ударна-вібрацыйная машына для забівання і выцягвання з грунту паляў, шпунтоў, труб, а таксама для ўшчыльнення грунту, бетону і інш. Вібратар вібрамолата злучаецца з нагалоўнікам пагружальнага элемента спружыннай падвескай і разам з вібрацыйным уздзеяннем перадае яму ўдарныя імпульсы, што інтэнсіфікуе, напр., працэс забівання. Найб. пашыраны вібрамолат з 2 электрарухавікамі. Гл. таксама Вібрацыйная тэхніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРХУ́Р, вінтарогі казёл (Capra falconeri),
парнакапытная жывёла роду горных казлоў сям. пустарогіх. Некалькі падвідаў, якія адрозніваюцца формай рагоў. Пашыраны ў гарах Азіі. Жывуць да выш. 3500 м, на стромкіх схілах, скалах. Трымаюцца групамі. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 1,7 м, выш. ў карку да 0,9 м, маса да 90 кг і больш. Афарбоўка рыжавата-шэрая, у старых самцоў — брудна-белая. Рогі прамыя, закручаны накшталт штопара або вінта (адсюль другая назва). У самцоў на шыі і грудзях падвес з падоўжаных валасоў. Нараджаюць 1—2 казляняці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ ЦЕ́ЛА,
сіла, з якой цела ў полі сілы цяжару (напр., гравітацыйным полі Зямлі) уздзейнічае на апору (або падвес), што перашкаджае свабоднаму падзенню цела. Калі апора нерухомая або рухаецца раўнамерна і прамалінейна адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, вага цела лікава роўная сіле цяжару. Вызначаецца з дапамогай спружынных (непасрэдна) або рычажных (ускосна) вагаў. Вымяраецца ў ньютанах.
З прычыны сціснутасці Зямлі і яе сутачнага вярчэння вага цела залежыць ад шыраты мясцовасці (на экватары прыблізна на 0,5% меншая, чым на полюсах). Пры паскораным руху цела вага цела залежыць ад паскарэння сістэмы, напр., калі паскарэнне супадае (па модулі і напрамку) з паскарэннем сілы цяжару, назіраецца бязважкасць.