СФАЛЕРЫ́Т (ад грэч. sphaleros падманлівы), цынкавая падманка,
мінерал класа сульфідаў, сульфід цынку, ZnS. Мае цынку да 67%, дамешкі жалеза, медзі, ртуці, кадмію, марганцу, індыю, волава, кобальту, галію, серабра і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае тэтраэдрычныя або кубаактаэдрычныя крышталі (часта са штрыхоўкай, спіралямі росту на гранях), суцэльныя зярністыя агрэгаты, парашковыя масы і інш. Бываюць бясколерныя, светла-карычневага, бурага, чорнага, жоўтага, чырвонага, зялёнага, шэрага (у залежнасці ад дамешак) колераў. Светлыя С. — празрыстыя. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 4 г/см³. Крохкі. Трапляецца ў поліметалічных радовішчах. Гал. цынкавая руда, крыніца атрымання кадмію, індыю, галію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІБО́ЛЫ (ад грэч. amphibolos двухсэнсавы, падманлівы),
група пародаўтваральных мінералаў падкласа ланцужковых (стужачных) сілікатаў з агульнай формулай (A, B)7-8 [Z4O11]2 (OH, F)2, дзе A — K, Na, Ca; B — Al, Fe+3, Fe+2, Mg і інш.; Z — Si, Al. Асн. структуры — т.зв. «амфіболавая стужка» [Si4O11]. Адрозніваюць манаклінныя і больш рэдкія рамбічныя амфіболы. Утвараюць прызматычныя крышталі, ігольчастыя ці тонкавалакністыя агрэгаты. Колер чорны, зялёны, радзей белы ці сіні, да цёмна-фіялетавага. Цв. 5—6,5. Шчыльн. 2,8—3,6 г/см³. Пашыраны ў складзе магматычных і метамарфічных парод (гранадыярытаў, дыярытаў, сіенітаў, андэзітаў, базальтаў і інш.). У зямной кары да 10% (па масе). У прам-сці выкарыстоўваюць хімічна- і тэрмаўстойлівыя тонкавалакністыя амфібол-азбесты. Некаторыя амфіболы — ювелірнавырабныя камяні (нефрыт, кракідаліт і інш.); жалезістыя амфіболы, якія маюць у сабе волава — патэнцыяльная алавяная руда.