цяглыя сяляне, якія пераходзілі ў залежнасць да феадалаў, каб пазбавіцца ад цяжкіх падаткаў і павіннасцей на карысць дзяржавы або злоўжыванняў ураднікаў. Яны трацілі асабістую свабоду, вымушаны былі плаціць феадалу натуральныя і грашовыя падаткі. Велікакняжацкія ўлады змагаліся супраць закладніцтва, бо яно змяншала колькасць дзярж. сялян і скарачала дзярж. даходы. У 15—16 ст. закладніцтва было пашырана у Полацкай зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАГНІ́ЧАНАСЦЬ АСТА́ТКАВАЯ,
намагнічанасць, што астаецца ў фера- ці ферымагнітных матэрыялаў пасля спынення дзеяння магн. поля. Залежыць ад магн. уласцівасцей матэрыялу і ад характару папярэдніх уздзеянняў на яго магн. поле. Найб. Н.а. ў высокакаэрцытыўных матэрыялаў (гл.Намагнічванне, Гістэрэзіс). Значэнне Н.а. канкрэтных узораў залежыць ад іх формы. Паменшыць Н.а. ці пазбавіцца ад яе можна награваннем матэрыялу, мех. уздзеяннем на яго ці дзеяннем магн. поля. Мае шырокае практычнае выкарыстанне (гл.Магніт, Палеамагнетызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІ́СКАВЫЯ СІСТЭ́МЫ люстрана-лінзавыя сістэмы, у якіх перад сферычным (радзей эліптычным) люстэркам ці перад сістэмай люстэркаў і лінзаў або пасля іх знаходзіцца 1 ці некалькі ахраматычных меніскаў. Вынайдзены ў 1941 Дз.Дз.Максутавым і Д.Габарам, незалежна адзін ад аднаго. Меніскавыя лінзы, радыусы крывізны паверхняў якіх мала адрозніваюцца, не ўплываюць на агульны ход прамянёў, але істотна змяншаюць аберацыі аптычных сістэм, у якія яны ўваходзяць. М.с. маюць малы астыгматызм, у іх можна скампенсаваць сферычную аберацыю, пазбавіцца ад комы. Выкарыстоўваюцца ў астраноміі, фатаграфіі і інш.Гл. таксама Максутава тэлескоп.
Я.У.Чайкоўскі.
Меніскавыя сістэмы тыпу: а — Ньютана; б — Мерсена; 1 — меніск; 2, 3 — галоўнае і дапаможнае люстэркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКЛА́ДНІЦТВА,
пераход дзярж. цяглых людзей да феадалаў у Рус. дзяржаве 13 — пач. 18 ст. Каб пазбавіцца цяжкіх дзярж. падаткаў і павіннасцей, збяднелыя сяляне і гараджане дамаўляліся («закладваліся») з феадаламі перайсці да іх, калі будуць зменшаны павіннасці. Пры гэтым закладнікі трацілі асабістую свабоду і траплялі ў залежнасць да феадала. Упершыню З. ўпамінаецца ў дагаворнай грамаце 1266 Ноўгарада з цвярскім князем. Урад, не задаволены памяншэннем даходаў ад скарачэння цяглых сялян, Судзебнікам 1550 забараніў гандл. людзям «закладвацца» за манастыры, а ў 1584 — свецкім феадалам прымаць закладнікаў. Пастановы 1619, 1638 абавязалі закладнікаў вярнуцца на старыя месцы. З. фармальна забаронена Саборным улажэннем 1649, аднак існавала да пач. 18 ст. Дакументы 15—16 ст. сведчаць пра існаванне З. і на Полацкай зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ЎСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
руская феад. дзяржава з цэнтрам у г.Пскоў у 2-й пал. 13 ст. — 1510. Пасля распаду ў 12 ст.Кіеўскай Русі Пскоўская зямля — частка Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Пры князю, выхадцу з ВКЛ, Даўмонце [1266—99] яна фактычна аддзялілася ад Ноўгарада, што юрыдычна замацаваў Болатаўскі дагавор 1348. П.ф.р. мела дзярж. лад, падобны на наўгародскі (веча, пасаднікі, савет баяр, служылы князь). Аснова гаспадаркі — земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства, развітыя рамёствы, гандаль. Імкнучыся пазбавіцца ад наўгародскай і інш. знешніх пагроз (частыя войны з ВКЛ і Лівонскім ордэнам), П.ф.р. ў 14—15 ст. зблізілася з Маскоўскім вял. княствам, у 1456, 1471 і 1478 падтрымала яго паходы супраць Ноўгарада. У 1510 ліквідавана, яе тэр. далучана да Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. У П.ф.р. развіваліся Пскоўская школа дойлідства і Пскоўская школа жывапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЭСІ́ЙНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
у Расійскай імперыі ў 18—1-й пал. 19 ст. прыгонныя сяляне, замацаваныя за прыватнымі прамысл. прадпрыемствамі (мануфактурамі, фабрыкамі, заводамі) на аснове пасэсійнага права (без права продажу асобна ад прадпрыемства). Катэгорыя П.с. уведзена пры Пятру I у 1721. У іх склад уваходзілі купленыя да прадпрыемстваў сяляне, «вечнаадданыя» (указ 1736), казённыя фабр. рабочыя, перададзеныя ўладальнікам пасэсійных прадпрыемстваў. У 19 ст. ў лік П.с. ўвайшлі т. зв. неадменныя работнікі, што замянілі сабой прыпісных сялян. Ў адрозненне ад звычайных прыгонных П.с. не дазвалялася пераводзіць на с.-г. работы, аддаваць у рэкруты; яны маглі падаваць чалабіцці ў Берг- і Мануфактур-калегіі, якім былі падсудныя. У той жа час іх жорстка эксплуатавалі: грубы пазаэканам. прымус спалучаўся з грашовымі штрафамі і вылікамі. З развіццём капіталізму ўладальнікі пасэсійных прадпрыемстваў імкнуліся пазбавіцца ад П.с. (у 1840 яны атрымалі такое права) і замяніць іх паднявольную працу больш прадукц. працай наёмных работнікаў. Катэгорыя П.с. скасавана пасля адмены прыгоннага права ўказамі 1861 і 1863.
Літ.:
Панкратова АМ. Формирование пролетариата в России (XVII—XVIII вв.). М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ШЧА,
месца (крыніца, возера, камень, узгорак і г.д.), надзеленае, паводле ўяўленняў вернікаў, надзвычайнымі надпрыроднымі сіламі і ўласцівасцямі. П. назвалі таксама маленне пра дараванне грахоў у якім-н. «святым» ці «цудадзейным» месцы. У навук. ўжытак тэрмін «П.» ўвёў у пач. 20 ст. М.Янчук. Вера ў П. генетычна звязана з культам прыроды. Некат. П. ўзніклі з язычніцкіх свяцілішчаў. Аднак этнографамі зафіксаваны выпадкі ўзнікнення пакланення П. і ў 19—20 ст. П. наведвалі, каб пазбавіцца ад хвароб, сюды прыносілі ахвяраванні (палатно, ручнікі, кветкі, ежу і інш.). Значная частка П. была прызнана хрысціянскім духавенствам і знаходзілася пад яго апекай. Каля такіх П. нярэдка будавалі капліцы, цэрквы, касцёлы, у дні рэліг. свят праводзілі хрэсныя хады і богаслужэнні. Найб. вядомымі былі П. Сіняя Крыніца каля г. Слаўгарад Магілёўскай вобл., Святая Горка каля г.п. Смілавічы Мінскай вобл., нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., камяні-следавікі на Траецкай гары ў Мінску і інш. П. на Беларусі даследавалі М.Доўнар-Запольскі, Янчук, Ф.Пакроўскі, Е.Раманаў, А.Багдановіч, М.Мялешка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЯ́СЛАЎСКАЯ РА́ДА 1654,
сход прадстаўнікоў укр. народа, скліканы гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім 18.1.1654 у г. Пераяслаў (цяпер Пераяслаў-Хмяльніцкі Кіеўскай вобл.), на якім было прынята рашэнне аб далучэнні Украіны да Расійскай дзяржавы. Укр. старшына і шляхта спадзяваліся ў выніку далучэння да Расіі замацаваць свае саслоўныя прывілеі, пазбавіццарэліг. ўціску, адхіліць ад улады польскую шляхту і магнатаў. Асн. прынцыпы аб’яднання агавораны напярэдадні рады паміж Б.Хмяльніцкім і рас. паслом В.В.Бутурліным. Раніцай 18 студз. Хмяльніцкі склікаў старшынскую раду, якая выказалася за далучэнне да Расіі. Днём сабралася адкрытая рада, на якой прысутнічалі таксама пераяслаўскія гараджане і сяляне з навакольных вёсак. У сваёй прамове Хмяльніцкі адзначыў, што для захавання ўкр. вольнасцей неабходна прызнаць уладу Расіі. Удзельнікі П.р. прысягнулі на вернасць рас. цару, Бутурлін уручыў Хмяльніцкаму грамату царскага ўрада аб згодзе прыняць Украіну ў склад Расіі. У сак. — крас. 1654 укр. пасольства ў Маскве падпісала шэраг артыкулаў (т.зв. Сакавіцкія, або Пераяслаўскія, артыкулы), якія вызначалі ўмовы аўт. існавання Украіны ў складзе Рас. дзяржавы. Прыняцце Украіны ў рас. падданства папярэдне было адобрана 1(11).10.1653 на Земскім саборы ў Маскве, што аўтаматычна азначала абвяшчэнне вайны Рэчы Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ З РАСІ́ЯЙ 1609—18,
вайна за вяртанне Смаленскай зямлі і за ўтварэнне федэрацыі Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. У сувязі з няўстойлівым становішчам у Маскоўскай дзяржаве баярская апазіцыя, жадаючы пазбавіцца ад цара Васіля Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону каралевічу Уладзіславу, сыну караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта III Вазы. Узнік план далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі. Зачэпкай для пачатку вайны было ўвядзенне швед. корпуса на чале з Я.Дэлагардзі на тэр. Расіі для барацьбы з атрадамі Лжэдзмітрыя II. Паколькі Жыгімонт III быў у стане вайны са Швецыяй, то ўвядзенне швед. войск у Расію і яе саюз са Швецыяй разглядаўся як варожы акт. У вер. 1609 пачалася аблога Смаленска, але толькі 13.6.1611 горад быў узяты. 4.7.1610 войска С.Жулкеўскага (6,5 тыс.чал.) разбіла рус. войска каля Клушына і падышло да Масквы, дзе ў выніку перавароту цар Шуйскі быў скінуты, а царом абвешчаны Уладзіслаў. Баяры, жыхары Масквы і інш. гарадоў прынеслі яму прысягу. У вер. 1610 войска Рэчы Паспалітай заняло Маскву. 1-е рус. апалчэнне ўзяць Маскву не змагло. У 1612 2-е апалчэнне на чале з К.Мініным і Дз.Пажарскім вызваліла Маскву, у лют. 1613 Земскі сабор абраў царом 16-гадовага М.Ф.Раманава. У наступныя гады Жыгімонт III спрабаваў заваёўваць землі на У, але фінансавыя цяжкасці не дазволілі сабраць вял. войска. У 1617—18 Уладзіслаў сам узначаліў паход на Маскву, але штурм горада вынікаў не даў. Паводле заключанага Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адыходзілі смаленскія (за выключэннем Вязьмы), да Польск. каралеўства — ноўгарад-северскія і чарнігаўскія землі. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Расіі».
А.П.Грыцкевіч.
Да арт. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Аблога Смаленска беларуска-польскім войскам у 1610. Гравюра Г.Келера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ЭЛЕКТРАДЫНА́МІКА,
рэлятывісцкая квантавапалявая тэорыя электрамагнітных узаемадзеянняў элементарных часціц; састаўная частка адзінай калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў. Дала пачатак агульнай квантавай тэорыі поля і стала найб. распрацаваным і эксперыментальна абгрунтаваным раздзелам гэтай тэорыі.
Пачала афармляцца як самаст. тэорыя (незалежная ад квантавай механікі) на аснове прац П.Дзірака. Грунтуецца на квантава-рэлятывісцкім хвалевым Дзірака ўраўненні для электрона (пазітрона) у эл.-магн. полі і ўраўненні тыпу Максвела—Лорэнца для эл.-магн. поля з крыніцамі. Ураўненні рашаюцца метадам паслядоўных набліжэнняў па канстанце эл.-магн. сувязі a = e2/4 πε0c ≈ 1/137. Атрыманыя рашэнні (хвалевыя функцыі дзіракаўскага і эл.-магн. палёў) раскладаюцца ў Фур’е шэрагі па вядомых наборах функцый свабодных станаў электрона (пазітрона) са значэннямі імпульсу, энергіі і праекцыі спіна. Каэфіцыенты такіх шэрагаў пры пэўных умовах вызначаюць амплітуды імавернасці пераходу элементарнай часціцы з аднаго стану ў другі ў выніку ўзаемадзеяння. Пасля працэдуры другаснага квантавання эл.-магн. і дзіракаўскае палі становяцца сістэмамі з пераменным лікам часціц і каэфіцыенты Фур’е-разлажэнняў функцый стану квантаваных палёў набываюць сэнс аператараў нараджэння і знікнення квантаў гэтых палёў (электронаў, пазітронаў, фатонаў). Паводле К.э. эл.-магн. ўзаемадзеянне электронаў адбываецца за кошт абмену паміж імі віртуальнымі фатонамі, якія неперарыўна выпрамяняюцца і паглынаюцца эл. зараджанымі часціцамі. Фундаментальнае значэнне ў К.э. мае матрыца рассеяння (S-матрыца), якая звязвае ў агульнай форме станы квантаваных палёў да і пасля эл.-магн. ўзаемадзеяння. На яе аснове ў межах тэорыі малых узбурэнняў вызначаюцца амплітуды рассеяння для любых магчымых эл.-дынамічных працэсаў. Кожнаму працэсу адпавядае графічная карціна (дыяграма Р.Фейнмана) Канстанта a дазваляе праводзіць разлікі эл.-магн. працэсаў (напр., эфекту Комптана, пераўтварэння электронна-пазітронных пар у фатоны і наадварот) з зададзенай дакладнасцю. Пры гэтым улічваецца працэдура перанарміровак, якая дазваляе пазбавіцца ад бясконцых значэнняў фіз. велічынь, выкліканых узаемадзеяннем квантаў поля (напр., электронаў) з палярызаваным вакуумам. Такое ўзаемадзеянне выявіла шэраг спецыфічных эфектаў (анамальны магн. момант электрона, лэмбаўскі зрух энергет. узроўняў электронаў у атамах, рассеянне святла на святле).
Літ.:
Ахиезер А.И., Берестецкий В.Б. Квантовая электродинамика. 3 изд. М., 1969;
Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968.