ПРАТЭСТАНТЫ́ЗМ [ад лац. protestans (protestantis) які публічна даказвае],

адзін з асн. кірункаў (разам з каталіцызмам і праваслаўем) у хрысціянстве. Узнік у Еўропе ў перыяд Рэфармацыі.

Першапачаткова звязваўся з вучэннем М.​Лютэра, пазней Ж.​Кальвіна, У.​Цвінглі і інш. рэфармацыйных плыней. Да сярэдзіны 16 ст. распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе, у 17 ст. пашырыўся за яе межы. У выніку ўзніклі і арганізацыйна аформіліся пратэстанцкія цэрквы: лютэранская, кальвінісцкая, англіканская, ад якіх утварыўся шэраг рэліг. груповак і аб’яднанняў. Для П. характэрна адсутнасць супрацьпастаўлення духавенства міранам, адмова ад складанай царк. іерархіі, спрошчаны культ, адсутнасць манаства і бясшлюбнасці духавенства. У П. няма культу Багародзіцы, святых, анёлаў, абразоў, таінствы зведзены да хрышчэння і прычашчэння. Пратэстанты адмаўляюць аўтарытэт папскіх дэкрэтаў і пасланняў, рашэнні сабораў, прызнаюць толькі Біблію, для разумення якой непатрэбны пасрэднікі і традыцыі, а патрэбна толькі вера ва ўсё тое, што ў ёй напісана. Адказнасць чалавека за сваё выратаванне залежыць ад яго асабістай веры, ніякая арг-цыя (царква як сац. ін-т) не здольная ўзяць Яе на сябе. Існуюць разнавіднасці арганізац. форм П.: баптысты, метадысты, адвентысты, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы (больш за 400 млн. у свеце).

На Беларусі пратэстанцкія погляды пачалі распаўсюджвацца з сярэдзіны 16 ст., што спрыяла эвалюцыі грамадскага ладу, фарміраванню шляхецкай дэмакратыі, развіццю рэнесансна-гуманіст. і рацыяналістычных тэндэнцый у духоўным жыцці, станаўленню новых форм культуры, пашырэнню міжнар. культ. сувязей. Рэфармацыю падтрымлівалі Радзівілы, Тышкевічы, Сапегі, Кішкі, адукаваная частка грамадства і інш. П. пашырыўся ў выглядзе кальвінізму, лютэранства, арыянства і інш., у 19—20 ст. з’явіліся баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы і інш.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.

С.​М.​Зень.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОБС (Hobbes) Томас (5.4.1588, г. Малмсберы, Вялікабрытанія — 14.12.1579 14.12.1679),

англійскі філосаф-матэрыяліст. Скончыўшы Оксфардскі ун-т (1608), працаваў гувернёрам у арыстакратычнай сям’і У.​Кавендыша (пазней герцага Дэваншырскага), з якой быў звязаны да канца жыцця. На фарміраванне светапогляду Гобса значна паўплывалі Ф.​Бэкан, Г.​Галілей, П.​Гасендзі, Р.​Дэкарт, з якімі ён быў асабіста знаёмы. Прырода ў вучэнні Гобса — сукупнасць аб’ектыўна існуючых фіз. цел, што розняцца велічынёй, фігурай, размяшчэннем у прасторы і рухам, які ўяўляецца як чыста мех. перамяшчэнне матэрыяльнага аб’екта і атаясамліваецца з усімі інш. формамі руху. Пачуццёвыя якасці ён разглядаў не як уласцівасці саміх рэчаў, а як формы іх успрымання. У сац. філасофіі зыходзіў з пастулата аб антыграмадскай, ці эгаістычнай, агрэсіўнай прыродзе чалавека. Таму ў грамадстве і дзяржаве Гобс бачыў перш за ўсё сродак пазнання прычын грамадз. войнаў і іх пераадолення, забеспячэння ўсеагульнага міру і бяспекі. Гобс абгрунтоўваў дагаворную тэорыю ўзнікнення дзяржавы з дадзярж. формаў існавання людзей, калі індывіды жылі раз’яднана ў стане пастаяннай «вайны ўсіх супраць усіх». У сваім этычным вучэнні развіваў ідэі пра супадзенне грамадз. абавязкаў і маральнага доўгу, прыродных законаў маралі і грамадз. дабрачыннасцей. Асн. працы: філас. трылогія «Асновы філасофіі» — «Пра грамадзяніна» (1642), «Пра цела» (1655), «Пра чалавека» (1658); «Левіяфан, або Матэрыя, форма і ўлада дзяржавы царкоўнай і грамадзянскай» (1651).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произведения. Т. 2. М., 1964.

В.​І.​Боўш.

Т.Гобс.

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

самая старажытная сістэма вершаскладання, якая ўзнікла ў народнай паэтычнай творчасці ўсх. славян у перыяд сінкрэтычнага мастацтва, дзе слова існавала неаддзельна ад музыкі, жэста, руху. Нар. верш спяваўся або напеўна дэкламаваўся. Так, рус. быліны, укр. думы, бел. замовы і галашэнні вымаўляліся нараспеў, нярэдка ў суправаджэнні (за выключэннем замоў і галашэнняў) муз. інструмента (гусляў, кобзы, ліры). Асабліва цесна звязаны слова і мелодыя, сэнс і гучанне ў бел. нар. песнях (гістарычных, каляндарна-абрадавых, лірычных). У нар. вершы вял. ролю адыгрываў чыста музычны прынцып арганізацыі рытму: у аснове сувымернасці была колькасць часу, неабходная для вымаўлення першаснай рытмічнай адзінкі — склада. У выніку слова настолькі падначальвалася напеву, што часта пазбаўлялася граматычнага націску або ён перастаўляўся з аднаго склада на другі, у вершаваных радках з’яўляліся лішнія словы, асобныя склады расцягваліся або сцягваліся (замест «у» і «і» з’яўляліся «ў» і «й»), Пазней, калі вершаваны тэкст пачаў паступова адасабляцца ад мелодыі, арганізуючым рытмічным пачаткам нар. верша стаў моцны (апорны) націск, які падпарадкоўваў сабе націскі суседніх слоў (не толькі дапаможных, але і самастойных). Чаргаванне пэўнай колькасці такіх націскаў у вершаваных радках стварала рытм танічнага ў сваёй аснове нар. верша (гл. Танічнае вершаскладанне). Існуюць 2 тыпы нар. верша: напеўны і гутарковы, або рэчытатыўны. Гутарковы верш больш позні, у ім у адрозненне ад напеўнага некалькі меншая сувязь з музыкай (напевам). Пашыраныя яго формы — былінны верш, раёшнік. Напеўны верш таксама неаднастайны. Даследчык бел. фальклору І.​Насовіч у прадмове да зб. «Беларускія песні» (1874) вылучаў у залежнасці ад колькасці апорных націскаў 3 віды нар. напеўнага верша — «у адзін тэмп»:

Камарочкі мае,
Не кусайце мяне,
А кусайце паноў,
Што не пускаюць дамоў;
«у два тэмпы»:
Ты сяло маё, / сяло новае
Сяло новае, / ўсё кляновае!
Ой, ты чым, сяло, / прыукрашана.
Ці калінаю, / ці малінаю,
А ці чорнаю / смародзінаю?;
«у тры тэмпы»:
Мак зялёны, / мак чырвоны, / у поўначы квіцець,
Там за гарою, / там за другою / мяне татка клічэць.

Песенны рытм «у тры тэмпы» найб. пашыраны ў стараж. песнях. Магчыма, ён паўплываў на рытміку былін, для якіх у пераважнай большасці таксама характэрны 3 моцныя націскі ў вершаваных радках.

Н.в. паступова відазмянялася пад уплывам літ. верша, які ўзнік у беларусаў у пач. 16 ст., — антычнага (метрычнага) верша ў паэзіі на лац. мове (гл. Антычнае вершаскладанне) і сілабічнага ў паэзіі на старабел. мове (гл. Сілабічнае вершаскладанне). Літ. верш з яго роўнаскладовасцю радкоў, раўнамернасцю чаргавання моцных (доўгіх) і слабых (кароткіх) складоў адчувальна ўплываў на чыста танічныя прынцыпы нар. верша. З 16 ст. ў вершы нар. песень узнікаюць сілаба-танічныя формы, што аб’ядноўваюць ранейшыя прыкметы тонікі (аднолькавая колькасць рытмічных акцэнтаў у радках) з новымі прыкметамі сілабізму (аднолькавая колькасць складоў). У песнях з’яўляюцца рыфмы, строфы; у сваю чаргу раннія сілаба-танічныя формы нар. верша пачалі ўплываць на літ. сілабічны верш, паскараючы фарміраванне сілаба-танічнага вершаскладання.

Літ.:

Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.

В.​П.​Рагойша.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРАЛТА́Р (Gibraltar),

уладанне Вялікабрытаніі на Пд Пірэнейскага п-ва, каля Гібралтарскага праліва. Нейтральнай зонай аддзелены ад ісп. г. Ла-Лінеа. Важны стратэг. пункт на Міжземным м. Пл. 6,5 км². Нас. 32 тыс. чал. (1993). Большасць насельніцтва гібралтарцы — нашчадкі іспанцаў, англічан, мальтыйцаў і інш. Афіц. мова — англійская, пашырана таксама іспанская. Паводле веравызнання 77% католікаў, па 7% мусульман і англікан. Каля паловы насельніцтва занята ў гандлі і абслуговых галінах. Гібралтар складаецца са скалы (выш. да 425 м) і пясчанага перашыйка, які злучае іх з паўвостравам. Прырода і клімат міжземнаморскія. Гаспадарка звязана пераважна з абслугоўваннем ваенна-марской і ваенна-паветр. баз Вялікабрытаніі, транзітнага порта (заходзіць каля 3 тыс. суднаў за год). Рээкспартны гандаль, увоз нафтапрадуктаў, харч. тавараў, прэснай вады. Замежны турызм (штогод 4,2—5 млн. чал.). Суднарамонтныя верфі. Швейныя ф-кі, з-ды па вытв-сці піва і мінер. вады, каваапрацоўчыя, тытунёвыя, рыбакансервавыя, алейныя прадпрыемствы. Асн. гандл. партнёры Вялікабрытанія, Іспанія, Данія, Японія. Грашовая адзінка — гібралтарскі фунт стэрлінгаў.

Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. Гібралтара існавалі са стараж. часоў. Гібралтар быў вядомы стараж. грэкам і рымлянам пад назвай Кальпе, адзін з Геркулесавых слупоў. У пач. 8 ст. араб. палкаводзец Тарык ібн Сеід пабудаваў тут крэпасць Джэбель-ат-Тарык (гара Тарыка). Пазней крэпасць сталі называць Гібралтар, у 1160 побач з ёю ўзнік араба-маўрытанскі горад. У 1309—33 крэпасцю валодалі іспанцы, потым мараканцы, якія пабудавалі яшчэ больш магутныя ўмацаванні (частка іх захавалася да нашага часу). У 1462 Гібралтар зноў захоплены іспанцамі. У час вайны за ісп. спадчыну ў 1704 аб’яднаная англа-галандская эскадра пад камандаваннем англ. адмірала Дж.​Рока захапіла Гібралтар. Паводле Утрэхцкага міру 1713 Гібралтар замацаваны за Вялікабрытаніяй і стаў яе ваен.-марской базай. У 18 ст. Іспанія неаднойчы спрабавала рознымі спосабамі вярнуць Гібралтар. Самая працяглая 4-гадовая яго аблога (1779—83) скончылася няўдачай. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 зноў прызнаны ўладаннем Вялікабрытаніі, у 1830 абвешчаны брыт. калоніяй. Значэнне Гібралтара вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У 1907 Вялікабрытанія, Францыя, Іспанія заключылі пагадненне аб захаванні ў Гібралтарскім праліве статус-кво. У 2-ю сусв. вайну ўсё грамадз. насельніцтва Гібралтара эвакуіравана ў Вялікабрытанію (пасля вайны вярнулася). Іспанія зноў заявіла аб сваім праве на Гібралтар, у 1966 яна аб’явіла блакаду Гібралтара, спыніла ўсе яго зносіны з мацерыком.

У маі 1969 прынята новая канстытуцыя Гібралтара, якая ўвяла мясц. самакіраванне, 30.7.1969 адбыліся першыя выбары ў мясц. Асамблею, сфарміраваны ўрад. Заканад. ўлада ў Гібралтары належаць губернатару, якога прызначае брыт. манарх, і палаце сходу. У 1975 (пасля смерці дыктатара Ф.Франка) Іспанія змякчыла свае пазіцыі — адмяніла абмежаванні на ўезд і выезд з Гібралтара, аднавіла тэлеф. сувязь і інш. У 1980 падпісана Лісабонскае пагадненне аб статусе Гібралтара. Аднак паміж Вялікабрытаніяй і Іспаніяй працягваецца саперніцтва за Гібралтар. У 1984 падпісана ісп.-брыт. дэкларацыя аб пачатку перагавораў па ўрэгуляванні праблемы Гібралтара. Адкрыццё ў 1985 сухапутнай граніцы аслабіла напружанне ў адносінах паміж гэтымі краінамі. У 1991 Гібралтар пакінулі апошнія часці брыт. сухапутных войск, засталіся толькі падраздзяленні ВМС і ВПС. На парламенцкіх выбарах у 1992 перамагла кіруючая Сацыяліст. партыя працы.

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

т. 5, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНАСЦЬ, публічнасць,

права чалавека выражаць публічна свае погляды і перакананні, свабода вуснага і пісьмовага слова; адкрытасць і даступнасць для насельніцтва інфармацыі аб тым, што адбываецца ў дзяржаве і грамадстве. Патрабаванні да галоснасці, яе межы вызначаюцца адпаведнымі міжнар. прававымі актамі і заканадаўствам кожнай краіны. Ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (прынята ААН у 1948) абвяшчаецца, што кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на іх свабоднае выражэнне, свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзярж. межаў. Элементы галоснасці як адной з формаў рэалізацыі правоў грамадзян існавалі ўжо ў Стараж. Грэцыі (раз у месяц у Афінах адбываўся нар. сход і кожны з яго ўдзельнікаў мог выказваць сваю думку, пастаянна праводзіліся праверкі і публічныя справаздачы выбарных службовых асоб). Палажэнні пра адкрытасць і публічнасць у вырашэнні грамадскіх праблем знайшлі адлюстраванне ў хрысц. веравучэнні, англ. Вялікай Хартыі Вольнасцей (1215), Статуце ВКЛ 1588, «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), у працах Дж.Лока, Т.Гобса, Ж.Ж.Русо, Ш.Л.Мантэск’ё, Ф.Скарыны, С.Буднага, М.Літвіна, А.Волана, Т.Джэферсана, Ф.Міранды, А.І.Герцэна, К.Каліноўскага і інш. Спец. пастановай урада Расіі 1859 дазвалялася публікацыя ў друку пра факты беспарадкаў і злоўжыванняў чыноўнікаў, іншых матэрыялаў з неафіц. крыніц. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 спец. Дэкрэтам аб друку абвяшчалася адмена ўсякіх адм. уздзеянняў на друк. Але ва ўмовах цэнтралізацыі ўсіх сфер жыцця ў СССР галоснасць была значна абмежавана, перш за ўсё ў адносінах да вышэйшых уладных структур; свабоднае выказванне думак было небяспечна па палітычных, ідэалагічных і інш. меркаваннях. Некаторае пашырэнне галоснасці назіралася ў перыяд паміж XX—XXII з’ездамі КПСС (1956—61). Пазней яна падтрымлівалася гал. чынам дысідэнцкім рухам і «самвыдатам». На афіц. узроўні пытанне пра галоснасць як неабходную перадумову дэмакратызацыі сав. грамадства ўпершыню пастаўлена ў спец. рэзалюцыі 19-й Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (1988).

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 1996, гарантуе грамадзянам свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, непасрэдны ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы. Законам Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (1995) устаноўлена, што ўшчамленне свабоды масавай інфармацыі ў якой-небудзь форме, у т. л. праз цэнзуру, павінна цягнуць за сабой дысцыплінарную, крымін. і інш. адказнасць, устаноўленую заканадаўствам. Рэалізацыя правоў і свабод, звязаных з палітыкай галоснасці, забяспечваецца гарантыямі ад незаконных і адвольных абмежаванняў і забарон, строгім захаваннем прынцыпаў законнасці, справядлівага і публічнага разбору ў судзе розных відаў парушэнняў (гл. Галоснасць судаводства).

Літ.:

Гласность: Насущные вопр. и необходимые ответы. М., 1989;

50/50: Опыт словаря нового мышления. М., 1989;

Международные документы по правам человека. Франкфурт-на-Майне, 1990;

Конституция Республики Беларусь;

Науч.-правовой коммент. Мн., 1996.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. inquisitio расследаванне),

трыбунал каталіцкай царквы, створаны для барацьбы з ерасямі, вальнадумствам, антыцарк. і антыфеад. рухам. Існавала ў 12—19 ст. ва ўсіх каталіцкіх краінах. Вызначалася жорсткасцю і фанатызмам. Рост у 12—13 ст. царк. і рэліг. апазіцыі (катары, альбігойцы, вальдэнсы) выклікаў узмацненне рэпрэсій з боку царквы. У 1184 на сінодзе ў Вероне папа Луцый III выдаў дэкрэт, у якім вызначаны юрыд. нормы І., а кіраванне ёю ўскладзена на епіскапаў. Стварэнне І. зацвердзілі 4-ы латэранскі (1215) і тулузскі (1229) саборы. Для ўдасканалення дзейнасці І., а таксама з мэтай прадухіліць злоўжыванні ўлад папа Грыгорый IX у 1223 увёў пасады папскіх інквізітараў для асобных краін і дыяцэзій (займалі пераважна дамініканцы і францысканцы). У 1232—35 інквізітарскія трыбуналы створаны ў Германіі, Арагоне, Аўстрыі, Ламбардыі, паўд. Францыі і Італіі. У 1252 пры папе Інакенцію IV афіцыйна ўведзена катаванне як сродак для атрымання паказанняў. Першапачаткова інквізіц. трыбуналы разглядалі толькі рэліг. справы, пазней (14—15 ст.) справы пра чараўніцтва, сувязь з д’яблам і інш. Асабліва жорсткі характар мела іспанская І., дзе ў 14—15 ст. вяліся масавыя рэпрэсіі супраць магаметан і яўрэяў, якія прынялі каталіцтва (гл. Мараны), іх абвінавачвалі ў патаемным вызнанні даўнейшай веры. З 1478, калі кароль Іспаніі атрымаў права прызначаць інквізітараў, І. цалкам падпарадкавана ўладзе і выкарыстоўвалася для яе ўзмацнення. Гал. ісп. інквізітар Т.​Тарквемада асабіста адправіў на касцёр каля 9 тыс. чалавек. Быў уведзены звычай публічнага і ўрачыстага спальвання асуджаных (гл. Аўтадафэ). З Іспаніі І. была перанесена ў Партугалію, амер. правінцыі, Нідэрланды. У 1542 створаны вярх. інквізітарскі трыбунал у Рыме на ўзор ісп. І., які стаў адным з асн. сродкаў Контррэфармацыі. Ахвярамі І. ў 17 ст. сталі перш за ўсё выдатныя вучоныя і мысліцелі (Дж.​Бруна, Дж.​Ваніні, Г.​Галілей і інш.). У 1543 выдадзены «Індэкс Забароненых кніг» і ўведзена жорсткая цэнзура.

У слав. краінах І. не адыграла значнай ролі. У большасці еўрап. краін яна скасавана да 18 ст. і толькі ў некаторых захавалася да сярэдзіны 19 ст. (у Партугаліі да 1820; у Іспаніі да 1835; у Італіі канчаткова скасавана ў 1859).

Літ.:

Ли Г.Ч. История инквизиции в средние века: Пер. с фр. Т. 1—2. СПб., 1911—12;

Льоренте Х.А. Критическая история испанской инквизиции: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1936;

Шпренгер Я., Инститорис Г. Молот ведьм. М., 1992;

Григулевич И.Р. Инквизиция. 2 изд, М., 1976;

Hayward F. The Inquisition. New York, 1966;

Baranowski B. Procesy czarownic w Polsce w XVII i XVIII wieku. Lodź, 1952.

Н.​К.​Мазоўка.

Катаванні, узаконеныя інквізіцыяй. Гравюра 1508.

т. 7, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БСТВА,

найбольш жорсткая форма эксплуатацыі, пры якой эксплуатуемы (раб) з’яўляецца маёмасцю свайго гаспадара-рабаўладальніка. Узнікла пераважна пасля пераходу чалавека да земляробства і жывёлагадоўлі; але існавала і ў некат. паўн.-амер. паляўнічых плямёнах. Верагодна, першыя рабы былі з ваеннапалонных. Найб. прымітыўнай формай Р. было паўсюдна пашыранае патрыярхальнае Р., калі рабы лічыліся бяспраўнымі членамі сям’і. У большасці выпадкаў патрыярхальнае Р. вызначалася адносна лёгкім становішчам раба. У першых дзяржавах Стараж. Усходу 3—2-га тыс. да н.э. [Егіпет часу Стараж. царства, Шумер, Стараж. Індыя і Кітай часу Шан (Інь)] найб. пашырэнне атрымала дзярж. Р., калі рабы выкарыстоўваліся на грамадскіх працах, у палацавай і храмавай гаспадарках; прыватнае Р. было нязначным. У больш позні час пашырылася прыватнае Р., у т. л. продаж у Р. за пазыкі. Законы Хамурапі (18 ст. да н.э.) рэгулявалі Р., гарантавалі рабам некат. вызначаныя правы (шлюбу, уладання пэўнай маёмасцю і інш.). Рабы выкарыстоўваліся пераважна ў хатняй гаспадарцы рабаўладальніка і не адыгрывалі вял. ролі ў эканоміцы ўсх. грамадстваў. У Стараж. Грэцыі і Рыме склалася класічнае ант. Р., цесна звязанае з таварнай вытворчасцю. З 5 ст. да н.э. Р. набывала ўсё большае значэнне ў гаспадарцы Грэцыі, пераважна ў рамястве, горнай справе і інш. Найб. росквіту інстытут Р. дасягнуў у Рым. дзяржаве. З часу позняй рэспублікі (2—1 ст. да н.э.) праца рабоў выкарыстоўвалася ва ўсіх галінах эканомікі. Буйныя рабаўладальнікі мелі тысячы рабоў. Іх становішча было вельмі цяжкае, яны не мелі ніякіх правоў, а рабаўладальнік меў права нават забіць свайго раба. Памяншэнне прытоку рабоў у перыяд імперыі прывяло да пэўнага паляпшэння іх становішча ў 2—4 ст. н.э. Неэфектыўнасць рабскай працы вяла да паступовай замены яе ў сельскай гаспадарцы працай залежных сялян-арандатараў. У час ранняга Сярэднявечча Р. ў краінах Еўропы адыгрывала важную, але не вядучую ролю ў гаспадарцы. У Візантыі Р. мела большае значэнне, чым на Захадзе. У Кіеўскай Русі Р. існавала ў патрыярхальнай форме ў перыяд станаўлення феад. ладу ў 9—11 ст. (гл. Халопы, Чэлядзь). Да 13 ст. Р. практычна знікла ў большасці краін Еўропы, хоць некат. італьян. гарады (Генуя, Венецыя і інш.) працягвалі гандаль рабамі і пазней. У краінах Паўд. і Усх. Азіі патрыярхальнае Р. існавала да ўзнікнення капіталізму. Шырокія памеры Р. набыло ў мусульм. краінах. У 16—18 ст. продаж у Р. людзей, захопленых у выніку набегаў на ўкр., бел. і рус. землі, быў найважн. крыніцай прыбыткаў Крымскага ханства; найб. яскравы нарыс пра гандаль рабамі ў Крыме змешчаны ў творы бел. аўтара 16 ст. М.Літвіна. З 16 ст., са стварэннем буйных плантацыйных гаспадарак у еўрап. калоніях Амерыкі, пачаўся ўвоз туды рабоў з Афрыкі, што набыло асабліва вял. маштабы ў 18 — пач. 19 ст. Да канца 18 ст. негры-рабы складалі б.ч. насельніцтва а-воў Вест-Індыі, Бразіліі і некат. рэгіёнаў ЗША. У 1807 Вялікабрытанія, пазней інш. еўрап. дзяржавы і ЗША прынялі законы, якія забаранялі гандаль рабамі, хоць нелегальны ўвоз рабоў працягваўся. У 1833—38 Р. скасавана ў брыт., пасля 1848 — у франц. калоніях. У Паўн. Амерыцы Р. скасавана ў выніку грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1888 апошняй з амер. краін Р. скасавала Бразілія. Брусельскі акт 1890 афіцыйна забараніў любы гандаль рабамі. Аднак Р. працягвала існаваць у некат. краінах Азіі і Афрыкі да сярэдзіны 20 ст. (напр., Эфіопія скасавала Р. ў 1942, Саудаўская Аравія — у 1962). У 1926 Ліга Нацый прыняла канвенцыю аб Р. з патрабаваннем поўнага яго скасавання. На яе аснове Міжнародная арганізацыя працы падрыхтавала Канвенцыю аб прымусовай працы 1930, якая абавязала ўсе краіны скасаваць усе формы прымусовай працы. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ААН у 1948, забараняе Р. ва ўсялякіх формах. У 1956 міжнар. канферэнцыя ў Жэневе прыняла дадатковую канвенцыю аб барацьбе з Р., гандлі рабамі, скасаванне інстытутаў і звычаяў, падобных да Р.

Літ.:

Кузищин В.И. Античное классическое рабство как экономическая система. М., 1990;

Штаерман Е.М. Расцвет рабовладельческих отношений в Римской республике. М., 1964;

Greenidge G.W. Slavety. London, 1958.

В.​У.​Адзярыха.

т. 13, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНЫ САЮ́З МО́ЛАДЗІ БЕЛАРУ́СІ (КСМБ), Ленінск і Камуністычны саюз моладзі Беларусі (ЛКСМБ), камсамол,

маладзёжная арганізацыя Беларусі, камуністычная па мэтах, палітычная па характары, самадзейная па метадах. Працаваў пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) і Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага саюза моладзі (ВЛКСМ). Мэты, задачы, арганізац. будову, асн. кірункі дзейнасці, абавязкі і правы членаў КСМБ вызначаў Статут ВЛКСМ. Аб’ядноўваў юнакоў і дзяўчат ва ўзросце 14—28 гадоў. Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — ЦК. У перыяд існавання СССР, у т. л. БССР, з’яўляўся актыўным памочнікам і рэзервам КПБ, быў правадніком парт. палітыкі ў асяроддзі моладзі.

Папярэднікамі камсамола былі маладзёжныя арг-цыі на ўзор культ.-асв. гурткоў. Бальшавікі надалі ім камуніст. характар. Восенню 1918 разрозненыя маладзёжныя арг-цыі аб’яднаны ва Усерас. саюз прац. моладзі. На I Усерас. з’ездзе моладзі (29.10—4.11.1918) названы Рас. камуніст. саюзам моладзі. У канцы 1918 — пач. 1919 на вызваленай ад герм. войск тэр. Беларусі пачалося стварэнне мясц. камсам. арг-цый. Яны ўзніклі ў Віцебску (13.11.1918), Магілёве (6.12.1918), Мінску (15.12.1918), Бабруйску (22.12.1918), Мазыры, Крупках, Старых Дарогах, Ігумене (Чэрвень), Карме і інш. Іх арганізац. афармленне адбылося на з’ездзе моладзі Зах. камуны (25—27.12.1918, Смаленск), дзе былі прыняты Праграма і Статут саюза. Большасць дэлегатаў з’езда прадстаўлялі камсам. арг-цыі губерняў і паветаў, якія пазней увайшлі ў склад БССР. На з’ездзе выбраны абком, які з пераездам у Мінск абвясціў сябе ЦК КСМБ і наладзіў выпуск газ. «Факел коммунизма». У сувязі з аб’яднаннем у лют. 1919 Беларусі і Літвы ў Літ.-Бел. ССР іх камсам. арг-цыі 10.2.1919 аб’яднаны ў Камуністычны саюз моладзі Літвы і Беларусі (КСМЛіБ). На пач. 1920 у БССР (без Віцебскай і Гомельскай губ., што ўваходзілі ў склад РСФСР) дзейнічалі 19 пав. і гар. к-таў, больш за 100 пярвічных арг-цый, якія аб’ядноўвалі больш за 2 тыс. чал. На I Усебел. з’ездзе КСМБ (24—27.9.1920) вырашана аддзяліцца ад камсам. арг-цый Літвы і надаць камсамолу Беларусі ранейшую назву. II з’езд КСМБ (20—24.4.1921) вызначыў асн. задачай камсамольцаў і ўсёй моладзі дапамогу дзяржаве ў барацьбе з разрухай, ажыццяўленні новай эканамічнай палітыкі, падкрэсліў неабходнасць умацавання пралетарскай праслойкі саюза. У маі 1923 КСМБ аб’ядноўваў 3743 чл., у лют. 1926—42 тыс. чл. і канд. у чл. Да канца 1922 камсамол па ўказанні Камуніст. партыі ліквідаваў маладзёжныя арг-цыі «Югенд-Бунд», яўкамол, «Макабі» і інш. У Зах. Беларусі, што ў 1921—39 знаходзілася ў складзе Польшчы, са студз. 1924 да жн. 1938 дзейнічаў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. VII з’езд КСМБ (10—12.6.1924) выказаўся за актыўны ўдзел саюзнай і несаюзнай моладзі ў гасп. і культ. буд-ве, перайменаваў КСМБ у ЛКСМБ. У гады індустрыялізацыі ЛКСМБ шэфстваваў над буд-вам БелДРЭС, Мінскай ЦЭЦ-2, Гомсельмаша, Магілёўскай ф-кі штучнага валакна, Аршанскага льнокамбіната, Віцебскай трыкатажнай ф-кі «КІМ», шашы Масква—Мінск і інш. Яго прадстаўнікі працавалі на буд-ве Днепрагэса, Сталінградскага трактарнага з-да, Урала-Кузнецкага камбіната, Камсамольска-на-Амуры. Практычным мерапрыемствам камсамола стаў Усесаюзны паход за ўраджай і калектывізацыю. X з’езд ЛКСМБ (6—13.1.1931) паставіў перад камсамольцамі задачу ўзмацніць дапамогу Кампартыі ў правядзенні суцэльнай калектывізацыі, ва ўмацаванні калгасаў, у авалоданні с.-г. тэхнікай і агранамічнымі ведамі. Па ініцыятыве і з удзелам камсамольцаў у 40 раёнах Беларусі было створана 685 т-ваў с.-г. кааперацыі. У 1930-я г. камсамол, як і ўсё грамадства ў цэлым, зазнаў масавыя рэпрэсіі палітычныя. У 1936—38 сфабрыкавана некалькі «маладзёжных працэсаў», у многіх камсам. арг-цыях колькасць выключаных перавышала колькасць прынятых. З першых дзён Вял.

Айч. вайны ЛКСМБ падпарадкаваў усю сваю дзейнасць задачам абароны Радзімы. У пастанове «Аб задачах камсамольскіх арганізацый Беларусі ў сувязі з ваенным становішчам» ад 28.6.1941 ЦК ЛКСМБ аб’явіў камсамольцаў мабілізаванымі на барацьбу з ням.-фаш. захопнікамі. Да жн. 1941 добраахвотна і па мабілізацыі ў Чырв. Армію пайшло больш за 130 тыс. камсамольцаў, больш за 1500 з іх накіраваны ў разведгрупы Зах., Цэнтр., Бранскага франтоў. На акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 10 абл., 214 гар., раённых і міжраённых падп. к-таў ЛКСМБ, 2500 пярвічных арг-цый у партыз. фарміраваннях, каля 3 тыс. камсам. і маладзёжных арг-цый і груп у падполлі (гл. Абласныя падпольныя камітэты ЛКСМБ, Гарадскія падпальныя камітэты ЛКСМБ, Міжраённыя падпольныя камітэты ЛКСМБ, раённыя падпольныя камітэты ЛКСМБ). 52% асабовага складу партыз. фарміраванняў — камсамольцы і моладзь ва ўзросце да 30 гадоў. Звання Героя Сав. Саюза ўдастоены каля 300 бел. камсамольцаў-воінаў, партызан і падпольшчыкаў. Пасля вызвалення Беларусі ад захопнікаў камсамол уключыўся ў мірную працу. На будоўлі і ў прам-сць БССР у 1946 прыйшло 30 тыс. юнакоў і дзяўчат. Камсамол шэфстваваў над буд-вам мінскіх аўтамаб. і трактарнага з-даў. За 4-ю пяцігодку на буд-ва, у прам-сць і на транспарт рэспублікі прыйшло 80 тыс. юнакоў і дзяўчат; 10 тыс. маладых беларусаў аднаўлялі шахты Данбаса, 6 тыс. адбудоўвалі Сталінград. На 1.1.1948 ЛКСМБ налічваў 262 486 членаў. У пасляваен. дзесяцігоддзі камсамол прымаў удзел у вырашэнні практычна ўсіх нар.-гасп. задач, якія ставіла Камуніст. партыя. У 1954—60 больш за 60 тыс. юнакоў і дзяўчат Беларусі выехалі на асваенне цалінных і абложных зямель у Казахстан. За гераізм у Вял. Айч. вайну, актыўны ўдзел у гасп. буд-ве ЛКСМБ узнагароджаны ордэнамі Чырв. Сцяга (1945), Леніна (1970). На 1.1.1972 ЛКСМБ аб’ядноўваў 1 065 643 членаў, на 1.1.1986—1 516 575, на 1.1.1991—857 966. Скарачэнне амаль удвая колькасці чл. ЛКСМБ было выклікана нарастаннем эканам., сац. і паліт. крызісу сав. грамадства, дэмакратызацыяй грамадскага жыцця. Гэтыя працэсы выліліся ў сац. апатыю, фармальныя адносіны да членства з-за бяздушнасці бюракратычных традыцый, няздольнасці актыву адстойваць інтарэсы моладзі, нізкага аўтарытэту многіх камсам. кіраўнікоў, няяснасці свайго прызначэння ў грамадстве і інш. XXIX з’езд ЛКСМБ (23—26.10.1990) выпрацаваў новыя праграмныя мэты і кірункі дзейнасці камсам. арг-цыі, прыняў Статут ЛКСМБ; былі зацверджаны дэмакр. прынцыпы будовы, жыцця і дзейнасці, якія прадугледжвалі прыярытэт пярвічных арг-цый, поўнаўладдзе камсамольцаў у сваіх арг-цыях, калектыўнасць, галоснасць у рабоце, свабоду дыскусій і інш. Рэформы былі скіраваны на паступовае пераўтварэнне ЛКСМБ у дэідэалагізаваную арг-цыю сац. абароны моладзі.

У сувязі з новымі паліт. рэаліямі, радыкальнымі зменамі прынцыпаў нац.дзярж. ўпарадкавання XXX з’езд ЛКСМБ (6—7.12.1991) перайменаваў рэсп. арг-цыю ў Саюз моладзі Беларусі. 1.2.1992 на I устаноўчым з’ездзе прыхільнікаў камуніст. кірунку ЛКСМБ адроджаны як паліт. арг-цыя моладзі Беларусі. На 1.1.1998 дзейнічалі ЦК, 30 абл., гар. і раённых арг-цый, якія налічвалі 1200 чл. ЛКСМБ.

Літ.:

Комсомол Белоруссии: Цифры и факты. Мн., 1968;

Жураў А.Я. У баях народжаны: Кароткі нарыс гісторыі камсамола Беларусі. 2 выд. Мн., 1970;

Очерки истории Ленинского комсомола Белоруссии. Мн., 1975;

Правда истории: память и боль. Мн., 1991.

А.​Ф.​Макарэвіч.

т. 7, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́МІЯ [ад позналац. chimia; слова «Х.» выводзяць або ад назвы Стараж. Егіпта «Хем» (цёмны, чорны ад колеру глебы ў даліне р. Ніл; «егіпецкая навука»), або ад стараж.-грэч. chemeia — мастацтва выплаўкі металаў],

навука аб саставе, структуры, уласцівасцях рэчываў і іх ператварэннях, якія суправаджаюцца змяненнямі саставу і структуры; адна з галін прыродазнаўства. Вывучае і апісвае ператварэнні рэчываў як у макра- (на ўзроўні макраколькасцей), так і ў мікрамаштабе (на атамна-малекулярным узроўні). Упершыню тэрмін «Х.» выкарыстаў у 5 ст. грэч. алхімік Засіма.

Падзяляецца на арганічную хімію і неарганічную хімію. На стыку гэтых навук развіваюцца Х. комплексных злучэнняў і Х. элементаарганічных злучэнняў. Тлумачэннем сутнасці хім. з’яў і ўстанаўленнем іх агульных заканамернасцей займаецца фізічная хімія, шэраг раздзелаў якой, звязаных з вывучэннем асаблівасцей працякання хім. працэсаў пад уплывам розных фактараў, вылучыліся ў асобныя навукі, напр., механахімія, радыяцыйная хімія, фотахімія і інш. Метады ідэнтыфікацыі рэчываў, што спалучаюць хім. падыходы з фіз. метадамі, вывучае аналітычная хімія. Развіццё спец. метадаў у 20 ст. садзейнічала станаўленню і развіццю нанахіміі. аб’екты даследавання якой — часцінкі памерам некалькі нанаметраў. Тэарэт. асновы сучасных вытв-сцей вывучае хімічная тэхналогія. На стыку Х. з інш. прыродазнаўчымі навукамі інтэнсіўна развіваюцца аграхімія, біяхімія, геахімія, квантавая хімія, хімічная фізіка і інш.

Станаўленне Х. пачалося ў стараж. часы. Напачатку чалавек выкарыстоўваў хім. змены біял. аб’ектаў (браджэнне, гніенне), з асваеннем агню і гарэння — хім. працэсы спякання і сплаўлення (вытв-сць ганчарных вырабаў, шкла), выплаўку металаў. Вытв-сць жалеза, медзі, серабра, свінцу існавала ў Месапатаміі за 3 тыс. г. да н.э. У эпоху антычнасці (5 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.) з’явіліся ўяўленні аб рэчывах як камбінацыях 4 касм. стыхій (Эмпедокл, Арыстоцель), аб існаванні атамаў (Леўкіп, Дэмакрыт). У 1 ст. н.э. пачала развівацца алхімія, якая спалучала элементы філас. і практычных ведаў. Фарміраванне Х. як навукі адносіцца да 16—18 ст., калі хім. даследаванні ўсё больш накіроўваліся на патрэбы практыкі, развіваліся металургія і шкларобства, вытв-сць керамікі і фарбаў. Р.Бойль у працы «Хімік-скептык» (1661) развіў уяўленне аб хім. атамах. Вял. значэнне ў развіцці Х. мелі адкрыццё закону захавання масы рэчываў пры хім. рэакцыях (М.В.Ламаносаў, 1748; А.Л.Лавуазье, 1774), высвятленне таго, што гарэнне і акісленне — працэсы злучэння рэчываў з часцінкамі паветра (Ламаносаў, 1756), адкрыццё кіслароду (Лавуазье, 1774), Крыху пазней адкрыты законы пастаянства саставу (Ж.Л.Пруст, 1799), кратных адносін (Дж.Дальтан, 1804), аб’ёмных адносін (Ж.Л.Гей-Люсак, 1805), Авагадра закон (1811). Класічная Х. (сярэдзіна 19 — пач. 20 ст.) грунтавалася на атамна-малекулярным вучэнні. Ф.А.Кекуле распрацаваў у 1857 тэорыю валентнасці ў дастасаванні да арган. злучэнняў, выявіў чатырохвалентнасць вугляроду і магчымасць утварэння вугляродных ланцугоў. З’явілася тэорыя хім. будовы (А.М.Бутлераў, 1861), Дз.І.Мендзялееў адкрыў перыядычны закон (1869) і склаў перыядычную сістэму элементаў Мендзялеева.

Сучасная Х. вырашае агульныя фундаментальныя праблемы: сінтэз хімічны, кіраванне хім. працэсамі, хім. энергетыка; паглыбленая і комплексная хім. перапрацоўка мінер. сыравіны, нафты, газу і цвёрдых гаручых выкапняў; хім. аналітыка і дыягностыка і інш. Сучасны этап развіцця Х. звязаны з выкарыстаннем квантавых уяўленняў аб рэчыве і яго пераўтварэннях. Назіраецца тэндэнцыя пераходу да размежавання хім. навук не па функцыях, а па аб’ектах вывучэння. Дасягненні Х. пашыраны ў металургіі, вытв-сці пластмас, сінт. валокнаў, мінер. угнаенняў, паўправадніковых матэрыялаў, лек. прэпаратаў, у быт. хіміі і інш.

На Беларусі Х. як навука пачала вывучацца ў 2-й пал. 18 ст. ў навук. установах Гродна і Вільні. Навук. даследаванні ў галіне Х. праводзяцца ў ін-тах Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. тэхнал. ун-це, інш. ВНУ, у лабараторыях прамысл. аб’яднанняў і фірм. Сувязі паміж навук. хім. цэнтрамі розных краін ажыццяўляе Міжнар. саюз тэарэт. і прыкладной Х. Асн. кірункі развіцця Х. на Беларусі: аналітычная хімія, арганічная хімія, біяарганічная хімія, калоідная хімія, лесахімія, нафтахімія, хімія высокамалекулярных злучэнняў, хімія торфу, хімія цвёрдага цела і інш. Найб. значны ўклад у развіццё і арганізацыю навук. даследаванняў па Х. зрабілі Ю.А.Альдэкоп, Ф.Г.Асіпенка (іл. Дадатак), А.А.Ахрэм, М.А.Безбародаў, А.С.Вечар, Б.В.Ерафееў, Г.Я.Каба, М.С.Казлоў, У.С.Камароў, Ф.М.Капуцкі, К.М.Караткоў, М.П.Круцько, Ф.А.Лахвіч, А.І.Лесніковіч, І.І.Ліштван, М.А.Майер, М.І.Міцкевіч, М.М.Паўлючэнка, Я.А.Продан, М.А.Прыляжаеў, Я.М.Рахманько, У.С.Салдатаў, В.В.Свірыдаў, Р.Л.Старобінец, В.Ф.Цікавы, І.Р.Цішчанка, М.Ф.Ярмоленка, І.М.Ярмоленка і інш. Выдаюцца час. «Весці Нац. акадэміі навук Беларусі. Серыя хімічных навук» (з 1965), «Вестник БГУ. Серия 2. Химия, биология, география» (з 1969). У 1993 у Мінску адбыўся 15-ы Мендзялееўскі кангрэс па хім. праблемах экалогіі.

Літ.:

Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975;

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991;

Поиск химической информации. М., 1990;

Бучаченко А.Л. Химия на рубеже веков: свершения и прогнозы // Успехи химии. 1999. Т. 68, № 2.

А.​Л.​Васілеўская.

т. 17, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭАЛОГІЯ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ. БЕЛАРУСКАЯ МАДЭЛЬ РАЗВІЦЦЯ

Ідэалогія бел. дзяржавы — гэта сацыяльна значная, тэарэтычна аформленая сістэма ідэй і поглядаў, якія фарміруюць пэўны спосаб грамадскага сацыяльна-групавога мыслення, абараняюць у абавязковай для ўсяго грамадства форме інтарэсы і каштоўнасці дзяржавы, вызначаюць мэты, шляхі і сродкі іх рэалізацыі з дапамогай дзяржавы.

Тэрмін «ідэалогія» ўвёў у навук. ўжытак франц. філосаф А.Д. дэ Трасі ў 1796. У яго разуменні ідэалогія — гэта навука пра агульныя законы паходжання чалавечых ідэй з пачуццёвага вопыту, якая павінна ляжаць у аснове ўсяго комплексу навук аб прыродзе і грамадстве. Яе гал. прынцыпы павінны складаць аснову палітыкі. У далейшым паняцце «ідэалогія» ў розных палітыкаў і тэарэтыкаў набывала як пазітыўную, так і негатыўную афарбоўку. К.​Маркс і Ф.​Энгельс атаясамлівалі ідэалогію з перавернутымі формамі свядомасці, уяўнай рэальнасцю, ілюзіямі. У.​І.​Ленін, узвёўшы марксізм у ранг ідэалогіі пралетарыяту, надаў ёй статус абавязковага і непарушнага патрабавання пры выпрацоўцы паліт. рашэнняў. Пазней намаганнямі многіх мысліцеляў, інстытутаў, навук. цэнтраў даследаванні ў гэтай галіне прадоўжаны, зроблена тлумачэнне, вызначэнне ролі ідэалогіі ў паліт. працэсе. У ходзе навукова-тэхн. рэвалюцыі значнае развіццё атрымалі ідэі дэідэалагізацыі грамадства. На змену ідэалаг. перавагам прапанавана прыярытэтная роля навукова-тэхн. інтэлігенцыі, арганізатараў вытворчасці. У 1970-я г. ідэі ідэалагізацыі (рэідэалагізацыі) набылі новы сэнс. Ва ўмовах інфармац. грамадства з яго арыентацыяй перш за ўсё на асобу гэта тэндэнцыя стала вызначальнай. Распад СССР нанёс моцны ўдар па ідэалогіі, якая панавала на значнай частцы планеты. Але ён зусім не паўплываў на асновы ідэалаг. забеспячэння ўсіх сфер грамадскага і дзярж. жыцця. Слабай аказалася не столькі ідэалогія, колькі дагматызм, застой, устарэласць падыходаў, закасцянеласць думкі, што вызначалі яе.

У наш час ідэалогія становіцца ўсё больш абавязковым кампанентам дзяржавы, эфектыўным інструментам улады. Ад яе месца ў паліт. працэсе ў значнай ступені залежыць эфектыўнасць механізму ўладных рашэнняў. Жыццё і практыка дзярж. кіравання пацвярджаюць, што стабільнасць у дзяржаве і грамадстве нельга звязваць толькі са сферай эканомікі, валюты, грашова-крэдытных адносін, вырашэннем сац. праблем. Усё больш істотнае значэнне набываюць выразна сфармуляваныя ідэалаг. прынцыпы і патрабаванні, у якіх людзі бачаць сваю ролю, усведамляюць свае паліт. інтарэсы, імкненні і ў адпаведнасці з гэтым вызначаюць сваю жыццёвую пазіцыю і месца ў грамадстве. Ідэалогія дапамагае рэальна звяраць кожны крок дзяржавы па крытэрыях паступальнага руху планеты, пастаянна мець на ўвазе ўсе састаўныя часткі гэтага няпростага працэсу. Ідэалогія становіцца не толькі неабходнай і абавязковай для ўсіх краін, але і адбываецца аптымізацыя ўсіх яе складальнікаў і характэрных рыс, становяцца агульнымі яе функцыі: тэарэтыка-пазнавальная (дазваляе вызначаць аб’ектыўныя тэндэнцыі развіцця, рэальна ацэньваць ідэалаг. сітуацыю); інтэграцыйная (забяспечвае пераемнасць вопыту і базісных каштоўнасцей); селекцыйная (дае магчымасць зрабіць неабходны выбар); матывацыйная (прымушае да дзеяння); арыентацыйная (вызначае сістэму сэнсаў і арыентацый дзеяння); мабілізацыйная (мабілізуе на выкананне сац.-паліт. праграм і мэт); дэмпферная (садзейнічае зняццю сац. напружанасці); выхаваўчая (вызначае мэты і сродкі выхавання); інавацыйная (садзейнічае станаўленню сац. каштоўнасцей і норм).

Як сістэма паліт., прававых, маральных поглядаў і ідэй ідэалогія выпрацоўвае ў людзей неабходныя грамадству і дзяржаве каштоўнасныя арыенціры, фарміруе пэўныя перакананні, валявыя якасці, заахвочвае людзей да свядомага выканання пастаўленых задач, фіксуе і адлюстроўвае асн. тэндэнцыі магчымага развіцця дзяржаўнасці. Яна выхоўвае грамадзян, дапамагае ім арыентавацца ў складаным акружэнні, выпрацоўвае ў іх вышэйшую сістэму каштоўнасцей, дапамагае ў захаванні пазітыўных гіст., культ., духоўных традыцый; выступае ў якасці сістэмы дзеянняў (скіраваны на забеспячэнне жаданага ўспрыняцця людзьмі стратэг. мэт дзяржавы і грамадства), якая надае сэнс эканам., сац. і паліт. аспектам жыцця, апраўдвае іх, вызначае неабходныя спосабы і стымулы іх актывізацыі. Важным патрабаваннем у выпрацоўцы неабходнай дзяржаве і грамадству ідэалогіі з’яўляецца вызначэнне і вылучэнне іх базісных мэтавых каштоўнасцей: сац. парадку (прадугледжваюць адказнасць дзяржавы і грамадзяніна на шляху дасягнення ўсеаг. даброт); эканам. характару (базіруюцца на роўнасці і разнастайнасці форм уласнасці, забеспячэнні высокай выніковасці ў сферы эканомікі і гаспадарання); роўнасці ўмоў і магчымасцей для ўсіх грамадзян; свабоды (забяспечваюць духоўна-маральнае развіццё ўсіх грамадзян); сац. развіцця (асабліва неабходныя ў ходзе развіцця чалавечага патэнцыялу). Базіруючыся на гэтых каштоўнасцях, а таксама на нац. інтарэсах, ідэалогія знаходзіць сваё змястоўнае ўвасабленне ў абгрунтаванні пэўнай формы паліт. улады, дзейнасці яе інстытутаў. Яна дае ўяўленне пра дзярж. лад, метады і сац.-эканам. сродкі пераўтварэнняў, фарміруе грамадскія ідэалы, абгрунтоўвае іх патрэбнасць і значнасць, вызначае эфектыўныя спосабы дасягнення пастаўленых мэт, механізмы ўладных пераўтварэнняў, садзейнічае аб’яднанню людзей у адзінае сац. цэлае.

Асн. палажэнні ідэалогіі бел. дзяржавы замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта — дзярж. суверэнітэт краіны, унітарны характар бел. дзяржавы, сацыяльна арыентаваная скіраванасць эканомікі, забеспячэнне рэальных гарантый правоў і свабод грамадзян, прынцып вяршэнства ўлады, народаўладдзе, справядлівасць, салідарнасць і партнёрства ў адносінах паміж рознымі сац. сіламі, верацярпімасць і свабода сумлення. Канстытуцыйныя асновы, што вызначаюць змест ідэалогіі, базіруюцца на сукупным духоўным вопыце народа, яго нац. свядомасці, сталых формах жыцця, звычаях і сац.-маральных каштоўнасцях, выпрацаваных на працягу многіх стагоддзяў духоўна-культ. і агульнапаліт. гісторыі і асэнсаваных у адпаведнасці з сучаснымі ўмовамі функцыянавання дзяржавы. Сучаснасць патрабуе таксама выразнага вызначэння неабходных каштоўнасцей асобы як носьбіта і гал. іх спажыўца. Сярод іх: светапоглядныя (гуманізм, патрыятызм, калектывізм), сэнсажыццёвыя (даюць уяўленні пра дабро, зло, шчасце, сэнс жыцця), універсальныя (тычацца жыцця, здароўя, дабрабыту, бяспекі, адукацыі, прафесіі, сямейных і родавых адносін), дэмакратычныя (умешваюцца ў сферу свабоды слова, сумлення, удзелу ў фарміраванні органаў улады і кіравання, нац. суверэнітэту), грамадскага прызнання вынікаў працы і забеспячэння, міжасобасных зносін у абставінах сумленнасці, бескарыслівасці і добразычлівасці. Гэта ўзаемазвязаныя працэсы, якія ў наш час набываюць усё большае значэнне пры іх комплекснасці, сістэмным выкарыстанні.

Гал. элементам пры вызначэнні асноў ідэалогіі дзяржавы выступае здаровая і квітнеючая эканоміка, якая забяспечвае годнае жыццё народа, з’яўляецца важнейшай умовай дасягнення паліт. стабільнасці ў грамадстве, міру і спакою ў дзяржаве. Эканоміка абслугоўваецца людзьмі і трымаецца на людзях з іх інтарэсамі і поглядамі. Канчатковая мэта ўсякага гаспадарання вызначаецца індывідуальнымі патрэбнасцямі людзей. У апошні час атрымала прызнанне бел. мадэль грамадска-паліт. і эканам. развіцця, якая з’яўляецца патрэбай гіст. абставін і часу, вынікае з сусв. і айч. вопыту. Па сваім змесце гэта комплексная, даволі складаная з’ява, што азначае стварэнне і ідэалаг. падтрыманне сацыяльна актыўнай эканомікі, якая забяспечвае высокую адаптацыю да зменлівых умоў, выяўляецца найперш ва ўзроўні канкурэнтаздольнасці бел. прадпрыемстваў. Бел. мадэль развіцця побач з інтэнсіфікацыяй эканомікі і павышэннем узроўню жыцця грамадзян, вырашэннем іх сац. праблем забяспечвае дасягненне гармоніі паміж людзьмі, грамадствам і прыродай, ліквідуе супярэчнасці паміж рэгіёнамі з розным узроўнем развіцця, паміж багатымі і беднымі, сучасным і будучым пакаленнямі, існуючымі стэрэатыпнымі патрэбнасцямі людзей і іх разумнымі патрэбамі. Яна прадугледжвае кардынальную экалагізацыю гасп. дзейнасці, уключае новыя прыярытэты ў дэмаграфічнай палітыцы, захаванне і ўмацаванне здароўя людзей, рацыяналізацыю іх спосабу жыццядзейнасці і побыту, сац. абароненасць, адраджэнне духоўнасці ў яе свецкай і рэліг. формах, апераджальнае развіццё навукі, адукацыі, культуры і інш. Важнай умовай паспяховай рэалізацыі яе складальнікаў з’яўляецца і тое, што эканам. і сац. праблемы вырашаюцца на фоне павышэння рэгулявальнай ролі эфектыўнай дзяржавы, дзе рыначныя адносіны маюць не толькі кіруемы з боку дзяржавы, але і планава падрыхтоўчы характар. Бел. мадэль развіцця прадугледжвае таксама меры па ўзмацненні і расшырэнні дэмакр. асноў кіравання дзяржавай, усімі сферамі яе дзейнасці, вызначаны парадак улады, адбору людзей у яе структуры і кантролю з боку грамадзян за іх дзейнасцю. Эканам. і ідэалаг. сродкамі неабходна стварыць моцную эканоміку, магутную прававую дзяржаву, сфарміраваць грамадз. супольнасць, забяспечыць, каб у навакольным свеце месца краіны было важкім, а жыццё народа — дастойным і забяспечаным. У бел. мадэлі развіцця належнае месца займаюць пытанні выпрацоўкі новага светапогляду і пошуку прынцыпова новых філас. і культуралаг. арыентацый. Ідэалаг. асновы тут складаюць фундамент адзінства, унутр. цэласнасці і адначасова ўтрымліваюць мэтанакіраваную праграму сац. жыццядзейнасці народа, грамадства і дзяржавы. Ідэалогія, уваходзячы ў паліт. свядомасць людзей, адлюстроўваючы іх інтарэсы і сац. жыццё, выконвае важную мабілізацыйную ролю, выступае ў якасці пабуджальнага матыву паліт. дзеяння.

Літ.:

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Система образования Республики Беларусь в цифрах, 1940—1999. Мн., 1999;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;

Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;

Социально-политическая ситуация Беларуси: проблемы и перспективы: По материалам социол. мониторинга: Сб. науч. тр. Мн., 2000;

Образование в Республике Беларусь: Стат. сб. Мн., 2001;

Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Политические партии: Беларусь и современный мир. Мн., 2002;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 2003;

Республика Беларусь в цифрах: Краткий стат. сб. Мн., 2003;

Шинкарев В.В., Вартанова Л.В. Идеология государственности и общественного развития Республики Беларусь. М., 2003;

Яскевич Я.​С.​Основы идеологии белорусского государства. Мн., 2003;

Бабосов Е.М. Основы идеологии современного государства. Мн., 2004;

Михеев В.М. Идеология: размышления и выводы. Мн., 2004. І.​І.​Гвардзееў (народная гаспадарка), Э.​С.​Ярмусік (грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё), Н.​У.​Васілеўская (адукацыя, навука), В.​В.​Шынкароў (ідэалогія беларускай дзяржавы, беларуская мадэль развіцця).

т. 18, кн. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)