сукупнасць мерапрыемстваў адпаведных органаў дзярж. улады і дзярж. кіравання ў галіне падаткаў і падаткаабкладання; частка агульнай фінансавай палітыкі дзяржавы. П.п. вынікае з сутнасці і функцыі падатку і заключаецца ў спагнанні дзяржавай часткі сукупнага грамадскага прадукту на агульнадзярж. патрэбы, у мабілізацыі гэтых сродкаў і пераразмеркаванні іх праз бюджэт. П.п. рэалізуецца праз падатковы механізм, які ўяўляе сабой сукупнасць арганізац.-прававых норм, метадаў і форм дзярж. кіравання падаткаабкладаннем праз сістэму розных надбудовачных інструментаў (падатковыя стаўкі, падатковыя льготы, спосабы абкладання і інш.). Функцыянаванне падатковага механізму забяспечваецца праз арганізац. структуры, прававое рэгуляванне і рэгламентаванне, планаванне (прагназіраванне), рыначнае рэгуляванне, кіраванне. На Беларусі гал. суб’ектам П.п. з’яўляецца дзяржава, а яе асновай — адносіны паміж дзяржавай і гасп. суб’ектамі. Вылучаюць 3 тыпы П.п.: палітыка максімальных падаткаў, калі існуе верагоднасць таго, што іх павышэнне вядзе да зніжэння матывацыі дзейнасці і не суправаджаецца прыростам дзярж. даходаў; палітыка аптымальных падаткаў, якая садзейнічае развіццю прадпрымальніцтва і малога бізнесу, забяспечвае ім спрыяльны падатковы клімат; П.п., якая прадугледжвае даволі высокі ўзровень абкладання, але пры значнай дзярж.сац. абароне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
цэнтральныя органы кіравання Рэспублікі Беларусь. якія ажыццяўляюць функцыі міжгаліновага кіравання, у асобных выпадках галіновае кіраванне нар.-гасп. і сац.-культ. комплексамі. Яны маюць права выдаваць нарматыўныя акты, абавязковыя для выканання ўсімі мін-вамі, ведамствамі і арг-цыямі. Уваходзяць у склад Урада — СМ Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (дадатку ад 14.1.1997) утвораны Дз.к.Р.Б.: па друку; па авіяцыі; па справах моладзі; мытны; падатковы; пагран. войск; па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі; па энергазберажэнні і энергет. наглядзе; па архівах і справаводстве; патэнтны; па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі; па гідраметэаралогіі; вышэйшы атэстацыйны; па навуцы і тэхналогіях; па справах рэлігій і нацыянальнасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАПАЛІТА́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава ў Паўд. Італіі ў 1282—1815. Вылучылася ў 1282 з Сіцылійскага каралеўства пасля таго, як Карл Анжуйскі (гл.Анжуйская дынастыя) страціў Сіцылію. Сталіца каралеўства — г.Неапаль. Дасягнула магутнасці ў часы праўлення Роберта [1309—43], які ўзначаліў італьян. гвельфаў (гл.Гвельфы і гібеліны). У выніку жорсткай барацьбы за прастол у Н.к. ўсталявалася малодшае венг. адгалінаванне Анжуйскай дынастыі [1382—1435], Пастаянныя войны з Сіцыліяй і ўнутр. ўсобіцы аслаблялі каралеўскую ўладу. У 1442—43 дзяржаву заваяваў кароль Арагона і Сіцыліі Альфонс V (у Н.к. — Альфонс I), заснавальнік у Н.к. Арагонскай дынастыі [1442—1501]. У выніку Італьян. войнаў 1494—1559 Н.к. — уладанне (з 1504) Іспаніі, разам з Сіцыліяй утварыла Сіцылій абедзвюх Каралеўства. Эканам. заняпад дзяржавы (асабліва гарадоў), падатковы ўціск з боку іспанцаў выклікалі ў 16—17 ст. у Н.к. шматлікія паўстанні. Пасля нядоўгага аўстр. праўлення (з 1707, фармальна ў 1714—35) пад уладай ісп. Бурбонаў. У 1805 акупіраваны франц. войскамі Напалеона I, кіравалі ген. Ж.Банапарт (1806—08) і І.Мюрат (1808—15). Пасля разгрому Напалеона зноў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій; з 1860 у складзе аб’яднанага Італьян. каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮСТРА́ЦЫЯ (польск. lustracja ад лац. lustrum падатковы або фіскальны перыяд),
перыядычны вопіс дзярж. маёмасці з мэтай вызначэння яе даходнасці. 1) У ВКЛ і Рэчы ПаспалітайЛ. праводзілася ў 16—18 ст. (з 1562 кожныя 5 гадоў) з мэтай павелічэння даходнасці дзярж. уладанняў, а таксама пры перадачы іх новаму дзяржаўцу. Л. праводзілі спецыяльна прызначаныя чыноўнікі — люстратары; іх асоба лічылася недатыкальнай, а знявага разглядалася як цяжкае дзярж. злачынства. Паколькі Л. шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ не праводзіліся, то яны ахоплівалі толькі частку насельніцтва. У выніку праведзенай Л. складаўся дакумент, які таксама называўся Л. 2) У Расійскай імперыіЛ. праводзіліся ў 1778—1876 рас. урадам на тэр. Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны (на Беларусі да 1867). Л. 1778 і 1779 праводзіліся з мэтай павелічэння даходаў дзярж. казны. У канцы 1839 міністрам дзярж. маёмасці П.Дз.Кісялёвым пачата Л. 1840—50-х г. Праводзілася ў 2 этапы: да 1844 пры захаванні фальваркова-паншчыннай сістэмы, з 1844 шляхам паскоранага пераводу сялян дзярж. маёнткаў на аброк, знішчэння фальваркова-паншчыннай сістэмы. Да 1857 на аброк пераведзены ўсе дзярж. маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. У 1858 і 1867 праводзіліся праверачныя Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́Н (Washington),
горад, сталіца Злучаных Штатаў Амерыкі. Размешчаны на Атлантычным узбярэжжы, паміж штатамі Мэрыленд і Віргінія, на ўсх. беразе р. Патомак, пры ўпадзенні ў яе р. Анакостыя. Вылучаны ў асобную федэральную акругу Калумбія (пл. 178 км²). Нас. ў межах акругі 585,2 тыс.ж., з прыгарадамі ў суседніх штатах 3,92 млн.ж. (1992). Буйны трансп. вузел: 5 магістральных чыгунак, аўтадарогі, 2 аэрапорты (Вашынгтонскі нац. і Міжнар. імя Дж.Ф.Далеса). Рачны порт. У Вашынгтоне знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША (Белы дом), кангрэс (Капітолій), вярх. суд, дзярж. дэпартамент, ваеннае мін-ва (Пентагон) і інш.дзярж. ўстановы. Асн. частка насельніцтва на дзярж. службе, у сферы паслуг, гандлі і фінансах. Буйны цэнтр паліграф. і харч. прам-сці. Машынабуд. (пераважна ў прыгарадах), у т. л. радыёэлектронная (вытв-сцьЭВМ, сродкаў сувязі), ракетна-касм., прыладабуд., ваенная прам-сць. Вытв-сць медыкаментаў. Дзярж. друкарні. Манетны двор.
Засн. ў 1791. Названы ў гонар 1-га прэзідэнта ЗША Дж.Вашынгтона. З 1800 сталіца ЗША (перанесена з Філадэльфіі). У 1802 атрымаў гар. правы. У англа-амер. вайну 1812—14 часова акупіраваны і спалены англічанамі (1814). У Вашынгтоне адбылася Вашынгтонская канферэнцыя 1921—22, тут размешчаны кіраўнічыя органы Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.
План забудовы горада складзены ў 1790—93 франц.інж. П.Ш.Ланфанам пры ўдзеле асветніка і дзярж. дзеяча ЗША Т.Джэферсана: прамавугольная сетка вуліц дапаўняецца дыяганальнымі праспектамі (авеню), у т. л. прамянямі, якія сыходзяцца да будынка кангрэса — Капітолія (1793—1865, арх. У.Торнтан і інш.; статуя Свабоды — скульпт. Т.Кроўфард). Да паркавай магістралі Мол, якая вядзе ад Капітолія да р. Патомак, прылягае парк, дзе размешчаны Белы дом (1792—1829, арх. Дж.Хобан, Б.Латраб). У архітэктуры ўрадавых і адм. будынкаў пераважаюць формы класіцызму. Вашынгтон — адна з самых зялёных сталіц свету. У 1960—70-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны, урадавыя і дзелавыя будынкі, сярод якіх Падатковы суд ЗША (1967, арх. В.Ландзі), Нац.Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі (1971, арх. Э.Д.Стоўн). Каля Вашынгтона (Шантыйі, штат Віргінія) — міжнар. аэрапорт імя Далеса (1958—62, арх. Эка Саарынен) і горад-спадарожнік Рэстан (1963—65).
У Вашынгтоне асн.навук. арг-цыі ЗША: Нац.АН, Бат. сад, навук. т-вы (Амер.хім., Нац.геагр.), Нац. архіў, Амер. асацыяцыя садзеяння развіццю навукі, навук. ін-ты Карнегі і Брукінгса, Смітсанаўскі ін-т. У прыгарадзе Вашынгтона даследчы цэнтр мін-ва сельскай гаспадаркі, 5 ун-таў (у т. л. Говардскі і Дж.Вашынгтона), Вышэйшая с.-г. школа, Ваен. акадэмія і інш. У Вашынгтоне знаходзіцца Бібліятэка кангрэса ЗША, Нац. музей ЗША, Нац. галерэя выяўл. мастацтваў, маст. галерэі Коркаран, Фрыр, Філіпс. Нац. калекцыя прыгожых мастацтваў, Нац. партрэтная галерэя, музей паветраплавання і касманаўтыкі і інш.Нац.Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі. Арлінгтанскія нац. могілкі (магілы Невядомага салдата, прэзідэнта Дж.Кенэдзі, сенатара Р.Кенэдзі).
І.В.Загарэц (гаспадарка).
Да арт.Вашынгтон. Від на Нацыянальную галерэю выяўленчых мастацтваў (на пярэднім плане) і Капітолій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́КА (Monaco),
Княства Манака (Principauté de Monaco), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр. Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Манака. Падзяляецца на 4 адм.гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).
Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.
Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш. да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс.чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.
Гісторыя. У 10—9 ст. да н.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст. да н.э.тэр. М. належала Сгараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст.н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.Л.Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.
У 1911 пры кн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2-ю сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн.паліт.арг-цыя — Нац.дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс.дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн.дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).