кляштар. К. былі ў Мінскім, Барысаўскім, Вілейскім і інш. паветах. У Мінску пад гэтай назвай захаваліся могілкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬБЕРХ (Іван Іванавіч) (14.7.1766, Масква — 26.7.1819),
рускі танцоўшчык, першы рус. балетмайстар, педагог. Прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў Пецярбургскую тэатр. школу (1786), выкладаў у ёй (з 1794). З 1786 саліст Пецярбургскіх імператарскіх т-раў, выконваў пантамімныя партыі: Ясон («Медэя і Ясон» Ж.Ж.Радольфа), Рамэо («Рамэо і Джульета» Д.Штэйбельта). Паставіў 37 (1-ы — «Шчаслівае пакаянне», 1795) і ўзнавіў 10 балетаў інш. харэографаў. Працаваў у традыцыях дзейснага балета 18 ст. Адбіраў для імператарскіх т-раў лепшых танцоўшчыкаў з прыватнаўласніцкіх труп (у т. л. 14 салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ДЗІНА (Вольга Уладзіміраўна) (н. 20.6.1945, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). З 1997 працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Сярод твораў: габелены «Нацюрморт з пэндзлямі» (1976), «Беларуская песня» (1977), «Натхненне» (1980), «Мінск» (1983), «Інтэр’ер» (1988), «Зёлкі» (1994), «Пакаянне» (1996); жакардавая тканіна «Стары і новы Мінск» для рэстарана «Мінск» у Патсдаме (Германія, 1977) і інш. Выканала габелены-заслоны для Палаца культуры ў г. Бярдзічаў, (Украіна, 1985, з В.Крываблоцкай) і Палаца рэспублікі ў Мінску (1997, з В.Крывашэевай). У работах гармонія ліній, рытмаў і колераў спалучаецца з лірызмам, багатай вобразнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ФЛАНД ((Iffland) Аўгуст Вільгельм) (19.4.1759, г. Гановер, Германія — 22.9.1814),
нямецкі акцёр, драматург, рэжысёр. З 1777 акцёр т-ра ў Гоце, з 1779 Мангеймскага т-ра (з 1792 гал. рэжысёр), з 1796 у Берлінскім каралеўскім нац. т-ры. Сярод роляў: Філіп, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Натан («Натан Мудры» Г.Лесінга). Лепшыя ролі выканаў ва ўласных п’есах і п’есах А. фон Кацэбу. Прадстаўнік жанру мяшчанскай драмы: п’есы «Злачынства з пыхлівасці» (1784), «Узнагароджанае пакаянне», «Паляўнічыя» (абедзве 1785), «Сярэдні шлях — дабрачыннасць» (1788) і інш. адлюстроўвалі ідэалогію бюргерства. Аўтар кн. «Мая тэатральная ніва» (1798).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗА́РАНКА (Алег Мікалаевіч) (н. 10.7.1961, Мінск),
бел. графік. Сын М.П.Назаранкі, брат П.М.Назаранкі. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1986). З 1993 выкладае ў Бел.АМ. Працуе пераважна ў тэхніках малюнка, афорта, літаграфіі. У творах адлюстроўвае гіст. тэматыку (серыі «Зямля пад белымі крыламі» паводле кнігі У.Караткевіча, 1986; «Пейзажы паэзіі самоты», прысвечаная М.Багдановічу, 1993), праблемы экалогіі (серыя «Сон даўжынёй у стагоддзі», 1994), праблемы сучаснасці: «Усёвідушчая», «Дыялог», «Прастора», «Год 2000» (усе 1993); «Дакрананне», «Дзяўчына і птушка» (абодва 1994); «Каін і Авель» (1995); «Пакаянне» (1996); трыпціх «Coda» (1996—97). Працуе ў станковым жывапісе: карціны «Святочны дзень» (1993), «Ева», «Сон» (абедзве 1995), «Маленне I», «Маленне II» (абедзве 1997), «Аголеная» (1998) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНАНІ́ТЫ,
прыхільнікі адной са старэйшых пратэстанцкіх цэркваў. Рух М. пачаў фарміравацца ў 1530-я г. ў Нідэрландах пад уплывам памяркоўных анабаптыстаў. Яго ўзначаліў каталіцкі святар Мена Сіманс (назва ад яго імя), аўтар асноватворнага для М. трактата «Асновы хрысціянскага вучэння» (1539). Каноны веравызнання М., канчаткова кадыфікаванага на Дарцкай канферэнцыі 1632, уключаюць (акрамя агульнапратэстанцкіх прынцыпаў выратавання і ўсеагульнага свяшчэнства): пакаянне ў грахах, свядомае хрышчэнне дарослых, прычашчэнне, царк. адлучэнне, адмову ад вайск. і дзярж. службы і інш., што прыводзіць іх да самаізаляцыі ад грамадства і дзяржавы; іх паводзіны характарызуюцца маралістычным рыгарызмам. Узмацненне ў Нідэрландах рэпрэсій супраць ератыкоў у 1540—50-я г. прымусіла многіх М. да эміграцыі. З 1683 цэнтрам дзейнасці М. стаў г. Джэрмантаўн (ЗША). Многія з іх эмігрыравалі ў Рэч Паспалітую, адкуль у 1789 пачалі перасяляцца ў Расію. У 1898 у ЗША створана Ген. канферэнцыя М., якіх цяпер у свеце каля 500 тыс. чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́М ГРЭК (сапр.Трыволіс Міхаіл; каля 1470, г. Арта, Грэцыя — 12.12.1555),
пісьменнік-публіцыст, перакладчык, багаслоў. Адукацыю атрымаў у Фларэнцыі. Пастрыгся ў манахі і жыў на Афоне, адкуль у 1516 па запрашэнні вял.кн. Васіля III прыбыў у Маскву для выпраўлення і перакладу грэч. кніг. За збліжэнне з царк. апазіцыяй асуджаны на саборах 1525 і 1531, у 1525—51 вязень манастырскіх турмаў. Яго літ. спадчына — «словы», публіцыстычныя артыкулы, пропаведзі, філас. і багаслоўскія разважанні, пераклады. Яны вызначаюцца вобразным выкладаннем і эмацыянальнасцю стылю, іх мова кніжная, са складанымі сінтакс. зваротамі. Выступаў супраць хцівасці, бязлітаснасці і багацця царк. феадалаў («Аповесць страшная і варта памяці і пра дасканалае манаскае пражыванне», «Слова, якое падрабязней выкладае, з жалем, беспарадкі і бясчынствы цароў і ўлад апошняга жыція», «Размова розуму з душою», «Слова пра пакаянне» і інш.). Аўтар прац па фанетыцы («Пра грэчаскія галосныя і зычныя, пра склады, пра надрадковыя знакі грэчаскія і славянскія»), прасодыі («Аб прасодыі»), граматыцы. Яго праца «Тлумачэнні імёнам па алфавіце» — гал. крыніца для больш позніх рус.азбукоўнікаў. Творы М.Г. былі шырока вядомы на Беларусі. «Канон малебен...» уваходзіў у кнігу Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620). «Слова на лацінаў» і «Пахвальнае слова да святых апосталаў Пятра і Паўла» выдадзены ў Магілёве (1625). Кананізаваны Рус. праваслаўнай царквою (1988).
Літ.:
Иванов А.И. Литературное наследие Максима Грека. Л., 1969;
Громов М.Н. Максим Грек. М., 1983;
Александропулос М. Сцены из жизни Максима Грека: Пер. с греч. М., 1983.