ГУ́САК (Husák) Густаў (10.1.1913, в. Доўбраўда, каля г. Браціслава, Славакія — 1991, славацкі і чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Браціслаўскі ун-т (1937). З 1933 чл. кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ). У 2-ю сусв. вайну адзін з кіраўнікоў славацкага нац. паўстання 1944. Чл. ЦК КПЧ (1945, 1949—51). У 1946—50 старшыня Корпуса ўпаўнаважаных (аўтаномнага ўрада) Славакіі. Абвінавачаны ў «нацыяналіст. ухілах», у 1951 арыштаваны і зняволены, у 1960 вызвалены, у 1963 рэабілітаваны. У перыяд «пражскай вясны» 1-ы сакратар ЦК КП Славакіі, падтрымаў увод войск 5 дзяржаў-удзельніц Варшаўскага дагавора ў Чэхаславакію (жн. 1968). З 1969 1-ы сакратар, з 1971 ген. сакратар ЦК КПЧ. Праводзіў палітыку т.зв. нармалізацыі (адыход ад рэформ «пражскай вясны»). З 1975 прэзідэнт Чэхаславакіі. У 1987 быў вымушаны падаць у адстаўку з пасады ген. сакратара ЦК КПЧ, у 1989 — з пасады прэзідэнта. Аўтар кн. «Сведчанне пра Славацкае нацыянальнае паўстанне» (нап. Ў 1964).

Н.К.Мазоўка.

т. 5, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАТЭМА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1944—54, «Дзесяць гадоў вясны», антыфеадальная, бурж.-дэмакр. рэвалюцыя ў Гватэмале. Асн. прычына — цяжкае становішча мясц. насельніцтва, жорсткая эксплуатацыя індзейцаў плантатарамі. Ваен. хунта, якая ў 1944 скінула дыктатара Х.Убіка, не правяла неабходных рэформаў, што выклікала ўсенародную незадаволенасць. 20.10.1944 група афіцэраў на чале з Х.Арбенсам Гусманам пры падтрымцы насельніцтва ўзяла ўладу ў свае рукі. На свабодных выбарах 1945 перамог і стаў прэзідэнтам лідэр Нар.-вызв. фронту Х.Х.Арэвала. Прынятая ў сак. 1945 канстытуцыя абвясціла дэмакр. свабоды і ліквідацыю памешчыцкага землеўладання; у 1946 прыняты закон пра сац. забеспячэнне, у 1947 — першы ў краіне прац. кодэкс. Урад Арбенса Гусмана, які стаў прэзідэнтам у 1951, у чэрв. 1952 прыняў закон аб агр. рэформе, паводле якога ў латыфундыстаў і амер. «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО) экспрапрыіравана 555 тыс. га зямлі, 400 тыс. га з іх размеркавана паміж 100 тыс. сялян. Урад ЗША заявіў афіц. пратэст супраць экспрапрыяцыі зямель у ЮФКО. Пры падтрымцы ЗША ў Гандурасе былі падрыхтаваны ўзбр. атрады гватэмальскіх эмігрантаў на чале з палк. К.Кастыльё Армасам, якія 18.6.1954 уварваліся на тэр. Гватэмалы. Кіраўніцтва гватэмальскай арміі адмовілася падтрымаць прэзідэнта Арбенса Гусмана, і ён вымушаны быў падаць у адстаўку. 28.6.1954 уладу захапіў Кастыльё Армас. Рэформы, праведзеныя ў гады рэвалюцыі, былі адменены.

Літ.:

Кубышкин А.И. Гватемальская революция 1944—1954 гг.: Критика концепций буржуазной историографии США. Саратов, 1987.

В.У.Адзярыха.

т. 5, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)