ЛІФТ (англ. lift падымаць),

стацыянарны пад’ёмнік звычайна цыклічнага дзеяння з верт. рухам кабіны або платформы па жорсткіх накіравальных, якія ўстаноўлены ў агароджанай з усіх бакоў шахце. Найб. пашыраны Л. з эл. канатнай цягай.

Бываюць пасажырскія — звычайныя, скарасныя, бальнічныя (умяшчальнасць кабін да 30 чал., скорасць да 7 м/с) і грузавыя — агульнага прызначэння, спец., напр. магазінныя (грузападымальнасць да 10 т, скорасць да 1,5 м/с). Вышыня пад’ёму да 150 м і больш. На Беларусі Л. вырабляе Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод.

Пасажырскі ліфт: 1 — лябёдка; 2 — кабіна; 3 — процівага; 4 — буфер.

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗЛІ́ФТ (ад газ + англ. lift падымаць),

прыстасаванне для падымання кропельнай вадкасці сціснутым газам, што змешваецца з ёй. Сціснуты кампрэсарам газ змешваецца з вадкасцю з утварэннем газавадкаснай сумесі, якая пасля пад’ёму раздзяляецца ў сепаратары. Прадукцыйнасць да 500 м³/гадз; ккдз да 36%. Выкарыстоўваецца для пад’ёму вады (на выш. да 1000 м) і нафты (да 2000 м) з буравых свідравін з дапамогай спадарожнага газу з нафтаносных пластоў (газліфт, дзе выкарыстоўваецца атм. паветра, наз. эрліфтам), а таксама розных раствораў і вадкасцей у хім. вытв-сці і інш.

Газліфт: а — кальцавы; б — цэнтральны; 1 — забой свідравіны; 2 — раздзяляльнае прыстасаванне; 3 — кампрэсарная калона; 4 — абсадная калона.

т. 4, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЭРЛІ́ФТЫНГ (англ. powerlifting ад power сіла, моц + lift падымаць),

трохбор’е сілавое, сілавы від спорту па падыманні цяжару. Уключае 3 практыкаванні: прысяданні са штангай, жым штангі лежачы, станавую цягу.

Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі і ЗША Еўрап. федэрацыя П. існуе з 1978. Мужчыны выступаюць у 11, жанчыны ў 10 вагавых катэгорыях. Штогод праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы сярод мужчын і жанчын, ветэранаў і юніёраў, сярод інвалідаў — у жыме лежачы. Першы чэмпіянат свету (адкрыты нац. чэмпіянат ЗША) адбыўся ў 1964.

Федэрацыя П. Беларусі засн. ў 1994. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету ў трохбор’і У.​Мінаў (1998), А.​Пашалюк (сярод юніёраў, 2000), у жыме лежачы — 3-разовая чэмпіёнка свету, 2-разовая чэмпіёнка Еўропы Л.​Бялова, чэмпіёны свету Э.​Грынкевіч (1994), Ю.​Жыльская (1999), У.​Бубен (сярод інвалідаў, 1998).

т. 12, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)