ГІ́ФЫ (ад грэч. hyphē тканка, павуціна),
мікраскапічныя простыя або разгалінаваныя ніткі, якія ўтвараюць вегетатыўнае цела грыба — талом. Уся сукупнасць гіфаў грыбнога талома называецца міцэліем. Дыяметр гіфаў ад 2 да 30 мкм. Пабудаваны з адной (у ніжэйшых) або многіх (у вышэйшых грыбоў) клетак. Абалонка бясколерная, у некат. гіфах афарбаваная і яе хім. састаў (хіцін, цэлюлоза, глюкан) вар’іруецца ў розных сістэматычных групах. У выніку разбурэння гіфаў на асобныя клеткі — аідыі, а таксама шляхам утварэння хламідаспор адбываецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў.
т. 5, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЙТ,
электронная публікацыя ў сусветнай інфарм. прасторы WWW (ці Web, скар. ад англ. World Wide Web сусветная павуціна), даступная карыстальнікам Інтэрнета. Уяўляе сабой сукупнасць тэматычна звязаных Web-старонак, якія адносяцца да аднаго аўтара, праблемы, установы, прадпрыемства ці інш. Бывае любога памеру і зместу (тэкст, графіка, анімацыя, гук, відэа і інш.). Размяшчаецца на вузлавым камп’ютэры з пастаянна дзеючай праграмай Web-сервер. Падрыхтоўка С. для распаўсюджвання ў Інтэрнеце ажыццяўляецца па спец. Web-тэхналогіі з выкарыстаннем мовы разметкі гіпертэкставых дакументаў. Доступ да С. выконваецца па канкрэтным адрасе; пошук, прагляд, навігацыя па спасылках і раздрукаванне С. адбываюцца з дапамогай спец. праграм.
А.І.Боскіна, А.В.Нікіфараў.
т. 14, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛФ ((Wolfe) Томас Клейтан) (3.10.1900, г. Ашвіл, штат Паўночная Караліна, ЗША — 15.9.1938),
амерыканскі пісьменнік. Аўтар цыкла раманаў «Зірні на дом свой, Анёл» (1929), «Пра Час і пра Раку» (1935), «Павуціна і скала» (1939), «Дамоў вяртання няма» (1940), зб-каў навел «Ад смерці да світання» (1935), «Там, за пагоркамі» (1941), п’ес, эсэ «Гісторыя аднаго рамана» (1936). Яго прозе ўласцівыя спалучэнне аўтабіяграфічнасці з універсалізмам, лірычнага пачатку з сатырычным, панарамнасць адлюстравання жыцця, часавыя напластаванні, падрабязнасць у апісаннях, ацэнках, выказваннях.
Тв.:
Рус. пер. — Домой возврата нет: Роман. М., 1982;
Портрет Баскома Хока: Повесть, рассказы. М., 1987;
Жажда творчества: Худож. публицистика. М., 1989;
История одного романа // Писатели США о литературе. М., 1982. Т. 2.
Літ.:
Литературная история Соединенных Штатов Америки: Пер. с англ. Т. 3. М., 1979.
Е.А.Лявонава.
т. 4, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАХНАІДЫ́Т (ад грэч. arachnē павук, павуціна + eidēs падобны + ...im),
запаленне мяккіх мазгавых абалонак (пераважна павуціннай) галаўнога або спіннога мозга чалавека. Узнікае як ускладненне інфекц. хвароб (грып, вострыя рэспіраторныя, пнеўманія, адзёр і інш.), ачагоў факальнай інфекцыі, пры інтаксікацыі, чэрапнамазгавых траўмах. Прыкметы арахнаідыту галаўнога мозга (цэрабральны арахнаідыт): галаўны боль з млоснасцю, ірвотай, галавакружэнне, сутаргі, зніжэнне памяці, хуткая стамляльнасць, вегетатыўныя расстройствы, аднабаковае зніжэнне слыху з парэзам мімічнай мускулатуры на тым жа баку, хутка прагрэсіруючае зніжэнне зроку (да слепаты); выяўляюцца лёгкія або сярэдне выражаныя ачаговыя прыкметы пашкоджання галаўнога мозга. Пры арахнаідыце спіннога мозга (спінальным арахнаідыце) пашкоджваюцца нерв. карэньчыкі, інш. раз рэчывы спіннога мозга. Узнікаюць апяразвальныя болі ў вобласці тулава, якія аддаюць у адну ці абедзве нагі, слабасць у нагах. Лячэнне ўключае санацыю ачагоў факальнай інфекцыі, процізапаленчыя, дэсенсібілізоўныя, рассысальныя, агульнаўмацавальныя, седатыўныя сродкі; пры паказаннях зніжаюць унутрычарапны ціск; у некаторых выпадках робяць хірург. аперацыі. Пры своечасовым лячэнні арахнаідыт праходзіць.
Г.Г.Шанько.
т. 1, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНЕ́Т (англ. InterNet),
сусветная сукупнасць камп’ютэрных сетак з адзінай адраснай прасторай. Забяспечвае свабодны абмен інфармацыяй паміж ЭВМ, якія звязваюцца паміж сабой на аснове спец. пагадненняў (пратаколаў) з выкарыстаннем глабальных рэсурсаў тэлекамунікацыйных сетак, у т. л. спадарожнікавай сувязі.
Распрацавана ў 1969 у ЗША пад назвай АРПАНЕТ як сістэма, здольная функцыянаваць у выпадку разбурэння большай сваёй часткі. І. карыстаюцца для перасылкі паведамленняў з дапамогай электроннай пошты, рассылкі навін па пэўных тэмах у выглядзе электронных лістоў, перадачы файлаў, прамога дыялогу паміж абанентамі і інш. У 1994—95 укаранёная сусветная размеркаваная база гіпертэкставых дакументаў WWW (ці Web, скар. ад англ. World Wide Web — літар. сусветная павуціна) значна пашырыла магчымасці І. і спрасціла доступ да інфарм. рэсурсаў. Пры далучэнні да І. карыстальнік можа прагледзець на экране змест любога сервера, незалежна ад яго месцазнаходжання, атрымаць доступ да кніг, газет, часопісаў, відарысаў музейных і выставачных экспанатаў, відэа- і кінафільма (у т. л. стэрэаскапічнага) і інш. з фондаў адпаведнага прадпрыемства, арг-цыі ці ўстановы навукі, культуры і адукацыі любой краіны свету. На Беларусі да І. далучаны рэгіянальныя і лакальныя камп’ютэрныя сеткі.
А.В.Шаранкоў.
т. 7, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУКІ́, аранеі (Aranei) атрад беспазваночных жывёл кл. павукападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з дэвону (каля 400 млн. г. назад). 3 падатр.: ліфістыяморфныя, або членістабрухія (Liphistiomorphae) мігаламорфныя, або П.-птушкаеды (Mygalomorphae), і вышэйшая аранеаморфныя, або двухлёгачныя (Araneomorphae). Больш за 27 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы. Вандроўныя не будуюць сховішчаў, аселыя селяцца ў норках і логавах. Пераважна начныя жывёлы. Актыўнасць залежыць ад т-ры і вільготнасці асяроддзя. На Беларусі каля 300 відаў з сям. вадзяных П. (Argironetidae), кругапрадаў (Araneidae), П.-бакаходаў (Thomisidae), П.-скакуноў (Salticidae), П.-цянётнікаў (Theridiidae) трубкавых (Desderidae) і інш.
Даўж. ад 0,7 мм да 11 см. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка разнастайная. Цела складаецца з укрытых шчытком галавагрудзей і брушка, якія злучаны кароткай сцяблінкай. Вачэй 4 пары. Канечнасцей 6 пар (хадзільных ног 4 пары, з іх дапамогай робяць лоўчыя сеткі, яйцавыя коканы). На канцах хеліцэраў адкрываюцца пратокі ядавітых залоз. На брушку бародаўкі (1—4 пары) з адтулінамі павуцінных залоз. Павуціна дыяметрам да 3—7∙10−3 мм складаецца з бялку фібраіну; трываласць на разрыў да 260 кг/мм², мае ў сабе бактэрыцыдныя рэчывы. Есць органы дотыку, нюху, слыху. Для П характэрны складаныя паводзіны, некаторым уласцівы канібалізм. Драпежнікі. Кормяцца насякомымі, трапічныя птушкаеды — дробнымі птушкамі, жабамі, яшчаркамі, мышамі. Раздзельнаполыя. Самкі адкладваюць яйцы ў коканы або яйцавыя мяшкі, якія носяць з сабой і ахоўваюць. Гл. таксама Каракурт, Крыжавікі, Птушкаеды, Тарантулы.
А.М.Петрыкаў.
т. 11, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)