ДЫ́ЯШ, Дыяш ды Наваіш [Dias (Diaz) de Novaes] Барталамеу (каля 1450—29.5.1500), партугальскі мараплавец. У 1487 узначаліў экспедыцыю, якая шукала марскі шлях у Індыю. Даследаваў паўд.-зах. ўзбярэжжа Афрыкі паміж 22° і 33° паўд. ш. Першы з еўрапейцаў абагнуў Афрыку з Пд. Прайшоў уздоўж паўд. берага Афрыкі да бухты Алгоа, але быў вымушаны па патрабаванні каманды павярнуць у Партугалію; на зваротным шляху адкрыў мыс Добрай Надзеі (1488). У 1500 прымаў удзел у экспедыцыі П.​А.​Кабрала, загінуў недалёка ад мыса Добрай Надзеі.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РМАРА ПРЭЦЭ́СІЯ,

прэцэсія аднолькавых зараджаных часціц (напр., электронаў у атаме) у пастаянным аднародным слабым магн. полі. Апісана Дж.Лармарам у 1895. Пакладзена ў аснову класічнай тэорыі дыямагнетызму, тлумачэння Зеемана з’явы і магн. вярчэння плоскасці палярызацыі.

Абумоўлена ўздзеяннем на часціцы Лорэнца сілы; падобная на прэцэсію восі гіраскопа пад уздзеяннем сілы, якая імкнецца павярнуць вось вярчэння. Л.п. адбываецца вакол напрамку магн. поля з вуглавой скорасцю ωL (лармараўская частата), якая вызначаецца. па формуле ωL = qB/(2m), дзе q — зарад, m — маса і q/m — удзельны зарад часціцы, B — індукцыя магн. поля.

Л.​І.​Камароў.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЗАМЕ́ТР МАГНІ́ТНЫ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...метр),

прылада для вызначэння магнітнай анізатрапіі монакрышталёў і тэкстураваных матэрыялаў. Прынцып дзеяння: доследны ўзор змяшчаюць у моцнае аднароднае магн. поле; папярочная кампанента вектара намагнічанасці, што ўзнікае, утварае момант вярчэння, які імкнецца павярнуць узор. Момант вярчэння кампенсуецца момантам, што ствараюць пругкія мех. элементы прылады. Вугал павароту ўзору адлічваецца па шкале пры розных напрамках поля. Па выніках вымярэнняў разлічваюцца, канстанты анізатрапіі і ацэньваецца ступень дасканаласці тэкстуры. Анізаметр магнітны дае магчымасць даследаваць масіўныя ўзоры, ферамагн. плёнкі, матэрыялы ў вытв. умовах; інтэрвал т-р ад 1300 К да геліевых (~1 К); напружанасць магн. поля да 4000 кА/м.

Схема анізаметра магнітнага: 1 — крыніца святла; 2 — пругкія элементы; 3 — люстэрка; 4 — шкала; 5 — узор; N, S — полюсы магніта.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ МА́РКАЎ (ТРО́ІЦКІ) МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1633—1918 у Віцебску, на правым беразе Зах. Дзвіны. Засн. аршанскім цівуном Л.​С.​Агінскім і браслаўскім земскім суддзёй С.​Мірскім. У 1638 фундатары падаравалі манастыру зямлю на Маркаўшчыне (дзе ў 16 ст. нейкі Марк пабудаваў царкву, адсюль назва) і фальварак Шыдлоўшчыну. У 18 ст. меў шэраг вёсак і юрыдыкі ў Віцебску. У 1751 зроблена няўдалая спроба павярнуць манастыр да уніяцтва. Традыцыйна быў у падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі. У 1773 прылічаны да Пскоўскай епархіі, у 1795 — да Магілёўскай, у 1833 — да Полацкай. З 1798 меў ранг архімандрыт да яго быў прыпісаны Невельскі заштатны манастыр. У 1842 залічаны да манастыроў 1-га класа, мог мець 20 манахаў, атрымліваў ад дзяржавы 3185 рублёў серабром, маёнткі былі ўзяты ў казну (апрача 150 дзес. зямлі). Меў майстэрні, пач. школу для слабадскіх дзяцей. Пасля закрыцця манастыра будынкі [акрамя Пакроўскай (зараз вядома як Казанская) царквы] знесены.

Царква — помнік архітэктуры барока з рысамі ранняга класіцызму. Пабудаваны з цэглы да 1752 як Пакроўская царква. У 1847 да яе з захаду прыбудавана Мітрафанаўская царква. Першапачаткова храм быў крыжова-купальны. Да асн. кубападобнага аб’ёму з трыма паўкруглымі апсідамі далучаны развіты прытвор. Сцены прарэзаны высокімі арачнымі вокнамі і раскрапаваны пілястрамі. Бакавыя фасады царквы і прытвора завершаны трохвугольнымі франтонамі з арачнымі праёмамі. На цэнтр. апсідзе размешчана ляпная дэкар. рама-бленда.

А.​А.​Ярашэвіч.

Да арт. Віцебскі Маркаў (Троіцкі) манастыр. Пакроўская (Казанская) царква.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся 27.7.1812 у г. Кобрын і яго наваколлі паміж рус. дывізіямі К.​В.​Ламберта і Я.​І.​Чапліца і атрадам саксонскага корпуса Ж.​Л.​Рэнье ў вайну 1812. Камандуючы 3-й Зах. арміяй А.​П.​Тармасаў атрымаў заданне выступіць на Брэст, Кобрын і Пружаны і дзейнічаць у тыле франц. арміі, 17 ліп. ён загадаў Ламберту і А.​Р.​Шчарбатаву рухацца на Брэст, а потым павярнуць на Кобрын, куды з Ковеля павінны былі падысці асн. сілы арміі. Каб адцягнуць частку саксонскіх войск ад Кобрына, асобы атрад ген. А.​П.​Мелісіна павінен быў рухацца да Пінска. 25 ліп. атрад Шчарбатава заняў Брэст, злучыўся з дывізіяй Ламберта, і раніцай 27 ліп. яны падышлі да Кобрына. Пасля падыходу перадавога атрада 3-й арміі на чале з Чапліцам пачаўся агульны штурм Кобрына. У выніку 9-гадзіннага бою саксонцы адступілі з горада і здаліся. Было забіта каля 2 тыс. саксонцаў, узяты ў палон 2 генералы, 76 афіцэраў, 2382 чал. ніжніх чыноў; страты рускіх склалі 77 чал. забітымі і 182 параненымі. К.б. быў першай перамогай рус. войск з пачатку вайны. У выніку французы павінны былі трымаць супраць арміі Тармасава значныя сілы, што адмоўна паўплывала на армію Напалеона ў час яе адступлення ад Масквы.

Ш.​І.​Бекцінееў, В.​В.​Швед.

Помнік у гонар перамогі ў Кобрынскім баі 1812.

т. 8, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСЬ У 6—1-й ПАЛОВЕ 13 ст.

Утварэнне славянскіх супольнасцей. Гаспадарчае развіццё. У 5—7 ст. славяне ўключыліся ў працэс вялікага перасялення народаў. Славяне займалі землі на Пд ад р. Прыпяць і адсюль рассяляліся па тэр. Беларусі. Рухаючыся пераважна ўздоўж буйных рэк і іх прытокаў, яны паступова дасягнулі вярхоўяў Дняпра, Зах. Дзвіны, Акі, Ладажскага воз. Раннесярэдневяковыя слав. паселішчы на Беларусі найлепш даследаваны ў г. Петрыкаў, в. Снядзін (Петрыкаўскі р-н), каля в. Хотамель (Столінскі р-н). Засяленне славянамі сучасных бел. зямель працягвалася да 10 ст. і пазней. Доўгі час існавала змешанае пражыванне славян з балтамі, адбывалася славянізацыя балтаў. У славян было больш развітае, чым у балтаў, земляробства, намнога раней узніклі гарады і дзяржаўнасць. У 6—8 ст. у іх адбываўся распад родавых адносін, фарміраваліся суседскія сельскія абшчыны. Паводле візантыйскіх аўтараў, у тагачасным слав. грамадстве вылучаліся 3 сац. групы: свабодныя раўнапраўныя ў маёмасна-сацыяльным сэнсе абшчыннікі (іх была выключная большасць), нявольнікі — рабы (дамашняе рабства) і кіруючыя вярхі — племянная слав. знаць. Паўсядзённая пагроза ваенных нападаў з боку чужых плямён выклікала неабходнасць у абарончых збудаваннях. На тэр. Беларусі вядомы гарадзішчы 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя н.э. Ваенная дэмакратыя была формай пераходнага перыяду да класавага грамадства і ўтварэння дзяржавы. На Усх.Еўрапейскай раўніне ўтварылася каля 15 племянных «княжанняў», што ўяўлялі сабой раннесярэдневяковыя пранароднасці і адначасова прадзяржавы. На тэр. Беларусі сфарміраваліся супольнасці крывічоў (палачан), дрыгавічоў, радзімічаў, у аснове якіх ляжалі не столькі родаплемянныя, колькі тэрытарыяльныя сувязі.

Летапісны тэрмін «крывічы» — назва збіральная. Гэта вельмі вял. саюз плямён. Даследчыкі адрозніваюць 3 галіны крывічоў: полацкіх, смаленскіх і пскоўскіх (ці ізборскіх). Адпаведна гэтаму племяннымі іх цэнтрамі былі Полацк, Смаленск, Пскоў (ці Ізборск). У Полацкай зямлі было племянное княжанне крывічоў-палачан (назва ад р. Палата). Раннія паселішчы крывічоў існавалі ў Віцебску, Лукомлі, Браславе. Дрыгавічы — паўд. суседзі крывічоў мелі сваё княжанне. Паўн. мяжа іх рассялення праходзіла па лініі гарадоў Мінск, Заслаўе, Барысаў. Гал. дрыгавіцкім горадам лічыцца Тураў. Важным цэнтрам быў г. Пінск. Частка дрыгавічоў рассялілася на Брэстчыне. Радзімічы размяшчаліся ўздоўж р. Сож. Іх племянным цэнтрам быў г. Гомель. Напачатку яны плацілі даніну хазарам, потым кіеўскім князям. Ва ўмовах інтэграцыі рознаплемяннога слав. насельніцтва, славянізаваных балцкіх і фіна-угорскіх плямён ва Усх. Еўропе ствараліся перадумовы працэсу складвання 3 усх.-слав. народаў — беларусаў, рускіх, украінцаў. Заняткамі ўсх. славян былі земляробства, жывёлагадоўля, розныя промыслы. Рэлігійныя вераванні — язычніцкія. Памерлых хавалі ў курганах. Аснову ўсх.-слав. грамадства складалі сяляне-абшчыннікі. Яны былі свабоднымі земляробамі, іх называлі «людзі» («людзіны»). Ва ўсх. славян здаўна існавала патрыярхальнае, дамашняе рабства. Крыніцы здабывання рабоў — вайна, захоп людзей у палон. Рабы ўваходзілі ў склад сям’і, дзе яны былі дамашнімі слугамі і работнікамі. Раба можна было купіць і прадаць, атрымаць за яго выкуп. Але праца рабоў у гаспадарцы славян не адыгрывала такой вял. ролі, як у антычных дзяржавах. Для назвы раба ў славян выкарыстоўваліся словы «чалядзін», «халоп». У 6—9 ст. ва ўсх. славян было дафеадальнае грамадства. У 10—11 ст. складваліся феад. адносіны. Залежныя паўсвабодныя сяляне называліся «смерды», «закупы». Развіццё маёмаснай няроўнасці вяло да фарміравання землеўласнікаў (дружыннікі, баяры). Буйнымі феадаламі станавіліся прадстаўнікі княжацкіх родаў і старшыя дружыннікі.

На тэр. Беларусі ў 9—13 ст. існавала больш за 30 гарадоў. Гарады як цэнтры ўлады, гандлю і рамяства ўзнікалі з умацаваных паселішчаў часоў ваеннай дэмакратыі (Полацк, Віцебск, Лукомль, Гомель, Чачэрск), як крэпасці на граніцах з суседнімі княствамі (Мінск, Гродна, Орша, Копысь, Клецк, Друцк, Ваўкавыск, Брэст, Рэчыца), з замкаў (Заслаўе, Барысаў, Брагін, Мсціслаў). Важнай прыкметай горада было існаванне ў ім пасадскай абшчыны. У сярэдзіне 9 ст. ва Усх. Еўропе з’явіліся варагі (нарманы). Князь Рурык зацвердзіўся ў Ноўгарадзе. У 882 яго сваяк Алег захапіў Кіеў. Алег і Ігар былі першымі кіеўскімі князямі, якія падпарадкавалі сваёй уладзе амаль усе племянныя княжанні ўсх. славян. Адносна адзіная Кіеўская Русь у 1130-я г. распалася на асобныя княствы. Адначасова распалася і адзіная ўсх.-слав. народнасць, якая толькі пачала фарміравацца. Гэта садзейнічала працэсу ўтварэння беларускага, рускага (велікарускага), украінскага народаў.

Усходнелітоўскія курганы. Яцвягі. Крайнія паўн.-зах. раёны Беларусі (Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі і часткова інш.) з’яўляюцца спецыфічным рэгіёнам, на гіст.-культ. развіццё якога адчувальны ўплыў зрабілі балта-славянскія кантакты, што пацвярджаюць звесткі археалогіі, тапаніміі і айканіміі. Тут размяшчаюцца ўсходнелітоўскія курганы — пахавальныя помнікі лета-літоўскіх плямён 4—12 ст. Іх арэал абмежаваны на З сярэднім цячэннем Нёмана, на У ён дасягае воз. Свір, на Пд — басейна р. Мяркіс, на Пн — вярхоўяў р. Швянтойі. Для найбольш ранніх курганоў (4—5 ст.) характэрны пахавальны абрад трупапалажэння, потым пашырыўся абрад крэмацыі. Пахавальны інвентар багаты. У пахаваннях 5—8 ст. шмат зброі: наканечнікаў коп’яў, дэталей шчытоў, шпор, страмёнаў, цугляў і інш.; на мяжы 1—2-га тыс. набыло пашырэнне і пахаванне коней. На думку некат. вучоных, у пісьмовых крыніцах 11—13 ст. насельніцтва гэтай тэрыторыі выступае над назвай «літва». На погляд М.​Я.​Грынблата, вывучэнне этнічнай гісторыі крайніх паўн.-зах. раёнаў Беларусі выявіла пераканаўчыя факты, што большасць жыхароў гэтага рэгіёна з’яўляюцца нашчадкамі абеларушаных літоўцаў.

Неадназначна вырашаецца пытанне пра яцвягаў. Польскія гісторыкі, мовазнаўцы, археолагі абмяжоўваюць старажытную Яцвязь раёнам Сувалкіі ў паўн.-ўсх. Польшчы. У 1-м — пач. 2-га тыс. яны насялялі тэрыторыю паміж Нёманам і вярхоўямі р. Нараў. Некат. даследчыкі (В.​В.​Сядоў, Ю.​У.​Кухарэнка і інш.) у арэал яцвягаў уключаюць таксама Падляшша, Брэстчыну, значную частку Верхняга Панямоння. Асноўным іх аргументам з’яўляецца распаўсюджанне тут каменных курганоў і каменных магіл, якія па традыцыі лічацца яцвяжскімі. У каменных курганах 11—13 ст. трапляюцца рэчы балцкіх і слав. тыпаў, што сведчыць пра славянізацыю балцкіх плямён. Каменныя магілы датуюцца 11—17 ст. У 15—16 ст. у пахавальным абрадзе з’явіліся новыя элементы — выбітыя на камянях крыжы ў галаве пахаванняў, каменныя крыжы, устаноўленыя замест вял. камянёў. Асн. колькасць каменных магіл знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Магчыма, у каменных магілах пахаваны славянізаваныя (ці абеларушаныя) балты. Яцвязь уяўляла сабой сукупнасць некалькіх этнічна роднасных плямён: судзінаў, дайновы, паляксянаў і ўласна яцвягаў. У 12—13 ст. яцвягі знаходзіліся на стадыі ваеннай дэмакратыі. Паводле старога звычаю органам іх рода-племяннога ладу былі князь і нобілі (знаць), але сацыяльная дыферэнцыяцыя была выяўлена слаба. У час бою яцвяжскія князі знаходзіліся ў самых небяспечных месцах і нярэдка гінулі. Аснову грамадства складалі свабодныя абшчыннікі — язычнікі. У час ваенных паходаў узнікалі саюзы ці канфедэрацыі князёў і зямель. З паведамленняў Галіцка-Валынскага летапісу вынікае, што ў 13 ст. яцвягі размяшчаліся паміж сярэднім правабярэжжам р. Нараў і сярэднім левабярэжжам Нёмана. У наш час гэта паўн. частка Падляскага ваяводства ў Польшчы. У летапісах не адзначана, каб яцвягі ў 12—13 ст. насялялі якія-небудзь раёны Беларусі. Яны зрабілі 2 набегі на Брэст і адзін на Пінск, але былі адбіты. Галіцка-валынскія князі ўчынілі некалькі буйных паходаў на яцвягаў. Каля 1276 нямецкія рыцары пачалі заваяванне Яцвязі. Пасля працяглай барацьбы яцвягі і суседнія прусы былі канчаткова заваяваны крыжакамі ў 1283—84. Значная колькасць яцвягаў перасялілася ў Літву і Беларусь. У летапісе паведамляецца, што вялікі князь ВКЛ Трайдзень дазволіў прусам (магчыма, і яцвягам) пасяліцца ў наваколлі Гродна і Слоніма.

Полацкае княства — адно з самых старажытных усх.-слав. княстваў-дзяржаў з цэнтрам у Полацку. Існавала ў 10—13 ст. Размяшчалася ў басейнах Зах. Дзвіны, Бярэзіны. Нёмана. Полацк упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862. Да 980 у Полацку княжыў Рагвалод. Наўгародскі князь Уладзімір Святаславіч забіў Рагвалода і ажаніўся з яго дачкою Рагнедай Рагвалодаўнай. Стаўшы вял. князем кіеўскім, ён аддаў Полацкую зямлю свайму сыну ад Рагнеды Ізяславу Уладзіміравічу, гэта стала пачаткам новай дынастыі полацкіх князёў. У 11 ст. Полацкае княства было даволі моцнае ў ваенных і эканам. адносінах. Пры Брачыславе Ізяславічу ў 1021 да Полацкай зямлі далучаны гарады Усвят і Віцебск. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці. Пасля Нямігскай бітвы 1067 князі Яраславічы захапілі Усяслава і зняволілі яго ў Кіеўскай вязніцы. У час Кіеўскага паўстання 1068 гараджане вызвалілі яго і абвясцілі вял. кіеўскім князем, але ён неўзабаве вярнуўся ў Полацк. У час княжання Усяслава ішлі войны з Уладзімірам Манамахам. Пасля смерці Усяслава Брачыславіча Полацкае княства пачало распадацца на ўдзелы. У 1-й пал. 12 ст. ўтварыліся Мінскае і Ізяслаўскае ўдзельныя княствы, у 2-й пал. — Віцебскае, Друцкае, Лагожскае, Стрэжаўскае, магчыма, і Гарадзецкае княствы. Мінскі кн. Глеб Усяславіч спрабаваў сапернічаць з кіеўскім кн. Уладзімірам Манамахам і пашырыць свае ўладанні за кошт Тураўскага княства. У 1116 Уладзімір Манамах зрабіў паход на Мінскае і Друцкае княствы, захапіў Друцк, а Оршу і Копысь перадаў Смаленску; у 1119 захапіў Мінск, а яго князя Глеба Усяславіча ўзяў у палон і адправіў у Кіеў. Барацьба Полацка з Кіевам не спынялася і пасля смерці Уладзіміра Манамаха. У 1127 яго сын Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд.-рус. кааліцыі князёў супраць Полацкага княства; яны ўварваліся ў межы княства чатырма дарогамі — на Ізяслаўль, Лагойск, Барысаў і Друцк, захапілі некалькі гарадоў. Полацкія князі па-ранейшаму не хацелі падпарадкоўвацца Кіеву. Тады Мсціслаў захапіў іх у палон і разам з сем’ямі выслаў у Візантыю (1129). Праз нейкі час яны вярнуліся, і з 1139 уся Полацкая зямля, акрамя Оршы і Копысі, зноў апынулася пад уладай прадстаўнікоў мясц. дынастыі — нашчадкаў Усяслава. Аднак улада князёў у Полацку слабела. Іх назначэнне і выгнанне залежала ад веча, дзейнасць якога накіроўвалі буйныя феадалы. З дапамогай веча феад. знаць абмяжоўвала ў сваіх інтарэсах уладу князя. На полацкім троне былі сыны Усяслава Давыд і Барыс. У 1132 веча выбрала князем унука Усяслава Брачыславіча — Васільку. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася барацьбой баярскіх груповак, зменай князёў, выступленнямі гараджан. У 1151 і 1159 за трон змагаліся ўнукі Усяслава друцкі кн. Рагвалод Барысавіч і мінскі кн. Расціслаў Глебавіч. Пазней полацкім князем стаў віцебскі кн. Усяслаў Васількавіч, які княжыў да 1180. У 1160—70-я г. віцебскія і полацкія князі часова трапілі ў васальную залежнасць ад Смаленскага княства. Паміж імі ўзнікалі міжусобіцы. Разам з тым у перыяд феад. раздробленасці паміж Полацкай і Смаленскай землямі мелі месца кансалідацыйныя тэндэнцыі. Паміж імі пачалі складвацца ўстойлівыя гандл. і культ. сувязі. Вакол Полацка і Смаленска ўзнік буйны смаленска-полацкі дыялект, які адыграў значную ролю ў складванні бел. народнасці.

Тураўскае княства склалася на тэр. дрыгавічоў. Яно прымыкала да паўд. граніц Полацкай зямлі. Тураў упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 980.

Назву горада летапісец звязваў з імем князя Тура і лічыў, што той з’явіўся на Бел. Палессі тады ж, калі князь Рагвалод у Полацку. З 988 у Тураве княжыў Святаполк Яраполчыч, з 1052 Ізяслаў Яраславіч — заснавальнік тураўскай дынастыі Ізяславічаў. Пазней тут сталі княжыць яго сыны Яраполк і Святаполк, які ў 1093 заняў і кіеўскі прастол. З 1113 Тураў ва ўладанні вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха, а пасля яго смерці — Вячаслава Уладзіміравіча. Ён удзельнічаў у паходзе паўд.-рус. князёў на Полацк (1127). У 1142—57, у час барацьбы за кіеўскі прастол, Тураўскае княства часта пераходзіла з рук у рукі. У 1157 кн. Юрый Яраславіч (унук Святаполка Ізяславіча) дамогся незалежнасці Тураўскага княства і аднавіў тут дынастыю Ізяславічаў. У 2-й пал. 12 ст. Тураўскае княства распалася на ўдзелы. Узніклі Пінскае, Дубровіцкае, Клецкае, Слуцкае княствы. У параўнанні з Полацкам грамадска-паліт. лад у Тураве меў свае асаблівасці. Тураўскія князі, паводле роднасных сувязей, маглі заняць велікакняжацкі прастол у Кіеве, калі надыходзіла іх чарга як прадстаўнікоў княжацкага роду Рурыкавічаў. А для непасрэднага кіравання Тураўскім княствам назначаўся княжацкі намеснік — пасаднік. У Тураве існавала таксама пасада тысяцкага, які быў кіраўніком гар. апалчэння. Важную ролю ў жыцці Тураўскай зямлі адыгрываў Пінск. З цягам часу Пінск узвысіўся над Туравам. Многія гісторыкі называюць Тураўскае княства Турава-Пінскім. У час мангола-татарскага нашэсця асн. маса заваёўнікаў прайшла на Пд ад Турава і Пінска.

Палітычная гісторыя іншых зямель Беларусі. На землях Сярэдняга Пабужжа знаходзіліся гарады Брэст (Берасце), Камянец, Кобрын, Драгічын, Мельнік, Бельск (3 апошнія цяпер на тэр. Польшчы). Размяшчаліся гарады на абодвух баках Зах. Буга. Уся гэта прастора ў сярэдневякоўі была аб’яднана вакол свайго гал. горада — Брэста. Першыя летапісныя звесткі пра яго ў «Аповесці мінулых гадоў» адносяцца да 1019, калі адбывалася жорсткая барацьба паміж князямі за велікакняжацкі прастол. У канцы 12 ст. горад апынуўся ў складзе ўладанняў галіцка-валынскага кн. Рамана Мсціславіча. Гэты князь пашырыў сваю ўладу на Кіеў, стаў магутным валадаром Русі.

Землі Бел. Пасожжа ў 12—13 ст. уваходзілі ў склад Смаленскага і Чарнігаўскага княстваў. Смаленск быў гал. горадам смаленскіх крывічоў, паходжаннем і культурай блізкіх да полацкіх крывічоў. Напачатку да Смаленскага княства адносілася паўн. частка Пасожжа з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прупой (Прапошаск, цяпер Слаўгарад). У 1116 да Смаленска адышлі Копысь і Орша. Тэр. ніжняга цячэння Сажа з Гомелем, Чачэрскам і Рэчыцай у 12—13 ст. уваходзіла ў склад моцнага Чарнігаўскага княства. Гомель упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142. Каля сярэдзіны 12 ст. ў Гомелі і, відаць, у Чачэрску (1159) з’явіліся ўласныя княжацкія прастолы.

Летапісы не паведамляюць, якія плямёны жылі ў Верхнім Панямонні (сучасная Гродзенская вобл. і 3 Мінскай вобл.). Археал. даследаванні сведчаць, што тут змешваліся розныя плямёны. Усх. славяне (дрыгавічы, валыняне, крывічы) суседнічалі і суіснавалі з балцкімі (літоўскімі, яцвяжскімі, прускімі) плямёнамі. Слав. каланізацыя Панямоння адбывалася з розных бакоў. Славяне засноўвалі свае гарады на ўзвышшах з канца 10 ст. (Навагрудак, Ваўкавыск, Гродна). У 11 ст. ўзнік Слонім. Гэтыя гарады ў 12—1-й пал. 13 ст. сталі цэнтрамі асобных княстваў. Князі з Гродна падтрымлівалі сувязі з Кіевам. Яны неаднаразова выступалі разам з кіеўскімі князямі ў сумесных паходах супраць качэўнікаў-полаўцаў. У 12 ст. Гродна, відаць, адыгрывала ролю сталічнага горада ў Панямонні. З 13 ст. гэта роля перайшла да Навагрудка. Ён з 12 ст. забудоўваўся багатымі дамамі; некаторыя былі 2-павярховыя, з зашклёнымі вокнамі, а асобныя ўпрыгожаны фрэскамі. У Навагрудак траплялі дарагія вырабы з Візантыі і падуладных ёй краін. Шэраг прычын садзейнічаў узвышэнню Навагрудскага княства ў сярэдзіне 13 ст. У ім быў даволі высокі ўзровень сельскай гаспадаркі (гэтаму спрыяла і ўрадлівасць глебы), рамяства, гандлю. Крыжацкая і татарская навала напачатку не дасягала Навагрудскай зямлі, якая знаходзілася на значнай адлегласці ад гэтай небяспекі. Гарадская знаць была зацікаўлена ў аб’яднанні вакол княства інш. зямель.

Крыжацкая і татарская навала. У канцы 12 ст. пачалося пранікненне нямецкіх рыцараў на берагі Рыжскага заліва і ў басейн Зах. Дзвіны. З пач. 13 ст. палачане разам з лівамі, латгаламі, эстамі і інш. плямёнамі змагаліся супраць нямецкіх рыцараў, што ўварваліся ў Прыбалтыку. Лівы і латгалы з даўніх часоў плацілі даніну полацкім князям і пасылалі ім дапаможныя войскі. У ніжнім цячэнні Зах. Дзвіны размяшчаліся гарады-замкі Кукенойс і Герцыке. Імі кіравалі васалы полацкага князя. Полацкія дружыны на чале з кн. Уладзімірам не раз выступалі супраць крыжакоў (1203, 1206, 1216). Але крыжакам удалося захапіць Кукенойс і Герцыке. У 1212 рыжскі біскуп Альберт дамогся спынення выплаты даніны Полацку лівамі. Полацк страціў Ніжняе Падзвінне, і толькі для купцоў захаваўся свабодны шлях па Зах. Дзвіне. Націск крыжакоў на ўсх.-слав. землі паступова ўзмацняўся, чаму садзейнічала аб’яднанне ў 1237 ордэна мечаносцаў, перайменаванага ў Лівонскі ордэн, з Тэўтонскім. У 1-й чвэрці 13 ст. Полацк і Віцебск прызналі вярхоўную ўладу смаленскага кн. Мсціслава Давыдавіча. Гэта спрыяла згуртаванню сіл, якія процістаялі крыжацкай агрэсіі. Саюз Полацка, Віцебска і Смаленска меў вял. значэнне для абароны зах. зямель Русі ад крыжакоў. Полацк умацоўваў паліт. сувязі з Наўгародскай зямлёй, аб чым сведчыць шлюб кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага) з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1239. У пераможнай бітве са шведскімі рыцарамі на Няве (1240) вызначыўся Якаў Палачанін, які быў на службе пры двары Аляксандра. Перамога Аляксандра Неўскага ў бітве на Чудскім возеры ў 1242 над нямецкімі рыцарамі прыпыніла рух крыжакоў ва ўсх.-слав. землі.

У канцы 1237 унук Чынгісхана Батый пачаў заваёўніцкі паход у землі Русі. Зімой 1239 мангола-татарскія войскі ўварваліся ў паўд.-рус. землі, у 1240 узялі і разрабавалі Кіеў, затым Уладзімір-Валынскі і Галіч. У Іпацьеўскім летапісе гаворыцца, што вясной 1241 у наваколлі Брэста нельга было «выйсці на поле, бо быў смурод ад вельмі вялікай колькасці забітых». Выказваюцца меркаванні, што гэта было вынікам уварвання сюды атрада мангола-татараў. Пасля заваявання большай часткі ўсх.-слав. зямель мангола-татарскае войска рушыла ў Польшчу, Венгрыю, Чэхію і інш. краіны. Нарэшце наступленне мангола-татараў у глыбіню Еўропы стала немагчымым, і яны вымушаны былі ў 1242 павярнуць назад. Барацьба народаў Усх. і Цэнтр. Еўропы пазбавіла краіны Захаду ад спусташальнага мангола-татарскага нашэсця. Княствы на тэр. Беларусі таксама не зведалі яго. Аднак знешнепаліт. сітуацыя, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст., была вельмі небяспечная для літ. і бел. зямель. У гэтых умовах унутрыпаліт. супярэчнасці пачалі адыходзіць на другі план. Усё больш надзённай станавілася задача аб’яднання зямель.

Літ.:

Археалогія Беларусі. Т. 2—3. Мн., 1999—2000;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1 Мн., 1972;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. 2 выд. Мн., 2001;

Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;

Яго ж. Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўн. Беларусі. Мн., 1992;

Яго ж. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. 2 выд. Мн., 2002;

Гісторыя Беларусі. Т. 1. Мн., 2000;

Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001;

Гринблат М.Я. Белорусы: Очерк происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Сев. Белоруссии). М., 1966;

Яго ж. Смоленская земля в IX—XIII вв.: Очерки истории Смоленщины и Вост. Белоруссии. М., 1980;

Лысенко П.Ф. Дреговичи. Мн., 1991;

Яго ж. Туровская земля XI—XIII вв. 2 изд. Мн., 2001;

Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в XI—XIII вв. Мн., 1989;

Каробушкіна Т.М. Насельніцтва Беларускага Пабужжа X—XIII стст. Мн., 1999.

Г.​В.​Штыхаў.

Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні крывічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Казлоўцы.
Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні дрыгавічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Каласы.
Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні радзімічаў. Знаходкі з курганнага могільніка Ветачка.
Захоп Мінска паўднёварускімі князямі пасля Нямігскай бітвы 1067 і ўгон жыхароў у палон. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.
Тураў у 12—13 ст. Рэканструкцыя П.​Ф.​Лысенкі, мастак Я.​Г.​Каробушкін.
Берасцяная грамата 13—14 ст. з Мсціслава.
Інтэр’ер дома з фрэскамі 12 ст. ў Навагрудку. Рэканструкцыя В.​Сташчанюка паводле матэрыялаў Ф.​Д.​Гурэвіч.

т. 18, кн. 2, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)