ПАДПО́ЛЛЕ,

1) памяшканне пад падлогай; падвал.

2) Дзейнасць, накіраваная супраць улад, якая праходзіць тайна, ва ўмовах строгай канспірацыі, а таксама жыццё ў такіх умовах каго-н., хто змагаецца супраць улад.

3) Людзі, што працуюць у такіх умовах і вядуць канспіратыўную работу.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНУ́Й, Ануйль (Anouilh) Жан (23.6.1910, г. Бардо, Францыя — 3.10.1987), французскі драматург. У цэнтры яго камерных п’ес «Гарнастай» (1934), «Падарожнік без багажу» (1937), «Дзікунка» (паст. 1938) трагічны канфлікт героя з жорсткасцю навакольнага свету. Аўтар лірыка-іранічных камедый «Вячэра ў Санлісе», «Леакадзія» (абедзве 1942), «мудрагелістых п’ес» «Падвал» (1961), «Арышт» (1975) і інш., паліт. фарса «Дзівак, ці Закаханы рэакцыянер» (паст. 1959). У антыфаш. трагедыі «Антыгона» (паст. 1943), гіст. драмах «Жаваранак» (1953), «Бекет, ці Гонар Божы» (1959) паказана гібель маральна бескампраміснага героя, які адстойвае сваю чалавечую годнасць. П’есы Ануя вызначаюцца разнастайнасцю і навізной сюжэтаў, натуральнасцю дыялогу, эмацыянальнасцю і гумарам.

Тв.:

Le rendez-vous de Senlis;

Leocadia. Paris, 1973;

Рус. пер. — Пьесы. Т. 1—2. М., 1969.

Ж.Ануй.

т. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІЯНАЛІ́ЗМ,

вузка спецыяльнае слова або выраз, якім карыстаюцца ў мове прадстаўнікі асобных прафесій і спецыяльнасцей. Напр., у мове друкароў: «паласа» — набраная ці аддрукаваная старонка; «падвал» — ніжняя частка газетнай старонкі і артыкул, змешчаны на гэтым месцы.

З’яўленне П. у мове выклікана неабходнасцю вычленіць і дыферэнцыраваць прадметы, прылады і прадукты працы, вытв. працэсы і дзеянні і для іх абазначэння стварыць адпаведныя словы. Па сваёй функцыі П. блізкія да тэрмінаў, але адрозніваюцца ад іх тым, што астаюцца на ўзроўні паўафіц. назваў спец. паняццяў і бытуюць звычайна ў сферы вусных моўных зносін. Адносна лёгка пераходзяць у гутарковую мову.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994.

В.​П.​Красней.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЕП (ад польск. sklep скляпенне, падвал),

1) гаспадарчая пабудова для захоўвання гародніны, бульбы, квашаніны і інш. прадуктаў. Шырока бытуе ў народаў Еўропы, Зах. Азіі, Каўказа, Сібіры і інш. На Беларусі архітэктура С., а таксама назвы (пограб, пограбня, прыгрэбка, лёх і інш.) атрымалі рэгіянальныя асаблівасці. С. мае заглыбленую на 1,5—2 м падземную ч. са сценамі з камення, бетону (раней — з бярвён), над якой робяць зруб з 3—4 вянкоў, накрываюць 2- ці 3-схільным дахам. Перакрыцце з дошак па бэльках ці маналітнае з бетону, абавязкова з ацяпленнем. Знадворку робяць квадратны люк і невял. адтуліну («варонку») для засыпання бульбы і інш. Уваход у С. заўсёды ў тарцовай сцяне. Звычайна С. ставяць каля хаты, часам ён з’яўляецца падземнай ч. клеці. Здаўна С. вядомы і пад падлогай жылых памяшканняў, часцей у сенцах, каморы, пазней — у кухнях і на верандах. Пры высокім узроўні падземных вод С. робяць неглыбокім, са сценамі, прысыпанымі для ацяплення зямлёй, ці будуюць далей ад сядзібы на сухім месцы.

2) Падземнае збудаванне ў замках, палацах, мураваных будынках ці натуральная пячора, прыстасаваная для доўгатэрміновага захоўвання віна, пораху, прадуктаў, часам для трымання і катавання вязняў.

3) Мемар. збудаванне на могілках, дзе хаваюць нябожчыка. Мае невял. (у параўнанні з грабніцай ці пахавальняй) памеры, абавязкова з унутр. прасторай, звычайна з падземнай ч. і з уваходам у яе. С. для пахавання выкарыстоўваюцца са старажытнасці. Характарызуюцца манументальнасцю форм, разнастайнасцю і багаццем дэкар. аздаблення (С. на Кальварыйскіх і Вайсковых могілках у Мінску, канец 19 ст.).

4) Падземная ч. пахавальні ці буйнога культавага збудавання, крыпта якога прызначаецца для пахавання (Нясвіжскі касцёл езуітаў, 16 ст.).

С.​А.​Сергачоў.

Скляпы на вясковых могілках каля г. Жбейль (Ліван).
Склеп у вёсцы Радунь Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл.
Склеп на Вайсковых могілках у Мінску.
Склеп у вёсцы Дзямянчыцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 14, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)