МАТЭМАТЫ́ЧНЫ МА́ЯТНІК,

матэрыяльны пункт, які падвешаны на бязважкай нерасцяжной нітцы (або стрыжні) і вагаецца ў верт. плоскасці пад дзеяннем сілы цяжару. У рэальных умовах — масіўны (напр., металічны) шарык, падвешаны на нітцы, даўжыня якой значна перавышае яго памеры. Пры гарманічных ваганнях перыяд T М.м. не залежыць ад амплітуды ваганняў: T = 2π l g , дзе l — даўжыня М.м., g — паскарэнне свабоднага падзення. Выкарыстоўваецца ў прыладах для вызначэння паскарэння свабоднага падзення, ваганняў зямной кары і ў інш. гравіметрычных вымярэннях. Гл. таксама Маятнік.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВЕ́С,

груз, падвешаны на ніці; найпрасцейшае прыстасаванне для вызначэння вертыкалі. Пад дзеяннем сілы цяжару грузу нітка прымае верт. напрамак, адпаведны дадзенаму пункту зямной паверхні. Выкарыстоўваецца ў буд-ве, пры ўстаноўцы вымяральных прылад, вымярэнні глыбіняў і інш.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЯТНІК,

цвёрдае цела, здольнае пад уздзеяннем прыкладзеных сіл вагацца вакол нерухомага пункта ці восі. Ваганні могуць адбывацца пад дзеяннем сілы цяжару, калі вось М. не супадае з цэнтрам цяжару цела, або пад дзеяннем сіл пругкасці, што ўзнікаюць пры дэфармацыях сціскання-расцяжэння і кручэння.

Адрозніваюць матэматычны маятнік (напр., невял. масіўны груз на доўгім нерасцяжным падвесе), фізічны маятнік (маса цела размеркавана па ўсёй даўжыні падвеса), а таксама спружынны М. (груз, падвешаны на спружыне, здольнай да дэфармацыі сціскання-расцяжэння) і круцільны М. (дыск, падвешаны на лёгкім стрыжні, здольным да дэфармацыі кручэння). Пры гарманічных ваганнях цыклічная частата ω і перыяд Τ = 2π / ω ваганняў М. вызначаюцца інертнымі і пругкімі ўласцівасцямі сістэмы. Напр., для спружыннага М. ω​2 = k/m, дзе k — каэфіцыент жорсткасці спружыны, m — маса грузу; для круцільнага М. ω​2 = D/I, дзе D — модуль кручэння падвеса (гл. Модулі пругкасці), I — момант інерцыі дыска. Уласцівасці М. выкарыстоўваюцца ў розных прыладах для вызначэння часу, момантаў інерцыі, паскарэння свабоднага падзення і інш. дынамічных характарыстык мех. сістэм.

А.​І.​Болсун.

Да арт. Маятнік: 1 — матэматычны; 2 — фізічны; 3 — спружынны; 4 — круцільны.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЯ́ЧЫ МОСТ,

від моста, асн. нясучай канструкцыяй якога з’яўляецца гнуткі элемент (канат, метал. кабель, ланцуг і інш.), замацаваны на канцах і падвешаны на пілоны (вежы). Успрымае ў асноўным расцягвальныя намаганні. Праезная ч. ў выглядзе фермы або бэлькі жорсткасці мацуецца да нясучай канструкцыі. Пралёты пабудаваных вісячых мастоў перавышаюць 1000 м (напр., сярэдні пралёт вісячага моста ў бухце каля Нью-Йорка 1298 м). Разнавіднасць вісячага моста — вантавы мост.

Схема вісячага моста: 1 — анкерная апора; 2 — пілон; 3 — кабель; 4 — бэлька жорсткасці; 5 — падвеска; 6 — прамежкавая апора.

т. 4, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАРЭ́ЙКАВАЯ ДАРО́ГА,

транспартная сістэма, у якой пасажырскія вагоны або грузавыя ваганеткі перамяшчаюцца па рэйцы-бэльцы (манарэйцы), устаноўленай на эстакадзе ці асобных апорах. Бываюць навясныя, у якіх вагоны абапіраюцца на хадавыя цялежкі, і падвесныя — падвешаны на цялежках да манарэйкі.

Умяшчальнасць вагонаў 60—120 чал. Скорасць да 240 (часам да 500) км/гадз. Грузападымальнасць ваганетак 0,5—5 т, скорасць 2—4 (часам да 5) км/гадз, аптымальная працягласць да 1,5 км. Пасаж. М.д. выкарыстоўваюцца ў сістэмах высокаскараснога гарадскога (Манрэаль, Токіо і інш.) і міжгародняга транспарту, грузавыя — у сістэмах цэхавага або міжцэхавага транспарту прамысл. прадпрыемстваў.

І.​І.​Леановіч.

Навясная манарэйкавая дарога сістэмы «Трансрапід» (ФРГ).
Схема манарэйкавай дарогі а — навясной (1 — накіроўнае кола, 2 — вядучае кола, 3 — электрарухавік, 4 — апорная бэлька, 5 — кантактная рэйка); б — падвеснай (1 — вагон, 2 — апорная бэлька, 3 — вядучае кола).

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́Т (грэч. magnētis ад Magnetis lithos літар. камень з Магнесіі — стараж. горада ў М.​Азіі),

цела, якому ўласціва намагнічанасць — здольнасць ствараць вакол сябе магнітнае поле. Бываюць пастаянныя М. і электрамагніты (у т. л. звышправодныя магніты), намагнічанасць якіх ствараецца эл. токам.

Пастаянны М. бывае прыродны, з магн. жалезняку (магнетыту) і зроблены ў выглядзе падковы, паласы, стрыжня і да т.п. з папярэдне намагнічаных ферамагнетыкаў (пераважна магнітацвёрдых матэрыялаў). Гал. ўласцівасць М. — здольнасць прыцягваць жалеза, нікель, кобальт, некат. лантаноіды, іх сплавы і злучэнні, а таксама злучэнні хрому, марганцу і урану. Характарызуецца астаткавым намагнічваннем, каэрцытыўнай сілай, формай пятлі гістэрэзіса, макс. шчыльнасцю магн. энергіі. Свабодна падвешаны, адхіляецца ў магн. полі Зямлі адным бокам (полюсам) на Пн, другім — на Пд (гл. Магнітныя палюсы Зямлі). Шырока выкарыстоўваецца як аўтаномная крыніца пастаяннага магн. поля ў элементах, прыладах і апаратах электра- і радыётэхнікі, электронікі, аўтаматыкі.

У.​М.​Сацута.

Магнітнае поле пастаянных магнітаў: а — без магнітаправода; б — з магнітаправодам; 1 — магніт; 2 — магнітаправод; 3 — рабочы зазор; N і S — полюсы магніта.

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)