САНФІ́РАВА (Вольга Аляксандраўна) (2.5.1917, г. Самара, Расія — 13.12.1944),
удзельніца баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыла Батайскую ваен. авіяшколу (1942). На фронце з мая 1942. Камандзір эскадрыллі 46-га Таманскага начнога лёгкабамбардзіровачнага жаночага авіяпалка. Капітан С. ў час Беларускай аперацыі 1944 бамбіла тэхніку праціўніка каля Магілёва, Гродна, на пераправе цераз р. Пціч. На яе рахунку 630 баявых вылетаў. Пры вяртанні з баявога задання яе самалёт падбіты, загінула на мінным полі. У Гродне яе імем названа вуліца.
т. 14, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)