ЗАХА́РАЎ (Канстанцін Фёдаравіч) (крас. 1919, г. Іванава, Расія — 13.1.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Пермскую авіяц. школу (1939). З 1941 на Зах., Цэнтр., Бел. франтах. Лётчык-знішчальнік, камандзір авіяэскадрыллі капітан З. зрабіў 190 баявых вылетаў, збіў 15 самалётаў ворага. 13.1.1944 у баі каля г. Мазыр Гомельскай вобл. падбіты, ахоплены полымем самалёт З. скіраваў на калону варожых войск.

К.Ф.Захараў.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХО́ТА (Іван Рыгоравіч) (9.6.1918, в. Папаснае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 21.10.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1942. Камандзір танк. роты старшы лейт. М. вызначыўся ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.: у час варожай контратакі падбіты і ахоплены полымем свой танк ён накіраваў на батарэю праціўніка, знішчыў яе гарматы, што садзейнічала поспеху наступлення танк. батальёна; згарэў у танку.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛІК (Саламон Аронавіч) (7.7.1913, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 22.10.1941),

Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Ленінградскую ваен. школу авіяц. тэхнікаў (1932). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах. фронце: пад варожым агнём рамантаваў падбітыя танкі, удзельнічаў у баях як камандзір танка. 22.10.1941 у баі пад Белгарадам яго танк быў падбіты і загарэўся; экіпаж змагаўся да апошняга снарада. Гарэлік загінуў у гэтым баі.

С.А.Гарэлік.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТУ́НІН (Ілья Барысавіч) (17.11.1908, г. Гомель — 23.4.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). У 1926—32 слесар станка-буд. з-да «Пралетарый» у Гомелі. Скончыў Ейскую школу марскіх лётчыкаў (1934). У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Паўн. флоце. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка капітан К. вызначыўся 23.4.1944; на падыходзе да цэлі яго самалёт быў падбіты агнём зенітнай артылерыі праціўніка, палаючай машынай К. тараніў транспарт ворага водазмяшчэннем 5 тыс. т і патапіў яго. Імем К. названы пасёлак у Архангельскай вобл. Бюсты К. ўстаноўлены на тэр. музея авіяцыі Паўн. флоту і ў пас. Катуніна, у Гомелі мемар. дошка.

І.Б.Катунін.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Арсен Іванавіч) (23.1.1922, в. Слабодка Цвярской вобл., Расія — 24.7.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Батайскую ваен. авіяшколу пілотаў (1941). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнічаў у вызваленні Бабруйска, Слуцка, Баранавіч, зрабіў 150 баявых вылетаў, збіў асабіста 13 самалётаў праціўніка і 9 у групавых баях. Нам. камандзіра авіяэскадрыллі ст. лейт. М. вызначыўся ў баях на подступах да Брэста: у час вяртання з паспяховай разведкі заўважыў скопішча варожых войск і тэхнікі і бамбардзіраваў яго; смяротна паранены пасадзіў падбіты самалёт на свой аэрадром.

т. 10, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1941—44,

баявыя дзеянні сав. войск і сіл флоту па абароне Ленінграда ад ням. і фінл. войск і іх разгроме 10.7.1941—9.8.1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі войскі Паўн., Паўн.-Зах., Ленінградскага, Волхаўскага, Карэльскага і 2-га Прыбалтыйскага франтоў, Балтыйскі флот, Ладажская і Анежская ваен. флатыліі, якім дапамагалі жыхары Ленінграда і партызаны. Для кіравання войскамі франтоў 10.7.1941 Дзярж. к-т абароны стварыў Гал. камандаванне Паўн.-Зах. напрамку на чале з К.Я.Варашылавым, якому падпарадкаваў Паўн., Паўн.-Зах. франты, Паўн. і Балтыйскі флаты. У ліп.вер. 1941 група ням. армій «Поўнач» (4-я танк. група, 16-я і 18-я арміі) разам з фінл. войскамі (Карэльская і Паўд.-Усх. арміі) разгарнулі наступленне на Ленінград. Маючы колькасную і тэхн. перавагу над сав. войскамі (напр., па тэхніцы і ўзбраенні ў 5—6 разоў), ням. часці ў вер. 1941 прарваліся да ўзбярэжжа Фінскага заліва і Ладажскага воз., выйшлі да ўскраін Ленінграда і поўнасцю акружылі яго з сушы (з 8.9.1941 да 18.1.1943). У ходзе 30-месячнай блакады горада войскі Ленінградскага фронту (камандуючыя з 12.9.1941 Г.К.Жукаў, з 10.10.1941 І.І.Фядзюнінскі, з 26.10.1941 ген.-лейт. М.​С.​Хозін, з 9.6.1942 Л.А.Говараў), сілы Балтыйскага флоту (віцэ-адм. У.​П.​Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліі (контр-адм. В.​С.​Чарокаў) адбілі атакі праціўніка. Каля 500 тыс. ленінградцаў будавалі абарончыя рубяжы. У ліп.вер. 1941 сфарміравана 10 стралк. дывізій нар. апалчэння, 16 артыл.-кулямётных батальёнаў, 6 знішчальных палкоў, каля 200 партыз. атрадаў. Дастаўка матэрыяльных сродкаў забеспячэння горада і войск ажыццяўлялася па пракладзенай у ліст. 1941 па лёдзе Ладажскага воз. аўтамаб. дарозе, якую называлі «дарогай жыцця». Гэтым шляхам да крас. 1942 эвакуіравана ў глыб СССР больш за 500 тыс. ленінградцаў, у горад дастаўлена 361 тыс. т грузаў. Абарону Ленінграда аблегчылі контрнаступленне сав. войск пад Ціхвінам (ліст.снеж. 1941), актыўныя дзеянні Волхаўскага фронту і партызан у тыле праціўніка. 18.1.1943 войскі Ленінградскага і Волхаўскага франтоў прарвалі кальцо блакады на Пд ад Ладажскага воз. і ўтварылі калідор у 8—10 км, дзе былі пракладзены аўтамаб. дарога і чыгунка. У выніку Ленінградска-Наўгародскай наступальнай аперацыі (14.1—1.3.1944) ліквідавана пагроза Ленінграду, праціўнік адкінуты на 220—280 км. 10—20.6.1944 сав. войскі разбілі фінл. аператыўную групу «Карэльскі перашыек», 21 чэрв. — 9 жн. — групу «Алонец» і замацаваліся на сав.-фінл. мяжы. У выніку бамбардзіровак і артыл. абстрэлаў у Ленінградзе разбурана каля 14 тыс. будынкаў, у т. л. помнікі культуры, ад голаду ў выніку Ленінградскай блакады загінула ад 600. да 900 тыс. чал. Абаронцы горада стрымлівалі да 15—20% ням. узбр. сіл ад іх агульнай колькасці на сав.-герм. фронце. У баях за Ленінград вызначыліся і многія воіны-беларусы, у т. л. камандуючы эскадрай караблёў віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-лейт. артылерыі У.П.Свірыдаў, Герой Сав. Саюза, снайпер Ф.А.Смалячкоў, камандзір звяна знішчальнага авіяпалка Дз.​Я.​Аскаленка, нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка У.​А.​Шыманскі, які накіраваў свой падбіты самалёт на варожую дальнабойную гармату.

Літ.:

Битва за Ленинград, 1941—1944. М., 1964;

Краснознаменный Балтийский флот в битве за Ленинград, 1941—1944 гг.: [Сб. ст.). М., 1973;

Еругин Н.П. О тех, кто выстоял: Зап. фронтовика. 2 изд. Мн., 1989;

Адамович А., Гранин Д. Блокадная книга. 5 изд. Л., 1989.

В.​А.​Юшкевіч, У.​Я.​Калаткоў.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)