ПАДСУ́ДАК,
намеснік, потым памочнік суддзі земскага, які рыхтаваў справы да суда. Пасада ўведзена ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66. Выбіраўся шляхтаю. Разам з пісарам уваходзіў у склад суда.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 11, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДРО́ЙЦЫ,
княжацкі род гербаў «Кітаўрас» і «Ружа» ў ВКЛ. Паводле генеалагічнай легенды, род Гедройцаў паходзіў ад князя Гедруса, прадстаўніка дынастыі Кітаўрасаў, што панавала ў Літве перад Гедзімінавічамі. У гіст. крыніцах Гедройцы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1399, калі яны вялі судовую спрэчку з віленскім біскупам. У 1431—33 шэраг дзярж. актаў быў замацаваны подпісамі Гедройцаў поруч з подпісамі інш. прадстаўнікоў літ. знаці і князёў Войнуса, Гагуліса і Ягайлы. Родавай вотчынай Гедройцаў быў маёнтак Гедройцы ў Віленскім пав. У 15 ст. род Гедройцаў разгалінаваўся, а ў 16 ст. налічваў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў, якія выходзілі на вайну асобнай харугвай. Многія Гедройцы ўпамінаюцца ў крыніцах без княжацкага тытула, што сведчыць пра здрабненне роду. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Матэвуш (Мацвей; каля 1500—63), сын Балтарамея (?—1524), у сярэдзіне 16 ст. дзяржаўца кернаўскі і мейшагольскі, намеснік віленскі. З 1562 у складзе Рады ВКЛ у якасці гаспадарскага маршалка. У 1528 разам з братам Крыштофам ставіў у войска 8 коннікаў. Мельхіёр (1536?—1609), сын Матэвуша, кусташ віленскага капітула, біскуп жамойцкі з 1574. Марцін (каля 1550—1621), сын Матэвуша, староста абельскі з 1586, вількамірскі з 1589, бельскі з 1616, ваявода мсціслаўскі з 1617. Юрый (?—1619), сын Пятра, падсудак вількамірскі з 1589 і суддзя земскі вількамірскі з 1607. Марцыян (?—1649), сын Уладзіслава, падстолі полацкі з 1613, падсудак віленскі з 1624 і суддзя земскі віленскі з 1647. Арнольф (? — пасля 1656), сын Януша, мечнік пінскі з 1641, чашнік пінскі ў 1650 і войскі пінскі ў 1656. Рамуальд Тадэвуш, гл. Р.Т.Гедройц.
В.Л.Насевіч.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎЛАШО́ЎСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (7.2.1546, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 1-я пал. 1619),
бел. грамадскі дзеяч і пісьменнік-мемуарыст. Самаадукацыяй набыў веды ў галіне матэматыкі, справаводства, юрыспрудэнцыі. Ад навагрудскай шляхты быў паслом на Люблінскім (1569) і Варшаўскім (1579) сеймах. Разам з А.Трызнам удзельнічаў у выпрацоўцы дзярж.-прававога дакумента — «Трыбунала Вялікага княства Літоўскага», у 1592—1613 падсудак (адвакат) у Навагрудскім земскім судзе. Прытрымліваўся памяркоўна-ліберальных поглядаў. З літ. спадчыны пакінуў дыярыуш — самы ранні помнік мемуарнага жанру ў бел. л-ры канца 16 — пач. 17 ст. Мемуары пераважна аўтабіягр. характару, дзе адлюстраваны культ., сац. і паліт. жыццё суайчыннікаў (найперш прадстаўнікоў шляхты), іх погляды і грамадскія ўзаемаадносіны.
Тв.:
У кн.: Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. Мн., 1983.
Літ.:
Свяжынскі У.М. «Гістарычныя запіскі» Ф.Еўлашоўскага. Мн., 1990.
т. 6, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЬСКІЯ,
княжацкі род у ВКЛ уласнага герба (змененая «Касцеша»). Верагодна, паходзілі ад турава-пінскіх Рурыкавічаў. Вядомы з канца 15 ст. Прозвішча ад в. Дольск (Стары Дольск, Пінскі пав., цяпер Валынская вобл.
Украіны). Гал. галіна роду мела маёнткі ў Пінскім пав., згасла ў канцы 17 ст.; на Украіне пабочныя адгалінаванні Д., страціўшы княжацкі тытул, існавалі да 19 ст. Найб. вядомыя: Міхаіл Ніцыфар (7—1623), стольнік, падсудак земскі, паборца (1589), суддзя земскі (1606), пінскі, кашталян брэсцкі (1621), маршалак Трыбунала ВКЛ (1611); Ян Кароль (1637—29.4.1695), падстолі слонімскі (1656), маршалак пінскі (1666), маршалак вялікі (1691). У 1690 Ян Кароль атрымаў ад урада зямлю пад Пінскам, дзе збудаваў прадмесце Каралін (названа ў яго гонар) з Пінскім Каралінскім замкам і Пінскім касцёлам Карла Барамея, заснаваў Любяшоўскі піярскі калегіум і Дубровіцкі піярскі калегіум (Валынь).
В.С.Пазднякоў.
т. 6, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)