АНТЫСТА́ТЫКІ,
хімічныя злучэнні, якія зніжаюць статычную электрызацыю палімерных рэчываў. Дзеянне антыстатыкаў павышае электраправоднасць сінт. матэрыялаў і абумоўлівае ўцечку зараду з іх. Як антыстатыкі выкарыстоўваюцца высокадысперсныя электраправодныя рэчывы (напр., сажа, графіт, аксіды металаў), паверхнева-актыўныя рэчывы, плёнкаўтваральныя палімеры (напр., поліакрылавая кіслата, полістыролсульфакіслата). Антыстатыкі наносяць на паверхню сінт. валокнаў, пластмасаў, тэкст. вырабаў ці ўводзяць у састаў матэрыялу (да 50% ад масы). Статычная (наведзеная) электрычнасць дрэнна ўплывае на чалавека (выклікае стомленасць і дыскамфорт), на паказанні высокаадчувальнай электроннай апаратуры. Для бытавых патрэб пажаданы выпуск антыстатыкаў у выглядзе аэразоляў.
т. 1, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЙЛО́ЎСКІ (Мікалай Канстанцінавіч) (27.11.1842, г. Мяшчоўск Калужскай вобл., Расія — 10.2.1904),
расійскі сацыёлаг, публіцыст і літ. крытык; ідэолаг ліберальнага народніцтва, адзін з заснавальнікаў суб’ектыўнай сацыялогіі. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це корпуса горных інжынераў (1856—63). З 1868 супрацоўнік, пазней адзін з рэдактараў час. «Отечественные записки». У 1870-я г. зблізіўся з народнікамі. З 1892 сарэдактар час. «Русское богатство». Прадметам сацыялогіі лічыў адносіны розных форм супольнага жыцця (кааперацыі) да асобы. Пошук законаў гэтых адносін прывёў М. да стварэння канцэпцыі двухадзінай праўды, у рамках якой ён імкнуўся аб’яднаць «праўду-ісціну», атрыманую шляхам аб’ектыўнага назірання, з «праўдай-справядлівасцю», якая адпавядала маральным ідэалам вучонага. Імкненне М. асэнсаваць ўзаемадзеянне пазнавальнай і духоўна-маральнай патрэб прывяло яго да стварэння суб’ектыўнага метаду ў сацыялогіі. Паводле М., гісторыяй кіруюць стабільныя законы, што рэгулююць парадак і змену фаз гіст. руху, аднак у межах гэтых законаў асоба ставіць свае мэты ў гісторыі і «рухае да іх падзеі». Таму сацыёлаг павінен стварыць сац. ідэал і на гэтай аснове вызначыць, якія грамадскія элементы пажаданы, а якія не пажаданы ў будучыні. Лічыў асобу вышэйшым крытэрыем каштоўнасці грамадства і адмаўляў магчымасць прынясення яе ў ахвяру. Распрацоўваў тэорыю «герояў і натоўпу», гіст. прагрэс трактаваў як паступовае набліжэнне «да магчыма больш поўнага і ўсебаковага падзелу працы паміж органамі і магчыма меншага падзелу працы паміж людзьмі». Спадзяваўся, што многія праблемы грамадства будуць вырашаны пры сацыялізме, які вызначаў як «перамогу асабістага пачатку пры дапамозе пачатку грамадскага», што рас. сял. абшчына бліжэй, чым капіталіст. Захад, стаіць да сацыялізму як ідэалу будучыні. Як літ. крытык выступаў супраць утылітарных і нігілістычных літ.-крытычных поглядаў, выразнікам якіх быў Дз.І.Пісараў. Асн. творы: «Што такое прагрэс?» (1869), «Тэорыя Дарвіна і грамадская навука» (1870—73), «Барацьба за індывідуальнасць» (1875—76), «Героі і натоўп» (1882) і інш.
Тв.:
Литературная критика: Статьи о рус. лит. XIX — начала XX в. Л., 1989;
Герои и толпа: Изб. тр. по социологии. Т. 1—2. СПб., 1998.
Літ.:
Виленская Э.С. Н.К.Михайловский и его идейная роль в народническом движении 70-х — начала 80-х гг. XIX в. М., 1979;
Слинько А.А. Н.К.Михайловский и русское общественно-литературное движение второй половины XIX — начала XX в. 2 изд. Воронеж, 1982;
Володин АИ. Выдающийся деятель русской культуры // Отеч. история. 1993. № 6.
І.В.Катляроў.
т. 10, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГНАЗІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,
сацыяльная дзейнасць, накіраваная на атрыманне навук. абгрунтаванай інфармацыі аб развіцці сац. сістэм, шляхах і метадах дасягнення іх будучых станаў. У шырокім сэнсе П.с. — сістэмнае прадбачанне пераўтварэння сац. асяроддзя пад уплывам аб’ектыўных, а таксама пастаянна дзеючых і мэтанакіраваных суб’ектыўных фактараў. Уключае стварэнне прагнозаў асваення зямлі і космасу, узаемадзеянняў чалавека і прыроды, росту народанасельніцтва, паліт., эканам., сац., экалагічных і інш. адносін, сац. развіцця грамадства і яго розных сац. ін-таў. У вузкім сэнсе П.с. — прагназіраванне сац. сістэм, форм і відаў сац. адносін і працэсаў. Важным аб’ектам П.с. з’яўляецца грамадства як высокаарганізаваная сац. сістэма. П.с. вывучае заканамернасці развіцця сац. сістэм, дае навук. аналіз мінулага і сучаснага стану. П.с. ўласціва высокая эфектыўнасць адваротнай сувязі паміж прагназіраваннем і кіраваннем, паміж прадказаннем і сац. дзеяннямі. П.с. ўлічвае ўздзеянне сац. дзейнасці людзей на аб’екты прагназіравання, якое можа прыводзіць да «самарэалізацыі» або «самаразбурэння» сац. прагнозаў (т.зв. эфект Эдыпа). У П.с. найб. часта выкарыстоўваюць пошукавыя і нарматыўныя віды прагнозу. Першы вызначае магчымы стан сац. сістэм шляхам экстрапаляцыі ў будучае назіраемых тэндэнцый, другі апісвае пажаданы стан сац. сістэм на аснове раней зададзеных крытэрыяў, шляхі і метады яго дасягнення пры пэўных рэсурсах. Найб. эфект у П.с. дасягаецца пры аптымальным спалучэнні розных метадаў прагназіравання.
Літ.:
Бестужев-Лада И.В. Поисковое социальное прогнозирование. М., 1984;
Яго ж. Нормативное социальное прогнозирование... М., 1987.
І.В.Катляроў.
т. 12, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ДКІ ІЕГО́ВЫ, іегавісты,
адна з позніх плыняў пратэстантызму. Засн. ў ЗША Ч.Т.Раселам, які ў 1870 арганізаваў групу па вывучэнні Бібліі (адсюль назва «С.І.» — даследчыкі Свяшчэннага Пісання). З 1931 афіц. назва С.І.; іх дзейнасць зафіксавана ў 232 краінах (больш за 5 млн. чал.). Сусв. цэнтр у Брукліне (раён Нью-Йорка). У веравучэнні С.І. запазычаны некат. дактрыны адвентыстаў 7-га дня (спачатку Расел быў адвентыстам). Некат. даследчыкі лічаць, што папярэдніцай С.І. была рас. секта іегавістаў М.С.Ільіна (1809—90; вучыўся ў школе пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе пазнаёміўся з зах. тэалогіяй). Для С.І. характэрны спецыфічны падыход да традыц. хрысціянскай дагматыкі: адмаўленне бессмяротнасці душы і веры ў існаванне раю і пекла, своеасаблівая трактоўка Тройцы. Крыніцай усяго жывога і існага, усемагутным і адвечным творцам лічаць Бога Іегову, а Ісуса Хрыста — яго адзінародным сынам, створаным непасрэдна Іеговай. Гісторыю грамадства яны разглядаюць як барацьбу паміж Іеговай і Сатаной, якая павінна завяршыцца бітвай — Армагедонам. Праведнікі — С.І. (144 тыс. выбраннікаў) знойдуць вечнае жыццё ў тэакратычнай дзяржаве Іеговы — раі на Зямлі, астатнія загінуць у бітве. У С.І. няма царк. іерархіі, кожны вернік можа быць прапаведнікам. Афіц. рэліг. свята адно — святкаванне штогод Вечарыны ўспамінаў аб смерці Ісуса Хрыста, на якой адбываецца прычашчэнне хлебам і віном. Словы Ісуса пра тое, што яго вучні павінны быць «не гэтага свету», трактуецца С.І. літаральна, што вядзе да іх самаізаляцыі ў грамадскім жыцці і нярэдка да канфлікту з уладамі з-за адмовы служыць у арміі, удзельнічаць у выбарах і інш. С.І. вядуць актыўную місіянерскую дзейнасць. На Беларусі першае т-ва даследчыкаў Свяшчэннага Пісання зафіксавана ў 1925 у Брэсцкім пав. Паводле афіц. звестак польскіх улад, у 1929 у Палескім ваяв. былі 2 групы іегавістаў (87 чал.). У Зах. Беларусі распаўсюджваліся іегавісцкія выданні: час. «Башня стражи» (пазней «Сторожевая башня»), кнігі іх тагачаснага кіраўніцтва І.Ф.Рутэрфорда «Арфа Божая», «Ці могуць жывыя гаварыць з памерлымі?», «Пажаданы ўрад», «Фотадрама тварэння» і інш. У сав. час дзейнасць іегавісцкіх груп і абшчын была забаронена, з 1990-х г. легалізавана. На Беларусі існуе Рэсп. аб’яднанне С.І. (2000), якое складаецца з 21 абшчыны.
Літ.:
Иеговизм. Мн., 1981.
А.У.Верашчагіна.
т. 14, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)