камплект для тушэння пажараў вадой. Складаецца з запорнага вентыля, устаноўленага на пажарным водаправодзе, пажарнага рукава (гібкі трубаправод са спец. хутказлучальнымі галоўкамі на канцах, які служыць для падачы вады) і ствала (прыстасаванне для атрымання кампактнага ці распыленага струменя вады). П.к. размяшчаюцца на вышыні 1,35 м над падлогай у спец. шафах, дзе ўстанаўліваюць таксама ручныя вогнетушыцелі. На дзверцах пазначаецца парадкавы нумар П.к. і нумар тэлефона бліжэйшай пажарнай часці. Колькасць і тып П.к. у будынку залежаць ад яго прызначэння, памераў і пажарнай небяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНЫ НАГЛЯ́Д,
сістэма мерапрыемстваў па нагляду за выкананнем правіл і норм пажарнай бяспекі. Ажыццяўляюць дзярж. органы П.н., якія праводзяць пажарна-тэхн. абследаванне прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, робяць заключэнне аб наяўнасці парушэнняў і даюць рэкамендацыі па іх ліквідацыі і ўзмацненні проціпажарнай аховы аб’ектаў, распрацоўваюць і зацвярджаюць правілы пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі збудаванняў і правядзенні буд. работ; таксама накладаюць спагнанні за парушэнні правіл і патрабаванняў пажарнай бяспекі: часова прыпыняюць ці забараняюць эксплуатацыю прамысл. аб’ектаў (асобных памяшканняў, абсталявання), што працуюць з парушэннямі, выпуск і рэалізацыю прадукцыі, якая не адпавядае проціпажарным патрабаванням. На Беларусі П.н. ажыццяўляе Мін-ва па надзвычайных сітуацыях (створана ў 1999), якому падпарадкаваныя тэр. (абл.) і мясц. органы (пажарныя аварыйна-выратавальныя атрады, часці і пасты ў гарадах, раёнах, на асобных аб’ектах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аўтамабіль са спец. агрэгатамі і абсталяваннем для тушэння пажараў, выканання спец. і дапаможных работ. Дастаўляе да месца пажару баявы разлік, вогнетушыльныя рэчывы, пажарна-тэхн., аварыйна-выратавальнае і інш. абсталяванне. Звычайна выкарыстоўваюцца шасі серыйных аўтамабіляў (КамАЗ, УАЗ, ЗІЛ, КрАЗ, МАЗ і інш.). Падзяляюцца на асноўныя, спец. і дапаможныя. Асноўныя П.а. прызначаны для непасрэднага тушэння пажару — падачы ў зону гарэння вогнетушыльных рэчываў (вады, пены, парашкоў, газаў і інш.). Бываюць агульнага выкарыстання (аўтацыстэрны, аўтапомпы, аўтамабілі помпава-рукаўныя) і мэтавага выкарыстання (пажарныя помпавыя станцыі, парашковыя, пенныя, аўтамабілі газавадзянога, газавага і камбінаванага тушэння, аэрадромныя). Найб. пашыраны аўтацыстэрны, у т.л. вытв-сці «Белкамунмаша» і «Агата». Абсталёўваюцца пажарнымі помпамі высокага (да 40 МПа) і нізкага (да 10 МПа) ціску, ёмістасцямі для вады (2,5—12 м³) і пенаўтваральніка (150—4000 л), пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальным абсталяваннем. Аўтапомпы і помпава-рукаўныя аўтамабілі выкарыстоўваюцца разам з аўтацыстэрнамі або самастойна пры заборы вады з вадаёмаў. Пажарныя помпавыя станцыі падаюць ваду па магістральных пажарных рукавах непасрэдна да перасоўных лафетных ствалоў або да П.а. Аўтамабілі пеннага пажаратушэння выкарыстоўваюцца для тушэння пажараў паветрана-мех. пенай; парашковага тушэння — для тушэння пажараў на аб’ектах хім., нафтаперапрацоўчай прам-сці, атамнай энергетыкі, лятальных апаратаў; камбінаванага тушэння — для падачы ў ачаг гарэння вогнетушыльных парашковых саставаў і паветрана-мех. пены. Аўтамабілі газавага пажаратушэння выкарыстоўваюцца для тушэння пажараў электраабсталявання пад напружаннем, музеяў і архіваў, гаручых і лёгкаўзгаральных вадкасцей, а таксама пажараў у цяжкадаступных месцах, П.а. газавадзянога тушэння — для тушэння газанафтавых фантанаў (маюць авіяц. турбарэактыўны рухавік з сістэмай трубаправодаў для падачы вады). П.а. аэрадромныя служаць для выратавання пасажыраў і экіпажа самалёта (верталёта), тушэння пажару і работ па ліквідацыі аварыі. Бываюць стартавыя (базіруюцца непасрэдна каля ўзлётнай паласы) і асноўныя (выязджаюць па сігнале трывогі). Спецыяльныя П.а. прызначаны для падняцця людзей на вышыню, забеспячэння сувязі і асвятлення, разборкі канструкцый, барацьбы з дымам, ратавання матэрыяльных каштоўнасцей, пракладкі рукаўных ліній і інш. Да іх адносяцца аўтадрабіны (гл.Пажарныя драбіны), аўтапад’ёмнікі, аўтамабілі газадымаахоўнай службы, сувязі і асвятлення, тэхн. службы, рукаўныя і штабныя. Аўтапад’ёмнікі служаць для выканання работ і ратавання людзей на вышыні; П.а. сувязі і асвятлення — для арганізацыі сувязі, кіравання на пажары, сілкавання электраэнергіяй эл. інструменту; П.а. тэхнічнай службы — для аварыйна-выратавальных работ у задымленых памяшканнях (аснашчаюцца пражэктарамі, кампрэсарам для сілкавання сціснутым паветрам пнеўмаінструменту і газаструменнага дымасоса, электрагенератарам); П.а. газадымаахоўнай службы — для барацьбы з дымам і забеспячэння работ у задымленых памяшканнях, маюць сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання; П.а. рукаўныя — для механізаванага пракладвання і прымання магістральных рукаўных ліній, тушэння пажараў вадзянымі і паветрана-пеннымі струменямі з дапамогай стацыянарных і перасоўных лафетных ствалоў. Дапаможныя П.а.: аўтапалівазапраўшчыкі, перасоўныя рамонтныя майстэрні, аўтамабілі-лабараторыі, аўтобусы, грузавыя аўтамабілі і інш. Пашыраецца выкарыстанне П.а. хуткага рэагавання для дастаўкі на месца пажару, аварыі, дарожна-трансп. здарэння баявога разліку, пажарнага і аварыйна-выратавальнага абсталявання (выпускаюцца ВА «Віцязь», г. Віцебск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ ПРАФІЛА́КТЫКА,
комплекс арганізац. і тэхн. мерапрыемстваў для прадухілення і лакалізацыі пажараў. Задачы П.п.: нарміраванне аб’ектаў па пажарнай небяспецы і выбухованебяспечнасці; забеспячэнне неабходнай вогнеўстойлівасці буд. канструкцый; зніжэнне гаручасці матэрыялаў; прадухіленне вылучэння гаручых рэчываў з тэхнал. абсталявання і ўтварэння выбухованебяспечнага асяроддзя, а таксама ліквідацыя крыніц загарання; заніраванне тэр. прадпрыемстваў; стварэнне проціпажарных разрываў і перашкод; забеспячэнне своечасовай эвакуацыі людзей; тэхн. забеспячэнне зніжэння задымленасці будынкаў; забеспячэнне сістэмамі вентыляцыі і пажарнай сігналізацыі. П.п. з’яўляецца сродкам стварэння пажарнай бяспекі і грунтуецца на комплексе нарматыўных дакументаў. Кантроль за выкананнем проціпажарных норм і правіл ажыццяўляе пажарны нагляд.
Літ.:
Обеспечение пожарной безопасности объектов народного хозяйства. Ч. I—3. Мн., 1992—98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ АХО́ВА, пажарная служба,
сістэма дзярж. органаў па арганізацыі і ажыццяўленні мерапрыемстваў па папярэджанні і тушэнні пажараў, пажарнай бяспецы. Асн. задачы П.а. — пажарная прафілактыка, пажарны нагляд, тушэнне пажараў. На Беларусі проціпажарная ахова як асобная служба ў гарадах з магдэбургскім правам вядома з пач. 16 ст. Першыя прафес. пажарныя каманды ўзніклі ў 19 ст. У Мінску прафес. пажарная каманда створана ў 1853. У 1876 арганізавана Мінскае вольнапажарнае т-ва. У пажарныя каманды ўваходзілі атрады водазабеспячэння, трубны, драбінны, сякерны і ахоўны. У 1927 сфарміраваны апарат Дзярж. пажарнага нагляду. У 1933 створана першая навуч. ўстанова па падрыхтоўцы пажарных спецыялістаў (гл.Вышэйшае пажарнатэхнічнае вучылішча). З 1999 П.а. ўваходзіць у сістэму Мін-ва надзвычайных сітуацый Беларусі, якому падпарадкаваны абласныя і Мінскае гар. ўпраўленні, пажарныя аварыйна-выратавальныя атрады, часці і асобныя пасты. У склад П.а. ўваходзяць Камандна-інж.ін-т, Пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый навукова-даследчы інстытут, Гомельскае сярэдняе пажарнатэхн. вучылішча і Рэсп. навучальна-трэніровачны цэнтр. Дзейнасць рэгламентуецца законам «Аб пажарнай бяспецы» (1993) і інш. нарматыўна-прававымі актамі. З 1999 Беларусь член Міжнар.тэхн. камітэта па папярэджанні і тушэнні пажараў (засн. ў 1902).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ ТЭ́ХНІКА,
тэхнічныя сродкі для папярэджання, абмежавання або тушэння пажару, ратавання людзей, матэрыяльных каштоўнасцей і прыродных аб’ектаў. Асн. П.т. — пажарныя машыны: пажарныя аўтамабілі, паязды, судны, самалёты, верталёты, танкі, мотапомпы і інш. Да П.т. адносяцца таксама пажарныя драбіны, пажарная аўтаматыка (у т.л. сістэмы пажарнай сігналізацыі), сродкі проціпажарнага водазабеспячэння, процідымнай аховы і экстраннага абвяшчэння, першасныя сродкі пажаратушэння, пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальнае абсталяванне.
Пажарныя паязды прызначаны тушыць пажары паблізу чыг. палатна і на рухомым саставе чыг. транспарту. Складаюцца з вагонаў, у якіх размешчаны помпавая станцыя, спец. і пажарна-тэхн. абсталяванне, бокс для пажарных аўтамабіляў, ёмістасці для пенаўтваральніка, чыг. цыстэрны з вадой. Пажарныя судны (цеплаходы, катэры і інш.) тушаць пажары на плаўсродках і ў прыбярэжнай зоне. Яны абсталяваны помпамі, якія нагнятаюць ваду (да 1000 м³/гадз) у рукаўныя лініі ці лафетныя ствалы (брандспойты); маюць запас пенаўтваральніка для тушэння суднаў і нафтапрадуктаў. Пажарныя самалёты (Ан-2, Ан-12, Ан-24, Іл-76, Як-12) і верталёты (Мі-4, Мі-6, Мі-8, Ка-26) прызначаны для авіяпатрулявання, дастаўкі да месца пажару ў аддаленых і цяжкадаступных раёнах людзей, тэхнікі і вогнетушыльных рэчываў. Маюць сістэмы забору вады ў палёце (да 10 т), могуць перавозіць бульдозеры. аўтацыстэрны і інш., распыляць аэразольныя рэагенты, якія ствараюць штучны заліўны дождж. Пажарныя танкі выкарыстоўваюць для тушэння пажараў і ліквідацыі аварый на пажаравыбухованебяспечных аб’ектах, базах і складах боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. На іх устанаўліваюць ёмістасці для вогнетушыльных рэчываў, пажарна-тэхн. абсталяванне, сістэмы жыццезабеспячэння для работы ў непрыдатным для дыхання асяроддзі. Мотапомпы (пераносныя і прычапныя) служаць для тушэння лясных пажараў, падачы вады на верхнія паверхі вышынных будынкаў, запаўнення пажарных ёмістасцей; уваходзяць у камплект пажарных паяздоў і аўтамабіляў хуткага рэагавання. Складаюцца з цэнтрабежнай помпы і рухавіка ўнутр. згарання.
Стварэнне П т. распачата ў глыбокай старажытнасці. Грэч. механік з Александрыі Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.) вынайшаў пажарную помпу (поршневую 2-цыліндравую), якая «выкідвала ваду наверх». Падобную ручную помпу пабудаваў у 16 ст. А.Платнер (Германія), яна давала струмень да 8 м. У 1672 у Амстэрдаме Я. ван дэр Гейдэ вынайшаў выкідны рукаў, што зрабіла помпу гал. сродкам тушэння пажару. Арыгінальную канструкцыю пажарнай помпы прапанаваў у 1739 рус. вынаходнік А.К.Нартаў. У 1829 у Лондане з’явілася паравая пажарная машына, з 1862 паравыя пажарныя помпы пачалі выкарыстоўваць у Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. у Германіі, потым у інш. краінах пачалі выкарыстоўвацца аўтамабілі, абсталяваныя мех. помпамі, пажарныя драбіны. З 1920-х г. пачалося развіццё П.т. ў СССР: першыя пажарныя машыны выпушчаны ў 1925 у С.-Пецярбургу, пазней наладжаны выпуск пенаўтваральнікаў, тэхнікі тушэння газавых і нафтавых фантанаў і інш.
На Беларусі выкарыстанне простай П.т. вядома з 13 ст. Прафесійная пажарная каманда створана ў 1853 у Мінску; яна мела ручныя помпы, скураныя і пяньковыя рукавы, брандспойты і інш. У наш час аснову тэхн. сродкаў пажарнай аховы складаюць пажарныя аўтамабілі і мотапомпы.
Літ.:
Машины и аппараты пожаротушения. М., 1972;
Шувалов М.Г. Основы пожарного дела. 3 изд. М., 1983;