КАДЭ́НЦЫЯ (італьян. cadenza ад лац. cadere падаць, заканчвацца),

каданс, 1) заключны меладыйны або гарманійны зварот, які надае муз. пабудове завершанасць. Маст. выразнасць К. грунтуецца на ўзаемадзеянні ладагарманійных, метрарытмічных, дынамічных, агагічных элементаў муз. мовы. Пачатковыя формы К. — меладыйныя канцоўкі ў нар. песнях, культавых песнапеннях. Тыповыя К. сфарміраваліся ў еўрап. музыцы 17—19 ст. Паводле месцазнаходжання ў муз. форме бываюць К. заключныя, сярэдзінныя і дапаўняльныя. Калі К. заканчваецца тонікай, яна наз. поўнай, калі інакш — палавіннай. Асобны від — перарваныя К., калі падрыхтаваная тоніка замяняецца інш. акордам. Паводле функцый акордаў К. падзяляюць на аўтэнтычныя і плагальныя. У музыцы 20 ст. адбываецца абнаўленне кадэнцыйных формул пры захаванні агульна-кампазіцыйных, лагічных функцый К.

2) Віртуознае сола ў вак. ці інстр. муз. творы. Асобны від К. — невял. фантазія на тэмы твора — склаўся ў інстр. канцэрце ў 18 ст. Спачатку К. імправізавалася выканаўцам. Пачынаючы з Л.​Бетховена, К. ствараюцца і дакладна фіксуюцца ў нотным тэксце самім кампазітарам (напр., у інстр. канцэртах Бетховена, П.​Чайкоўскага, С.​Рахманінава, Дз.​Шастаковіча, С.​Пракоф’ева). У бел. музыцы развітыя, драматургічна абумоўленыя К. маюць інстр. канцэрты Г.​Вагнера, Г.​Гарэлавай, У.​Дамарацкага, Дз.​Камінскага, П.​Падкавырава, А.​Соніна, Дз.​Смольскага, К.​Цесакова і інш.

Т.​А.​Дубкова.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)